Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя

СВЯТЫ ЯН НА ПАТМАСЕ
Мастацтва

«КРЫЖУ ТВАЙМУ ПАКЛАНЯЕМСЯ...»
Пераклады

АЙЦЕЦ АНТОНІУ ВІЭЙРА

ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ, АСВЕЧАНЫ МАЦІ БОЖАЙ

ВЕРШЫ
На шляху веры
In memoriam
Паэзія

ВЕРШЫ
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

КНІГА, ПОЎНАЯ СВЯТЛА
Нашы святыні
На кніжнай паліцы

Данута БІЧЭЛЬ

ТОЙ, «ХТО АДАРУЕ ВОЧЫ Ў ВОЧЫ БОГА НА НЕБЕ...»

Перад Унебаўзяццем Найсвяцейшай Панны Марыі, 14 жніўня, у суботу, у Кракаве памёр сусветна вядомы паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Чэслаў Мілаш. Яго пахавалі 27 жніўня ў Крыпце Заслужаных, што знаходзіцца ў кляштары айцоў паўлінаў на Скалцы. Там спачываюць Ян Длугаш, Юзаф Крашэўскі, Караль Шыманоўскі, Адам Аснык, Станіслаў Высьпянскі і іншыя вядомыя палякі.

Чэслаў Мілаш сваёй творчасцю здолеў даказаць, што ў паэзіі няма немагчымага. Сам сябе паэт назваў годным сынам Адама Міцкевіча.

Як Адам Міцкевіч, Чэслаў Мілаш нарадзіўся ў летапіснай Літве, якую любіў, як маці. Ён прыйшоў на свет 30 чэрвеня 1911 года ў засценку Шэтэйны на Віленшчыне ў шляхотнай сям’і, меў шчаслівае дзяцінства. Дом быў запоўнены любоўю блізкіх людзей і рознымі жывымі істотамі. Паэт успамінаў, што на печы жыў пугач, які ноччу лётаў па доме і не даваў спаць.

Уся Віленшчына ведала і паважала дзеда будучага паэта Зыгмунта Куната. Брат Чэслава Андрэй успамінаў, што калі яны пасля доўгіх блуканняў наведалі родныя мясціны, адна бабуля каля касцёла кінулася цалаваць Чэславу рукі – не таму што ён паэт і лаўрэат Нобелеўскай прэміі, а таму што «дзед вярнуўся». Чэслаў напісаў пра дзеда цудоўны верш, змешчаны ў кнізе «Тое», што выйшла ў Кракаве ў 2000 г.

Сакрэт дзедавай натуры відаць
на фатаграфіі дзеда, калі яму было
шэсць гадоў.

Шчаслівы хлопчык, жэўжык,
праз скуру яго свеціцца вясёлая шустрая душа.

Фатаграфія з шасцідзесятых гадоў XVIII веку,
і я сам пад старасць выбіраюся
пагуляць з дзедам у яго дзіцячыя гульні.

Над возерам, у якое ён кідае каменьчыкі,
пад ясенямі, якія знойдуцца ў маіх вершах.

Кунаты лічыліся кальвінскай шляхтай,
што пахне снабізмам, бо ў нас на Літве
найбольш адукаванымі былі кальвіністы.

Сям’я перайшла ў каталіцтва каля 1800 году,
але не захавалася вобраза дзеда
ў касцёльнай лаўцы ў Святаброддзі.

Ніколі, аднак, не чулі дрэннага слова
пра ксяндзоў, ані парушэння звычаяў.

Студэнтам Вышэйшай Школы ў Варшаве
танцаваў на балях і чытаў творы
эпохі пазітывізму.

Сур’ёзна вывучаў арганічную хімію,
таму ў Шэтэйнах пачаў вырабляць
сукно, дык я гуляў у пакоях, дзе
стаялі станкі вальцавання.

Ветлівым быў да малых і вялікіх,
багатых і бедных, меў дар выслухаць кожнага.

Калі Оскар Мілаш пазнаёміўся з ім
у Коўне ў 1922 годзе, назваў яго
французскім шляхціцам васемнаццатага веку.

Знешні выгляд дзеда не паказвае
душы, у якой схавана сапраўдная
дабрыня і мудрасць.

Думаючы, як жа цяжка цягнуць
карэнні, маю хвіліну адхлання,
калі ўспамінаю майго дзеда,
нешта ж ад яго атрымаў і я, –
то не зусім я без вартасці.

Называлі яго «літваманам»,
а ці ж не ён пабудаваў школу ў Легмядзі,
ці ж не ён аплочваў літоўскага настаўніка?

Любілі яго літоўцы, палякі і габрэі,
меў павагу ў навакольных вёсках.


(Тыя вёскі праз колькі гадоў па яго смерці
вывезлі ў Сібір,
таму цяпер там роўная пустка).


З усіх кніжак любіў успаміны Якуба Гейштара,
таму што ў іх апісваецца
дакладна наша даліна Нявежы
між Кейданамі і Кракінавам.

У маладосці я не цікавіўся гэтым,
бо што мне да таго, што было даўно,
толькі будучыня мяне хвалявала.

Сёння прагна чытаю гэтыя ўспаміны,
навучаны, што назвы мясцін,
паваротаў дарог, пагоркаў, паромаў на рэках
маюць вялікую вартасць.

Як трэба цаніць і правінцыю, і дом,
і даты, і след мінулых людзей.


Каліфарнійскі вандроўнік, талісман мой –
здымак пагорка, дзе ў Святаброддзі пад дубамі
спяць дзед Зыгмунт Кунат,
прадзед Шыман Сырус і яго жонка Эўфразына.

Калі ў 1981 годзе Чэслаў Мілаш вярнуўся з Амерыкі ў Польшчу, яго спыталі пра мову. Ён адказаў, што зручна карыстацца мовай таго краю, дзе даводзіцца жыць. Ён выкладаў курс літаратуры ў Бэрклі па-ангельску, але вершы пісаў на польскай мове і казаў, што найлепшая польская мова на Віленшчыне. Я слухала гэтае прызнанне па радыё: у Мілаша было мяккае крэсовае вымаўленне і прыгожы голас...

Польскі крытык Войцех Карпінскі пісаў у 1980 г.: «Як так сталася, што добрая польская мова паэта на выгнанні прайшла праз нейкае дзіўнае дыстыляванне, ачышчэнне, спрашчэнне, а заадно пашырэнне: быццам Мілаш зразумеў, што гэта ён – той нашчадак літаратурных традыцый усёй Рэчы Паспалітай. У яго мове змяшалася старапольская з літоўскай, лацінай, з мовай старажытных беларускіх летапісаў, з мовай Ісы, Ляўды, зямлі Ульры і Патмаса, Літвы і Каліфорніі»...

Вось як пісаў сам паэт пра гэта ў вершы «Мая верная мова»:

Я служыў табе.
На ноч ставіў перад табой місачку з кветкамі,
каб ты мела і бярозку, і зялёнага коніка,
і снегіра,
якія жылі ў маёй памяці.

І так праз гады.
Была ты радзімай маёй, а іншай не меў.
Думаю, што будзеш маёй сувязной
паміж мной і добрымі людзьмі, –
няхай іх будзе дваццаць, дзесяць,
а нават, калі яны яшчэ не нарадзіліся...

Ёсць шмат агульнага ў Міцкевіча і Мілаша. Яны абодва ў дзяцінстве цяжка хварэлі. Маці абодвух будучых паэтаў ахвяравалі сваіх сыноў у апеку Маці Божай, якая іх уратавала і ўсё жыццё імі апекавалася.

Як і Адам Міцкевіч, Чэслаў Мілаш вучыўся ў Віленскім універсітэце. Там упершыню выступіў у друку і выдаў першы зборнік вершаў «Тры зімы» (1936 г.). Спачатку паступіў на філалагічны, але, як сказаў брат Андрэй, там былі надта прыгожыя дзяўчаты, то Чэслаў перавёўся на факультэт права, каб не зводзіць дзяўчат. «Ёсць у аўры Вільні нешта магічнае, маладосць пражыць у такім горадзе – скарб на ўсё жыццё...» – сказаў Чэслаў Мілаш.

У адрозненне ад Адама Міцкевіча, якога высылалі ў Адэсу і Маскву, Чэслаў Мілаш пераехаў у 1937 годзе ў Варшаву, дзе акунуўся ў літаратурнае жыццё як адзін з лідэраў «катастрафізму», «другога авангарду».

«Паэзія была залішне рафінаванай, некаторыя тэмы забаранялася кранаць пэўнай паэтычнай канвенцыяй. Бунт маладых паэтаў ХХ стагоддзя быў скіраваны супраць залішне ўпарадкаванай метрычнай сістэмы паэзіі. Чым мець такі парадак, лепей «заіканне авангардыстаў»», – пісаў Чэслаў Мілаш у «Лекцыі па літаратуры».

Мілаш разбураў класічную прыгажосць паэзіі, але вопыт Міцкевіча браў у свой будынак паэзіі, дзе ўсё сціскаецца, як сырая гліна, да скамянеласці. «Трымае сябе на кароткім павадку». «Трымаць сябе на кароткім павадку – з аграмаднай магмы рэчаіснасці вырваць малы кусок, якім можна авалодаць», – такое было і ў класіцызме. Уменне напісаць «Пана Тадэвуша» ў эміграцыйным хаосе, калі сціраліся злыя межы прызначэння – гэта таксама ўменне «трымаць сябе на павадку», – зазначыў паэт у той жа «Лекцыі па літаратуры».

Магчыма, каб «Тэалагічны трактат» і асабліва «Паэтычны трактат» трапілі ў мае рукі тады, калі былі створаны, а не ў 1998 годзе, я не мела б ад іх прачытання такой асалоды. Асабліва ад «Паэтычнага трактата» (1957 г.). Чытаю пра паэтаў Варшавы, якія гінулі, а «іх вершы былі малітвай мужнасці».

Вывучаю гісторыю польскай паэзіі па паэме Ч. Мілаша: пра кожнага паэта тры радкі. Вацлаў Баярскі загінуў, ускладаючы кветкі да помніка Каперніку, Крыштаф Бачынскі – у першыя дні паўстання, Тадэвуш Гайцы – ва ўзарваным будынку... Усе гэтыя хлопцы былі маладзейшыя за Чэслава Мілаша.

Паэзія дапамагла Ч. Мілашу перажыць вайну і пасляваенны час.

Услед за Адамам Міцкевічам, праз стагоддзе, Чэслаў Мілаш едзе ў Парыж, дзе працуе ў польскай амбасадзе аташэ па культуры. Калі ў 1951 г. трэба было вяртацца дамоў, Мілаш адмовіўся, убачыўшы, што ні маёмасць, ні талент, ні розум у паваеннай сацыялістычнай Польшчы не належаць іх уладальнікам.

Чэслаў Мілаш супрацоўнічаў з выдавецтвам «Maisons Laffitte» і з часопісам «Культура», які на польскай мове выдаваў Ежы Гедройц. Згадаем, што Адам Міцкевіч з Парыжа выправіўся ў Канстанцінопаль, дзе загінуў. Чэслаў Мілаш у 1960 годзе выехаў у Штаты. У Каліфорніі, у Бэрклі, выкладаў літаратуру. Быў прафесарам Каліфарнійскага універсітэта, доктарам honoris causa Мічыганскага універсітэта.

Калі пасля атрымання Нобелеўскай прэміі Ч. Мілаш наведаў Польшчу, у яго спыталі, які ў яго творчасці быў найлепшы час. Паэт адказаў, што яму добра было ў поўнай самоце, бо ён – чалавек прыватны, камерны, яго бянтэжыць лішні шум вакол яго асобы... Ад прыроды ён быў нясмелы, нерашучы, але яму выпаў надта цікавы лёс...

Самотнасць дазваляла Мілашу ствараць паэзію, скіраваную на іншага чалавека, уплятаць у верш галасы гісторыі, даваць слова памерлым, рабіць прыемнае ценям.

«Паэт піша не для сучаснікаў, а для тых, хто ідзе за імі», – казаў Іосіф Бродскі, і Чэслаў Мілаш паўтараў гэтую думку. Часопіс «Палітыка» змясціў кароткае эсэ нямецкага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі за 1999 г., Гюнтэра Граса, які паходзіць з Гданьска. Ён напісаў: «Страта родных мясцін – гэта цудоўнае рэчыва, якое дапамагае творцу. Настальгія штурхае да творчасці, а творчасць ураўнаважвае страты...» У Бэрклі Чэслаў Мілаш меў прыгожы дом на Мядзведжай горцы, але сумаваў па доме дзяцінства, хоць калі пра гэта з ім размаўлялі, пераводзіў усё на жарты.

Калі ў Польшчы ў 1981 годзе ў яго спыталі, што ён сам думае пра Нобелеўскую прэмію, ён адказаў, што да гэтай прэміі ён не рыхтаваўся, бо з юнацтва думаў, што яна ёсць труною... А калі ўсур’ёз, то, каб у Амерыцы ён быў толькі добрым польскім паэтам, гэтага было б замала на такую ўзнагароду... Ён быў звестуном добрай навіны, сувязным міжкантынентальнай паэзіі.

«Брала мяне Еўропа ў свае цёплыя абдымкі, яе камяні, абчэсаныя рукамі мінулых пакаленняў, абагулены воблік яе твару ў драўляных статуях, у жывапісе, у золаце вышыванак, у старажытных заклінаннях, мне хацелася бараніць яе ад хваробы разбурэння – родную мне Еўропу. Здаецца, гэтыя краявіды я ведаў да свайго нараджэння...» («Родная Еўропа», 1959 г.).

У 1955 годзе Ч. Мілаш напісаў біяграфічную і разам з тым філасофскую аповесць «Даліна Ісы» – найбольш папулярны твор сярод эміграцыі. Гэтай аповесцю сам аўтар і яго чытачы лячыліся ад настальгіі. Адзін амерыканскі крытык сказаў: «Каб Мілаш не стварыў ніводнага верша, то і так быў бы вялікім паэтам, бо напісаў „Даліну Ісы”».

Паміж «Паэтычным трактатам» (1957 г.) як літаратурным прызнаннем веры і цыклам «Дзе ўзыходзіць сонца і куды заходзіць» (1974 г.) як трактатам гістарычным ці прызнаннем веры ў культуры развіваецца цудоўная творчасць у зборніках «Кароль Попел» (1962 г.), «Гуця зачараваны» (1965 г.), «Места без імені» (1969 г.) – у творчасці Мілаша чуваць матывы Міцкевічавага рамантызму – вернасці духоўнай радзіме, яе безабароннасці, жаданне ратаваць яе ад няшчасцяў.

Чэслаў Мілаш выступаў таксама і ў ролі таленавітага сувязнога паміж народамі і літаратурамі. Ён пераклаў вершы Оскара Мілаша (1877 – 1939), які быў добрым французскім паэтам і яго родзічам. У г. Фантэбле, дзе ён пахаваны, ёсць плошча Оскара Мілаша. У вайну Чэслаў Мілаш пераклаў і ўклаў анталогію англамоўных паэтаў. Пераклаў таксама «Зямлю бясплодную» Эліёта. Напісаў на ангельскай мове «Гісторыю польскай літаратуры».

Каб перакласці «Псальмы», «Евангелле ад Марка», «Кнігу Эклезіяста», «Кнігу Ёва», Чэслаў Мілаш два гады вывучаў грэцкую мову, а габрэйскую ён ведаў з дзяцінства.

На адной творчай сустрэчы ў Кракаўскім універсітэце студэнт спытаў у паэта, як ён стварае вершы: сядае і піша, не думаючы, што атрымаецца, ці ведае наперад, аб чым будзе пісаць. Паэту спадабалася пытанне. Ён адказаў, што ведае заўсёды, аб чым пісаць і як пісаць. Але каб сесці і напісаць адразу – такое бывае рэдка. Часам тры месяцы, а часам і больш аддаецца аднаму вершу. Заўсёды вядомы першы радок, яго паэту дае Бог, а далей – нейкі «дэманчык» падбівае паэта пісаць, а сам збоку назірае, як чалавек пакутуе...

Пасля трыццаці гадоў эміграцыі Чэслаў Мілаш вярнуўся ў Польшчу і выбраў Кракаў, у якім ніколі раней не жыў. Кракаў паэту спадабаўся, бо там людзі спакойныя і сур’ёзныя. Паэт часта піў каву на кракаўскім рынку. З жонкай Караль ён бываў у кавярні «Гулівер» – звычайна яны сядалі за адзін і той жа столік. У апошні час Мілаш вёў рубрыку «Літаратурная камора» ў каталіцкім тыднёвіку «Tygodnik Powszechny», але незадоўга да смерці сам яе перапыніў і развітаўся з чытачамі. Гэты апошні год жыцця паэт мала выходзіў з дому – адчуваў смерць і хацеў памерці ў сваім доме. Быў прыкладам старасці, якая ўсіх сагравае сваім апошнім цяплом. Імкнуўся прымірыцца са светам і з Панам Богам, таму што ў маладосці бываў калючым. «Час – глыбокая студня, у якую, калі падаеш, то ляціш доўга». Паэт быў голасам тых, каму голасу не давалі. Любіў паэтаў, напісаў на развітанне з многімі прыгожыя вершы. «Паэт – гэта лапата, якая капае чорную зямлю, і зранены гэтай лапатай крот...» – напісаў у прысвячэнні Тадэвушу Ружэвічу.

У літаратурнай гаспадарцы Мілаш быў яе шматгалоссем, авангардам, прарокам, гігантам думкі і справы.

Калі святкаваў сваіх 90 гадоў у канцы чэрвеня 2001 г., першая праграма польскага тэлебачання паказала на ўвесь экран яго прыгожы твар у вянку з польных зёлак, а на падваконні сядзеў чорны кот з жоўтымі вачыма. Пад балконам у цішыні, якая бывае ў святынях, стаялі паломнікі – аматары яго творчасці. Містычна і я была сярод іх. Маю двайную ахову душы: блізка да сэрца – Багдановіч, Геніюш, Брыль, а за імі – польскамоўныя тутэйшыя творцы, якія ратавалі мой дух ад камуністычнай заразы, давалі мне па кроплі расіцы сваіх душаў, прыкрывалі адкрытыя раны сілаю слова – генезіс продкаў.

«Чытач, будзь талерантным да мяне, як да сябе, як да ўсіх праяваў людскога роду» («Зямля Ульра», 1977 г.). Чэслаў Мілаш развітаўся з паклоннікамі свайго таленту кнігай вершаў «То» – «Тое» – у 2000 г. Развітаўся з Вільняй, з жыццём, але застаўся ў паэзіі ўсіх часоў і народаў жывым з жывымі. «Як памру, буду аглядаць падшэўку свету».

Гл. таксама:
РАЗВІТАННЕ З ЧЭСЛАВАМ МІЛАШАМ


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY