Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя

СВЯТЫ ЯН НА ПАТМАСЕ
Мастацтва

«КРЫЖУ ТВАЙМУ ПАКЛАНЯЕМСЯ...»
Пераклады

АЙЦЕЦ АНТОНІУ ВІЭЙРА

ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ, АСВЕЧАНЫ МАЦІ БОЖАЙ

ВЕРШЫ
На шляху веры
In memoriam
Паэзія

ВЕРШЫ
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

КНІГА, ПОЎНАЯ СВЯТЛА
Нашы святыні
На кніжнай паліцы


«Дантэ Аліг'еры дэманструе сваю кнігу «Боская камедыя». Фрэска ў фларэнтыйскім саборы Санта Марыя дэль Філёрэ.
Дантэ АЛІГ’ЕРЫ

ПРА НАРОДНАЕ КРАСАМОЎСТВА

[Пачатак у №1(27)/2004]

Кніга Другая

І. Абуджаючы ізноў розум наш і пёрка беручы, каб працягваць нашую годную працу, мы перш за ўсё абвяшчаем бліскучую італьянскую гаворку прыдатнай як для празаічных, так і для паэтычных твораў. Але паколькі тыя, што ў прозе ёй карыстаюцца, бяруць яе большую частку ў вершаскладальнікаў і паколькі тое, што вершамі складзена, застаецца непахісным прыкладам для празаікаў, а не наадварот (што, як відаць, дае некаторыя перавагі вершаскладальнікам), то мы спачатку разгледзім метрычную народную гаворку ў адпаведнасці з тым парадкам, што мы ў канцы першай кнігі вызначылі.

А найперш пабачым, ці ўсе вершаскладальнікі павінны карыстацца гэтай народнай гаворкай ці не. Пры павярхоўным аглядзе здаецца, што павінны, бо кожны, хто вершы складае, па магчымасці іх аздабляць мусіць: значыць, раз няма нічога больш цудоўнага для іх аздобы, як бліскучая народная гаворка, то, відаць, кожны вершаскладальнік карыстацца ёю павінен. Акрамя таго, усё найлепшае ў сваім родзе пры сумяшэнні з ніжэйшым не толькі нічога ад таго не адбірае, але відавочна яго паляпшае; такім чынам, калі кожны няхай і не вельмі адукаваны вершаскладальнік дадае гэтую гаворку да сваёй неадукаванасці, то ён дзейнічае не толькі добра, а менавіта так, як трэба. Куды больш патрэбна дапамога тым, хто толькі на малое здатны, чым тым, хто здатны на многае. А ў такім разе здаецца, што ўсім, хто вершы складае, дапушчальна карыстанне гэтай мовай.

Гэта, аднак, памылкова, таму што нават самыя выбітныя паэты не заўсёды павінны ў гэтай мове ўвасабляцца, як відаць будзе з далейшых нашых разважанняў. Мова гэтая патрабуе мужоў адпаведных, падобна іншым нашым звычаям і строям: велічнасць слынных мужоў патрабуе, пурпур – высакародных; так і мова гэтая выбітных па розуму і ведах шукае, а астатнімі, як далей будзе відаць, грэбуе. Бо усё нам уласцівае або па родзе, або па віду, або па асобе, як, напрыклад, пачуцці, смех, вайсковае майстэрства. Але мова гэтая не ўласцівая нам ні па родзе, бо тады яна была б уласцівая людзям грубым і прымітыўным таксама; ні па віду, бо тады яна была б уласцівая ўсім людзям, пра што і размовы быць не можа: ніхто ж не скажа, што яна ўласцівая жыхарам гор у іх размовах наконт сялянскіх справаў; значыцца, яна ўласцівая нам па асобе. Але нішто не з’яўляецца ўласцівым асобе інакш як па ўласных яе вартасцях, напрыклад, гандаль, ваенная справа і кіраўніцтва; таму, калі ўласцівае вызначаецца вартасцямі, або вартымі, і адныя могуць быць вартыя, другія больш вартыя, трэція самыя вартыя, зразумела, што добрае ўласціва годным, лепшае – больш годным, найлепшае – самым годным. А паколькі слова служыць неабходнай прыладай нашай думкі не іначай, як конь вершніку, і найлепшым вершнікам найлепшыя коні належаць, то і найлепшая мова належыць найлепшым думкам. Але ж выдатныя думкі немагчымыя без наяўнасці розуму і ведаў; такім чынам, найлепшая мова не ўласцівая нікому, акрамя тых, хто розумам і ведамі валодаюць. Ды не ўсім вершаскладальнікам будзе ўласцівая найлепшая мова, а значыць і найлепшая народная гаворка, таму што большасць з іх вершы складаюць без ведаў і розуму. Таму, раз яна не ўсім падыходзіць, то і карыстацца ёю не ўсе павінны, бо ніхто не павінен неадпаведным чынам дзейнічаць.

А калі гавораць, што кожны павінен у меру густу аздабляць вершы свае, то і мы справядлівым гэта прызнаем; але ні быка пад гунькаю, ні свінню з тальмахам аздобленымі не назавем, а наадварот, хутчэй пасмяёмся такому вычварэнству; аздабленне ж ў тым складаецца, каб нешта ўласцівае прадмету дадаць. Там, дзе мы сказалі, што дадаванне вышэйшага да ніжэйшага ідзе апошняму на карысць, то праўду сказалі мы ў тым выпадку, калі розніца незаўважнай робіцца: напрыклад, калі золата са срэбрам знітоўваецца; але калі розніца застаецца, то ніжэйшае яшчэ больш прыніжаецца: напрыклад, калі прыгожыя жанчыны перамяшаюцца з брыдкімі. І паколькі думка вершатворцаў заўсёды змешвацца са словамі, што яе выказваюць, то там, дзе выдатнай яна не з’яўляецца, то і выдатная народная гаворка не лепшай, а горшай здаецца, як самая брыдкая жанчына, у золата і шоўк апранутая.

ІІ. Пасля таго як мы паказалі, што не ўсе, а толькі самыя выбітныя вершатворцы павінны ўжываць бліскучую народную гаворку, варта паказаць, ці прыдатная яна для ўсіх рэчаў або не, і калі не для ўсіх, то паказаць паасобку, якія з іх яе вартыя.

У сувязі з гэтым трэба спачатку патлумачыць, што менавіта мы называем годным. Годным мы называем тое, што валодае годнасцю гэтаксама, як высакароднае высакародствам; і калі па вопратцы ў якой-небудзь ступені адрозніваецца той, хто ў яе апрануты, то, адрозніўшы годнасць, мы пазнаем і годнага. Бо годнасць ёсць вынік ці мяжа заслужанага: так, калі хтосьці дзейнічае добра, мы палічым яго годным добрага, а калі дрэнна, то дрэннага; гэтак добры ваяр варты перамогі, добры ўладар – улады, а вось ілгун варты сораму і разбойнік – смерці. Але паколькі ў параўнанні добрых і розных іншых учынкаў ацэньваецца, хто дзейнічаў добра, хто лепей, хто найлепей, хто дрэнна, хто горай, хто найгорш, і ў такіх параўнаннях учынкі ацэньваюцца толькі па выніку заслуг, што, як мы сказалі вышэй, годнасцю называем, то відаць, што вартасці вызначаюцца ў залежнасці ад іх велічыні, і адныя аказваюцца вялікімі, другія больш вялікімі, трэція найвялікшымі; і такім чынам, адно аказваецца вартым, другое больш вартым, трэцяе самым вартым. Таму параўнанне вартасцяў робіцца не адной і той жа, але розных рэчаў адносна, так што больш вартым мы лічым тое, што варта большага, а найбольш вартым тое, што варта найбольшага, і паколькі нішто не можа быць больш за яго вартым, то зразумела, што па натуральнай патрэбе найлепшае заслугоўвае найлепшага. Адсюль вынікае, што паколькі народная гаворка, якую мы называем бліскучай, ёсць найлепшая сярод іншых гаворак, то быць выкладзеным гэтаю гаворкай вартае толькі тое, што мы лічым найбольш вартым выкладання.

Цяпер даследуем, што такім з’яўляецца. Дзеля таго, каб гэта стала зразумела, трэба ведаць, што чалавек трыадзіна адухоўлены ёсць, а менавіта душой расліннай, жывёльнай і разумовай, і рухаецца ён трыадзіным шляхам. Бо дзякуючы сіле расліннай ён карысці шукае ў тым, у чым паяднаны з раслінамі; дзякуючы жывёльнай шукае задавальнення, у чым паяднаны з жывёламі; дзякуючы разумовай, шукае ён дасканаласці, у чым самотны ёсць або яднаецца з натурай анёльскай. Трыма гэтымі пачаткамі нашыя дзеянні вызначаюцца. І паколькі ў дзеяннях кожнага роду адныя больш значнымі выяўляюцца, другія найбольш значнымі, то найбольш значныя павінны выкладацца найбольш значна і, такім чынам, найбольш значнай народнай гаворкай.

Але патлумачыць неабходна, што ёсць найбольш значнае. Па-першае, гэта тое, што карысна: тут, калі паглядзім як след, убачым, што мэтай усіх шукальнікаў карысці ёсць не што іншае як здароўе. Па-другое, у сэнсе задавальнення: тут мы гаворым, што найбольшае задавальненне складаецца з таго, каб задаволіць нашыя жаданні самым з іх каштоўным, інакш кажучы задавальненнем кахання. Па-трэцяе, у сэнсе дасканаласці, гэта несумненна дабрадзейнасць. Таму гэтыя тры рэчы, а менавіта здароўе, любоўнае задавальненне і дабрадзейнасць, ёсць першасныя, і гаварыць пра іх, як і пра тое, што бліжэйшым чынам да іх стасуецца, інакш кажучы пра вайсковую годнасць, полымя кахання і справядлівасць, варта з найбольшай значнасцю. Толькі гэта, калі памяць нам не здраджвае, і ўсхвалялі народнай гаворкай выбітныя мужы, а менавіта Бертран дэ Борн2 – зброю, Арнальда Даніэль3 – каханне, Джэрарда дэ Борнэль – шчырасць; Чына да Пістойя – каханне, сябра яго – справядлівасць. Дык кажа Бертран:
         Non posc mudar c’un cantar non exparia;4
і Арнальда:
         L’aura amara fal bruol brancuz clarzir;5
Джэрарда:
         Per solaz reveillar che s’es trop endormitz;6
Чына:
         Digno sono eo de morte;7
Сябра Чына:
         Doglia mi reca ne lo core ardire.8

Аднак ніводны пакуль італіец зброю не ўслаўляў.

Адсюль відаць, якія рэчы варта ўслаўляць найвышэйшай народнай гаворкай.

ІІІ. А цяпер паспрабуем хутчэй прасачыць, якім чынам павінны мы складаць у вершы тое, што варта такой высокай народнай гаворкі.

І ў жаданні патлумачыць форму, вартую гэтых вершаў, перш за ўсё згадаем, што стваральнікі паэтычных твораў народнай гаворкай складалі іх разнастайнымі формамі; хто канцонамі, хто баладамі, хто санетамі, хто выходзячы за межы і правілы вершаскладання, як ніжэй будзе відаць. З усіх гэтых формаў найвыдатнейшай мы лічым форму канцоны; таму, калі найвыдатнейшае вартае найвыдатнейшага, як мы вышэй даказалі, то вартае найвыдатнейшай народнай гаворкі заслугоўвае найвыдатнейшай формы і, такім чынам, павінна быць выказана ў канцоне. А тое, што форма канцоны гэтым з’яўляецца, можна шматлікімі доказамі пацвердзіць. Па-першае, хоць усялякі наш верш ёсць канцона (песня), але адныя толькі канцоны атрымалі такую назву, што адбылося не без старажытнага провіду. Потым усё, што само па сабе стварае тое, дзеля чаго створана, відавочна ёсць больш высакароднае за тое, што патрэбу мае ў чым-небудзь знешнім; але канцоны самі па сабе ствараюць усё, што патрэбна, чаго не робяць балады, бо маюць яны патрэбу ў танцорах, дзеля якіх і ствараюцца; таму канцоны трэба лічыць больш высакароднымі за балады і, такім чынам, іх форму самай высакароднай сярод усіх, хоць ніхто не сумняваецца, што па высакароднасці сваёй балады стаяць вышэй за санеты. Акрамя таго, больш высакародным лічыцца тое, што прыносіць найбольшы гонар свайму стваральніку; але канцоны даюць сваім стваральнікам больш за балады; таму яны больш высакародныя і ў выніку форма іх больш высакародная за ўсе іншыя. Акрамя таго, найбольш высакародным лічыцца тое, што захоўваецца найбольш ашчадна; але з усіх паэтычных твораў ашчадней захоўваюцца канцоны, што зразумела тым, хто з кнігамі знаёмы; таму высакародней за ўсё канцоны, а, такім чынам, і форма іх самая высакародная. Да таго ж у творах мастацтва самае высакароднае – тое, што заключае ў сабе ўсё мастацтва цалкам; такім чынам, раз паэтычныя творы ёсць творамі мастацтва, што цалкам заключаюцца толькі ў канцонах, канцоны найбольш высакародныя і, як відаць, іх форма з усіх ёсць самая высакародная. А тое, што ў канцонах заключаецца ўсё паэтычнае майстэрства, з таго вынікае, што ўсе часткі мастацтва з іншых твораў у канцонах маюцца, а не наадварот. Пацверджаннем нашых словаў служыць тое, што ўсё ад вышыні бліскучых паэтычных розумаў на вусны сыходзячае, толькі ў канцонах і знаходзіцца.

І робіцца відавочным, што ўсё вартае ўзвышанай народнай гаворкі павінна канцонамі выкладацца9.

IV. Пасля таго як мы пастараліся, разбіраючы хто і што ёсць вартым прыдворнай народнай гаворкі, а таксама якая форма вартая высокага гонару быць выключнай уласцівасцю народнай гаворкі, перш як перайсці да іншага, патлумачым форму канцонаў, якую многія ўжываюць хутчэй выпадкова, чым па правілах мастацтва; і пакажам майтэрства ў гэтай форме, што пакуль мы бязладна разглядалі, пакідаючы ўбаку форму баладаў і санетаў, бо маем намер асвятліць іх у чацвёртай кнізе нашай працы10, калі наконт сярэдняй народнай гаворкі разважаць будзем.

Пераглядаючы вышэйсказанае, нагадваем мы, што неаднаразова называлі стваральнікаў вершаў на народнай гаворцы паэтамі11: несумненна, адважыліся мы на гэта небеспадстаўна, бо яны, безумоўна, з’яўляюцца паэтамі, калі паразважаць, што такое паэзія: а яна ні што іншае як прыдумка, увасобленая ў рыторыку і музыку. Аднак адрозніваюцца яны ад выбітных або правільных паэтаў тым, што выбітныя ствараюць згодна з правіламі мовы і мастацтва, яны ж – як давядзецца, аб чым мы ўжо казалі. Бо чым больш мы да выбітных паэтаў набліжаемся, тым правільней вершы складаем. Таму, пачынаючы навуковую працу, варта нам прытрымлівацца законаў іх паэтыкі.

Дык вось, перш за ўсё мы скажам, што кожны вымяраць павінен важкасць матэрыі па плячах сваіх, бо інакш, калі занадта спадзявацца на моц свайго пляча, можна спатыкнуцца і абавязкова ў бруд зваліцца. Аб гэтым папярэджваў Гарацый на пачатку «Паэтыкі»: «Матэрыю выбірайце...».

А потым дзеля таго, пра што гаварыць надарыцца, неабходна выбраць спосаб яго апісання: ці трагічным, ці камічным, ці элегічным стылем яго ўслаўляць. Выкарыстаем больш высокі стыль для трагедыі, больш нізкі – для камедыі, а пад элегіяй мы разумеем стыль няшчасных. Для таго, каб услаўляць трагічным стылем, трэба карыстацца бліскучай народнаю гаворкаю і, такім чынам, складаць канцону. А для стылю камедыі браць або сярэднюю, або ніжэйшую народную гаворку, а якім чынам іх адрозніць, мы намер маем у чацвёртай нашай кнізе паказаць. А калі ўслаўляць трэба элегічным стылем, то карыстацца трэба толькі ніжэйшай народнай гаворкай.

Пакідаючы іншыя стылі, паразважаем цяпер як след наконт стылю трагічнага. Трагічным стылем мы, безумоўна, карыстаемся там, дзе з глыбінёю думкі стасуюцца і велічнасць вершаў, і ўзвышанасць пабудовы, і вытанчанасць словаў. Таму, калі мы прыгадаем належным чынам ужо высветленае, а дакладней тое, што найвышэйшае вартае найвышэйшага, дык і стыль, названы намі трагічным, найвышэйшым з’яўляецца, і рэчы, абраныя намі для найвышэйшага ўслаўлення, толькі гэтым стылем павінны славіцца: а менавіта збавенне, каханне і дабрачыннасць, а таксама нашыя пра іх думкі, каб ні ў якім разе іх не прынізіць.

Няхай жа кожны ўважлівым будзе і разгледзіць тое, пра што мы гаворым; і, калі намер мае дасканалым чынам ухваляць тры гэтыя або іншыя рэчы, што да іх проста ці ўскосна дачыненне маюць, да Гелікона12 хай далучыцца і, настроіўшы струны на ўрачысты лад, толькі тады за плектр бярэцца. Але дасягнуць такой пільнасці і адрознівання – вось дзе задача і цяжкасць, бо без вытанчанай адоранасці, без руплівасці ў мастацтве і спрытнасці ў навуцы гэта абсалютна недасягальна. І такімі з’яўляюцца тыя, каго ў шостай кнізе «Энеіды» паэт называе абранымі Богам і да зорак узнятымі палымянай мужнасцю, і сынамі Багоў, хоць і гаворыць пра тое іншасказальна. І тут выкрываецца неразумнасць тых, хто ў неадукаванасці сваёй у мастацтве і навуцы, на адну толькі адоранасць абапіраючыся, да найвышэйшага ўслаўлення імкнецца; дык няхай пазбавяцца яны такой саманадзейнасці, а калі па натуры сваёй ці па нядбайнасці ёсць сапраўдныя гусакі, то хай і не спрабуюць арлу, што да зорак узнімаецца, прыпадабняцца.

V. Наконт глыбіні думак, мы, бадай, дастаткова сказалі, прынамсі ўсё, што патрабуецца для нашай працы; пяройдзем цяпер да велічнасці вершаў.

Наконт гэтага вядома, што нашыя папярэднікі карысталіся ў сваіх канцонах рознымі вершамі, гэтаксама, як і нашыя сучаснікі, але і дасюль мы не знаходзім у вершаскладанні аніводнага верша, даўжэйшага за адзінаццаціскладовы, ці карацейшага за трохскладовы. І хоць італійскія лірыкі карыстаюцца і трохскладовым, і адзінаццаціскладовым, і ўсімі прамежкавымі відамі верша, часцей за ўсё ўжываюць яны пяціскладовы, сяміскладовы і адзінаццаціскладовы, а пасля іх ды перад іншымі – трохскладовы.

З усіх гэтых вершаў найбольш велічным з’яўляецца адзінаццаціскладовы, як па працягласці, так і па прасторнасці для думкі, моўнай будовы і слоў; і выразнасць усіх іх павялічваецца ў ім моцна, што абсалютна відавочна; бо з павелічэннем важкага павялічваецца і вага. І цудоўным чынам узважвалі ўсе гэта майстры, пачынаючы канцоны з памеру такога, як Герард дэ Барнэль:
         Ara ausirez encabalitz cantars;13
(хоць і здаецца, што гэты верш дзесяціскладовы, насамрэч ён адзінаццаціскладовы, бо дзве апошнія зычныя не належаць папярэдняму складу, і няхай у іх няма ўласнай галоснай, яны тым не менш моцы складовай не губляюць: прыкметай гэтага ёсць тое, што рыфма завяршаецца адным галосным, чаго не магло б адбыцца, калі б там не меўся на ўвазе другі). Кароль Наварскі:
         De fin Amor si vient sen et bonte;14
(дзе, калі разгледзець націск і яго прычыну, відаць, што верш гэты адзінаццаціскладовы); Гвіда Гвініцэлі:
         Al cor gentil repara sempre Amore;15
Суддзя дэлле Калонэ з Месіны:
         Amor, che lungiamente m’hai menato;16
Рэната д’Аквіна:
         Per fino amore vo si lietamente;17
Чына да Пістойя:
         Non spero che giammai per mia salute;18
і сябар Чына:
         Amor, che movi tua vertu dal cielo.19

І хоць дадзены верш, як відаць, і так самым знакамітым з’яўляецца, то калі ён спалучаецца нейкім чынам з сяміскладовым, нават калі першынство захоўвае, робіцца яшчэ больш выдатным і яшчэ больш узвышаным і велічным. Але хай гэта высветліцца надалей. Так, мы гаворым, што наступны за гэтым, самым вядомым, памерам ідзе сяміскладовы. Пасля яго мы ставім пяціскладовы, а пасля трохскладовы. А дзевяціскладовы з той нагоды, што патроеным трохскладовым з’яўляецца, або ў пашане ніколі не быў, або як надакучлівы з карыстання выйшаў. Вершы з цотнай колькасцю складоў зрэдку выкарыстоўваюцца20, бо адпавядаюць яны сутнасці сваіх лічбаў, што ніжэй за няцотныя, як матэрыя ніжэй за форму, стаяць.

Падсумоўваючы вышэйсказанае, бачым мы, што самым велічным з’яўляецца памер адзінаццаціскладовы, і гэта тое, што мы паказаць імкнуліся. А цяпер застаецца толькі сказаць наконт узвышаных маўленчых зваротаў і высокіх словаў, і, нарэшце, падрыхтаваць пруткі ды кіі, каб паказаць, якім памерам абяцанае плеціва або канцону плясці трэба.

VI. Паколькі ўвага нашая засяроджана на бліскучай народнай гаворцы як на самай высакароднай сярод усіх іншых, мы пазначылі рэчы вартыя таго, каб ёю быць ухваленымі, як вышэй паказалі, і абралі для гэтага памер канцоны як найвышэйшы з усіх памераў, і каб мець магчымасць яму навучыць, падрыхтавалі ўжо сёе-тое, а менавіта склад і верш, а цяпер гутарку павядзём наконт будовы.

Хай будзе вядома, што будовай мы называем правільнае спалучэнне слоў, як, напрыклад, «Aristotiles phylosophatus est tempore Alexandri»21. Бо тут правільна спалучаюцца пяць слоў, ствараючы адзіную будову, адносна якой трэба перш за ўсё мець на ўвазе, што адна будова бывае адпаведнай, а другая неадпаведнай. А паколькі мы шукаем – калі прыгадаць як след пачатак нашага адступлення – рэчы толькі найвышэйшага гатунку, няма ў пошуках нашых месца неадпаведнаму, як таму, што не заслугоўвае нават найніжэйшай прыступкі дабраякаснасці. Дык няхай жа саромеюцца, хай саромеюцца доўбні, што так бесперапынна і самаўпэўнена да канцонаў імкнуцца. Такія ж яны нам смешныя, як і сляпы, што ў фарбах разбірацца бярэцца. Мы ж, як відаць, толькі адпаведнай будовы шукаем.

Але чакае нас не меншы па цяжкасці выбар перш чым мы дасягнём той будовы, да якой імкнёмся, інакш кажучы да найбольш вытанчанай і шляхетнай. Шмат ступеняў маўленчай будовы маецца: немудрагелістая, што ўласцівая людям неадукаваным, напрыклад, «Petrus amat multum dominam Bertam»22; існуе чыста штучная, уласцівая стрыманым навукоўцам або настаўнікам, напрыклад, «Piget me, cunctis pietate maiorem, quicunque in axitlio tabescentes patriam tantum sompniando revisunt»23; ёсць штучная і прыгожая ў тых, хто павярхоўна рыторыкай авалодаў, як «Laudabilis discretio marchionis Estensis et sua magnificentia preparata cunctis, illum facit esse dilectum»24; ёсць і штучная, і прыгожая, і ўзвышаная адначасова ў выдатных пісьменнікаў, напрыклад, «Eiecta maxima parte florum de sinu tuo, Florentia, nequicquam Trinacriam Totila secundus adivit»25. Гэтую ступень будовы мы называем найвышэйшай, і яна з’яўляецца той, да якой у пошуках дасканаласці мы, як і гаварылі, імкнёмся.

Толькі такой будовай складалі бліскучыя канцоны, напрыклад, Гарард:
         Si per mos Sobretots non fos26.
Фалькет Марсэльскі:
         Tan m’abellis l’amoros pensamen27.
Арнальда Даніэла:
         Sols sui che sai lo sobraffan, chem sorz28.
Амерыга Бэльнуй:
         Nuls hom, non pot compir addreciamen29.
Амерыга Пэкульяна:
         Si com l’arbres che per sobrecarcar30.
Кароль Наварскі:
         Ire d’Amor qui en mon cor repaire31.
Суддзя з Месіны:
         Anchor che l’aigua per lo focho lassi32.
Гвіда Гвініцэлі:
         Tengo de folle empresa, a lo ver dire33.
Гвіда Кавальканці:
         Poi che de doglia cor conven ch’io porti34.
Чына да Пістойя:
         Avegna ch’io aggia piu per tempo35.
Сябра Чына:
         Amor che ne la mente mi ragiona36.

Не дзівіся чытач, што згадалі мы столькі аўтараў, бо тую моўнаю будову, якую мы называем найвышэйшай, інакш паказаць не можам як падобнымі прыкладамі. І, магчыма, каб прызвычаіцца да гатага, за ўсё карысней было б табе пазнаёміцца з узорнымі паэтамі, гэта значыць з Вяргіліем, Авідзіем у «Метамарфозах», Стацыем і Луканам, ды з іншымі, што выдатнай прозай пісалі, таксама як з Цітам Лівіем, Плініем, Францінам37 , Паўлам Арозіем ды многімі іншымі, пазнаёміцца з якімі сяброўка нашая самота запрашае. Дык няхай жа сцішацца прыхільнікі невуцтва, якія Гвітонэ д’Арэцца ўслаўляюць і некаторых іншых, што ніяк не адвучацца ў словах і моўнай будове прыпадабняцца натоўпу.

VII. І цяпер задача нашая ў тым, каб асвятліць велічныя словы, якія заслугоўваюць таго, каб ва ўзвышаным стылі знаходзіцца.

Таму мы сцвярджаем напачатку, што вельмі цяжкім ёсць разумны адбор слоў, бо мы бачым мноства спосабаў іх злучэння. Сапраўды, адныя словы здаюцца дзіцячымі, другія жаноцкімі, трэція мужнымі, а з іх адныя дзікія, а другія свецкія; з тых жа, што свецкімі мы называем, адныя мы адчуваем як прычасаныя і гладкія, а другія як калматыя і шорсткія. Сярод прычасаных і калматых знаходзяцца тыя, што мы называем велічнымі, а гладкімі ды шорсткімі мы называем занадта гучныя; падобна таму, як сярод вялікіх спраў адныя выказваюць веліч душы, другія – дым; тады пры бачнасці ўзвышэння над скрыўленай лініяй дабрадзейнасці атрымліваецца не ўздым, а наадварот, зніжэнне і падзенне.

Дык вось глядзі, чытач, як важна адсейваць адборныя словы ад мякіны, бо калі ты разгледзіш належным чынам бліскучую народную гаворку, катораю згодна з вышэй сказаным, народныя паэты, якіх мы прасвяціць збіраемся, карыстацца ў трагічным стылі павінны, то паклапоцішся, каб у сіце тваім толькі адныя высакародныя словы засталіся. Сярод іх ты ні ў якім разе не зможаш пакінуць ні дзіцячых, як занадта простых, накшталт mamma (мама) і babbo (тата), mate (матулька) i pate (татулька), ні жаноцкіх з-за празмернай мяккасці, як dolciadа (душачка) i placevole (міленькая), ні дзікіх з-за прарэзлівасці, кшталту greggia (статак) i cetra (цытра), ні гладкіх ды шорсткіх свецкіх словаў, як femina (жанчына) i corpo (цела). Бачыш, аднак, што застаюцца прычасаныя і калматыя свецкія словы, як вельмі высакародныя і як чальцы бліскучай народнай гаворкі. А гладкімі мы называем такія, што, з’яўляючыся трохскладовымі або да трохскладовасці блізкімі, – без аспірацыі і без вострага ці палегчанага націску, без падвоеных z ці х, без злучэння двух плаўных або непасрэднай пасля нямога пазіцыі, – і быццам адшліфаваныя, якія надаюць гаворцы пэўную прыемнасць: amore (каханне), donna (спадарыня), disio (жаданне), vertute (мужнасць), donare (дарыць), letitia (радасць), salute (ратаванне), securtate (бяспека), defesa (абарона).

З другога боку, калматымі мы называем усе тыя, што ці неабходнымі з’яўляюцца, ці народную гаворку аздабляюць. А неабходнымі мы называем тыя, без якіх не можам абысціся, напрыклад, некаторыя аднаскладовыя, накшталт sм, no, me, te, se, a, e, i, o, u ды многія іншыя выклічнікі. Аздабленнямі ж лічым мы ўсе шматскладовыя, што ў спалучэнні з гладкімі даюць цудоўную зладжанасць спалучэнням, не зважаючы на прарэзлівасць свайго прыдыхання і націску, на працягласць падоўжаных і плаўных, напрыклад, terra, onore, speranza, gravitate, alleviato, impossibilita, impossibilitate, benaventurassimo, inanimatissimamente, disaventuratissimamente, sovramagnificentissimamente38 , у якім адзінаццаць складоў. Магчыма знайсці слова ці дзеяслоў з яшчэ большай колькасцю складоў, ды паколькі яно пераўзыходзіць здольнасці памеру ўсіх нашых вершаў, то і нявартае нашага абмеркавання; такім ёсць слова honorificabilitudinitate39 , створанае ў народнай гаворцы дванаццаццю складамі, а ў двух ускосных граматычных склонах нават трынаццацю.

А якім чынам зладжваць у падобных вершах калматыя словы з прычасанымі дзеля далейшага навучання мы пакінем. І таго, што ўжо сказана наконт высокага стылю, дастаткова дзеля патрэбнага выбару словаў.

Працяг у №4(30)/2004 >>

Пераклад Аксаны Данільчык.


  1. Дантэ пацвярджае думку, выказаную ў «Новым жыцці».
  2. Знакаміты правансальскі трубадур ХІІ ст.
  3. Не менш знакаміты як Бертран дэ Борн, Арнальда Даніэль значна ўплываў на Дантэ, асабліва на «Вершы пра Каменную Даму».
  4. Я не магу маўчаць і песню стрымліваць.
  5. Гаі густыя асвятляе паветра свежае.
  6. Каб абудзіць вяселле,
             сном скаванае глыбокім.
  7. Я смерці заслугоўваю.
  8. Імкненне да таго, што з праўдаю сябруе.
  9. Надалей Дантэ адыходзіць ад падобнага пурызму; у «Боскай Камедыі» змяшаныя ўсе стылі.
  10. Трэцяя і чацвёртая кніга не былі напісаныя.
  11. У часы Дантэ паэтамі называлі толькі грэцкіх да рымскіх паэтаў.
  12. Гара музаў.
  13. Пачуеце вы песні дасканаласць.
  14. Высокае каханне нам прыносіць
             І мудрасць і дабро...
  15. Амур да сэрца добрага заўсёды прыйдзе.
  16. Амур, што доўга мною кіраваў.
  17. Узвышаным ахоплены каханнем,
             Я радасна іду...
  18. На ўратаванне мне няма надзеі.
  19. Амур, напоўнены святлом нябесным...
  20. Заключэнне «Метафізікі» Арыстоцеля, аднак няцотная колькасць складоў адпавядае прыроднай будове італьянскай мовы.
  21. рыстоцель філасофстваваў у часы Аляксандра.
  22. Пётра вельмі любіць спадарыню Берту.
  23. Мне, у спачуванні да ўсіх, за тых асабліва горка, хто ў выгнанні пакутуючы, радзіму толькі ў снах наведвае.
  24. Пахвальная сціпласць маркіза д’Эстэ і велічнасць яго ўзгадаваная робяць яго для ўсіх лагодным.
  25. «Калі з лона твайго была выкінута большая частка кветак, Фларэнцыя, дарэмна выправіўся ў Трынакрыю другі Таціла». Лацінская фраза, Дантэ шукаў для італьянскай мовы выразнасці і правільнасці класічнай лаціны.
  26. Дзеля Вышэйшага калі б не быў я...
  27. Аздоблены я думкаю кахання.
  28. Вядома мне аднаму гора цяжкае,
             што з сэрца вынікае...
  29. Ніхто не можа цалкам завяршыць.
  30. Як дрэва пад вагой занадта цяжкай.
  31. Кахання гнеў, што я хаваю ў сэрцы.
  32. Хоць страчвае ад полымя вада...
  33. Бо насамрэч шалёная імпрэза....
  34. Затым, што сэрца сумным быць павінна.
  35. Так здарылася, што здаўна кружу....
  36. Амур, што розумам маім кіруе.
  37. Сікст Юлій Францін, рымскі консул, палкаводзец і пісьменнік (каля 40-105 гг. да н.э.).
  38. Зямля, гонар, надзея, важнасць, аблегчаны, немагчымасць, немагчымы, найудалейшы, найшчаслівейшы, зусім неадухоўлена, у найвышэйшай ступені нешчасліва, пераўзыходзячы ўсялякае хараство.
  39. Схільны да пашаны і хараства.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY