Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя

СВЯТЫ ЯН НА ПАТМАСЕ
Мастацтва

«КРЫЖУ ТВАЙМУ ПАКЛАНЯЕМСЯ...»
Пераклады

АЙЦЕЦ АНТОНІУ ВІЭЙРА

ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ, АСВЕЧАНЫ МАЦІ БОЖАЙ

ВЕРШЫ
На шляху веры
In memoriam
Паэзія

ВЕРШЫ
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

КНІГА, ПОЎНАЯ СВЯТЛА
Нашы святыні
На кніжнай паліцы

Зося Манькоўская (1847–1911) нарадзілася ў беларускім шляхецкім маёнтку Дарагавіца на Случчыне, працяглы час жыла ў Расеі з мужам-вайскоўцам Вацлавам Тшашкоўскім, а заслужыла сабе на нашу любоў і памяць тым, што была таленавітаю пясняркаю, якая, зашыфраваўшыся псеўданімам Адам М-скі, даволі часта друкавалася на старонках польскай перыёдыкі апошняй чвэрці XIX — пачатку XX ст. Яе паэтычная спадчына досыць вялікая і тэматычна разнастайная: яна прасякнута рамантычнай паэтызацыяй старашляхецкай мінуўшчыны роднага краю, апяваннем жаночай душы, якая прагне высокага і адданага кахання, мадэрнісцкімі матывамі чыстага хараства і незямнога шукання ідэалу. Найвыбітнейшай паэтычнай з’явай лічацца цыклы яе вершаў, аб’яднаныя назвай «Дарагавіцкія песні», у якіх адчуваецца ўплыў беларускага фальклору, мясцовых народных абрадаў і традыцый. Чытачы «Нашай веры» ўжо знаёміліся з творчасцю Зосі Манькоўскай: у 2001 г. на старонках часопіса № 4 была апублікавана вялікая падборка перакладаў паэткі, па якіх можна адчуць глыбіню і хараство яе паэтычнага свету, а таксама яе злучанасць з родным беларускім краем. Прапануем два новыя пераклады вершаў Зосі Манькоўскай з цыклу «Дарагавіцкія песні», напісанага па матывах беларускіх народных галашэнняў (плачаў) і пахавальных абрадаў.

Ірына Багдановіч

                  
Пахаванне

А па ніве па ўраджайнай палыны буяюць,
Агняцвет жыцця пурпурны ў саван апранаюць.
Што ні крок – паток няспынны слёз, крыві віруе:
Задзяўблі крукі ліхія галаву старую.

  А з усіх бакоў удары йшлі – і лік іх множны:
Першы ўдар – сляпая сіла, лёсу бег варожы;
А другі ўдар – то ўдар часу, што і дуб паваліць;
Ох, а трэці, найцяжэйшы, – ад тых, што кахалі...
А чацвёрты – тая немач, што цела дратуе:
Задзяўблі крукі ліхія галаву старую...

Раз апошні на паддашку між свечак гарачых
Ціха легла ў сваёй хаце, як у снах дзіцячых,
І спакойная, з усмешкай, быццам бы заснула,
Ручкі жоўтыя, як воск той, на грудзях згарнула...
Да яе ідуць з пашанай, моўчкі, кленчаць людзі,
А яна ўжо іх ніколі бачыць-чуць не будзе.

  Досыць працы табе, пані, ў клопаце адвечным,
Досыць лётаць, як арліцы, над сваім гняздзечкам.
Досыць мераць табе хмары позіркам арліным,
Зараз на спачын ідзеш ты, пад схоў дамавіны.

А хадзілі ж твае ногі ад ранку да змроку,
А цяпер, хоць дом падпаляць, – не зробіш і кроку.
Працавалі ж твае рукі доўгія дзянёчкі,
А цяпер жа не прылашчаць ні сынка, ні дочкі.
Колькі віхраў праляцела над тваёю доляй,
А цяпер ты ўжо ніколі не адчуеш болю.
Колькі ля крыжоў радзімых ліла слёз сардэчных,
А цяпер сама сыходзіш у зямлю навечна.
Як наследніца, сядзіш ты ў замагільным свеце
Паміж трун, дзе ўжо спачылі раней твае дзеці.
Маеш срэбнымі цвікамі збіты дом сасновы,
Толькі дзверы ў ім акуты ў вечныя аковы.


* * *

  Гэй вы, коні, што пры працы ходзіце не марна,
Адвязіце ж вашу паню на спачын цвінтарны.
Вам, хто ад сахі й нарога, а не з барскіх скачак,
Вам, працоўным, везці трэба той вазок бядачы.

На санях высока ставяць катафалк з труною:
Будзе ехаць, як з трыумфам ваявода з бою.
Вось плыве па-над натоўпам той куфэрак Божы,
Рукі цягнуцца на змену да цяжкое ношы.
Стары шляхціць засцянковы вядзе ход той жальны,
Крыж нясе і спеў заводзіць сумны, пахавальны.
І нясуцца развітальнай песні адгалоскі
Праз укрытыя снягамі курганы і вёскі.

  Не спяшыце ж! А паволі мінем тую браму,
Дзе ўвайшла дзяўчом калісьці, каралеўнай прама,
Дзе жаніх яе праводзіў з шлюбнага каберца,
Можа, рыпне тая брама як бы енкам сэрца?
Можа, ейнаю рукою саджаны таполі
Схіляць снежныя галовы да труны паволі?
Хай завые пёс жалобна, быдла жальна рыкне,
Певень голас дасць –

і вёска так «бывай» ёй крыкне.
А ад брамы павярніце ўправа тыя сані,
Дзе апошні раз сяляне прывітаюць пані.
Селянін сівы, дасціпны схіліцца ў паклоне:
Быў калісьці ён падданым, а суседам – сёння.

  Едуць, едуць – свечкі ззяюць, песні жаль бязмежны
Разліваецца ў прасторы над раўнінай снежнай.
Едуць грэбляй, едуць мостам, потым лугам, полем,
Дзе нябожчыцу вадзілі праца, лёс, нядоля.
Ход жалобны ўрэшце ўзбіўся на гасцінец вузкі.
Што ж там? Быццам раптам селі на снег белы гускі?
Што ж там рушыць наўдалёчку і паветра дрэньчыць?
То пад вёскай дружна дзеці ў белым снезе кленчаць.
А ў варотах, як належыць, елкамі прыбраных,
Стаяць старцы, як сівыя вежы даўніх храмаў,
Што хлеб-соль ёй падавалі на шлюбным парогу,
А цяпер вяртаюць тлен той – дзядам, зямлі й Богу...

«Мы б выйшлі з харугвамі, крыжы бы пабралі
І ля краю тваёй нівы цябе б пажагналі,
А з цвінтарнае капліцы званы б зазванілі,
І знаёмым жальным гукам сэрца расчулілі.
Столькі поту, слёз на нівы выцекла супольна,
Хай жа будзе табе ў небе шчасна і спатольна.
Адыходзь жа ціхамірна з нашаю малітвай,
Пажагнай на развітанне ўсіх нас самавіта,
Прабачэнне за правіны нам даруй сардэчна,
Дай ідзі сабе да Бога ў адпачынак вечны».


* * *

Едуць-едуць да пагорка, дзе крыжы радочкам,
А пад імі спяць чыесьці мары вечнай ночкай.
Ўжо гатовы дол глыбокі – акрапіў вадою
Ксёндз яго. А ход жалобны ціха пад гарою
Замарудзіў набліжэнне да апошняй кропкі –
З госцяй мілай развітацца хоча нетаропка,
І так сунецца памалу, як бы ў путах ногі.
Ўрэшце сталі – узнімаюць труны цяжар строгі,
Як на палатне, на снезе, ставяць і маркотна
Апускаюць у зямліцу – ох, – беспаваротна!..

  Ой, пясочку, ой, цяжэнькі магільны пясочку,
Чаму ж так грукочаш глуха ты па тым дамочку?
Можа, ў целе тым памерлым ад такога стуку
Яшчэ штосьці здрыганецца на новую муку?
Ой, лягчэй пачуць удары аб труны той века,
Чымся водгалас іх жальны ў душы чалавека!
Мозг так будзе жвір той мерзлы свідраваць і дзерці,
Што суцішыцца той грукат хіба што па смерці...

Сыплюць, сыплюць жмені людзі – праца ў іх такая,
Як тапелец, дамавіна ў нераце знікае.
І ніхто яе ніколі адтуль не здабудзе,
Хоць і сэрца разарвецца на тым свежым грудзе.
Ўжо насыпаны высокі курганок магільны,
І бярэ яго пад стражу стары крыж фамільны,
І цвінтарнай вярбы-плачкі ледзяныя косы,
І загадкавыя ў сіні стынучай нябёсы.


* * *

Развітайся ж з намі, пані, звычаем нязменным:
А салодкім мёдам, хлебам, а куццёй ячменнай.
Так падзякуй грамадзе ты, што цябе хавала,
Так падзякуй, што пясочкам жоўтым засыпала.
І памінкі хай уквеціць чулы спеў задушны,
Перш чым бледным ценем сыдзеш ты
ў прытулак скрушны...


* * *

Пахавалі, і малітвы рэха ўжо сціхае,
А з нябёс праменьчык ясны сонейка міргае,
Снег брыльянтамі іскрыцца –
рад бляску такому,
І ляціць канёк азяблы, як страла, дадому.
Хутка ветрык веснавыя прынясе павевы,
Разліюцца ў паднябессі жаваранкаў спевы,
І жыццё магутнай хваляй зноў
напоўніць грудзі,
І адродзіцца прырода, акрыяюць людзі.
Хоць не змоўклі енкі болю ўсё яшчэ па страце,
Цэлы свет вястуе ўголас: Жыць!
Жыццё вітайце!


* * *

Разыходзіцца з памінак той люд засцянковы,
Не змяніла анічога іх уклад жыццёвы.
Яшчэ слёзы не абсохлі – рукам спраў багата:
Мусяць дбаць пра хлеб штодзённы
і двор той і хата.
Песняра плач толькі чуўся з сірочага дому,
Што ён болей не патрэбны нікому, нікому.
І праносіўся па хатах ды страшней ад грому
Ціхі енк, што смерці роўны: нікому, нікому...


Лямант
(паводле народнага)


Была яна маладзенька,
Была яна прыгажэнька
І кінула нас;
Была яна працаўніца,
Была яна памочніца,
Прапала не ў час.

  Была яна алмаз чысты
У працы шчырай, агністай.
А зараз жніво надыдзе,
Гаротная маці выйдзе,
Дастане серп свой.
Схіліся ж ты, о нябожа,
Ўжо дочанька не паможа,
Судзіў так Бог ёй!

Была прыгожай, пачцівай,
Як птушачка, шчабятлівай,
Ўсіх цешыла ўсмак.
Цяпер жа – хто прывітае?
Аб жыцейку запытае?
Ўшануе хто так?..

  Пойдуць доўгія дні, тыдні,
Пакуль жаль твой не аціхне,
Маці, ўся ў слязах.
Сваёй дочанькі ты мілай
Не забудзеш да магілы,
Хоць бы й боль ачах!

А было ж то ў садзе ружа,
Не расцвіла – ой!
Каля хаты хадзіў-кружыў
Хлопцаў статных рой.

  Палатно ж мы спрытна ткалі,
Да заручын рыхтавалі
І чакалі, што да хаты
Ясны месяц прыйдзе ў сваты,
Ясны месяц сам;
Каралевіч дзесь з-за мора
Нашу зорку згледзіць скора,
Нашу красачку-дачушку,
Райскую дзівосну птушку,
І прыедзе к нам.

Пагардзіла ўсімі намі –
І жаніхом, і бацькамі,
І цішай сцен тых;
Цяпер труна твая хата,
Саван – пасаг твой багаты,
Чарвяк – твой жаніх.
Ні з дружкамі табе ў скокі,
Ні жаць ураджай высокі,
Ні ў печы паліць.
Жвір твае засыпле вочы,
Маці прыйдзе ў дом сірочы,
Каб слёзанькі ліць.

  Не ўсцерагла цябе, міла!
Ах, што ж ты нам нарабіла?
Пайшло ўсё на злом!
Глянь, маці ад болю вые,
А бацька твар слязьмі мые,
Такі пусты дом!

Гурмой сышліся дзяўчаты,
У вэлюм Зоську багаты
Ўбіраюць, вянок з барвінку
Кладуць ёй у дамавінку
На вечны спакой.
Ой-жа жаль нам, жаль бязмерны!
Будзь Ты, Божа, міласэрны
Над душачкай той.
На Тваім высокім Небе
Прыгарні яе ў патрэбе
Сам Анёлаў рой.
Няма цябе, наша любка,
Ой, дзяўчына, ой галубка,
Няма цябе – ой!

Пераклад з польскай мовы
Ірыны Багдановіч


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY