|
|
№
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
На шляху веры
In memoriam
Паэзія
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
|
Чаму ў дзень Нараджэння Маці Божай Касцёл прапануе нам чытанне з Евангелля пра Нараджэнне Хрыста? Сонца нараджаецца двойчы: калі з’яўляецца святло і калі з’яўляецца зорка. Такім чынам трэба разумець тое, пра што кажуць евангелісты і кніга Быцця. Што ёсць сонца, народжанае двойчы? Гэта Хрыстус, які нарадзіўся, калі нарадзілася Марыя ў Назарэце, і калі Ён сам нарадзіўся ў Бэтлееме. Сёння мы святкуем Нараджэнне, але якое Нараджэнне? Калі спытаем пра гэта ў Касцёла, то ён адкажа, што Нараджэнне Марыі. Калі звернемся да Евангелля, то прачытаем там пра Нараджэнне Езуса: De qua natus est Jesus. Так у словах, якія я прапаную, сустракаюцца тэкст і таямніца, тэма і казанне, адно нараджэнне з другім. Калі б Касцёл святкаваў у гэты дзень велічнае Нараджэнне Хрыста, то загадаў бы нам чытаць адпаведнае Евангелле, але сёння мы святкуем Нараджэнне не Сына, а Маці. Аднак, калі сёння Нараджэнне Маці, то чаму ж тады Касцёл і Евангелле адкрываюць нам, што не Маці, а Сын нарадзіўся: De qua natus est Jesus? Толькі ў дзень Божай Маці Святла можна вычарпальна вырашыць гэтае загадкавае пытанне. Сонца, калі ўважліва назіраць, мае два нараджэнні: адно нараджэнне — калі яно ўласна нараджаецца, і другое — калі нараджаецца да свайго нараджэння. Першае святло раніцы, якое гасіць або распальвае начныя цені, — чыё гэта святло? Гэта святло сонца. А ці ўжо нарадзілася сонца? Не і так. Не, таму што яно яшчэ не нарадзілася ў сабе. Так, таму што яно ўжо нарадзілася ў сваім святле. Такім чынам, мы сваімі вачыма натуральна бачым, як сонца нарадзілася двойчы: нарадзілася ў сваім нараджэнні і нарадзілася да нараджэння. Вялікі доказ гэтых філасофскіх меркаванняў мы маем у самой евангельскай гісторыі, дзе робім адно з яе найважнейшых адкрыццяў. Марыі пайшлі да магілы раніцай трэцяга дня, і ў адпаведнасці з Евангелістам Маркам час іхняга з’яўлення вызначаны так: Valde mane una subbatorum veniunt ad momentum orto jam sole: І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца (Мк 16, 2). Ясна выказана! Калі сонца ўжо нарадзілася (узышло): Orto jam sole, і ўжо красавала раніца: Valde mane? А калі раніца ўжо красавала; Valde mane, бо сонца ўжо нарадзілася: Orto jam sole? «Усё было і ўсё магло быць,— кажа святы Аўгустын,— бо то было нараджэнне сонца да ягонага нараджэння». Цяпер глядзіце. Калі Марыі прыйшлі да магілы, была раніца: Valde mane (кажа св. Марк); Valde diluculo (кажа св. Лука, 24, 1). Раніца ўжо красавала: Valde mane? Значыць, ужо было нейкае святло, пра якое сказана diluculo. Дык святло было? Было, бо сонца ўжо нарадзілася: Orto jam sole. Зробім выснову, што сонца, як ужо казалі, мае два нараджэнні: адно, калі сонца дае прамяні першага святла раніцы, якое мы называем золкам; другое нараджэнне, калі сонца адкрывае сябе або раствараецца ў самім сабе. І таму, калі сонца нараджаецца не толькі ў сваім нараджэнні, але таксама й калі нараджаецца ў сваім святле, — евангеліст кажа з усёй праўдзівасцю, што была раніца, і што сонца нарадзілася. Ніводнае з гэтых слоў не належыць мне: усе яны з тлумачэнняў св. Аўгустына: Valde mane, orto jam sole: Sol enim potest oriri dupliciter: uno modo perfecte, quando primo egreditur et apparet super terram; alio modo, quando lux ejus incipit apparere, scilicet in aurora, et sic accipitur hic ortus solis (Таму што сонца можа нараджацца двума спосабамі: спосабам дасканалым, калі нараджаецца і з’яўляецца над зямлёй, і другім спосабам, калі святло толькі з’яўляецца на золку, і такім чынам тлумачыцца нараджэнне сонца). Па-партугальску лепш не скажаш. Такім чынам, менавіта гэтае першае святло, якое разрывае цемрадзь ночы, св. Марк назваў нараджэннем сонца, таму што паводле ўсёй строгасці евангельскай ісціны, сонца нараджаецца не толькі ў сваім нараджэнні, але й тады, калі нараджаецца ягонае святло. Адно нараджэнне сонца — гэта, калі яно нараджаецца (узыходзіць) у сабе і з’яўляецца над зямлёй: Quando primo egreditur et apparet super terram. І другое яго нараджэнне, перад яго ўласна нараджэннем (узыходам), калі нараджаецца і з’яўляецца ягонае святло: Quando lux ejus incipit apparere. Менавіта гэта назіраем мы штодня, і пра гэта нам сведчыць Касцёл праз Евангелле. Дзень дэманструе нам нараджэнне святла, Евангелле дэманструе нараджэнне сонца — у гэтым увесь сэнс. Дзень настае не тады, калі народжанае сонца з’яўляецца над зямлёй: Quando primo egregitur et apparet super terram, а тады, калі яго святло нараджаецца на золку: Quando lux ejus incipit apparere, scilicet in aurora. Таму, калі сонца яшчэ не нарадзілася ў сабе, яно ўжо народжана ў святле, і так мае быць: De qua natus est Jesus. Сказана так. А калі здаецца навіной уяўленне пра два нараджэнні і два дні народзінаў Хрыста, то няхай ведаюць цікаўныя, што гэта не навіна, а найстаражытнейшая з’ява, якая ёсць адной з грунтоўна акрэсленых ісцінаў, што Стваральнік свету на самым пачатку стварыў яго як мастак. У першы дзень свету Бог стварыў святло, на чацвёрты дзень стварыў сонца. Тэолагі вядуць вялікую бітву вакол гэтых двух дзён і двух стварэнняў, таму што сонца ёсць крыніца святла. Дык што гэта за святло, створанае раней за сонца? Ці гэта тое ж святло сонца, ці якое іншае святло? Калі тое ж, чаму яно не было створана ў той жа дзень? А калі іншае, то што гэта за святло, і якое святло можа быць іншым ад святла сонца? Святы Тамаш, а разам з ім і большасць тэолагаў прыйшлі да высновы, што святло, створанае Богам у першы дзень, было тым жа самым святлом, якое стварыла сонца ў дзень чацвёрты. Такім чынам, у абодва гэтыя дні было створана сонца ў выніку двух актаў стварэння. У першы дзень было створана сонца, якое не мела формы; на чацвёрты дзень было створана сонца, што мела форму. Гэта тэрміны, якімі карыстаецца Святы Тамаш. У першы дзень было створана сонца без формы, таму што яно было створана ў форме святла; на чацвёрты дзень было створана сонца, што мела форму, таму што яно было створана ў форме сонца. У выніку, сярод усіх твораў толькі сонца мае два дні народзінаў: першы дзень і чацвёрты дзень. Чацвёрты дзень, калі яно нарадзілася ў сабе, і першы дзень, калі яно нарадзілася ў сваім святле. Чацвёрты дзень, калі нарадзілася аформленае сонца, і першы дзень, калі нарадзілася святло, з якога яно сфармавалася. Ці ж не ёсць гэта неад’емная яго ўласцівасць? Дык цяпер я пытаюся, можа хто яшчэ не зразумеў: хто ёсць сонца, народжанае двойчы? І хто ёсць святло, якое фармуе гэтае сонца? Сонца ёсць Езус, святло ёсць Марыя — кажа Альбэрт Вялікі. І няма патрэбы казаць гэта. Як сонца нарадзілася двойчы і мае два дні нараджэння; як сонца нарадзілася адзін раз, калі нарадзілася, і другі раз — перад сваім нараджэннем; як сонца, што адзін раз нарадзілася ў сабе, а другі раз ў сваім святле; гэтаксама, не больш і не менш, Боскае сонца — Хрыстус — нарадзіўся двойчы і мае два дні народзінаў. Адзін дзень, калі Ён нарадзіўся ў Бэтлееме, і другі, калі Ён нарадзіўся ў Назарэце. Адзін дзень, калі Ён нарадзіўся і быў народжаны — дваццаць пятага снежня. І другі дзень, калі нарадзіўся да свайго нараджэння — у сённяшні шчаслівы дзень. Адзін дзень, калі Ён нарадзіўся ад сваёй Маці, і другі дзень, калі Ён нарадзіўся з Ёю. Адзін дзень, калі Ён нарадзіўся ў сабе, і другі дзень, калі Ён нарадзіўся ад той, што нарадзіла Яго: De qua natus est Jesus. Прычыны, па якіх мы павінны святкаваць гэты дзень менавіта як дзень народзінаў святла, што папяраджае народзіны сонца. Хрыстус — сонца справядлівасці, і Пані Святла, Маці міласэрная. De qua natus est Jesus. Мяркую, што ў гэтым natus Евангелля згадваюцца два народжаных, а ў гэтым нараджэнні два нараджэнні: народзіны святла, — Марыі, — што нарадзілася ў сабе, і народзіны сонца — Хрыста, — народжанага з Яе святла. Якія з гэтых народзінаў напаўняюць большай радасцю гэты дзень? І якія з іх мы павінны святкаваць больш? Дзень народзінаў святла альбо дзень народзінаў сонца? З дазволу самога сонца, а можа ў прыемнасць яму, кажу — дзень народзінаў святла. А чаму? Не з адной прычыны, не з дзвюх, а з многіх. Вызначу толькі чатыры, каб было карацей. Першая прычына: таму што святло больш ўшанаванае за сонца. Другая: таму што яно больш лагоднае. Трэцяя: таму што яно больш універсальнае. Чацвёртая: таму што мы больш патрабуем яго для нашай карысці. З названых тут прычынаў нам належыць святкаваць гэты дзень як дзень народзінаў святла, як дзень ці як пярэдадзень народзінаў сонца. Бо гэтае сонца і гэтае святло, якія мы цяпер параўноўваем, уяўляюцца зусім непараўнальнымі, як непараўнальны Хрыстус, што па-над усімі чыстымі стварэннямі, у ліку якіх таксама Ягоная маці. Перш чым я прыступлю да гэтага вялікага задання і прыкладу свае намаганні, хачу заявіць, што праз усё сказанае мною праходзіць параўнанне паміж Хрыстом як Сонцам справядлівасці і Пані мілажальнай. І таксама як дзеянне святла сведчыць пра ягоную першакрыніцу — сонца, так і ўсё, што робіць Пані нам на карысць, народжана і мае паходжанне ад самога Хрыста, чыя дабрыня і прадбачнасць скіроўваюць нас да Яе і злучаюць нас з Ім рукой Ягонай Маці, якая ёсць наша заступніца і шчодра раздае ўсяму свету Яго ласкі. Богабоязная і заслужаная тэалогія вуснамі св. Бярнарда так выкладае гэта: Nihil Deus nos habere voluit, quod per manus Mariae non transisset. Што значыць: няма нічога, што мы атрымалі з волі Боскай, што не паходзіла б з рук Марыі. Першая прычына: святло мае больш правоў, чым сонца. Святло, а не сонца ёсць ключом, што адчыняе браму дня. Дзень ёсць сынам святла, а не сонца. Святло мае важную ролю ў стварэнні свету. Нараджэнне Дзевы ёсць стварэннем святла. Пачынаючы з першай пасылкі, з таго, што святло больш ушанаванае, я кажу: святло больш ушанаванае, чым сонца, таму што дзень, які ёсць жыццём і красой свету, утвараецца не нараджэннем сонца, а нараджэннем святла. Як заўважае Святы Амброзій, а гэта заўвага сапраўды вялікага мысляра: Advertimus quod lucis ortus, antequam solis, diem videatur aperire. Звяртаю ўвагу, кажа Святы Амброзій, на тое, што першым адкрывае дзень нараджэнне святла, а не нараджэнне сонца. Аграмадзіна сусвету, вялікая і разнастайная, ахутана змрокам, увесь свет замкнёны ў турме ночы, і што адчыняе дзверы дню? Сонца? Не, — святло, таму што са з’яўленнем сонца свет ужо вызвалены і адкрыты: Diem sol clarificat, lux facit. Сонца дае дню большую яснасць, але менавіта святло стварае дзень. А калі не так, глядзі, кажа святы: Frequenter coelum nubibus texitur, ut sol legatur, nec ullus radius ejus appareat; lux tamen diem demonstrat: Колькі разоў здараецца, што неба засцілаюць густыя хмары, скрозь якія не з’яўляюцца ані сонца, ані найменшы з яго промняў, і хаця мы не бачым сонца, але бачым дзень. Чаму? Таму што яго нам дэманструе святло. З гэтага вынікае, што дзень, так неабходны і так уласцівы свету, ёсць сынам святла, а не сынам сонца. Здаецца, ёсць нешта сафістычнае ў гэтым разважанні Святога Амброзія. Таму што калі святло ёсць эфектам сонца, то значыць тое, што ўтварае святло, утварае й дзень. Так здаецца, але не так ёсць. І я хачу прывесці важкі доказ аргумента, які падаецца непераканаўчым. У іншых выпадках мы цытуем Пісанне разам са святым, а цяпер працытуем святога паводле Пісання. Святы Амброзій кажа, што дзень ёсць сынам святла, а не сонца. Сведчу і пытаюся: на які дзень Бог стварыў сонца? Святое Пісанне кажа, што Бог стварыў сонца на чацвёрты дзень: Luminare majus, ut praeesset diei; et factum est dies quartus (Быц 1, 16, 19). Бог стварыў сонца на чацвёрты дзень? Значыць, дні ўжо былі да з’яўлення сонца. Дні ўжо былі да з’яўлення сонца? Значыць, дзень не ёсць сынам сонца. Дык чый ён сын? Сын святла. У тым жа святым тэксце: In pricipio creavit Deus caelum et terram (Быц 1, 1): На пачатку, калі яшчэ не было ані дня ані ночы, Бог стварыў неба і зямлю. Et tenebrae errant super faciem abyssi: А зямля была нябачная і пустая і цемра над безданню. Dixitque Deus, fiat lux, et facta est lux. І сказаў Бог: хай будзе святло. І сталася святло. Appellavitque lucem diem, et tenebres noctem: et factus est dies unus. І назваў Бог святло днём, а цемру ноччу. І быў вечар, і была раніца: дзень адзін (Быц 1, 2-3, 5). Такім чынам, як ясна сказаў Святы Амброзій, дзень ёсць сынам святла, а не сонца. Дабраславенне дня свет атрымаў дзякуючы нараджэнню святла, а не сонца. Дзень свету ёсць дабраславёным часам, у якім мы жывем, паводле закону ласкі. Час жа, які прамінуў, паводле закону прыроды і закону пісанага, быў часам ночы. Так кажа Святы Павел: Nox praecessit, dies autem appropinquavit: Ноч прайшла, а дзень наблізіўся (Рым 13, 12). І што ж гэта быў за світанак, што з’явіўся свету такі радасны, такі дабратворны і такі жыццядайны, калі не Боскае святло? Сонца зрабіла дзень святлейшым, але святло, якое разарвала цемру, менавіта святло перамагло і развеяла ноч, святло стварыла дзень: Diem sol clarificat, lux facit. Святло ўшанаванае над сонцам, таму што святло, а не сонца, прынамсі святло раней за сонца ёсць стваральнікам дня. Але я, не пакідаючы лінію разважання, мушу назваць яшчэ большую прывілею святла. Бог стварыў святло на тры дні раней за сонца. Калі свет атрымаў сонца, то неўзабаве атрымаў таксама вочы, якія ўбачылі яго і ўсцешыліся яго ззяннем. Таму што сонца было створана на чацвёрты дзень, а птушкі і рыбы на пяты; звяры зямныя і людзі на шосты. Такім чынам, як заўважыў Святы Васіль, на працягу трох дзён пасля стварэння святла, калі яшчэ не было створана сонца, свет не меў вачэй. Дык калі свет не меў вачэй, навошта Бог стварыў святло? Тое, што Бог стварыў сонца на чацвёрты дзень, ёсць добра; таму што на пяты і шосты дзень Ён меўся стварыць вочы ўсяго жывога. Але на другі, трэці і чацвёрты дзень не было і не магло быць вачэй, дык чаму ж Бог стварыў святло ў першы дзень? Таму што Бог стварыў сонца для вачэй людзей і звяроў, а святло Бог стварыў для сваіх вачэй. І было так. Fiat lux; et facta est lux, et vidit Deus lucem quod esset bona. І сталася святло. І ўбачыў Бог святло, што яно добра (Быц 1, 3–4). І сказаў Бог: хай будзе святло. І сталася святло. І ў тое ж імгненне, як нарадзілася і з’явілася святло, вочы Бога атрымалі працу і спачынак: Vidit Deus lucem (I ўбачыў Бог святло). Кажу пра працу і спачынак, таму што пасля таго, як Бог стварыў святло, Ён пачаў ствараць неба, зямлю, стыхіі, анёлаў, але нішто з гэтага не было павадыром для вачэй Бога — нішто, апрача святла. Яно напоўніла вочы Бога такім чынам, што, здаецца, нягледзячы на ўсёабдымнасць вачэй Бога, у іх не засталося месца на іншыя рэчы. Так святло было створана дзеля вачэй Бога, а сонца дзеля вачэй людзей і жывёлаў. Не падумайце, што я кажу зневажальна пра Існае Сонца, бо Ён пажадаў, каб яно было. На свет з’яўляецца Існае Сонца — Хрыстус, — і чые вочы бачаць яго нараджэнне? Вочы людзей і вочы жывёлаў. Каб вочы жывёлаў убачылі Ягонае нараджэнне, Ён сам знайшоў жывёлаў каля ясляў. А каб Ягонае нараджэнне ўбачылі людзі, Ён паслаў зорку каралям, а анёла пастухам. Людзі з-за грахоў пераўтварыліся ў жывёлінаў: Homo, cum in honore esset non intellexit; comparatus est jumentis: Ды не застанецца ў пашане чалавек, падобна жывёле (Пс 48, 13). Народжанае сонца з’яўляецца на вочы людзей і жывёлаў, таму што нараджаецца, каб зрабіць людзей з жывёлаў. Дык вось святло, што нарадзілася з Маці Божай, схавана ад вачэй усіх стварэнняў, а з’яўляецца толькі вачам Божым: Vidit Deus lucem. Вочы Бога ўсцешыліся нараджэнню гэтага цудоўнага святла і цешыліся ім тры дні, пакуль не было ні сонца, ні іншых вачэй. Таму што кожная з асобаў Святой Тройцы святкавала свой дзень: Ipse est enim lux, quae primam distinxit dierum nostrorum trinitatem, — кажа Святы Дыянізій Арэапагіт. Вочы Айца цешыліся нараджэннем святла ў першы дзень: Et vidit Deus lucem, quod esset bona: І ўбачыў Бог Айцец, што святло добрае для дачкі. Вочы Сына цешыліся нараджэннем святла на другі дзень: Et vidit Deus lucem, quod esset bona: І ўбачыў Бог Сын, што святло добрае для Маці. Вочы Духа Святога цешыліся нараджэннем святла на трэці дзень: Et vidit Deus lucem, quod esset bona: І ўбачыў Дух Святы, што святло добрае для Нявесты. Такім чынам уся Святая Тройца цешылася нараджэннем гэтага цудоўнага святла, і мы таксама павінны цешыцца ім. Звярніце вочы, хрысціяне, да гэтага святла і маліце, каб яно напоўніла вас. Вы ўбачыце, што яно добрае для ўсяго: Vidit lucem quod esset bona. Добрае для суцяшэння, калі вы засмучаны; добрае для паратунку, калі вы церпіце; добрае для здароўя, калі вы хварэеце; добрае для перамогі, калі вас спакушаюць; і калі вы патрапілі ў няласку перад Богам, яно добрае, каб памірыць вас з Ім. Такім ушанаваным Божай ласкай ёсць святло, што нараджаецца сёння, і ад якога Ён мае нарадзіцца! De qua natus est Jesus. Другая прычына: святло больш дабрадзейнае за сонца. Сонца і воблака вялі сыноў Ізраіля праз пустыню. Суровасць праведнага сонца і дабрадзейнасць святла. Народзіны Марыі ёсць пераходам сонца ад знака Ільва да знака Панны. Марыя ёсць палаючым кустом у пустыне. Святы Ян — новы нябесны знак і ачалавечанае сонца. Другой прычынай, чаму трэба святкаваць гэты дзень народзінаў, ёсць тое, што святло больш дабрадзейнае. Святло больш дабрадзейнае за сонца, таму што сонца свеціць, але і пячэ; святло ж свеціць і не шкодзіць. Хочаце ведаць розніцу паміж святлом і сонцам? Зірніце на гэта сонца і гэта святло, калі яны нараджаюцца на золку. Золак ёсць усмешкай нябёсаў, радасцю палёў, дыханнем кветак, суладдзем птушак, жыццём і натхненнем свету. Пачынае ўзыходзіць і мацнець сонца, гэта ёсць прыўкрасны стан свету і поўная змена вобразу прыроды. Неба яснее, з палёў сыходзіць раса, кветкі вянуць, змаўкаюць птушкі, звяры шукаюць сховішча, людзі– ценю. І калі Бог не спыняў бы хаду сонца, наводзячы ноч, зямля распалілася б і спяклася, успыхнулі б расліны, высахлі рэкі, зніклі крыніцы і насталі б сапраўдныя, а не міфічныя пажары Фаэтона. Натуральны змест гэтай розніцы ў тым, як кажуць філосафы, што сонца або сапраўды ёсць агнём або паводле прыроды сваёй ёсць падобным да агню, — стыхіі страшнай, бурнай, неўтаймаванай, палаючай, уладарнай і ўсёзнішчальнай. Наадварот, святло ў сваёй чысціні ёсць рэчывам мяккім, пяшчотным, прыязным, урэшце створаным як спадарожнік і прылада зроку, што не шкодзіць вачам, якія ёсць часткай найбольш чалавечай, найбольш далікатнай і найбольш чулай ва ўсёй будове чалавечага цела. Філосафы прыйшлі да высновы, што па сваёй вытанчанасці і лёгкасці святло ёсць духам, а не плоццю. Але з тае прычыны, што чалавечая філасофія яшчэ не акрэсліла дасканала розніцу паміж святлом і сонцам, звернемся да навукі анёлаў. Той бачны анёл, што вёў сыноў Ізраіля праз пустыню, як напісана ў Пісанні, рухаўся з двума слупамі незвычайнай велічыні, удзень за слупом воблачным і ўначы за слупом вогненным: Per diem in columna nubis, per noctem in columna ignis (Зых 13, 21). Чаму і дзеля чаго анёл нёс гэтыя слупы воблака і агню? Воблака як сховішча ад сонца, агонь як працяг святла. Як толькі наставала ноч, анёл запальваў над табарам вогненны слуп, каб было святло. А як толькі днела, анёл узнімаў слуп воблачны, каб яны былі схаваныя і абароненыя ад сонца. Такім чынам, клопат анёла аб ягоных падапечных меў дзве задачы: па-першае, каб іх не кранала сонца; па-другое, каб ім ніколі не бракавала святла. Такія добрыя ўласцівасці прызнаваў анёл у святле і такія суровыя ў сонцы. Такія вось суровыя і добрыя ўласцівасці сонца і натуральнага святла. Такія ж самыя ўласцівасці, калі добра паразважаем, мы знойдзем у Боскіх Сонцы і Святле. Хрыстус ёсць сонцам, але сонцам справядлівасці, як яго назваў прарок: Sol justitiae (Мал 4, 2). Дык ці слушна гэта, што сонца мае праменні, а справядлівасць суровая? Усе суровыя пакаранні, якія абрынула на свет натуральнае сонца, – сушы, няўрод, бязводдзе, голад, пошасці, чума, смерць, — усё было здзейснена сонцам справядлівасці, якое яшчэ больш узмацняла заганы. Матэрыяльнае сонца ніколі не паліла гарады, а сонца справядлівасці паліла і ахапіла полымем ў адзін дзень пяць гарадоў адразу, не пакідаючы жывым аніводнага чалавека, а ад будынкаў і камянёў не засталося нічога, апрача попелу. Такая суровасць Боскага сонца. Але як я магу растлумачыць дабрадзейнасць святла, што нараджаецца і ўжо нарадзілася сёння? Шмат якія вялікія рэчы можна было б сказаць пра гэтую найвышэйшую дабрадзейнасць, але я выкажу толькі адну, якая вартая ўсіх астатніх. Боскае святло такое дабрадзейнае, што, нягледзячы на суровасць і жах праменняў Боскага сонца, як толькі нас ахутвае святло, яно благаслаўляе нас. Чаму нам здаецца, што Панна Марыя нарадзілася ў такі дзень, як сёння? Калі дзень нараджэння Хрыста быў таямнічым, таямнічым быў і дзень нараджэння Хрысціцеля, бо ён папярэднік Хрыста, наколькі ж таямнічым ёсць дзень Маці Хрыста? Чаму ёсць таямнічым дзень нараджэння Пані? Вельмі вялікая таямніца. Дзень народзінаў Хрыста быў таямніцаю, як зазначыў Святы Аўгустын, таму што ў гэты час сонца вяртаецца да нас, і дні пачынаюць расці. Таямніца дня народзінаў Хрысціцеля ў тым, што ў гэты час сонца аддаляецца ад нас, і дні пачынаюць змяншацца. Таямніца дня народзінаў Пані ў тым, што ў гэты час сонца пераходзіць ад знака Ільва да знака Панны, і сонца слабее. Шлях сонца праз дванаццаць нябесных знакаў вызначае розныя яго дзеянні адпаведна сузор’ю і якасцям кожнага з іх. Калі сонца знаходзіцца яшчэ пад знакам Льва, а прырода зрабіла гэтага звера халерычным і імпэтным, такімі й будуць яго дзеянні: спёка, суша, паморак, шаленства, кроў, смерць. Як толькі сонца пераходзіць ад знака Ільва да знака Панны, Леў пачынае слабець, становіцца рахманым, мірным, становіцца ягнём. Тое ж самае адбываецца з суровасцю нашага сонца. Чытай Стары Запавет і даведаешся, што ў старажытнасці Бог тапіў арміі, спальваў гарады, наводзіў патоп на цэлы свет, выганяў людзей з раю. А сёння мы, вартыя большага пакарання, з прычыны новых часоў, веры і дабрадзействаў не бачым падобнай суровасці Бога. Дык чаму, калі Бог застаўся тым жа, і ягоная справядлівасць тая ж? Таму што сонца было пад знакам Льва. Цяпер яно пад знакам Панны. Калі сонца ўвайшло пад знак Панны, адразу ж дабрадзейнае святло змякчыла яго суровасць, спыніла пакаранні і так улагодзіла яго праменні, што нават спапяляючы агонь, з якога яны створаны, стаў няздольным паліць. Яму засталася толькі яркасць святла. Вялікі і сапраўдны цуд! Майсей убачыў у пустыне палаючы цярновы куст, які не згараў (Зых 3, 3). Уражаны відовішчам, ён падыходзіць да яго бліжэй. І чым бліжэй падыходзіць, тым больш здзіўляецца. — Тое, што я бачу, ёсць агонь, няма сумневу: яркае святло, жывыя ўспышкі, языкі полымя — усё гэта ёсць агонь. Але цярновы куст не згарае, куст застаецца некранутым, куст зелянее. Што гэта за цуд? Вялікі цуд для таго, хто не ведае ані агню, ані цярновага куста. А для таго, хто ведае, што агонь— гэта Бог, а цярновы куст — Марыя, гэта яшчэ большы цуд, бо інакш цуд немагчымы. Агонь — гэта Бог, які прыйшоў збавіць народ. Так кажа Пісанне. Цярновы куст — гэта Марыя, праз якую Бог прыняў бачную форму, калі прыйшоў збавіць род чалавечы. Так кажуць св. Геранім, св. Атаназій, св. Базыль і сам Касцёл. Як агонь быў у кусце, так Бог быў у Марыі, і ягоны агонь ужо не быў здольны паліць. Свяціць — так, ззяць — так, бо гэта ўласцівасці святла. Але паліць, спапяляць, нішчыць, што ёсць уласцівасцю агню, ужо не мог, бо гэта адабрала ў яго Марыя. Марыя ўжо прыгасіла праменні сонца. Таму яны свецяць, але не раняць, ззяюць, але не пякуць, блішчаць, але не спапяляюць. Вам здаецца цудам, што дабрадзейнае святло такім чынам змякчыла суровасць сонца? Вам здаецца вялікім цудам, што яно згасіла палаючае і спапяляючае і пакінула толькі бляск і прамяністасць? А яно зрабіла яшчэ больш. Яно не толькі змякчыла або згасіла ў сонцы суровасць агню, але таксама й суровасць святла. Сонца суровае і жахлівае не толькі агнём, які спапяляе, але таксама святлом, якое паліць. Калі на ўсходзе з’яўляюцца першыя праменні сонца, нібыта гвардзейцы вялікага караля планет, вы бачыце, як яны імкнуцца наперад і як у адно імгненне распальваюць нябесную прастору, не зважаючы і не шануючы іншыя свяцілы: гурму зорак, якая нібыта рассыпалася ў начной цішы. Малюпасенькія зоркі зліваюцца, вялікія прападаюць, усе ўцякаюць, усе хаваюцца, не застаецца аніводнай, нават самай прамяністай, якая б адважылася з’явіцца перад уяўным сонцам. Бачыце гэтую суровую веліч? Бачыце гэтую суровасць сонечнага святла, з якім нішто не можа параўнацца, побач з якім усё цямнее? А цяпер яно пераходзіць пад знак Панны, і вы бачыце, як тое ж самае святло становіцца дабрадзейным і пяшчотным.
Працяг >>
Antonio Vieira.
Пераклаў з партугальскай мовы
Гл. таксама:
|
|
|