Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя

СВЯТЫ ЯН НА ПАТМАСЕ
Мастацтва

«КРЫЖУ ТВАЙМУ ПАКЛАНЯЕМСЯ...»
Пераклады

АЙЦЕЦ АНТОНІУ ВІЭЙРА

ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ, АСВЕЧАНЫ МАЦІ БОЖАЙ

ВЕРШЫ
На шляху веры
In memoriam
Паэзія

ВЕРШЫ
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

КНІГА, ПОЎНАЯ СВЯТЛА
Нашы святыні
На кніжнай паліцы

Валеры БУЙВАЛ

АЙЦЕЦ АНТОНІУ ВІЭЙРА

Айцец Антоніу Віэйра (1608–1697) — выдатная асоба ў партугальскай і бразільскай гісторыі і культуры. Няпроста пералічыць сферы дзейнасці і творчасці, у якіх ён вызначыўся незвычайнымі дасягненнямі: Віэйра быў тэолагам, місіянерам, літаратарам, прамоўцам, дыпламатам, ваенным стратэгам, дзяржаўным і гаспадарчым дзеячам, каралеўскім дарадцам... Святар-езуіт насуперак норавам сваёй эпохі смела бараніў правы чалавека і правы народа. Індзейцы — аўтахтоннае насельніцтва Бразіліі (у той час калонія Партугаліі) — дагэтуль захоўваюць удзячную памяць аб Віэйры, які нёс ім Слова Божае і самаахвярна змагаўся супраць прыгнёту і эксплуатацыі, несправядлівасці і эгалітарызму каланіялістаў. Вялікі патрыёт, ён бачыў родную Партугалію свабоднай і незалежнай краінай, цэнтрам хрысціянскай цывілізацыі. Усю сваю творчую энергію ён аддаваў здзяйсненню гэтай ідэі. Ужо пры жыцці ён уславіўся ў Старым і Новым Свеце, але адмовіўся ад высокіх дзяржаўных тытулаў і не прыняў біскупскай тыяры, каб зноў вярнуцца ў джунглі Амазонкі да сваіх любых «дзяцей» — індзейцаў.

Антоніу Віэйра нарадзіўся ў Лісабоне, але ў маленстве трапіў у Бразілію, дзе вучыўся ў езуіцкіх навучальных цэнтрах, а ў 1635 г. прыняў сакрамэнт святарства. Ужо ў маладосці ён плённа даследаваў біблейскія тэксты, напісаў каментарыі да трагедый Сенэкі і «Метамарфозаў» Авідзія. Падчас галандскай агрэсіі супраць Бразіліі ў 1640 г. ён упершыню выступіў з палымянай патрыятычнай прамовай «За перамогу партугальскага войска». У тым жа годзе Партугалія вярнула сабе незалежнасць пасля 80-гадовага перыяду каланіяльнай залежнасці ад Іспаніі. Віэйра накіраваўся ў Лісабон як прадстаўнік бразільскага грамадства, каб запэўніць новую дынастыю ў вернасці бразільскіх каланістаў. Пры двары караля Жоаў ІV святар служыў выхавацелем нашчадка, прыдворным прапаведнікам, членам каралеўскай рады. Падчас абарончай вайны супраць Іспаніі ён прыняў чынны ўдзел у распрацоўцы стратэгічных планаў, якія прывялі да бліскучых перамогаў партугальскай арміі і флоту. Віэйра адыграў таксама цэнтральную ролю ў станаўленні нацыянальнай банкаўскай сістэмы і Бразільскай гандлёвай кампаніі. Святар смела крытыкаваў суровыя метады інквізіцыі і выступаў з патрабаваннямі роўнай адказнасці ўсіх грамадзянаў перад дзяржавай (за універсальную падаткавую сістэму). Кароль выпраўляў яго з дыпламатычнымі місіямі ў Парыж, Гаагу, Лондан і Рым. Падчас побыту ў Рыме (1669–1675), куды Віэйра накіраваўся ад пераследу партугальскай інквізіцыі і скарумпаваных прыдворных новага караля Афонсу VI, яго вельмі прыхільна сустрэлі Папа Клямент Х, кардыналы, генерал езуіцкага ордэну, вялікі прапаведнік Аліва і шведская каралева Крыстына (якая адмовілася ад трону ў сваёй пратэстанцкай краіне, прыняўшы каталіцызм). Усе былі ў захапленні ад ягонага красамоўства. Але Віэйра адмовіўся ад сваіх еўрапейскіх трыумфаў, каб зноў і зноў вяртацца ў Бразілію. Святар вёў душпастырскую працу сярод індзейцаў, прайшоўшы тысячы кіламетраў у пушчах тропікаў, арганізоўваў пераклад і выданне на мясцовыя мовы літургічных тэкстаў. Ягоныя выступы ў абарону індзейцаў выклікалі нянавісць рабаўладальнікаў, судовы пераслед і несправядлівыя абвінавачванні. Афіцыйная рэабілітацыя праведніка адбылася толькі пасля яго смерці.

Антоніу Віэйра — аўтар многіх тэалагічных твораў: каментараў да святых тэкстаў, казанняў, ружанцовых разважанняў, у якіх раскрыўся вялікі літаратурны талент прапаведніка. Даследчыкі называюць яго найярчэйшай зоркай партугальскага пісьменства XVII стагоддзя. Непахісная вера, маляўнічасць вобразаў, спалучэнне глыбокай духоўнасці і жыццёвага досведу — неад’емныя рысы ягоных твораў. З «Казаннем на свята Нараджэння Панны Марыі» Віэйра выступіў у касцёле езуіцкага калегіума бразільскага горада Сао Луіс ду Мараньяо ў 1657 г. Жыццё і творчасць прапаведніка, безумоўна, адпавядаюць накрэсленаму ім жа самім хрысціянскаму ідэалу асобы: «Мы вернемся з душамі, поўнымі святла...»

Гл. таксама:
Антоніу ВІЭЙРА. «КАЗАННЕ НА СВЯТА НАРАДЖЭННЯ ПАННЫ МАРЫІ»


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY