Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя

СВЯТЫ ЯН НА ПАТМАСЕ
Мастацтва

«КРЫЖУ ТВАЙМУ ПАКЛАНЯЕМСЯ...»
Пераклады

АЙЦЕЦ АНТОНІУ ВІЭЙРА

ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ, АСВЕЧАНЫ МАЦІ БОЖАЙ

ВЕРШЫ
На шляху веры
In memoriam
Паэзія

ВЕРШЫ
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

КНІГА, ПОЎНАЯ СВЯТЛА
Нашы святыні
На кніжнай паліцы


Пачатак бітвы пад Оршай.
Гравюра 1597 г.
Жана НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ

ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ, АСВЕЧАНЫ МАЦІ БОЖАЙ

Перамога, атрыманая войскам Вялікага Княства Літоўскага пад Оршай 8 верасня 1514 года, мела значныя палітычныя наступствы і карэнным чынам змяніла становішча дзяржавы Ягелонаў на еўрапейскай арэне. Менавіта ў пачатку XVI ст. Жыгімонт Стары прадпрымаў актыўныя спробы схіліць Папу Льва Х да стварэння кааліцыі еўрапейскіх дзяржаў супраць турак і татараў. З гэтай мэтай з Вялікага Княства Літоўскага ў Ватыкан накіроўвалася некалькі дыпламатычных місій на чале з Эразмам Вітэліусам. Папа, аднак, не спяшаўся распачаць справу аб’яднання, пераследуючы свае палітычныя мэты.

Вынік Аршанскай бітвы павінен быў стаць самым пераканаўчым доказам таго, што Вялікае Княства Літоўскае і Польская Карона – менавіта тыя дзяржавы, што здольныя даць належны адпор нашэсцю іншаверцаў. Гэтая акалічнасць выклікала да жыцця цэлы шэраг паэтычных твораў на лацінскай мове, у якіх апявалася славутая перамога. Непасрэдна пасля Аршанскай бітвы ў 1514 годзе ў Кракаве выйшаў з друку паэтычны зборнік, у склад якога ўвайшлі вершаваныя панегірыкі розных паэтаў у гонар вялікага трыумфу. Сярод аўтараў – амаль усе самыя вядомыя ў той час польскія паэты: Андрэй Кшыцкі, Ян Дантышак, Крыштаф Сухцень. У наступным, 1515 годзе, зборнік вершаў падобнага зместу пад назвай «Вершы пра векапомны разгром маскавітаў-схізматыкаў» з’явіўся ў Рыме. Яго выхаду ў свет паспрыяў прымас Ян Ласкі, які выправіўся ў Рым яшчэ ў 1512 годзе.

Вершы польскіх паэтаў, прысвечаныя вялікай перамозе, здабытай на беларускай зямлі, вызначаюцца ўзнёсласцю, пафаснасцю, палітычнай заангажаванасцю. Андрэй Кшыцкі разгортвае перад чытачом панараму самой бітвы і ўслаўляе яе герояў; Ян Дантышак абрушвае гнеўныя тырады на маскоўскага цара Васіля, які імкнуўся заняволіць народы, падуладныя Ягелонам; Крыштаф Сухцень асэнсоўвае палітычныя наступствы бітвы і тыя перспектывы пашырэння дзяржавы, якія здабытая перамога дае каралю Жыгімонту Старому. Аднак, нягледзячы на тое, што ўсе гэтыя вершы напісаны паводле класічных узораў старажытнай рымскай паэзіі – з поўным арсеналам шыкоўных вобразаў і выяўленчых сродкаў, перанятых у Вяргілія і Гарацыя, — няма ў гэтых метрычна дасканалых строфах лірычнага, асабістага настрою. «Паэзія марнее – пачынаецца вульгарная прапаганда» – гэтую характарыстыку польскага даследчыка Ю.Новака-Длужэўскага ў дачыненні да верша Яна Дантышка можна перанесці і на іншыя творы з рымскага зборніка 1515 года.

Яшчэ праз год, у 1516 годзе, у Кракаўскай друкарні Яна Галера з’явіўся паэтычны зборнік Яна Вісліцкага «Пруская вайна». Цэнтральным яго творам стала аднайменная паэма, прысвечаная Грунвальдскай бітве. Што прымусіла паэта, народжанага, як пісаў ён, «у самым цэнтры варварства» (хутчэй за ўсё, на Беларусі), больш чым праз сто гадоў пасля таго, як сціхлі грымоты сечы пад Грунвальдам, звярнуцца да той вялікай перамогі? Адказ на гэтае пытанне – у фінале паэмы, дзе Ян Вісліцкі паказвае караля-сучасніка Жыгімонта Старога як пераемніка ваеннай славы свайго дзеда Уладзіслава Ягайлы. Прыгадаўшы ў другой частцы паэмы гарачы ліпень 1410 года, у трэцяй частцы паэт успамінае бліжэйшую па часе падзею:

Потым жа верасень быў,
што табе пераможныя лаўры
Шчодрай рукою прынёс:
ты адолеў шматлікае войска
Скіфскага князя вялікага,
многа ваеннай здабычы,
Многа варожых харугваў
з палоннымі хутка даставіў
Ты да высокіх муроў
тваёй велічнай Вільні Літоўскай.

Размова тут ідзе пра ваенны трыумф Жыгімонта і яго войска, якое 22 верасня 1514 года ўвайшло ў Вільню, здабыўшы перамогу пад Оршай. Варожыя штандары, захопленыя ў бітве, кароль загадаў размясціць у віленскім катэдральным касцёле. Гэтую тэму перамогі пад Оршай, эпізадычна адлюстраваную яшчэ ў паэме «Пруская вайна», Ян Вісліцкі пашырыў у паэтычным творы, напісаным алкеевай страфою, пад назваю «Ода Яна Вісліцкага да Найяснейшага Уладара Жыгімонта…», якую ў беларускім літаратуразнаўстве часам называюць «Аршанскай одай» або «Одай на Аршанскую бітву».

Уласна тэкст оды папярэджвае дзесяцірадкоўе, вельмі важнае для разумення паэтычнага крэда аўтара. Гэтыя дзесяць радкоў маюць падзагаловак «Дзесяцірадкоўе для чытача, чаму ода напісана лірычным памерам». Справа ў тым, што правілы антычнай метрыкі прадугледжвалі даволі строгую адпаведнасць пэўнага вершаванага памеру пэўнаму паэтычнаму жанру. Так, эпічная або гераічная паэма пісалася гекзаметрам, элегія, эпіграма або песня («carmen») – элегічным двувершам, сатырычны верш – ямбам. Алкеева страфа лічылася лірычным памерам, таму, на першы погляд, была непрыдатнай для напісання оды ў гонар перамогі. Ян Вісліцкі пераасэнсоўвае прыроду гэтага жанра. Трэба сказаць, што і паэму «Пруская вайна» папярэджвае «Ода да чытача», таксама напісаная алкеевай страфою. Няцяжка заўважыць, што паэт на самых розных узроўнях – ад метрычнага да вобразна-мастацкага – нітуе дзве вялікія падзеі ў айчыннай гісторыі: перамогу пад Грунвальдам і перамогу пад Оршай.

Найперш паэму «Пруская вайна» і «Оду на Аршанскую бітву» аб’ядноўвае матыў Боскай дапамогі ў вайне. Так, перамога на Грунвальдскім полі была прадказана Ягайлу святым біскупам Станіславам, нябесная здань якога з’явілася каралю ў час Імшы. Перамога пад Оршай – вынік спрыяльнай падтрымкі Маці Божай, якая менавіта «ў свой дзень» – 8 верасня – «прынесла гэты трыумф у вайне са скіфам». Перамога, здабытая далёкімі продкамі паэта пад Грунвальдам, і перамога пад Оршай – вынік спалучэння многіх шчаслівых абставінаў: Боскага спрыяння, мудрасці ўладароў і ваяводаў, народнага гераізму. Абедзве перамогі сталі трыумфам усіх народаў, што насялялі дзяржаву Ягелонаў: беларусаў, літоўцаў, украінцаў, палякаў, татараў. Абедзве перамогі прынеслі вызваленне гэтым народам, далі ім магчымасць мірна жыць і працаваць на сваёй зямлі. Ян Вісліцкі даводзіць, што як сто гадоў таму, так і ў яго час пераможцы былі напоўнены найперш пачуццём радасці, свабоды, абнаўлення. Нягледзячы на тое, што ў прыродзе панавала восень, душы нашых суайчыннікаў – ратнікаў пад Оршай – напаўняліся веснавым спевам, і ў перадачы гэтага пачуцця выявіўся тонкі псіхалагізм аўтара: няцяжка прыгадаць успаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія ў маі сорак пятага былі ўпэўнены, што ўсё цяпер будзе па-іншаму, што жыццё і людзі стануць значна лепшымі… Вось чаму для ўслаўлення перамогі пад Грунвальдам і перамогі пад Оршай, на думку паэта, варта было скарыстаць менавіта лірычны памер, найбольш прыдатны для перадачы пачуццяў радасці і шчасця, блізкіх да стану душы закаханага чалавека.

Ян Вісліцкі наўмысна адышоў ад «паэтычнага афіцыёзу», які прарываецца з кожнага верша рымскага зборніка 1515 года. Цікава, што наш суайчыннік застаецца ў межах традыцыйнага вобразна-паэтычнага сусвету лацінскай паэзіі (як і Дантышак, ён згадвае далёкі востраў Тулу, а таксама выкарыстоўвае матыў уцёкаў пераможанага цара Васіля), аднак карэнным чынам змяняе ідэйную ўстаноўку. Перамога пад Оршай, асветленая лікам Маці Божай, напаўняе паэта гонарам за сваіх суайчыннікаў, а таксама пачуццём надзеі на шчаслівую будучыню, шчаслівы лёс народаў, якія заслужылі сваім ратным подзвігам гонар на многія вякі.

Бітва пад Оршай. Невядомы мастак, ХVІ ст.

Гл. таксама:
ОДА ЯНА ВІСЛІЦКАГА ДА НАЙЯСНЕЙШАГА ЎЛАДАРА ЖЫГІМОНТА, КАРАЛЯ ПОЛЬШЧЫ І Г.Д.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY