|
|
№
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
На шляху веры
In memoriam
Паэзія
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
|
У лістападзе 2003 г. выхадам 2-й кнігі 6-га тома (яна змяшчае і дадатак – артыкулы, якія па тых ці іншых прычынах не трапілі ў ранейшыя тамы) завяршыўся выпуск «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (ЭГБ) – першай галіновай гістарычнай энцыклапедыі краіны, у якой прасочваецца яе гісторыя ад старажытнасці да нашага часу. Упершыню ў выданні даволі падрабязна пададзена гісторыя канфесій у кантэксце дзяржаўнага і грамадскага жыцця, у т.л. гісторыя Рыма-каталіцкага Касцёла на Беларусі. Усяго ў 6 тамах (7 кнігах) змешчана звыш 210 артыкулаў, якія ў той ці іншай супені закранаюць гісторыю гэтай канфесіі. Усе артыкулы ўмоўна можна падзяліць на некалькі тэм: артыкулы пра епархіі (дыяцэзіі), манаскія ордэны, кляштары , навучальныя рэлігійныя ўстановы, касцёльныя тытулы, перыядычныя выданні, персаналіі і г.д. Найбольш абагульняючыя артыкулы па тэме «Рымска-каталіцкая царква» (т.6, кн.1), дзе распавядаецца пра гісторыю гэтай канфесіі на Беларусі ад самага пачатку да нашых дзён. Артыкул вельмі інфармацыйны, займае больш за 4 старонкі, ілюстраваны 7 малюнкамі і фатаграфіямі , у канцы прыведзены вялікі спіс літаратуры на беларускай, рускай і польскай мовах. Дапаўняюць гэтую агульную тэму артыкулы «Каталіцызм» (т.4, у асноўным асвятляецца сутнасць веравызнання і будова Каталіцкага Касцёла ў свеце) і «Духавенства» (т.3, разглядаецца гісторыя духавенства ўсіх канфесій Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды). Упершыню ў беларускіх энцыклапедыях выкладзены царкоўна-адміністрацыйны падзел Беларусі: пра гэта даецца інфармацыя ў артыкуле «Епархія» (т.3, дзе таксама гаворыцца пра епархіі праваслаўныя і уніяцкія). Асобным дыяцэзіям прысвечаны артыкулы «Віленскае біскупства» (т.2), «Гродзенскае біскупства» (т.3), «Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія» (т.5), «Мінская рымска-каталіцкая епархія» і «Пінская рымска-каталіцкая епархія» (т.5), «Віцебская рымска-каталіцкая епархія» і «Луцкая рымска-каталіцкая епархія» (т.6, кн.2. Дадатак). Кожны артыкул аформлены па схеме: дэфініцыя, першыя звесткі аб заснаванні, галоўныя этапы гісторыі, тэрыторыя і асноўныя статыстычныя звесткі на цяперашні час, пералік дыяцэзіяльных біскупаў з датамі іх кіравання і спіс літаратуры. Невялікія, але інфармацыйныя артыкулы прысвечаны іншым каталіцкім царкоўным арганізацыям і установам : «Брацтвы каталіцкія» (т.2), «Капітул», «Капліца», «Касцёл»,«Кафедра» (т.4), «Парафія», «Плябанія», «Правінцыя ордэна», «Правінцыя царкоўная» (т.5) і духоўным тутулам: «Арцыбіскуп» (т.1), «Епіскап» (т.3) , «Капелан», «Кардынал», «Ксёндз» (т.4) , «Мітрапаліт», «Пробашч» (т.5), «Суфраган» (т.6, кн.1). Значная ўвага надаецца інфармацыі пра каталіцкія манаскія ордэны ў артыкулах «Ордэны манаскія» (т. 5) і «Жабрацкія ордэны» (т.3) і асобным ордэнам і аб’яднанням ксяндзоў: «Аўгусцінцы», Баніфраты» (т.1), «Бенедзікцінцы» , «Бернардзінцы», «Брыгіткі і брыгітане» (т.2), «Езуіты», «Дамініканцы» (т.3), «Камуністы», «Капуцыны», «Кармеліты», «Картэзіянцы» (т.4), «Марыяне», «Мар’явіты», «Місіянеры», «Назарэтанкі», «Піяры» (т. 5), «Рахіты», «Трынітарыі» (т.6, кн. 1), «Францысканцы», «Цыстэрцыянцы», «Шарыткі», «Мальтыйскі ордэн» (т.6, кн.2). Такім чынам, 22 артыкулы асвятляюць дзейнасць рэлігійных арганізацый, якія пакінулі важкі след у гісторыі і культуры Беларусі. Яшчэ адна вялікая група артыкулаў прысвечана асобным кляштарам, якія даюцца па геаграфічнай назве: «Брэсцкі кляштар бернардзінцаў», «Бялыніцкі кляштар кармелітаў», «Бярозаўскі кляштар картэзіянцаў» і інш. – усяго 38 артыкулаў, а таксама абагульняючы – «Кляштары каталіцкія на Беларусі» (т.4). Многія з іх аздоблены ілюстрацыямі будынкаў, у якіх яны размяшчаліся, выдатных помнікаў архітэктуры. Да гэтай жа тэмы можна аднесці і нешматлікія артыкулы пра асобныя касцёлы ( пры якіх не было кляштараў): «Гродзенскі фарны касцёл» (Фара Вітаўта; т.3), «Камайскі касцёл» (т.4), «Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл» , «Навагрудскі фарны касцёл» (т. 6, кн. 2). Асобнай тэмай рэдактары ЭГБ вылучылі асветніцкую дзейнасць, якой займаліся пераважна езуіты і піяры. Гэта вялікая група артыкулаў уключае як агульныя – «Калегіумы» (т. 4), «Семінарыя» (т. 6, кн. 2), так і канкрэтныя: «Аршанскі езуіцкі калегіум», «Бабруйская езуіцкая рэзідэнцыя» (т. 1), «Брэсцкі езуіцкі калегіум», «Віленская рымска-каталіцкая духоўная акадэмія», «Віленскі універсітэт» (ён быў заснаваны як езуіцкі калегіум), «Віцебскі езуіцкі калегіум» (т. 2), «Гродзенскі кляштар езуітаў», «Забельскі дамініканскі калегіум», «Лідскі піярскі калегіум», «Лужкоўскі піярскі калегіум», «Любяшоўскі піярскі калегіум» (т. 4), «Магілёўскі езуіцкі калегіум», «Навагрудская дамініканская школа»,«Навагрудскі езуіцкі калегіум», «Нясвіжскі езуіцкі калегіум», «Пінскі езуіцкі калегіум», «Полацкая езуіцкая акадэмія», «Полацкі езуіцкі калегіум» (т. 5), «Слонімская езуіцкая рэзідэнцыя», «Слуцкі езуіцкі калегіум», «Шчучынскі піярскі калегіум», «Юравічы» (звесткі пра езуіцкія ўстановы), «Віцебскі піярскі калегіум» ( т.6, кн. 2). Дапаўняюць тэму артыкулы «Езуіцкае кнігадрукаванне», «Езуіцкія ўстановы» ( т. 3), «Каталіцка-езуіцкая група ў Альбярціне» (т. 4). Пэўную цікавасць уяўляюць артыкулы пра каталіцкія грамадскія арганізацыі XX стагоддзя: «Акцыя каталіцкая» (т. 1), «Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць», «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (т. 1), «Беларускае каталіцкае выдавецтва» (т. 6, кн. 2) і каталіцкі друк – «Беларуская крыніца», «Беларус» (т. 1), «Наша вера» (т. 5), «Хрысціянская думка 1928–39», «Хрысціянская думка 1992–94», «Дыялог» (т. 6, кн. 2). Для гісторыкаў будуць цікавыя артыкулы, што тычацца гісторыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі: «Акты кангрэгацыі прапаганды веры» (т. 1), «Дублінскі рукапіс» (т. 2), «Рэляцыі папскіх нунцыяў і іншых асоб аб Польшчы з 1548 да 1690» (т. 6, кн. 1). Вялікім рэлігійна-палітычным і рэлігійна-грамадскім з’явам прысвечаны артыкулы «Контррэфармацыя» (т. 4), «Хрышчэнне Літвы», «Эміграцыя» (рэлігійнае жыццё беларусаў-католікаў; т. 6, кн. 2). Аб развіцці розных мастацкіх стыляў, у т.л. ва ўлонні Каталіцкага Касцёла, сярод іншага гаворыцца ў артыкулах «Архітэктура», «Барока» (т. 1), «Выяўленчае мастацтва» (т. 2), «Класіцызм» (т. 4), «Ракако», «Рамантызм» (т. 5), «Готыка» (т. 6, кн. 2). Пэўная частка інфармацыі прысвечана цудатворным абразам, якія ўшаноўваюцца Касцёлам: «Брэсцкі абраз Маці Божай», «Бялыніцкі абраз Маці Божай», «Вастрабрамскі абраз Маці Божай», «Віленскі абраз Маці Божай», «Гудагайскі абраз Маці Божай» (т. 6). Вялікую частку артыкулаў складаюць персаналіі. Гэтую тэму ў сваю чаргу можна падзяліць на некалькі. Найперш – артыкулы пра святых Беларусі. Сярод іх адзін артыкул галоўны — «Святыя і блажэнныя рымска-каталіцкія», дзе дадзены біяграфічныя звесткі пра святых Андрэя Баболю (1591—1657), Максімільяна Марыю Кольбе (1894—1941), блажэнных Баляславу Марыю Лямант (1862—1946), Марыяну Бярнацкую (1888—1943), Мечыслава Багаткевіча (1904–1942), Генрыка Глябовіча (1904 –1942), Уладзіслава Мацьковяка (1910 –1942), Караля Германа Стэмпеня ( 1910–1943), Юзафа Ахілеса Пухалу (1911–1943), Станіслава Пыртака (1913–1942). Акрамя таго курсівам узгаданы персаналіі, пра якіх ёсць асобныя артыкулы: «Казімір» (святы патрон былога Вялікага Княства Літоўскага , т. 4), «Каліноўскі Ю.А. – паплечнік К.В. Каліноўскага, потым манах-кармеліт, т. 4), «Матулевіч Ю.Б.Б.» (віленскі біскуп, т. 4), «Кашыра Ю.» І «Ляшчэвіч А.» (ксяндзы-марыяне, т. 4), «Назарэтанкі» (гаворыцца пра 11 манашак, закатаваных фашыстамі ў Наваградку ў 1943, т. 5). Асобныя артыкулы прысвечаны найбольш значным духоўным асобам у гісторыі і культуры Беларусі. Гэта біскупы, асветнікі і дзяржаўныя дзеячы духоўнага звання: «Андрэй Вісіла» (т. 1), «Богуш-Сестранцэвіч С.» (т. 2), «Гінтаўт-Дзевалтоўскі А.К.», «Данісевіч С.» (т. 3), «Калантай Г.», «Кулеша Я.А.», «Курчэўскі Я.», «Лазінскі З.» (т. 4), «Масальскі І.Я.», «Магнус О.», «Местр Ж.», «Пасевіна А.», «Пратасевіч В.» (т. 5), «Радзівіл Ежы (Юрый)», «Роп Э.», «Свёнтак К.», «Скарга П.», «Скарульскі А.А.», «Страйноўскі І.» (т.6. кн. 1), «Фра Маўра», «Цепляк Я.», «Ялбжыкоўскі Р.», «Ярманскі Ф.Б.», «Багуслаўскі Ю.К.», «Бартольд К.», «Бжастоўскія « (сярод іх – біскуп Казімір Бжастоўскі), «Дзеружынскі Ф.», «Жаба І.», «Няпрэцкі Я.» (т. 6, кн. 2). Гэта і ксяндзы, вядомыя як дзеячы беларускага адраджэння: «Абрантовіч Ф.», «Адважны В.» (т. 1), «Гадлеўскі В.» (т. 2), «Глякоўскі С.» (т. 3), «Лісоўскі А.» (т. 4), «Сваяк К.», «Станкевіч А.» (т. 6, кн. 1), «Бобіч І.» (т. 6, кн. 2). Паасобку стаіць артыкул пра своеасаблівую фігуру ксяндза Ф.Ф.Сенчыкоўскага (т. 6, кн. 1). Паколькі ў ЭГБ даволі падрабязна прасочана гісторыя ордэна езуітаў (пасля 1773 г. ён захоўваўся толькі ў Расійскай імперыі, пераважна на тэрыторыі Беларусі, а ва ўсім астатнім свеце быў скасаваны), то асобнымі артыкуламі дадзены персаналіі кіраўнікоў ордэна ў 1773–1820: «Чарневіч С.» (т. 6, кн. 2), «Лянкевіч Г.» (т. 4), «Кару Ф.К.» (т. 4), «Грубер Г.» (т. 3), «Бжастоўскі Т.» (т. 2). Многія з артыкулаў-персаналій ілюстраваныя партрэтамі. Такім чынам, у ЭГБ прасочаны асноўныя бакі дзейнасці Рыма-каталіцкага Касцёла на Беларусі , уплыў на лёсы народу другой па значнасці і часе пранікнення канфесіі ва ўсёй складанасці гістарычнага кантэксту. Хацелася б назваць асноўных аўтараў артыкулаў па каталіцкай тэматыцы і выказаць ім глыбокую падзяку. Гэта гісторыкі з Мінска, Гродна, Брэста, Наваградка: Аляксандр Ярашэвіч, Алена Філатава, Валянціна Грыгор’ева (Яноўская), Андрэй Самусік, Вячаслаў Шалькевіч, Людміла Карнілава, Ігар Ганчарук, Эдмунд Ярмусік, Алесь Смалянчук, Тамара Блінова, Ігар Фёдараў, Янка Трацяк, Міхаіл Дабрынін, Мікалай Гайба і інш. Кансультацыйную дапамогу аказала Гродзенская дыяцэзія.
Юрый Бажэнаў,
загадчык рэдакцыі навуковага і літаратурнага кантролю выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя»
|
|
|