|
|
№
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
На шляху веры
In memoriam
Паэзія
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
|
А трэцяй гадзіне раніцы сёстры ўсталі, каб ісці на рэзурэкцыю. Першаю паднялася сястра Стася Мікалайчык і, адчыняючы дзверы на падворак, не распазнала чалавечых постацяў, адна з якіх ускочыла ў пакой, а іншыя, схапіўшы яе за рукі, упіхнулі і яе назад у пакой. Гэта былі тры асобы ў цывільным – віжы. У прысутнасці сястры Разаліі – гаспадыні – пачалі вобшук. Шукалі ксяндза Зонбка і знайшлі. У ягоным сховішчы знайшлі таксама ўсе нашы паперы і дакументы, на падставе якіх пазней усё выкрывалі нашу Супольнасць і людзей, звязаных з ёю, сярод іншых – Медарда Гаеўскага і Франуся Мацулевіча. Ксяндза Зонбка і сястру Разалію адразу арыштавалі. Было ўжо каля 12 гадзінаў дня. Пытаю ў Пана Езуса Уваскрослага: «Што гэта здарылася?» Чую невыносны боль душы і разумею: журба твая цяпер будзе роўная журбе душаў у чысцы, пройдзеш у гэты час цераз блюзнерствы, падобныя да пякельных блюзнерстваў, але трывай пры Мне, Я буду з табою, пашлю табе Анёлаў Суцяшыцеляў, цябе будуць спакушаць яшчэ мацней, але з ласкі Маёй Маці ты пераможаш. Сышліся людзі, суседзі. Радзяць мне схавацца. «Не!» – адказваю я.
Другі дзень Вялікадня мінуў так, як бы ўсё, што здарылася ўчора, было няпраўдаю і фантазіяй. На малітве зноў зразумела, што я падрыхтавана для нейкай вялікай ахвяры. Прысутнасць Яго стала жывейшаю. Словам, хвілінамі прыходзіць страшная думка:«Ты вінаватая ў тым, што здарылася». Такія і падобныя думкі мучылі мяне горш за пазнейшае біццё галавой аб сцяну альбо калі мяне кідалі на зямлю. На трэці дзень Вялікадня, 11 красавіка 1950 г., а 15-й гадзіне пад’ехала будка – прыехалі мяне арыштаваць. Калі развітвалася з сёстрамі, адзін з іх сказаў, што заўтра я вярнуся дахаты, а паколькі сёстры плакалі, ён даў ім адрас, куды яны змогуць да мяне прыехаць: Вільня, вул. Гедыміна (Ахвярная), Міністэрства ГБ. Паехала, але, вядома, добра не разумела, што ад’язджаю назаўсёды. Па дарозе заехалі ў Няменчын. У часе дарогі малілася і зноў пыталася ў Змёртвыхпаўсталага: «Што здарылася? Куды нас вязуць?» Пачала разважаць пра Яго жыццё ў вязніцы табэрнакулюма: значыць, Ён цяпер хоча дзяліць са мною цярпенні ў вязніцы Эўхарыстычнай. Параўноўваю мой сум з Ягоным. Разумею, што Ён нашмат мацней сумуе па душах, па іх узаемнай любові. Мой жа сум будзе падобны да чысца, а нават і да пякельных пакутаў.
Прывезлі мяне ў Міністэрства на Ахвярную. Уначы з 11 на 12 красавіка пачалі дапытваць: біяграфія, асабісты вобыск. Ілжывыя папрокі, гнюсныя словы, удары ў твар, біццё нагамі пад калені, пасля чаго я павалілася на падлогу. Допыт працягваўся да раніцы. Потым мяне адвялі ў маленькую камеру. Там стаяла смярдзючае вядро для фізіялагічных патрэбаў. Мне прыйшла думка, што мабыць Пан Езус так адчувае сябе ў грэшных душах, якія прымаюць Яго ў непадрыхтаваныя сэрцы альбо па-святатацку. У камеру зайшла кабета ў мундзіры і загадала мне распрануцца, абмацала кожную рэч. Яна забрала ў мяне ўсе медалікі, ружанец, крыжык, гумкі для панчохаў, заколкі, шпількі для валасоў, крэм для чаравікаў. Мяне абабралі, прынізілі. Я расплакалася. Падобныя допыты паўтараліся кожны дзень. Праз некалькі дзён мяне завезлі на пляц Лукішкі, дзе знаходзіўся шпіталь для вязняў. У ім мяне і пасялілі. Я хварэла на розныя хваробы: запаленне нырак, жоўцевага пухіра, вельмі цяжкае запаленне брушыны, на грып і ангіну, на сэрца, часта губляла прытомнасць. Калі знаходзілася ў вялікім шпітальным пакоі, старалася дапамагаць тым, каму было яшчэ цяжэй, аддаючы ім сваю порцыю малака, масла і белага хлеба. Разам мы маліліся Ружанец, што было забаронена. Пры «обысках» зробленыя з хлеба ружанцы і крыжыкі адбіралі і знішчалі. Але мяне гэта не спыняла, і я зноў рабіла сваё.
У выніку самых розных хваробаў цела я стала іншаю ў стасунку да Любаснага, гэта значыць, больш смелаю, можа нават «нахабнаю». Казала Яму пра ўсё, з найменшымі дробязямі звярталася да Яго і да Яго Маці, да святых і да анёлаў апекуноў. Так шкада мне было столькіх маладых людзей у вязніцы, якія ўжо былі асуджаныя на расстрэл! Пра ўсё гэта я казала Яму. І што? Неба не засталося глухім. Я скардзілася Любаснаму, што Ён доўга маўчыць, а сілы цемры тым часам хапаюць столькі маладых людзей! Як шкада, Езу! Ці чуеш? Разумела, што Ён гэтаксама церпіць, калі мёртвыя душы прымаюць Яго ў сваё смярдзючае нутро. Гэтае разуменне цярпенняў Эўхарыстычнага Вязня ўздзейнічала на мяне яшчэ балючэй за боль цела. Да таго ж, у маёй душы нарадзілася такая жывая Божая прысутнасць, што прынесла палёгку ў вельмі цяжкія хвіліны. Пасля некалькі месяцаў шпіталю лекар сказаў мне:«Цалкам вас вылечыць не здолее ніякая медыцына». У пакой, дзе я ляжала, прывезлі некалькі псіхічна хворых жанчын, якія біліся, кідаліся чым патрапіцца ў іншых хворых, а нават і ў лекараў. Вельмі іх баялася.
Тады Рэгіна прапанавала, каб мы разам правялі васьмідзённыя рэкалекцыі, і мы гэта зрабілі. Галоўнай тэмай рэкалекцый выбралі: «Езус – Вязень Табэрнакулюма. Чым з’яўляецца Святая Імша?». У часе тых рэкалекцый мяне некалькі разоў наведвалі моцныя спакусы, што гэта я з’яўляюся галоўнай прычынаю нашай няволі і цярпенняў усіх сясцёр і святароў, а таксама Медарда Гаеўскага і Франуся Мацулевіча. Пару дзён змагалася з сабой, потым распавяла пра свае згрызоты Рэгіне, а яна мне сказала, што папракае сябе ў тым, што ведала ксяндза Зонбка і Прыцюну. Калі так, то прызнаем усё гэта за Божы допуст, вырашылі мы. Нашы разважанні мы праводзілі, лежачы на адным ложку і шэптам, то адна, то другая казалі штосьці пра Вязьня Любові. Сярод іншых разважанняў мы дзяліліся сваімі думкамі пра Маці Божую, як Яна цярпела, калі Езуса мучылі і ўкрыжавалі, калі стаяла пад крыжам. У часе тых рэкалекцый я адчувала, што ператвараюся ў іншага чалавека, і што мяне ахоплівае сум, які немагчыма апісаць, – па з’яднанні з Ім не толькі ў Эўхарыстыі, але і навекі. А з іншага боку прыходзіла разуменне маёй нягоднасці, мяне мучылі дакоры сумлення, што я не выкарыстала Божых ласкаў, што змарнавала ласкі, дадзеныя мне задарма. Які ж боль душы! І той боль застаўся, ужо нічым не зацерты.
10 лютага 1951 года. Раніцай мяне абследавалі некалькі лекараў, якія вырашылі, што можна дазволіць вывезці мяне ў Сібір. Санітарка адвяла мяне ў пачакальню, дзе збіралі вязняў на этап. Убачыла тут маю дарагую і любімую сястру Рузю, якая даглядала мяне некалькі гадоў. Выглядала яна кепска, была схуднелая, бледная. Любасны Езус так нас злучыў, што мы ехалі разам ажно да Масквы. Колькі дзён потым былі разам на размеркавальным пункце, ужо не памятаю. Але памятаю, што тыя дні былі для мяне цяжкія, бо гэта быў перыяд Вялікага Посту. Уначы з чацвярга на пятніцу мы з Рузяю рассталіся. Мяне нібыта выслалі лягчэйшым цягніком, для хворых і без «перасылак» ( пунктаў на этапе) ажно да Чалябінска. Тут я зноў сустрэлася з Рузяю, але толькі на некалькі гадзінаў. Тут я знаходзілася некалькі дзён, бо дактары вырашылі, што я не вытрымаю далейшай дарогі. Адсюль «чорнымі воранамі»2 нас адвезлі ў горы, дзе былі агромністыя корпусы для палітычных вязняў – Верхні Урал. У Пальмовую нядзелю нас прывезлі ў прызначаную вязніцу. Пасля дэталёвага вобшуку мяне, хворую, замкнулі на сорак дзён у асобнай камеры на каранцін. Я хварэла на «невядомую хваробу»3 . Былі хвіліны, калі я не памятала, што са мной адбывалася. У першую ноч санітарка завяла мяне ў ванну, а пазней у нейкі пакой, дзе сядзела некалькі «Пілатаў». Называю іх так, бо яны адпаведна са мною абыходзіліся. У той першы Вялікі Тыдзень мне тут было добра. Бо хоць я і была ў турме, але мацней любіла Яго [Езуса] і адчувала, што Ён таксама яшчэ мацней прыбівае мяне да крыжа.
Пасля сарака дзён мяне перавялі ў агульны пакой. Тут усе былі ў паласатым адзенні. Пасыпаліся пытанні:«Адкуль вас прывезлі? Які вырак? Якой нацыянальнасці?». Кабеты папярэдзілі мяне, што тут ёсць даносчыцы. Але доўга ў вялікім пакоі я не была. Мяне перавялі да іншаземак: аўстрыячак, чэшак, славачак, немак, сербіянак, румынак і адной фінкі. У такім асяроддзі я магла толькі маліцца, бо не разумела іх. Уначы мяне выклікалі да начальніка. На гэты раз ён быў вельмі ветлівы. Ён абяцаў мне шмат непраўдападобных рэчаў, але хацеў, каб я за гэта пра ўсё паведамляла яму. Доўга не думаючы, адказала: «Не». Ягоная дабрыня адразу замянілася на злосць. Ён паклікаў дзяжурнага і загадаў адвесці мяне ў карцар. Доўга я там не сядзела, бо захварэла на «невядомую хваробу».
Той начальнік, што быў адказны за выкананне турэмных правілаў, моцна здзекваўся з мяне, біў галавою аб сцяну. Я сапраўды парушала турэмныя правілы, бо размаўляла з дапамогаю азбукі Морзе, выстукваючы па сценах, і карміла птаства, высыпаючы праз фортку хлебныя крошкі. Аднае начы той начальнік прыйшоў прасіць у мяне прабачэння за тое, што біў мяне галавою аб сцяну. Сказаў: «Ведаеце, я цяпер пераканаўся, што Бог ёсць, бо сумленне не дае мне спакою, і я вумушаны быў жагнацца. Мая маці веруючая, я цяпер таксама хачу быць веруючым, як і вы. Калі вас выпусцяць на свабоду, прыязджайце да мяне. Я буду апекавацца вамі, як роднай сястрой». Я яму на гэта: «Вельмі хачу, каб і вы, і ўся ваша сям’я знайшлі веру». У гэты момант яго хтосьці паклікаў з пакою. Я падумала, што з’явіліся нейкія важныя справы, але пазней санітарка шапнула мне, што яго выгналі з партыі і што ён больш не будзе тут працаваць. Праз некалькі дзён ён прыйшоў да мяне развітацца і папрасіў маліцца за яго і за ягоную сям’ю. Калі я мела такія вось знешнія радасці, то ў душы тады было маўчанне. Я нічога не магла зразумець, але малілася.
Праз некалькі дзён уначы быў крык:«На літару Б – збірайцеся!». Зноў допыты, на якіх я павінна была стаяць, але доўга не магла. Дык села на падлогу, і тады начальнік ударыў мяне нагою ў грудзі, ажно з левага боку здзёр скуру да крыві. З носа таксама цякла кроў. У выніку таго ўдару ў мяне з’явіўся вялікі гузак, які трэба было аперыраваць. Пасля выздараўлення я магла хадзіць па шпітальным пакоі і дапамагаць цяжка хворым. Зноў я разам з імі малілася розныя малітвы. Некаторым я навучылася ад рускіх манахіняў. Ведала таксама малітвы і па-літоўску, і па-нямецку. А жанчыны таксама навучыліся ад мяне некаторых малітваў па-польску. Так праходзілі цяжкія дні ў шпіталі. Сярод нас была даносчыца, якую часта выклікалі нібыта на ўколы альбо на нейкае абследаванне. Мяне таксама выклікалі чарговы раз. Санітарка дапамагала мне і, ведучы па сходах, ціхенька шапнула: «Як жа мне вас шкада! Але вы сама вінаватая. Чаму моліцеся ўголас? Гэта тая даносчыца... Яе знарок пасылаюць у вашу камеру, каб падоўжыць вам тэрмін». Прывяла ў вялікі пакой, пасадзіла ў мяккі фатэль і сама выйшла. Адзін з начальнікаў пачаў задаваць мне пытанні і сам на іх адказваць:«Вы рыхтуеце на нас нейкія паперы і падбухторваеце супраць нас вязняў. Мы ўсё ведаем, вас будуць судзіць паўторна». Праз некалькі тыдняў начальнік прачытаў мне новы вырак, па якім да былога, абапіраючыся на параграф 58,1а, было дададзена: адзіночная камера, без права перапіскі.
У душы – нейкая пустка і трывога, ні пра што не магу думаць. Цяжка мне апісаць душэўныя пакуты. Бяссонныя ночы, страшныя, доўгія, пры чырвоным святле. Гэты перыяд магу параўнаць з пеклам. Мучылася ў такім стане больш за год. Мяне мучыў голад, не хапала хлеба і вады. Была здольная толькі вымавіць:«Марыя, без граху пачатая...». Я шукала Пана Бога ў турэмных сценах і знайшла Яго, але да таго як знайшла, я перажыла пакуты, якія не здольная апісаць. Божа, як цяжка жыць без Цябе!
Увесь той час я знаходзілася ў турэмным шпіталі і ў карцарах. Пакаранні найчасцей былі няслушныя, вельмі цяжкія і прыніжалі. У мяне адбіралі верхняе адзенне і пакідалі ў бялізне. Летам гэта не так страшна, але зімою я сапраўды замярзала, у мяне часта была высокая тэмпература. Амаль пасля кожнага такога халоднага карцэра мяне пару месяцаў лячылі. Чаму я не памерла? Мабыць, яшчэ павінна зрабіць штосьці добрае для Супольнасці. Я цяжка перажывала адзін з апошніх велікапосных перыядаў, калі адкрыліся крывавыя раны. Новыя лекары абследавалі мяне рознымі метадамі і не маглі нічога зразумець, кпілі з маёй любові да Укрыжаванага і з майго законніцкага стану. Мяне пужалі, каб я чакала такіх пакаранняў, якімі да таго нікога не каралі. Потым мяне ўпіхнулі ў нейкую шафу і штосьці маніпулявалі электрычнымі шнурамі, пасля чаго я страціла прытомнасць. Калі апрытомнела, нада мною стаяла некалькі лекараў, адзін з іх сказаў: «Больш уколаў не трэба, пульс ужо ёсць». Назаўтра мне прынеслі чорнай гарачай, сапраўднай кавы са словамі: «Выпіце, вы вельмі слабая». Потым лекарка, руская, нібыта слухаючы маё сэрца, ціхенька шапнула: «Памаліцеся за мяне і за маіх дзяцей». Амаль кожны доктар дзівіўся, што я яшчэ жыву. Усё паказвала на тое, што маё жыццё вымяраецца днямі і што я змагаюся са смерцю. Адзіночкі пусцеюць, а я ўсё застаюся...
Чую, што памёр Сталін. Ужо трохі лягчэй. З намі пачалі абыходзіцца як з людзьмі. Па начах ужо не вадзілі мяне ні на якія «допросы». Калі хацелі штосьці запытаць альбо ўдакладніць, то самі прыходзілі ў шпітальную камеру. Пачалі вызваляць невылечна хворых, якія не былі здольныя адбываць турэмныя пакаранні – так кажуць у турме. Новы лекар у камісіі абяцае мне:«Калі будзеце больш есці, паедзеце на радзіму». Прыпісаў мне вітаміны, парашковае малако, глюкозу і нейкія ўколы. Усё гэта было з пасылак з Аўстрыі, Нямеччыны і Амерыкі. Пазней пасылкі, якія мне прысылаў ксёндз з Буйвідзаў, пачалі мне ўжо цалкам аддаваць. Нягледзячы на такую ежу, я ўсё яшчэ заставалася вельмі слабою, не магла трымацца на нагах. Лекарка добра мяне даглядала. Езус хацеў ёй паказаць плён сваёй адданасці, ахвярнасці і добрага сэрца.
Я тым часам захварэла другі раз на запаленне мазгавой абалонкі. Каля месяца мяне інтэнсіўна лячылі. У камеры я засталася адна, бо хворых жанчын ужо не было. Старалася маліцца, нават уголас, размаўляла з цэлым Небам. Ад тае хвіліны, калі я зразумела, што турма – гэта «чысцец», маё ўнутранае стаўленне да разумення жыцця Езуса ў табэрнакулюме, зняволенага ажно да канца свету, цалкам змянілася. Я разумела гэта цяпер цалкам інакш, чым да турмы. Вельмі часта я адчувала Яго самотнасць. Шмат Яму казала. О Божа! Які ж сум – ажно сэрца, здавалася, разарвецца. Параўноўвала сябе з душамі ў чысцы, якія гараць і не згараюць. Памятаю адзін з момантаў маёй малітвы, калі я нічога ўжо не магла гаварыць вуснамі, а нават і разважаць, толькі (...) захлынулася Ім праз Марыю, усё – праз Марыю. Што ж за адпачынак ад жывога ўсведамлення, што я яшчэ жыву! Колькі разоў я адчувала, што Эўхарыстычны Езус быў у маім сэрцы. Можа, гэта і мая фантазія, але я адчувала сябе так, быццам прымала Яго. Што за радасць! Пасля такой святой Камуніі я была нібы ў абдымках Любаснага. Адпачыла і, здавалася, набралася сілаў на ўсю рэшту жыцця ў вязніцы. Зноў памянялі начальнікаў, лекараў, санітарак і нават дзяжурных, што стаяць на калідоры. Зноў пачынаюцца новыя пакуты допытаў, мая Кальварыя. Ідучы ў суправаджэнні санітаркі, прасіла Любаснага і Найсвяцейшую Маці, а таксама анёлаў апекуноў – майго і начальнікавага, каб далі мне сілу. Санітарку таксама прасіла, каб яна малілася за мяне.
Прайшло, мабыць, паўгода з таго часу, калі я мела радасць, што «апераціўнік» (спецыяльная служба), які некалі спрычыніўся да таго, што мяне білі да крыві, стаў веруючым. Ён напісаў мне ліст і даў свой адрас, каб і я яму напісала. Словам, я адказала, але ўзніклі праблемы з цэнзурай. Палічылі, што я праводжу рэлігійную агітацыю сярод іхных супрацоўнікаў. Зрабілі вобшук і знайшлі ружанец з хлеба і крыжык на шыі. Забралі і напісалі на мяне рапарт: за парушэнне правілаў – у карцар. Той перыяд прыгадваю, нібы гэта быў сон альбо прачытаная кніга. Але Пан Бог дапамагаў мне такім чынам, што калі мяне спатыкалі найбольшыя пакуты – духоўныя альбо фізічныя – Ён пасылаў мне анёла Суцяшыцеля, г. зн., ува мне нараджалася моцная вера, што доўга так працягвацца не можа. Я тады разважала пра Яго страшную самоту ў часе малітвы ў Садзе Аліўным. Ён дазваляў мне тады адчуваць і разумець Яго больш за ўсе мае душэўныя і цялесныя пакуты разам узятыя.
Напрыканцы знаходжання ў вязніцы было дазволена атрымліваць пасылкі і грошы. Праўда, грошы мне ў рукі не давалі, але паведамлялі, што яны паступілі на мой рахунак, ад каго – таксама нельга было ведаць. Можна было толькі прасіць, каб мне купілі штосьці з ежы альбо адзення. Грошы мне пасылала маці Конрада Ізыцка4, сям’я Лакісаў і ксёндз Ян Прышмант5.
Нам паведамілі, што ў хуткім часе прыедзе камісія Вярхоўнага Савета з Масквы, якая будзе наноў разглядаць «справы» ўсіх палітычных вязняў і адпраўляць іх дадому. І вось 22 жніўня 1956 года, у дзень Сэрца Марыі, я была паклікана на камісію. Агромністая зала, круглы стол, пакрыты зялёным сукном. Навокал сядзелі людзі ў цывільным. Для мяне было падрыхтавана крэсла пры дзвярах. Кіраўнік звярнуўся да мяне са словамі: «Вас асудзілі не па закону. Цяпер камісія Вярхоўнага Савета перагледзела вашу справу і вызваляе вас дадому. Толькі яшчэ трэба аформіць некаторыя фармальнасці і перадаць вас польскім уладам. Гэта робіцца не хутка. Ды і вы яшчэ вельмі слабыя. Вас перавядуць у пункт замежнікаў, там старайцеся вярнуць сілы, каб вытрымаць дарогу ў Польшчу. Зразумелі?». Адказала найперш у душы: «Сэрца Марыі, дзякую Табе», а потым голасна: «Так, дзякуй вам». Памятаю, што я ўвесь час звярталася да Беззаганнага Сэрца і пытала, рэальнасць гэта, ці не, што я вярнуся ў Супольнасць. А, можа, гэта толькі сон? Шмат людзей памерла, калі пачулі, што яны вольныя. Лекары падтрымлівалі наш дух.
Уначы ў камеру ўвайшла санітарка, каб дапамагчы мне сабрацца ў дарогу да Масквы, а дакладней, за Маскву, бо па Маскве мы праехалі толькі на іншы вакзал. Разам з канвоем нас ехала каля трыццаці чалавек. У дарозе намі апекаваліся, хоць ужо і не як вязнямі, але і не зусім яшчэ вольнымі. У Маскве нас адразу завялі ў метро. Пераехалі да наступнага вакзала, а адсюль прыгарадным цягніком – да Быхава. Мясцовасць прыгожая, сасновыя лясы, высокія мураваныя дамы. Вялікі пакой для хворых, чыстыя і зручныя ложкі, агульная зала з тэлевізарам. Не можам паверыць, што ўсё ўбачанае, – рэальнасць. Першы дзень у Быхаве 26 жніўня [1956г.] – дзень Маці Божай Чанстахоўскай. Разважаю пра Яе і нібы ў сне бачу Чанстахову і Марыю, якая заахвочвае мяне да яшчэ больш самаадданага чування над сабою, да ўцёкаў пад Яе апякунскі плашч і сховаў ад пякельных напасцяў, якія ў хуткім часе распачнуцца. Няшмат я магла зразумець, пра якое «пекла» трэба думаць, калі ёсць надзея неўзабаве выехаць у Польшчу. Аказалася, што гэта мелася быць пекла ў поўным значэнні гэтага слова. Мужчыны пачалі гвалціць жанчын; калі я клікала дапамогу для тых жанчын, мяне пабілі і прыгразілі, што заб’юць. Я сама, нягледзячы на маю старасць, толькі цудам ацалела, заклікаючы: «Марыя, без граху пачатая, ратуй!».
15 кастрычніка 1956 года, у дзень святой Тэрэзы, мы пачулі:«Выезд у Польшчу. Банішэўская, вы таксама выязджаеце». Deo gratias! Раніцай, а пятай гадзіне, было яшчэ цёмна, нас разбудзілі на сняданне, у аўтобус і – «до свидания». Ехалі мы адны суткі, пакуль не спыніліся на мяжы ў Брэсце. Нас прыняла польская дэлегацыя і перавяла на другі бок вакзала. Пасадзілі ў цягнік да Тэрэспаля, а з Тэрэспаля аўтобусамі – да Белай Падляскі. Тут нас вельмі міла прынялі. Лазня, вячэра, доктар, чысты ложак. Назаўтра – фотаздымак для рэпатрыяцыйнай карткі6 і пакупка адзення. Апроч адзення атрымала на рукі 1000 злотых і білет да Варшавы і Хыліцаў. У Варшаву нас прыехала некалькі чалавек. Мая спадарожніца Гражына мела там сваякоў, у якіх я і затрымалася на адну ноч. Назаўтра, г.зн. 18 кастрычніка 1956 года, я прыехала ў Хыліцы7. Сёстры прынялі мяне вельмі сардэчна. Я была расчуленая Божай Міласэрнасцю. Дзякую Пану Богу за ўсё.
Пераклад з польскай мовы
Ірыны Жарнасек
|
|
|