Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя

СВЯТЫ ЯН НА ПАТМАСЕ
Мастацтва

«КРЫЖУ ТВАЙМУ ПАКЛАНЯЕМСЯ...»
Пераклады

АЙЦЕЦ АНТОНІУ ВІЭЙРА

ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ, АСВЕЧАНЫ МАЦІ БОЖАЙ

ВЕРШЫ
На шляху веры
In memoriam
Паэзія

ВЕРШЫ
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

КНІГА, ПОЎНАЯ СВЯТЛА
Нашы святыні
На кніжнай паліцы


Дадатак да артыкула - Галерэя
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

«КРЫЖУ ТВАЙМУ ПАКЛАНЯЕМСЯ...»

Маці імператара Канстанціна Алена ў 325 г. ужо на схіле жыцця накіравалася як паломніца ў Ерузалем з надзеяй адшукаць Крыж, на якім быў распяты Езус. За два стагоддзі перад тым імператар Адрыян загадаў засыпаць месца пахавання Хрыста і пабудаваць там храмы Юпітэра і Венеры. Тым не менш Алена змагла адшукаць месца пахавання цела Хрыста, пабудавала над ім царкву і ўнесла ў яе Крыж Збавіцеля. Пасля яе смерці (327 г.) паўсталі легендарныя гісторыі аб знаходжанні Крыжа. Паводле іх былі адкапаныя тры крыжы, а Крыж Хрыста выявіўся тым, што вярнуў да жыцця прыкладзенае да яго мёртвае цела чалавека. Св. Алена прывезла невялікую частку Крыжа ў Канстанцінопаль, другая, большая, засталася ў Ерузалеме. Памяць св. Алены адзначаецца Каталіцкім Касцёлам 18 жніўня, а Праваслаўнаю Царквою – 21 мая (гл.: Христианство. Энциклопедический словарь. Т.1. М., 1991. С. 528).

Аб выяўленні Жыватворнага Крыжа Панскага святою Аленаю пісалі многія раннехрысціянскія аўтары. Св. Амвросій (+397), епіскап Міланскі, у пахвальным слове Феадосію Вялікаму таксама сведчыць пра гэтую падзею. Ён згадвае пра знойдзеную таблічку ад Крыжа з надпісам, аб якой паведамляюць евангелісты, і цвіках, якімі былі прабітыя рукі і ногі Хрыста. Адзін з іх Алена папрасіла ўставіць у карону Канстанціна, а другі – у аброць яго каня. Феадарыт (+457) сцвярджае, што адзін з цвікоў Алена ўбіла ў шлем Канстанціна для ахоўвання галавы сына. Ян Златавуст гаворыць, што калі было адкапанае «святое дрэва», то яго пазналі па таблічцы з надпісам і месцы знаходжання паміж двума іншымі крыжамі (разбойнікаў). Не адмаўляе падзеі св. Еранім (+420), які таксама згадвае пра цвікі. Пра знойдзены Крыж Збавіцеля пісаў св. Кірыл Александрыйскі (+444). Паўлін, епіскап Нолы (+431) у лісце ад 403 г. напісаў, што ў Ерузалеме св. Алена збірала звесткі пра месца, дзе быў засыпаны Крыж, не толькі ў хрысціянаў, але і ў больш інфармаваных юдэяў. Рыгор Турскі (+594) удакладняў, што месца знаходжання закапанага Крыжа паказаў нейкі Юда, які пасля гэтага ахрысціўся пад імем Кірыяка. Рыгор Нісскі сцвярджаў, што яго сястра Макрына (+380) мела ў сябе часцінку Св. Крыжа. Св. Руфін (+410) у сваёй «Царкоўнай гісторыі» напісаў, што падзеі, звязаныя са знаходкай Св. Крыжа, мелі месца пры патрыярху Ерузалемскім Макарыю, а пацвярджэннем аўтэнтычнасці Крыжа стала вылячэнне цяжка хворага чалавека (па іншай версіі, адбылося ажыўленне ўжо мёртвага). Гісторыкаў часам здзіўляе тое, што пра пілігрымку Алены нічога не гаворыць яе сучаснік Яўсевій Кесарыйскі (+340), набліжаны да імператара Канстанціна, аўтар знакамітай «Царкоўнай гісторыі», даведзенай да падзей 324 г. Але, як напісаў архіепіскап Сергій, змаўчаць аб чым-небудзь яшчэ не азначае адмаўляць гэта (Архиеп. Сергий. Полный месяцеслов Востока. Т. 2. 1900. С. 374).

Лічыцца, што 14 верасня 335 г. быў асвечаны храм над пячорай Гроба Гасподняга, і ў ім устаноўлены нядаўна знойдзены Крыж Збавіцеля. Каб шматлікія хрысціяне, сабраныя на ўрачыстасць, маглі ўбачыць вялікую святыню, епіскап Макарый узнімаў («узвышаў») Крыж над галовамі прысутных. Гэтая падзея стала падставай для адзначэння свята Узвышэння Крыжа Панскага. (Христианство. Т.1. С. 370–371). У Рыме яно было ўведзена Папам Рыгорам І (590–604), а пазней стала святкавацца ў Заходняй Еўропе разам са святам Аб’яўлення Крыжа 14 верасня.

Іншае паданне, якое ўвайшло ў «Legenda aurea» («Залатая легенда») Якуба дэ Вораджынэ, адносіць устанаўленне свята Узвышэння Крыжа да больш позняга часу. Паводле яго, у 614 ці 615 г. персідскі цар Хасроў ІІ захапіў Ерузалем і забраў з сабою Крыж, пакінуты св. Аленай, разам з іншымі каштоўнасцямі. Імператар Візантыі Геракліус неўзабаве нанёс паразу персам і па мірнай дамове 628 г. атрымаў Крыж. У 631 г. Іраклій урачыста звярнуў Св. Крыж у Ерузалем і на сваіх плячах прынёс на Кальварыю, дзе ён быў узняты ў храме Гроба Панскага. Праваслаўная гістарыяграфія ХІХ ст. лічыць больш падобным на праўду паходжанне свята Узвышэння Крыжа ад часоў св. Алены.

У хрысціянскім еўрапейскім мастацтве легендарныя сюжэты Святога Крыжа падаюцца звычайна як агульны цыкл, і толькі Узвышэнне займае асаблівае месца. У перыяд ранняга Сярэднявечча зварот да гісторыі Знаходжання і Узвышэння Крыжа яшчэ быў рэдкасцю; на каралінгскіх літургічных рукапісах такія выявы прысутнічаюць зрэдку адзінкавымі сюжэтамі. Зразумелай, як актуальнай гістарычна, становіцца папулярнасць тэмы Крыжа Збавіцеля ў эпоху крыжовых паходаў. Значнае распаўсюджанне яна атрымлівае ў ХІІ ст., найперш на крыжовых рэліквіярыях, а таксама ў насценных роспісах храмаў. У познім Сярэднявеччы гісторыя Крыжа ілюструецца ўсё больш разгорнутымі сюжэтамі, дзе выявы часта выходзяць нават за рамкі тэксту «Залатой легенды», любімай крыніцы сярэднявечнага мастацтва Еўропы. Так, у нямецкіх фрэсках крыжовая легенда дапаўняецца гісторыяй дзяцінства Іраклія. Ад эпохі Адраджэння асабліва маляўнічыя роспісы захаваліся ў Італіі (цыкл фрэсак Аньёла Даддзі 2-й паловы XIV ст., Фларэнцыя, касцёл Санта Крочэ; фрэскі на хорах П’еро дэлла

Франчэска, 1452–1466, Арэцца). Галоўная тэма ўсіх цыклаў – знаходжанне і верыфікацыя Крыжа, ці яго Узвышэнне (вітраж сабора ў Эрфурце, каля 1420) (Christliche Ikonographie in Stichworte. Leipzig. 1989).

Францішканская базыліка Санта Крочэ (Святога Крыжа) з’яўляецца месцам пахавання знакамітых фларэнційцаў, у тым ліку Мікеланджэло і Галілея. Каля 1390 г. у яе апсідзе Аньёла Даддзі намаляваў вялікі фрэскавы цыкл «Гісторыя Св. Крыжа» (Смирнова И. А. Монументальная живопись итальянского Возрождения. М., 1987. С.132). У касцёле Сан Франчэска ў Арэцца каля 1452–1460 гг. П’еро дэлла Франчэска размаляваў фрэскамі з гісторыі Святога Крыжа, апісанай у «Залатой легендзе» Якуба да Вораджынэ (сярэдзіна ХІІІ ст.). Паводле яе, Крыж, на якім быў распяты Хрыстус, зроблены з дрэва, якое вырасла на магіле Адама з насення ад дрэва пазнання дабра і зла (яго пры пахаванні Сіф паклаў у рот Адама). Ссечанае ў часы цара Саламона, яно служыла мосцікам над ручаём Сілаам. Царыца Саўская прадказала далейшы лёс дрэва, і Саламон загадаў захаваць аструганы брус глыбока ў нетры зямлі. Крыж убачыў у сне Канстанцін перад вырашальнай бітвай з Максэнцыем (312 г.). Пазней імператрыца Алена знайшла Крыж. У 615 г. Крыж з Ерузалема забраў персідскі цар Хасроў і нейкім чынам уставіў у свой трон. Імператар Іраклій разбіў Хасрова, пакараў яго, а Крыж вярнуў у Ерузалем. Цыкл П’ера дэлла Франчэска складаецца з 10 сцэн: «Смерць Адама», «Сустрэча царыцы Саўскай з царом Саламонам», «Перанясенне дрэва», «Звеставанне», «Сон Канстанціна», «Перамога Канстанціна над Максэнцыем», «Допыт юдэя», «Знаходжанне трох крыжоў і трыумф сапраўднага Крыжа», «Бітва Іраклія з Хасровам», «Вяртанне і пакланенне Крыжу ў Ерузалеме». (Смирнова И. А. Монументальная живопись итальянского Возрождения. С. 252–270). Р. Лонгі назваў гэтыя роспісы чароўнай казкай, створанай мастаком на аснове сярэднявечных эпічных народных аповесцяў (Роберто Лонги. От Чимабуэ до Моранди. М., 1984. С. 65-86). У XV–XVI стст. у нямецкай графіцы ўзнікаюць серыі гравюр на дрэве.

У барокавым мастацтве XVII ст. «Узвышэнне Крыжа» адыходзіць крыху на задні план, а пазней, у XVIII ст., у плафонным жывапісе паўднёванямецкага ракако яно набывае новы іконаграфічны выгляд. Столь часта афармляецца як воблака, і на гэтым фоне падкрэсленае значэнне набываюць асобныя сцэны.

Узвышэнне Крыжа ў іканапісе

Здаецца незразумелым, што пры відавочным кульце Крыжа ў хрысціянстве адносна раннія візантыйскія ці балканскія абразы з такім гістарычным сюжэтам невядомыя, не так многа іх і ва ўсходнеславянскім іканапісе. На абразе XV ст. наўгародскай школы ў цэнтры ў арцы абапал вялікага Крыжа стаяць імператар Канстанцін і Алена. Над аркай паказаны патрыярх, які ўзняў Крыж над галавою. Па баках стаяць святары, звернутыя да цэнтра, ніжэй – народ і воіны (Антонова В.И., Мнева Н.Е. Каталог древнерусской живописи ГТГ. М., 1963, №70). На абразе 2-й паловы XVI ст. з Яраслаўля на высокай круглай амбоне стаіць біскуп, які ўзнімае Крыж над галавою. Злева – людзі ў баярскіх адзеннях і шапках, справа – цар з царыцаю. На заднім плане – храм і абапал яго харомы (Антонова В.И., Мнева Н.Е. Каталог. №595). У валагодскім абразе XVI ст. падзея перанесена ў Канстанцінопаль. На фоне Сафіі стаіць патрыярх, які ўзнімае над галавою Крыж. Рукі Макарыя падтрымліваюць з бакоў іпадзяканы: левы – з кадзілам, правы з – запаленай свечкай. Абапал сабора – слуп з коннай статуяй Юстыніяна і палац, перад якім стаяць Канстанцін і Алена з аховай. Прысутнічаюць мітрапалічы і царскі хоры, каля ног цара – народ. У маскоўскім абразе пачатку XVIII ст. дзея адбываецца на фоне сабора. Фігуры размешчаны ў два ярусы. У цэнтры на амбоне – ерузалемскі патрыярх у мітры і сакасе падтрымлівае вялікі Крыж, пастаўлены побач. Па баках патрыярха –два іпадзяканы, Канстанцін, Алена і высакародная світа. У ніжнім ярусе на падлозе стаяць дзве групы людзей.

У беларускім іканапісе таксама захаваліся лічаныя абразы «Узвышэння Св. Крыжа» з XVIII ст. Сярод іх перш за ўсё трэба назваць абраз з усходу Гомельшчыны 1-й паловы XVIII ст., у якім паказаны не гістарычны, а, хутчэй, сімвалічны аспект свята Узвышэння Крыжа. Тут няма ніякіх архітэктурных элементаў, каб нагадаць пра месца Узвышэння Крыжа – Ерузалемскі храм. На традыцыйнай авальнай досыць малой амбоне змешчаны па сутнасці толькі Крыж. Патрыярх і дыякан не ўзнімаюць яго, а беражліва падтрымліваюць у вертыкальным становішчы. Самі іерархі стаяць не побач, а ззаду Крыжа, верх якога дасягае краю абраза. Патрыярх – у ружовым сакасе і белым амафоры з чырвонымі крыжамі, на галаве – высокая мітра зялёнага колеру, аздобленая золатам. У яго атачэнні – епіскап у сіняй мітры, сівабароды манах (напэўна, ігумен манастыра), манах у чорнай расе і невядомы круглатвары малады чалавек. Злева ад Крыжа, за дыяканам – велічны імператар і ледзь бачная за ім мілавідная імператрыца. Прастора абраза шчыльна запоўнена прысутнымі, толькі пры верхнім краі вольная нешырокая палоска фона, аздобленая ляпным раслінным арнаментам. Абраз выглядае знешне сціпла, але дакладнасць малюнка і ўраўнаважаны каларыт сведчаць пра яго прыналежнасць да своеасаблівай мясцовай школы, напэўна, слуцкай, звязанай у XVIII ст. з Кіева-Пячэрскім манастыром.

У абразе з аброўскай Крыжаўздзвіжанскай царквы (1754–1757 гг.) на авальнай амбоне стаіць велічны патрыярх у адзенні епіскапа: чырвоным сакасе ў залатых раслінных узорах, чорнай з пазалотай паліцы, залатым паліушы, чырвонай мітры. Насупраць, крыху меншы, дыякан ва ўзорчатым далматыку і арары, перакінутым праз левае плячо і руку. Яны прыўзнімаюць над амбонай вялізны пазалочаны рымскі Крыж, на сяродкрыжжы намаляваны пурпурны авал, абкружаны вянком (цярновым?). За патрыярхам – духоўныя асобы: барадаты дыякан трымае раскрытую кнігу з кірылічным тэкстам «Кресту Твоему поклоняемся владыко...», далей – два манахі ў чорных расах і іншыя асобы. На другім баку стаяць імператар у пурпурным футры, аздобленым гарнастаем, і імператрыца ў залатой мантыі і зялёным галаўным пакрывале; на галовах – кароны. За імі – свецкія асобы рознага ўзросту, з індывідуальнымі рысамі твараў. Ніжэй перакладзіны Крыжа – надпіс кірыліцай «Всемирное Воздвижение Креста Господня. НИКА», які сімвалізуе трываласць кірылічнай традыцыі ў царкоўнай літургіі і іканапісе ў самы росквіт уніяцтва. Над Крыжам – трохкутнік з грэцкім надпісам О ТЕОС, ад якога адыходзяць залатыя праменні Боскага святла, асвятляючы глыбока выгнутую сцяну аблокаў. (Жывапіс барока Беларусі. Аўтар тэксту і ўкладальнік Н.Ф. Высоцкая. Мн., 2003).

У абразе са святочнага раду іканастаса шэрашаўскай Прачысценскай царквы лаканічнае «Узвышэнне Крыжа» змешчана паміж «Успеннем» і «Маленнем Іакіма» без відавочнай сэнсавай сувязі і храналогіі падзей. На амбоне стаіць патрыярх (у белай расе, блакітным амафоры і чырвоным наплечніку), які трымае ўзняты над галавой шасціканцовы Крыж. Абапал – маладыя дыяканы ў зялёных далматыках: адзін – з раскрытай кнігай, другі – з кадзілам і закрытай кнігай. За імі – барадатыя святары ў чырвоных расах. Фон – вохрысты, з архітэктурнымі збудаваннямі, падобнымі да вежаў. На расчэрчанай падлозе абапал подыума – маленькія хлопчыкі: служкі са свечкамі, у белых адзеннях і чырвоных перавязях накрыж (Жывапіс Беларусі ХІІ–ХVІІІ стагоддзяў. Укладальнік і аўтар тэксту Н.Ф. Высоцкая. Мн., 1980, №95).

Абраз з царквы Кірыла і Мяфодзія ў Пагосце Загародскім (на Піншчыне) скампанаваны па той жа схеме, толькі дзея адбываецца ў рэальным інтэр’еры храма, на фоне прэзбітэрыя, абмежаванага з бакоў класіцыстычнымі пілонамі з канэлюрамі. На авальным подыуме патрыярх і дыякан узнімаюць чатырохканцовы Крыж, абапал якога – надпіс «іис хрс», над ім – Усёвідушчае вока ў трохкутніку з праменнямі. Злева стаяць дыякан з раскрытай кнігай і імператрыца Алена ў кароне, са скіпетрам, склаўшы рукі ў малітве. За імі – нейкая духоўная асоба, манах і манахіня (напэўна, базыльяне). Справа – яшчэ адзін дыякан, імператар Канстанцін са світай – воінам у шлеме з султанам, пачцівым старым мудрага партрэтнага выгляду і маладым чалавекам. Абраз падпісаны кірылічным фундатарскім тэкстам «Сей образ сооружен 1810 года декабря 30 Старательством Гдня Благочинаго Погоской церкви Свяшено...Гавріила Мазевича с женою его Евгениею».

У акадэмічным царкоўным жывапісе ХІХ ст. стала распаўсюджанай кампазіцыя, што ўзнікла пад уплывам жывапісу Масквы і Пецярбурга (пасля аздаблення Ісакіеўскага сабора і храма Хрыста Збавіцеля). Тут адсутнічаюць імператар і традыцыйныя сіметрычныя групы асобаў, але падкрэслена роля імператрыцы Алены. Яна, у кароне і гарнастаевай мантыі, стаіць на каленях перад Крыжам на прастоле. Патрыярх з посахам, без галаўнога ўбору, узняў руку ў благаславенні над галавой імператрыцы. Унізе абапал прастола – два служкі са свечкамі, а яшчэ ніжэй іх – барадатыя мужчыны ў паклоне. Такі лаканічны змест адначасова азначае больш асцярожнае стаўленне да паданняў, характэрнае для царкоўнай гістарыяграфіі ХІХ ст., і таму падкрэслены перш за ўсё сімвалічны змест свята «Узвышэння Крыжа».

Асобнае месца ў беларускім сакральным мастацтве належыць унікальнаму абразу з бакавога алтара касцёла ў Белагрудзе (Лідскі р-н), які можа быць аднесены да 1-й паловы XVIII ст., а, мяркуючы па даце адбудовы касцёла Шэметам (1703 г.), нават да першай чвэрці стагоддзя. Змест абраза складае пілігрымка св. Алены і знаходка Святога Крыжа, а не тыповае для іканапісу «Узвышэнне Крыжа». Літаральна ў цэнтры кампазіцыі па ўспененых марскіх хвалях плыве карабель з высока ўзнятым носам, на ім стаіць імператрыца Алена, якая трымае левай рукой перад сабою высокі цёмны Крыж і тры цвікі, а ў адведзенай правай – чацвёрты (мастак, магчыма, выявіў веданне старажытнага хрысціянскага мастацтва: у самых даўніх «Укрыжаваннях» Хрыстус паказваецца прыбітым да Крыжа чатырма цвікамі). Імператрыца вельмі прыгожа апранутая: у зялёнай сукенцы, аздобленай залатымі узорамі, сінім, з золатам, панцыры, залатым плашчы. На яе галаве – чырвоная з золатам карона, валасы аздоблены перламі, за спінай развіваецца рознакаляровы шалік. Св. Алена паказана прыгожаю, маладой жанчынаю, хоць рэальна яна адшукала Крыж ужо на схіле жыцця. Над кармой карабля ўзняты чырвоны ветразь, а на вяршыні мачты з крыжыкам развіваецца зялёны візантыйскі сцяг з маладзіком і шасціканцовай зоркай. Такі ж сцяг, але большых памераў, узняты над носам карабля, узброенага невялікімі гарматамі. На яго борце ляжаць два крыжы (разбойнікаў). Суправаджаюць імператрыцу сем асобаў світы (адзін правіць вялізным вяслом шлях карабля). З левага краю кампазіцыі паказаны Ерузалем і гара Галгофа – каля яе падножжа два чалавекі ў арыстакратычным адзенні выкопваюць яму, над якой стаіць імператрыца, а побач ляжаць два адкапаныя крыжы.

Карабель накіроўваецца ў бухту Залаты Рог да Канстанцінопаля, паказанага на правым краі карціны. З горада на сустрэчу карабля выходзіць мнагалюдная працэсія з харугвамі, гармата на беразе дае салют. Імператрыцу з Жыватворным Крыжам вітаюць не толькі людзі, але і лебедзі ў бухце крычаць «vivat», а русалка працягвае заклік «na niebie, w ziemi, i na morzu». У небе над караблём ляціць белы лебедзь з лаўровым вянком у лапах, перад ім надпіс «S.HELENO Triumfuy». Гэта вельмі рэдкі для беларускага алтарнага жывапісу твор гістарычнага жанру з разгорнутым апавядальным сюжэтам на ўзор сярэднявечнага мастацтва. Разам з тым радасны ідылічны настрой набліжае яго да мастацтва ракако.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY