|
прысвечаная яго вайне са скіфамі
і шчасліва здабытай перамозе над імі 8 верасня,
або ў самы дзень нараджэння Панны Марыі
ў год збавеннага ўцелаўлення Панскага 1514
Бітва пад Оршай. Невядомы мастак, ХVІ ст. (фрагмент). Жыгімонт Стары. Медаль 1538 г.
|
Дзесяцірадкоўе для чытача,
чаму ода напісана лірычным памерам
|
Так, як належыць вянок ускладаць на галовы ружовы
Ў час, як распусціцца квет Ацыдалійкі 1 самой;
Так, як салодкая песня з грудзей вырываецца шчасна
Тою парой, калі ўсё дыхае цёплай вясной, —
| 5 |
Гэтак належыць ствараць мне лірычную светлую песню:
Поспех, здабыты ў вайне, кліча і радасны спеў.
Так што, чытач, калі звернеш увагу на гэтыя вершы,
Ведай: ад лірыкі тут брыдка не будзе табе;
Песня раскажа пра вынік шчаслівы вайны той суровай,
| 10 |
Дзе ваявалі сармат і сітанійскі 2 ваяр.
|
* * *
|
Гучыць бязмежнай славы нязмоўчны гімн,
Паўночны край напоўніў магутны спеў;
Трыумф усцешны абвяшчае,
Радасць па ўсёй зямлі разносіць
| 5 |
Для тых, каму святло залатога дня
Нясе з вышынь на конях агністых Феб:
Прамень праліўшы ад усходу,
Шпарка ляціць да заходніх межаў;
Для тых, што той далёкі паўночны край
| 10 |
Законам грозным моцна трымаюць там,
Дзе востраў Тула сярод мора,
У атачэнні цёмнай ночы.
Там новай светлай радасці галасы,
Што Польшча ў жорсткай сечы перамагала
| 15 |
Тваёй дзясніцай, Жыгімонце,
Моцнага правадыра чужынцаў.
І гэта ўсім народам на вечны страх,
Тваім жа воям – гонар вялікі, што
Малою сілай столькі войска 3
| 20 |
Зрынулі ў цёмныя хвалі Стыкса.
Няхай цяпер заплача гаротны скіф:
Сармат узносіць свой пераможны кліч
І сам развесіць у святыні
Мноства харугваў, шчытоў і зброі,
| 25 |
Якую ў дзень Раства Багародзіцы
Ваяр нязломны выставіў ворагам.
Літоўскі край! О колькі болю
Вораг прынёс у твае ўладанні!
Цяпер жа трупы ворагаў мёртвых скрозь
| 30 |
Па ўсіх мясцінах гэтай зямлі ляжаць:
На плодных нівах і палетках,
На мурагах і ў глухіх цяснінах.
О Жыгімонце, кветка сваёй зямлі,
Ты шчасны ў славе Марсавай гаспадар,
| 35 |
З трыма трыумфамі ў аздобе 4
Ззяеш па ўсіх краінах свету.
Ты князя мызаў сам перамог найперш,
Пасля – намадаў дзікіх ліхую раць,
Якія часта рабавалі
| 40 |
Плодныя землі твайго народа.
Дзясніцай жа ўпакораныя тваёй,
Не нішчаць сёння польскіх палёў і ніў
І гарадоў агнём не паляць,
Шыі табе пад ярмо схіляюць,
| 45 |
Як быццам козы перад ліхім ільвом
Або ягняты перад ваўком, якіх
Шчаслівы лёс пакуль што вырваў
З іх ненажэрнай крывавай пашчы.
Цяпер настаў і трэці трыумф, якім
| 50 |
Пад зоркаю шчасліваю ззяеш ты
І пераможанага князя
Гоніш далей у віхуры Марса.
Калі багіня, глянь, двухаблічная 5
Надасць натхнення з вуснаў прыгожых мне,
| 55 |
Табе ж прызначыўшы трафеі
Ў ясным святле, як бачыш, — значыць,
Драпежных цымярыйцаў далёкі край
Ці воды Барысфена глыбокага
І Мэатыйскае балота,
| 60 |
І Танаіс 6 не схаваюць князя 7 .
Ты Збаўцу Вышняму ўзнясі цяпер
Малітву чыстую й Багародзіцы:
Яна табе ў свой дзень прынесла
Гэты трыумф у вайне са скіфам.
| 65 |
Пераўзышоў ты славай валадароў,
Якіх успамінае паэт-вяшчун:
Яны ў стагоддзях пракаветных
Светлай аздобай трыумфаў ззяюць,
Ды нікнуць Сцыпіёны перад табой,
| 70 |
Што, бы маланкі Марса, былі ў вайне,
І Аўгуста ваенны подзвіг,
І Ганібала-героя бітвы,
Неўтаймаваны Пір, Дуліхіец-князь 8
І нават Юлій 9 – Марсава слава – ён
| 75 |
Сусветам цэлым авалодаў
За Македонцам вялікім следам.
Хай вешчуны ўсе войны валадароў,
Паноў магутных подзвігі апяюць
Да ўсіх вышыняў паднябесных,
| 80 |
Вечную ім забяспечаць славу, —
А я, хоць мой Дэлоскі 10 слабы запал,
Ды Музачка мая заспявала ўсім
Пра поспех твой, хай не стае ёй
Чыстай вады Аянід свяшчэнных;
| 85 |
Алкейскім вершам песню складае, каб
Для ўсіх нашчадкаў подзвіг уславіць той:
Адчуў рыфейскі 11 люд, як значна
Сёння здрабнеў ён ад ка2ры Марса;
Калі сатчэ Атропа даўжэйшы век,
| 90 |
То і пазней працягне вяшчун спяваць,
Калі з рукамі за спінаю
Ты Васіля завядзеш дахаты,
Калі з вянком лаўровым на галаве
Ты ў каралеўскі горад увойдзеш сам
| 95 |
І гэткі ж лёс для ўсіх прызначыш
Уладароў акіяна й сушы.
|
- Ацыдалійка – Венера.
- Сітанійскі – ад імя Сітона, міфічнага ўладара Херсанеса Фракійскага. Польскі вучоны Б. Кручкевіч мяркуе, што Ян Вісліцкі называе маскавітаў сітанійцамі, а не скіфамі, як гэта было прынята ў тагачаснай паэзіі, следам за Плініем Старшым, які карыстаўся тым жа эпітэтам у IV кнізе сваёй «Натуральнай гісторыі».
- У бітве пад Оршай загінула, паводле розных гістарычных крыніц, ад 30 да 40 тысяч маскавітаў. У палон трапілі 10 маскоўскіх ваяводаў, 17 іншых военачальнікаў, 2 тысячы «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тысячы воінаў .
- Тры трыумфы, пра якія піша Ян Вісліцкі, — гэта тры ваенныя перамогі караля Жыгімонта Старога. Першая з іх была атрымана над князем валахаў Багданам у 1509 годзе. У гэтай бітве праславілася войска кароннага гетмана Мікалая Камянецкага. Другі трыумф – перамога аб’яднанага войска кароннага гетмана Камянецкага і літоўскага гетмана Канстанціна Іванавіча Астрожскага над дваццацічатырохтысячным войскам татараў 28 красавіка 1512 года пад Вішняўцом, у выніку якой восем тысяч татар былі забіты, дзесяць тысяч узяты ў палон. Нарэшце, трэцім трыумфам Жыгімонта паэт лічыць перамогу пад Оршай войска гетмана Астрожскага над войскам маскоўскага князя Васіля Іванавіча.
- Б. Кручкевіч мяркуе, што гэта луна, якую, праўда, часцей называлі не двухаблічнай, а двурогай. М.Езяніцкі аспрэчвае гэтую думку, разумеючы пад «двухаблічнай багіняй» Мінерву, якая спалучала ў сабе дзве асноўныя функцыі. Другая версія падаецца больш слушнай, бо далей якраз ідзе гаворка пра тое, што Ян Вісліцкі чакае ад «двухаблічнай багіні» паэтычнага натхнення для сябе і ваенных трафеяў – для караля.
- Тут ужываюцца старажытныя геаграфічныя назвы: Барысфен – Дняпро, Танаіс – Дон, Мэатыйскае балота – Азоўскае мора.
- Маскоўскага князя Васіля Іванавіча.
- Дуліхіец – Уліс (Адысей).
- Юлій – Гай Юлій Цэзар.
- Апалонаўскі або паэтычны.
- Рыфейскі – тут: маскоўскі.
Пераклад з лацінскай мовы
Жанны Некрашэвіч-Кароткай
Гл. таксама:
Жанна Некрашэвіч-Кароткая. «ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ, АСВЕЧАНЫ МАЦІ БОЖАЙ»
|
|