|
|
№
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
На шляху веры
In memoriam
Паэзія
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
|
Геранімус Ван Аакэн Босх (каля 1453 – каля 1516) – адна з найбольш загадкавых постацяў у гісторыі мастацтва. Мала вядома пра ягонае жыццё, а спецыялісты не могуць прыйсці да агульнай думкі адносна эвалюцыі ягонай творчасці і час ад часу паддаюць сумневу сапраўднасць аўтарскіх подпісаў на некаторых творах. Кожнае пакаленне мастацтвазнаўцаў пачынае нанава расшыфроўваць сюжэты карцін вялікага майстра. І яшчэ трэба адзначыць неўміручую папулярнасць твораў таямнічага нідэрландца. Людзі розных эпох і светапоглядаў захапляліся імі. Сярод іх — кароль Іспаніі Філіп ІІ (што надаў сабе тытул каталіцкі манарх і вёў жорсткую вайну супраць нідэрландскіх паўстанцаў у канцы XVI ст.). Ён апантана збіраў працы Босха, і цяпер у мадрыдскім музеі Прадо захоўваецца выдатны збор твораў майстра. Іншыя ж асобы абвінавачвалі жывапісца ў чараўніцтве і ерасі. Мастакі ўжо пры жыцці Босха пачалі наследаваць яго, падрабляць ягоную манеру і вобразны лад. Кожнае стагоддзе да нашых дзён давала яркія ўспышкі актуалізацыі мастацтва Босха, калі да ягонай спадчыны звярталіся па натхненне перад чарговай рэвалюцыяй у жывапісе. Французскі мастацтвазнаўца Робэр Жэнэй пісаў у сваёй «Энцыклапедыі фламандскіх і галандскіх жывапісцаў»: «Ягоная слава не згасала ні на імгненне. За ім ішлі ўсё фламандскае мастацтва і Гоя, а ягоны дух даў жыццё сюррэалізму. Пры ўсім пры гэтым, памкненні мастака застаюцца загадкавымі, а ягоны стыль лічыўся ў ягоную эпоху незвычайным»1. Карціна «Святы Ян на Патмасе» належыць да позняга перыяду творчасці мастака. Яна не ўяўляе сабой такую найскладанейшую вобразна-мастацкую формулу, як ягоныя знакамітыя трыпціхі «Тысячагадовае Валадарства», «Воз з сенам» або «Спакушэнне святога Антонія». Агульнае ўражанне ад твора можна перадаць простымі словамі: ясная гармонія свету, пранікнёны дыялог святога і Нябёсаў, з якога нараджаецца Адкрыццё лёсаў усяго існага. Агульная кампазіцыя, пастаноўка цэнтральнай фігуры і яе каларыстычная характарыстыка з’яўляюцца тыповымі для нідэрландскага і нямецкага мастацтва таго часу. Але не будзем спяшацца з высновамі, угледзімся ў дэталі і паспрабуем ахапіць вокам бясконцую панараму Сусвету, заключаную Босхам у рамкі карціны. Невялікая па памерах карціна (62х41 см) мае дзве выразныя кампазіцыйныя і каларыстычныя зоны: постаць святога Яна і востраў Патмас – цёплы па фарбах, жывы фрагмент рэчаіснасці — і ў кантрасце да вострава і ягонага жыхара — далёкі і бясконцы Universum апакаліптычнай візіі. Гэтыя зоны, аднак, не аддзеленыя адна ад адной строгай мяжой – у Босха такое немагчыма. Яны ўзаемапранікаюцца, існуюць як цэльны вобраз, дасылаюць адна адной свае пасланні. Святы Ян – галоўная постаць, на якой канцэнтруецца ўвага гледача. Уся фігура выбранага адлюстроўвае яго падпарадкаванасць Боскай волі. Малады твар паказаны ў строгі профіль, тонкія рукі інтэлектуала далікатна трымаюць кнігу і пяро — гэта адзін з самых пранікнёных і лірычных партрэтаў у творчасці мастака. Святы поўны ўвагі, ягоныя вочы звернутыя ў неба. Тонкі абрыс галавы і плячэй пераходзіць у ламаныя складкі мантыі, што адразу дынамізуе цэнтр кампазіцыі. У трактоўцы адзення выразна гучыць гатычная рэмінісцэнцыя. І гэта толькі невялікі фрагмент мастацкай канцэпцыі Босха, што дазваляе шэрагу даследчыкаў казаць пра творчасць мастака як пра нечаканую сярэднявечную рэакцыю на паслядоўным шляху нідэрландскага рэнесансавага мастацтва. Такая ацэнка містыцызму, шматаблічнай сімволікі, фантастычных вобразаў, што пануюць у ягоных творах. Спірытуальнае памкненне ўвышыню, якім прасякнута фігура святога Яна, актыўна падтрымана іншымі элементамі кампазіцыі. Фігура цалкам упісваецца ў сілуэт гары, што цягнецца ў неба, а справа высачэзнае дрэва замыкае гэтую вертыкальную мадэль. Зямны свет грэцкага вострава Патмаса ўбачаны мастаком як месца самоты апостала. Удалечыні віднеецца высокі крыж. Сімвал хрысціянства амаль губляецца сярод дрэваў і кустоўя, што запаўняюць востраў. Ён нібы натуральна вырас на камяністай глебе. Расліны і сама зямля паказаны мастаком умоўна, што было ўласціва раннерэнесансаваму мастацтву, якое толькі яшчэ пачынала засвойваць рэчаіснасць. Але колькі ў гэтым краявідзе цяпла, жывога подыху ў суладдзі з пяшчотна-ружовымі адценнямі фігуры святога Яна! Аднак і тут працягваецца вечная барацьба з цёмнымі сіламі зла. Святы не бачыць пачварнага дэмана, што напалохана натапырваецца ў правым ніжнім краі карціны, але насупраць яго — сімвал евангеліста Яна арол (маласімвалічная па трактоўцы, вельмі рэальная выява), які палохае нячысціка сваім пагрозлівым позіркам. Невялікія фігуры (яны сімвалізуюць вечны антаганізм) замыкаюць ля ніжняга краю карціны базу кампазіцыйнай піраміды, што ўзнімаецца з фігурай святога Яна і грамадай гары, на вяршыне якой адбываецца сустрэча з нябесным светам. Постаць анёла, які служыць пасрэднікам паміж святым і Творцам, належыць іншай стыхіі. З яе пачынаецца кантраставая вобразная і каларыстычная частка карціны. Як скульптура адлівае мармуровымі адценнямі постаць крылатага пасланца, які жэстам рукі звяртае позірк святога на Мадонну, што валадарыць у небе. Нібыта ўрастаючы па пояс у цела гары, анёл вызваляецца ад прыцягнення зямлі і ўзмахам крылаў адкрывае бясконцую панараму апакаліптычнай візіі. «І ўзнёс мяне ў духу на вялікую і высокую гару і паказаў мне вялікі горад, святы Ерузалем, які сыходзіў з неба ад Бога: ён мае славу Божую; светласць ягоная падобная да каштоўнага каменя, як бы да каменя яспісу крышталёвага» (Ап 21, 10, 11). Горад на даляглядзе,— нябесны Ерузалем,— патанае ў цудоўным ззянні, узнімаючы свае муры і вежы. Але ў архітэктуры ўгадваюцца рысы тагачаснага нідэрландскага дойлідства: майстра ўславіў адзін з гарадоў сваёй радзімы. Ад берагоў вострава да нябеснага горада раскінулася халоднае, свінцовага адцення мора. На ягоных ціхіх хвалях застылі ветразнікі. Мастак не забыўся пра падарожнікаў, ён — нідэрландзец, сын народа мараходаў і негацыянтаў. Над Ерузалемам займаецца яркая раніца, якая рассейвае густы змрок, што яшчэ вызначае верхні край карціны. І раптам у віры воблакаў з’яўляецца Мадонна, мініяцюрная фігура якой ясна чытаецца на фоне сонечнага дыска і сядзіць на тонкім месяцы (сімвал беззаганнасці Маці Божай). На каленах Яна трымае маленькага Хрыста і звяртаецца да святога Яна. Гэты дыялог ёсць галоўнае ў карціне. Каб да канца зразумець аўтарскую задуму, трэба зірнуць на адваротны бок карціны, дзе таксама ёсць выява (тыпова сярэднявечнае вырашэнне). Там Босх стварыў сімвалічнае Вока Божае, у цэнтры якога пелікан раздзірае сабе грудзі, каб крывёй жывіць сваіх птушанятаў (сімвал ахвяры Хрыста), а вакол у грызайльнай танальнасці паказаны сцэны пакутаў Хрыстовых. Нямецкі мастацтвазнаўца Вільгельм Фрэнгер, аўтар манументальнай манаграфіі, прысвечанай Босху, так характарызуе канцэпцыю мастака: «Такая дошка з дзвюма выявамі была прызначана для таго, каб пабожныя людзі маглі і па-за касцёлам засяродзіцца духоўна перад карцінай і ўзняцца да ўнутранага сузірання. Манахромная частка карціны служыла для падрыхтоўчай канцэнтрацыі. А калі пераварочвалі карціну, то канцэнтрацыя пераходзіла ў таямнічы стан «пераўтварэння», якое ўвасаблялася ў светланасычанай поліхроміі і давала асобе ў медытацыі магчымасць назіраць святы аб’ект «твар у твар»2. Высокая духоўнасць творчасці Гераніма Босха разам з чалавечнай цеплынёй ягоных вобразаў – такая адметнасць усяго нідэрландскага мастацтва эпохі Адраджэння. І ў гэтым ягоная несмяротная значнасць для людзей усіх пакаленняў.
|
|
|