|
|
№
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
На шляху веры
In memoriam
Паэзія
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
|
ПАКЛІКАННЕ [Пачатак у №2(28)/2004] Наступнік Апосталаў Пасля летніх канікулаў я вярнуўся ў Кракаў і пачалася падрыхтоўка да кансэкрацыі, прызначанай на 28 верасня, дзень св. Вацлава, апекуна Вавельскай катэдры. Гэты апякун сведчыць пра сувязі польскіх земляў з Чэхіяй. Св. Вацлаў быў чэшскім князем, які загінуў як мучанік ад рукі ўласнага брата. Чэхія таксама ўшаноўвае яго як свайго апекуна. Асноўнаю падрыхтоўкаю да майго біскупскага пасвячэння былі рэкалекцыі. Я адправіў іх у Тынцы. Я часта вандраваў да гэтага гістарычнага абацтва. На гэты раз побыт для мяне быў асабліва важны. Я рыхтаваўся стаць біскупам, быў ужо намінатам. Да сакры заставалася яшчэ даволі шмат часу, больш за два месяцы. Я павінен быў як найлепш іх выкарыстаць. Рэкалекцыі працягваліся шэсць дзён – шэсць дзён медытацыі. Мой Божа, які глыбокі сэнс! «Наступнік Апосталаў», – менавіта такія словы ў гэтыя дні я пачуў з вуснаў знаёмага фізіка. Як бачна, веруючыя людзі надаюць вялікае значэнне гэтай апостальскай пераемнасці. Я, «наступнік», думаў з вялікаю пакораю пра Апосталаў Хрыста і пра той доўгі, непарыўны ланцуг біскупаў, якія праз ускладанне рук перадавалі сваім чарговым наступнікам удзел у апостальскім кіраванні. Цяпер павінны былі перадаць яго мне. Я адчуваў сябе асабіста звязаным з кожным з іх. Многія з тых, хто апярэдзіў нас, сённяшніх біскупаў, у ланцузе пераемнасці, вядомыя нам пайменна. У многіх выпадках таксама іх пастырскія справы вядомыя і ўвекавечаныя. І нават тады, калі тыя даўнія біскупы сёння ўжо нам невядомыя, іх біскупскае пакліканне і іх справы жывуць – «Каб плод ваш трываў» (Ян 15, 16). Робіцца гэта таксама дзякуючы нам, іх наступнікам, якія менавіта праз іх рукі звязаны сілаю сакрамэнтальнага знаку з Хрыстом, які выбраў іх і нас «да стварэння свету» (Эф 1, 4). Незвычайны дар і таямніца! «Ecce sacerdos magnus, qui in diebus suis placiut Deo... Ideo iureiurando fecit illum Dominus crescere in plebem suam». – «Вось святар вялікі, які ў свае дні падабаўся Богу», – так спяваецца ў літургіі. А гэты ж вялікі і адзіны Святар новага і вечнага запавету – сам Езус Хрыстус. Ён здзейсніў ахвяру свайго святарства, паміраючы на крыжы, аддаючы сваё жыццё за аўчарню, за чалавецтва. Гэта Ён напярэдадні гэтай крывавай ахвяры, складзенай на крыжы, устанавіў сакрамэнт Святарства падчас Апошняй Вячэры. Гэта Ён узяў у свае рукі хлеб і прамовіў над ім такія словы: «Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана дзеля адпушчэння грахоў». Гэта Ён пасля, узяўшы ў свае рукі келіх, напоўнены віном, прамовіў над ім словы: «Гэта Кроў Мая новага і вечнага запавету, якая за вас і за многіх будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў». І напрыканцы дадаў: «Гэта чыніце на Маю памяць». Сказаў гэта перад Апосталамі, перад тымі Дванаццаццю, з якіх першым ёсць Пётр. Ім сказаў: «Гэта чыніце на Маю памяць». Такім чынам устанавіў іх святарамі на падабенства Яго самога, адзінага вялікага Святара Новага Запавету. Можа, Апосталы, удзельнічаючы ў Апошняй Вячэры, не адразу зразумелі ва ўсёй паўнаце, што азначаюць гэтыя словы, якія назаўтра меліся споўніцца, калі цела Хрыстова было сапраўды выдадзена на крыжовую смерць, а Яго кроў была праліта на Крыжы. Можа, тады разумелі толькі, што павінны паўтараць абрад Вячэры з хлебам і віном. Дзеі Апосталаў скажуць пасля, што першыя хрысціяне пасля пасхальных падзеяў трывалі на ламанні хлеба і на малітве (пар. 2, 42). Аднак тады значэнне гэтага абраду было ўжо для ўсіх зразумелае. У літургіі Касцёла Вялікі Чацвер – гэта дзень, у які ўспамінаецца Апошняя Вячэра, устанаўленне Эўхарыстыі. З ерузалемскага Вячэрніка цэлебрацыя Эўхарыстыі паступова разышлася па ўсім тагачасным свеце. Найперш кіравалі ёю Апосталы ў Ерузалеме. Пазней, разам з тым як пашыралася Евангелле, цэлебравалі яе яны самі і тыя, на якіх «ускладалі рукі», ва ўсё новых месцах, пачынаючы ад Малой Азіі. І нарэшце разам са св. Пятром і св. Паўлам Эўхарыстыя дайшла да Рыма, які быў сталіцаю тагачаснага свету. Праз стагоддзі яна з’явілася над Віслаю. Памятаю, што ў часе рэкалекцый перад біскупскім пасвячэннем я асаблівым чынам дзякаваў Богу менавіта за тое, што Евангелле і Эўхарыстыя дайшлі да берагоў Віслы, што дайшлі таксама да Тынца. Тынецкае абацтва пад Кракавам, пачаткі якога датуюцца ХІ стагоддзем, было сапраўды адпаведным месцам, каб падрыхтавацца да прыняцця пасвячэння ў Вавельскай катэдры. У 2002 годзе, падчас візіту ў Кракаў, перад маім адлётам у Рым мне ўдалося наведаць, хоць на вельмі кароткі час, Тынец. Гэта была нагода, каб такім чынам сплаціць асабісты доўг удзячнасці. Я многім абавязаны Тынцу. Напэўна, не толькі я, але і ўся Польшча. Паволі набліжаўся дзень 28 верасня 1958 г. Перад тым як я быў пасвечаны, у якасці біскупа наміната выступіў афіцыйна ў Любачове на срэбраным юбілеі біскупства арцыбіскупа Базяка. Гэта быў дзень Маці Божай Балеснай, які ў Львове адзначаецца 22 верасня. Я быў там з двума біскупамі з Пшэмысля: кс. біскупам Францішкам Бардам і кс. біскупам Войцехам Тамакам – абодва сівыя старцы, а я паміж імі – 38-гадовы маладзён. Дзіўна сябе адчуваў. Менавіта там прайшло маё першае «прымерванне» да біскупства. А праз тыдзень адбылася кансэкрацыя на Вавелі.
Вавель З дзіцячых гадоў жыве ўва мне асаблівая прывязанасць да Вавельскай катэдры. Не памятаю, калі пабываў там упершыню, але з таго часу як пачаў там бываць, адчуваў асаблівае захапленне і асабістую сувязь з гэтаю катэдраю. Пэўным чынам у Вавелі сканцэнтравана ўся гісторыя Польшчы. Я перажыў трагічны час, калі гітлераўцы пасадзілі там свайго губернатара Франка і над замкам лунаў штандар са свастыкай. Гэта было для мяне асабліва балючым досведам. Аднак прыйшоў дзень, калі той штандар са свастыкай знік і вярнуліся польскія сцягі. Цяперашняя катэдра вядзе сваю гісторыю з часоў караля Казіміра Вялікага. У мяне пастаянна стаяць перад вачыма ўсе месцы гэтай святыні з яе помнікамі. Дастаткова прайсці праз галоўную і бочныя навы, каб убачыць саркафагі польскіх каралёў. А калі спусціцца ў крыпту вялікіх паэтаў-прарокаў, то ўбачым грабніцы Міцкевіча, Славацкага і Норвіда. Як я гаварыў у кнізе «Дар і Таямніца», мне вельмі хацелася адправіць сваю першую Святую Імшу на Вавелі ў крыпце св. Леанарда ў сутарэннях катэдры, і так яно й сталася. Несумненна, гэтае жаданне ўзнікла з глыбокай любові, якою я атуляў усё тое, што несла на сабе адбіткі мае Айчыны. Мне дорага гэтае месца, у якім кожны камень гаворыць пра Польшчу, пра польскую веліч. Калі быў апошні раз у Кракаве, то таксама пайшоў на Вавель і там маліўся перад грабніцаю св. Станіслава. Я не мог не наведаць гэтай катэдры, якая гасціла мяне на працягу дваццаці гадоў. Найбольш дарагое для мяне месца ў Вавельскай катэдры – крыпта св. Леанарда. Гэта частка даўняй катэдры, з часоў караля Баляслава Крывавуста. Сама крыпта – сведка яшчэ больш старажытных часоў, бо памятае першых біскупаў з пачатку ХІ стагоддзя: тут распачынаецца генеалогія Кракаўскага епіскапату. Тыя першыя біскупы маюць таямнічыя імёны Пракоп і Пракульф, як бы грэцкага паходжання. Паступова з’яўляюцца ўсё новыя імёны, усё часцей ужо славянскія, такія як Станіслаў з Шчапанава, які стаў кракаўскім біскупам у 1072 г. У 1079 г. ён быў забіты пасланцамі караля Баляслава Харобрага. А пасля той жа кароль павінен быў уцякаць з краю і праўдападобна як пакутнік скончыў жыццё ў Ас’яку. Калі я стаў кракаўскім мітрапалітам, то, вяртаючыся з Рыма ў Кракаў, у Ас’яку адправіў Св. Імшу. Таксама там узнік паэтычны запіс гэтага гістарычнага факту: я напісаў верш пад назваю «Станіслаў». Святы Станіслаў – «Бацька айчыны». У нядзелю пасля 8 мая ідзе вялікая працэсія з Вавеля на Скалку. Усю дарогу людзі спяваюць песні, якія чаргуюцца з антыфонаю: «Святы Станіславе, апякуне наш, маліся за нас». Працэсія сыходзіць з Вавеля, праходзіць вуліцамі Страдам і Кракаўскаю на Скалку, дзе адпраўляецца Св. Імша, якую звычайна канцэлебруе запрошаны біскуп. Пасля Св. Імшы працэсія вяртаецца тою самаю дарогаю да катэдры, а рэліквіі галавы св. Станіслава, якія нясуць падчас працэсіі ў прыгожым рэліквіяры, ставяцца на алтары. У святасці гэтага біскупа палякі былі перакананыя ад пачатку і вельмі аддана дбалі пра яго беатыфікацыю, якая адбылася ў Асізі ў ХІІІ стагоддзі. У гэтым умбрыйскім горадзе да сённяшняга дня захаваліся фрэскі з выявамі св. Станіслава. Побач з канфесіяй св. біскупа Станіслава бясцэнным скарбам Вавельскай катэдры з’яўляецца грабніца святой каралевы Ядвігі. Яе рэліквіі былі складзены пад слынным вавельскім крыжам у 1987 годзе падчас мае трэцяй пілігрымкі на Радзіму. Каля падножжа гэтага крыжа дванаццацігадовая Ядвіга дала згоду выйсці замуж за літоўскага князя Уладзіслава Ягайлу. Гэта яе рашэнне ў 1386 г. увяло Літву ў сям’ю хрысціянскіх народаў. З хваляваннем успамінаю дзень 8 чэрвеня 1997 г., калі на Блонях у Кракаве, падчас кананізацыі, я пачаў гамілію словамі: «Доўга чакала, Ядвіга, ты гэтага дня (...), амаль 600 гадоў. На гэта наклаліся розныя абставіны, пра якія цяпер цяжка гаварыць. Даўно жыло ўва мне жаданне, каб Вавельская Пані магла цешыцца тытулам святой у кананічным, афіцыйным значэнні, і ў той дзень гэта споўнілася. Я дзякаваў Богу, што мне было дадзена праз столькі стагоддзяў выканаць жаданне, якое пульсавала ў сэрцах цэлых пакаленняў палякаў. Усе гэтыя ўспаміны нейкім чынам яднаюцца з днём маёй кансэкрацыі. У пэўным сэнсе гэта была гістарычная падзея. Папярэдняе біскупскае пасвячэнне на Вавелі адбылося ў далёкім 1926 годзе. Тады быў кансэкраваны кс. біскуп Станіслаў Роспанд. А цяпер – я.
Дзень кансэкрацыі: пасярод касцёла І так надышоў дзень 28 верасня, успамін св. Вацлава. На гэты дзень было прызначана маё біскупскае пасвячэнне. Я сказаў бы, што тады яшчэ літургія была больш багатая, чым сёння. Памятаю асобных людзей, якія прымалі ў ёй удзел. Быў такі сімвалічны абрад прынясення дароў, якія атрымліваў кансэкратар. Бачурку з віном і бохан хлеба неслі мае сябры: Збышак Сілкоўскі, сябра з гімназіі, і сёння слуга Божы Юрка Цясельскі, а ў другой пары – Мар’ян Вайтовіч і Здзіслаў Хэйдэль. Хіба быў таксама Станіслаў Рыбіцкі. Найбольш актыўны быў, аднак, кс. Казімеж Фіглевіч. Дзень быў пахмурны, але ў канцы засвяціла сонца. Як бы добры знак, праменьчык сонца ўпаў на гэтага беднага кансэкраванага.
Пасля прачытання Евангелля хор спяваў: Veni Creator Spiritus, / mentes tuorum visita: / imple superna gratia, / quae tu creasti pectora... Я ўслухоўваўся ў гэты спеў і зноў, як падчас святарскага пасвячэння, а можа яшчэ больш ясна, абуджалася ўва мне ўсведамленне, што гэта ж Дух Святы з’яўляецца віноўнікам кансэкрацыі. Гэта суцяшала і ўмацоўвала перад рознымі чалавечымі сумненнямі, звязанымі з прыходам такой вялікай адказнасці. Гэта думка абуджала ў маёй душы вялікі давер: Дух Святы асвеціць, умацуе, суцешыць, навучыць... Ці ж не такое абяцанне даў Хрыстус сваім Апосталам? У літургіі наступае шэраг сімвалічных дзеянняў, і кожнае з іх мае сваё значэнне. Кансэкратар задае пытанні, якія датычаць веры і жыцця. Апошняе пытанне гучыць так: «Ці хочаш пастаянна маліцца за люд, табе давераны, і верна выконваць біскупскую паслугу?» А кандыдат адказвае: «Хачу з Божаю дапамогаю». І тады кансэкратар дадае: «Той, хто распачаў у табе добрую справу, няхай яе завершыць». І зноў з’явілася тая даверлівая і супакаяльная думка: Пан распачынае ў табе сваю справу; не бойся, давер Яму сваю дарогу, а Ён сам будзе дзейнічаць і сваю справу зробіць (пар. Пс 37 [36], 5). Пры ўсіх пасвячэннях (дыяканат, святарства і біскупская сакра) кандыдат ляжыць крыжам на падлозе. Гэта знак поўнага аддання сябе Хрысту – Таму, хто дзеля таго, каб споўніць сваю святарскую місію, «прынізіў самога сябе, прыняўшы постаць слугі (...), зняважыў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці і смерці крыжовай» (Флп 2, 7-8). Гэта пастава вяртаецца ў кожную Вялікую Пятніцу, калі святар, які кіруе літургічнай супольнасцю, моўчкі падае на твар. У гэты дзень у святым Трыдууме не адпраўляецца Святая Імша: Касцёл яднаецца ва ўспаміне Пакутаў Хрыста, пачаўшы ад Яго агоніі ў Садзе Аліўным, калі Ён таксама маліўся, лежачы на зямлі. Тады ў душы цэлебранта на ўсю сілу гучыць Яго просьба: «Пабудзьце тут і не спіце са Мною» (Мк 26, 38). Памятаю той момант, калі я ляжаў крыжам на падлозе, а сабраныя спявалі Літанію да Усіх Святых. Кансэкратар заклікаў сабраных: «Будзем прасіць, наймілейшыя, усемагутнага Бога, каб гэтаму выбранаму шчодра ўдзяліў ласкі для дабра свайго Касцёла». А пасля распачаўся спеў літаніі:
Асаблівую пашану маю да Анёла Ахоўніка. З дзяцінства, як напэўна ўсе дзеці, шмат разоў маліўся «Анёле Божы, дружа мой, ты заўсёды пры мне стой... будзь ласкаў мне памагчы...». Мой Анёл Ахоўнік ведае, што я раблю. Мая вера ў яго, у яго апякунчую прысутнасць, пастаянна ўва мне паглыбляецца. Св. Міхал, св. Габрыэль, св. Рафал – гэта Арханёлы, якіх я часта прызываю на малітве. Успамінаю таксама найпрыгажэйшы трактат св. Тамаша пра анёлаў, чыстых духаў.
Як вядома, я быў пасвечаны на святара ў дзень Усіх Святых. Гэты дзень для мяне заўсёды з’яўляецца найвялікшым асабістым святам. З Божай дабрыні дадзена мне адзначаць гадавіну святарскага пасвячэння ў той дзень, калі Касцёл успамінае жыхароў неба. Гэта яны з вышыні заступаюцца за супольнасць Касцёла, каб умацоўвалася яе еднасць дзякуючы дзеянню Духа Святога, які дае ёй здольнасць практыкаваць братнюю любоў: «Бо гэтак як узаемная хрысціянская камунія паміж пілігрымамі вядзе нас усё бліжэй да Хрыста, так і сумоўе са святымі яднае нас з Хрыстом, з якога, як з Крыніцы і Галавы, сыходзіць усялякая ласка і жыццё Божага Люду» (Lumen gentium, 50). Пасля літаніі кансэкраваны ўстае і падыходзіць да кансэкратара, а той ускладае на яго рукі. Гэта важны жэст, які, згодна з традыцыяй, што ідзе ад Апосталаў, азначае перадачу Духа Святога. Потым абодва сукансэкратары таксама ўскладаюць рукі на галаву кандыдата. Пасля цэлебрант і сукансэкратары прамовяць кансэкрацыйную малітву. Менавіта так здзейсніцца ключавы момант біскупскага пасвячэння. Тут неабходна прыгадаць словы з саборавай Канстытуцыі Lumen gentium: «Каб выканаць такое вялікае заданне, Апосталы былі ўзбагачаныя Хрыстом праз спецыяльнае зліццё Духа Святога, які сышоў на іх (пар. Дз 1, 8; 2, 4; Ян 20, 22), самі ж яны перадалі духоўны дар сваім памочнікам праз ускладанне на іх рук (пар. 1 Цім 4, 14; 2 Цім 1, 6); гэты дар перадаецца ажно да нас у біскупскіх пасвячэннях. (...) Менавіта з традыцыі, якая асабліва праяўляецца ў літургічных абрадах і ў практыцы Касцёла, як усходняга, так і заходняга, выразна відаць, што праз ускладанне рук і праз словы пасвячэння так удзяляецца ласка Духа Святога, і святы знак так праяўляецца, што біскупы асаблівым і відавочным чынам выконваюць ролю самога Хрыста Настаўніка, Пастыра і Святара, і дзейнічаюць у Яго асобе» (п. 21).
|
|
|