|
|
№
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
На шляху веры
In memoriam
Паэзія
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
|
«На рацэ Брадніцы, прытоку ракі Шчары, знаходзіцца малое мястэчка Мядзведзічы — не адметнае ані прамысловасцю, ані гандлем, ані падзеямі гістарычнымі, але вядомае гарачай верай народа, шчыра адданага Каталіцкаму Касцёлу... Пасярод сасновых лясоў знаходзіцца гэтая мясціна», — менавіта так пісаў ксёндз Юзафат Жыскар у сваёй працы1 па гісторыі касцёлаў Мінскай губерні пра вёску Мядзведзічы (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэскай вобласці). Мястэчка Мядзведзічы вельмі старажытнае. Упершыню яно згадваецца ў пісьмовых крыніцах XV ст., да 1483 г. было вядомае як сяло Мядзведзіца, што належала віленскаму біскупу. У XVI ст. паступова ператварылася ў мястэчка Мядзведзічы, цэнтр воласці Наваградскага павета. У канцы XVIII ст., калі беларускія землі былі далучаны да Расійскай імперыі, мястэчка было канфіскавана расійскімі ўладамі і імператар Павел I падараваў яго разам з маёнткам Савейкі генералу Л. Бенігсену. У Мядзведзічах знаходзіўся адзін з самых старажытных касцёлаў на Беларусі, які мае адметную гісторыю. Упершыню ім зацікавіўся Ян Ходзька, які ў сваёй грунтоўнай працы «Гісторыка-статыстычны нарыс аб рыма-каталіцкіх касцёлах у Мінскай дыяцэзіі» (1845г., выд. 1998 г.) прысвяціў мядзведзіцкаму касцёлу асобны невялікі раздзел. Ходзьку не ўдалося знайсці дакументы, якія б дапамаглі высветліць дакладную дату першай фундацыі гэтай святыні. Ён лічыў, што фундацыя адбылася ў XVI ст.; спачатку была пабудавана мураваная святыня, але яна была спалена і зруйнавана ў час наезду татараў. Ян Ходзька пісаў, што касцёл быў зруйнаваны ў 1521 г. «Калі мінула некалькі дзесяцігоддзяў, тагачасны віленскі біскуп Павел, князь Гальшанскі, прызначыў спецыяльную камісію для пошукаў і зацвярджэння фундуша мядзведзіцкага касцёла. Пасля падрабязнага высвятлення абставін той жа біскуп з віленскай капітулай паўторным фундушавым запісам 1541 г. у суботу па дню св. Якуба Апостала датаваным, новы касцёл на падмурках даўняга загадаў пабудаваць»2. Ксёндз Юзафат Жыскар таксама не здолеў высветліць, калі адбылася першая фундацыя. Ён, як і Аляксандр Ельскі, лічыў, што драўляны касцёл на падмурках старога мураванага пабудаваў у 1645 г. віленскі біскуп князь Радзівіл3.
Паўторная фундацыя парафіі ў Мядзведзічах адбылася ў 1545 г. У касцёльных візітах XVIII – XIX стст. ёсць інфармацыя, што ў касцёльным архіве знаходзіўся арыгінал гэтага фундушавага запісу. Далейшы лёс каталіцкага храма на працягу XVI – XVIII стст. малавядомы, таму што захавалася няшмат пісьмовых крыніц па яго гісторыі. Большасць даследчыкаў мядзведзіцкага касцёла лічаць, што драўляная святыня, пабудаваная ў XVI ст., праіснавала да пачатку XX ст. і была разбурана, калі пачалося будаўніцтва новага мураванага храма. Праўда, у інвентары 1796 г. гаворыцца, што мядзведзіцкі касцёл быў «erygowany» ў 1630 г.5, а ў іншых, больш ранніх і больш позніх дакументах, гэтая падзея не згадваецца.
У інвентары даволі падрабязна апісаны інтэр’ер касцёла. Над уваходам знаходзіліся драўляныя хоры, дзе быў невялічкі арган. Галоўны драўляны алтар сніцарскай работы быў двух’ярусны, у першым ярусе знаходзіўся абраз укрыжаванага Пана Езуса, а ў другім — абраз Святой Тройцы на палатне. З бакоў алтар упрыгожвалі статуі св. Пятра і св. Паўла. З левага боку знаходзіўся другі разьбяны драўляны алтар, у якім змяшчаўся абраз Звеставання, аздоблены срэбранай шатай. У інвентары адзначана, што гэты алтар меў разьбяныя драўляныя капітэлі, з другога боку знаходзіўся алтар з выявай св. Антонія з Падуі. Акрамя таго, у касцёле мелася яшчэ пяць асобных абразоў «на палатне маляваных, да сцен прыбітых»7. Пад будынкам касцёла знаходзіліся вялікія мураваныя склепы. Побач з касцёлам была пабудавана драўляная брама-званіца, якая мела чатыры званы. Вакол касцёла знаходзіліся парафіяльныя могілкі, абнесеныя драўляным парканам. Побач з могілкамі, літаральна за некалькі крокаў ад іх, стаяў невялікі драўляны будынак шпіталя, а непадалёку — драўляны комплекс пабудоў плябаніі. Акрамя даволі вялікага жылога будынка, там былі драўляныя гаспадарчыя пабудовы: памяшканне для чэлядзі, два свірны, стайня, бровар, лядоўня, хлявы, абора, два гумны і інш. Побач з будынкамі плябаніі знаходзіліся невялікія сады і агароды. Мядзведзіцкай плябаніі належалі юрыздыкі ў мястэчку, а таксама тры вёскі: Гарадзішча, Кулені, Хаўхуны. Мядзведзіцкая парафія з ўсходу і з поўдня межавала з клецкай, з захаду — з крывошынскай, з поўначы — з ляхавіцкай парафіямі.
У касцёльным архіве знаходзіліся старажытныя дакументы, якія, безумоўна, уяўлялі значную гістарычную каштоўнасць (дарэчы, яны былі напісаныя не толькі на лацінскай і польскіх мовах, але і на старабеларускай). У апісанні архіва падкрэсліваецца, што першыя фундацыйныя дакументы мядзведзіцкай плябаніі цалкам загінулі падчас татарскага нашэсця9. Пазнейшыя дакументы тычацца фундуша віленскага біскупа князя Паўла Гальшанскага і паўторнай пабудовы мядзведзіцкай плябаніі паводле консенса Віленскай капітулы10. Акрамя гэтага, у касцёльным архіве захоўваліся арыгіналы дакументаў XVII – XVIII стст., у тым ліку на пацвярджэнне старых фундушаў, атрыманне новых земляў, дзесяцін з двара Мядзведзічаў, на замену земляў і іншыя, якія былі выданы віленскімі біскупамі. Наступная візіта касцёла датавана 1796 г.11 У інвентарным апісанні даводзіцца, што касцёл старажытны, у параўнанні з папярэднім інвентаром яго стан палепшыўся (ён быў пакрыты новым гонтавым дахам, а сцены ўмацаваны жалезнымі рэбрамі). У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захаваліся вельмі цікавыя візіты і інвентары касцёла ў Мядзведзічах, датаваныя першай паловай XIX ст. У інвентары за 1824 г. ёсць звесткі пра тое, што было скончана будаўніцтва новай драўлянай плябаніі і будынка шпіталя, у прыватнасці, яны апісаныя як нанава збудаваныя. Пазначаны таксама і даты будаўніцтва новых гаспадарчых пабудоў, якія належалі парафіі. Дарэчы, у гэтых інвентарах яшчэ згадваюцца старыя могілкі побач з касцёлам, але на пачатку XIX ст. былі створаны новыя парафіяльныя могілкі па-за межамі мястэчка12. Апошняе візітнае апісанне старажытнага мядзведзіцкага касцёла ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі датавана 1867 г. У гэтай візіце сказана, што ў 1851 г. касцёл быў адрамантаваны і накрыты новым гонтавым дахам. Званіца таксама была адрамантаваная і адзначана як «даволі трывалая». У гэтай візіце ёсць дакладная дата будаўніцтва плябаніі — 1812 год. Акрамя таго, даецца падрабязнае апісанне і гаспадарчых будынкаў: гумна, свірна, стайні, хлявоў13.
Новы касцёл, які стаіць і сёння, пабудаваны з цэглы ў распаўсюджанай тады эклектыцы. Гэта трохнававая базыліка, цэнтральная нава якой завершана пяціграннай алтарнай часткай, з закрыстыямі па баках. Галоўны фасад храма мае ступенчатую ярусную кампазіцыю з пластычнымі па малюнку валютамі. Будынак завяршае двух’ярусная вежа з высокім гранёным шатром. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ёсць адзін з самых каштоўных дакументаў па гісторыіі мядзведзіцкага касцёла — «Інвентарны вопіс мядзведзіцкага рыма-каталіцкага парафіяльнага касцёла», складзены 22 снежня 1913 года16. У ім дакладна апісаны стан новай святыні: «Касцёл мураваны з 26 вокнамі, накрыты цынкавай бляхай, даўжынёю 15 саж., ушырыню 10 саж., а ўнутры 8 саж. вышынёй. З двухпавярховай вежай, таксама накрытай цынкавай бляхай, у якой размешчана 3 званы з старога касцёла. Усярэдзіну касцёла вядуць 6 дзвярэй: ад фронта галоўныя і бакавыя двухстворкавыя дзверы для вернікаў, справа – у капліцу, у закрыстыю. Пры галоўным уваходзе злева дзверы вядуць на хоры, а адтуль – на званіцу. Пры гэтым жа ўваходзе справа і злева мармуровыя пасудзіны для св. вады, ахвяраванне Станіслава Татарыновіча з вёскі Лапанічы, знаходзяцца з левага боку бакавых дзвярэй. З правага боку ўнутры касцёла размяшчаецца каля сцяны адзін канфесіянал; прастора касцёла падзелена каменнымі калонамі на тры часткі, на якія абапіраюцца ўсе скляпенні; паміж імі з аднаго і з другога боку стаяць па тры лавы для вернікаў. У правай частцы касцёла – амбона са штучнага мармуру. Да скляпенняў пасярэдзіне прымацаваны 4 вяроўкі, на якіх вісяць 2 бронзавыя пазалочаныя люстры, лампадка бронзавая пазалочаная вагою 1 пуд і газалінавая лямпа; з бакоў таксама да скляпенняў прымацаваны па вяроўцы з газалінавымі лямпамі; на сценах намалявана 12 крыжоў у гонар асвячэння касцёла, пад якімі прымацаваны малыя бронзавыя падсвечнікі з прызмамі. Галоўны або вялікі алтар рэнесанснай архітэктуры з штучнага мармуру, у якім знаходзіцца абраз святых апосталаў Пятра і Паўла, а на другім паверсе – Найсвяцейшай Дзевы Марыі з Дзіцяткам Езусам. Увесь алтар заканчваецца крыжам. Акрамя галоўнага алтара маюцца яшчэ 2 часовыя драўляныя, з правага боку над табэрнакулюмам размяшчаецца гіпсавая статуя Беззаганнага Зачацця Божай Маці. Над гэтай статуяй знаходзіцца абраз Перамянення Пана ў золатабронзавай раме, дар Татарыновічаў з вёскі Куршынавічы; з левага боку над табэрнакулюмам знаходзіцца статуя Сэрца Езуса Хрыста, а над ёю абраз св. Роха ў золатабронзавай раме. Па праваму боку каля ўвахода зроблена месца для падсвечнікаў і ліхтароў. На сценах вісяць 14 абразоў з мазаікавай масы, ахвяраваных у 1913 г. доктарам Койцем з Вільні. Намаганнем ксяндза Яна Эйсманта ў 1912 г. зроблены віленскай фірмай Пятра Вайцэховіча арган з 2 клавіятурамі і педалам, на 17 галасоў і для адценняў ігры 8 рэгістраў са звычайнай структурай на фронце»17. Будынак плябаніі быў узведзены ў 1883 г. Побач з ім у 1907 г. узнялася каменная афіцына, а таксама стайня. Акрамя таго, захаваўся і стары драўляны будынак плябаніі, пабудаваны ў пачатку ХІХ ст., у якім жылі арганіст і парабак. У 1913 г. побач з плябаніяй быў пасаджаны сад, у якім расло каля 40 дрэў. Уся тэрыторыя сядзібы была абнесеная агароджай. У інвентары гаворыцца, што парафіяльныя могілкі знаходзяцца за 300 сажняў ад касцёла. Плошча іх складала каля 2 дзесяцінаў. З усіх бакоў яны былі абнесены драўлянай агароджай. Падкрэсліваецца, што каталіцкія могілкі былі адчынены і асвечаны ў 1814 г. Падрабязна пералічана ўся рухомая і нерухомая маёмасць. Ёсць звесткі аб дакументах па гісторыі касцёла, а таксама пералік метрычных кніг (самая старая датавана 1782 г.). У якасці дадатка інвентар мае шэраг фотаздымкаў самога касцёла і збудаванняў каля яго (гэта з’ява вельмі рэдкая: вядомы толькі адзінкавыя прыклады ілюстравання фотаздымкамі інвентароў і візітаў каталіцкіх святыняў на пачатку XX ст.). Вось як апісаў ксёндз Юзафат Жыскар настрой жыхароў Мядзведзічаў пасля адкрыцця і асвячэння новага касцёла: «І мясцовая парафія ўзнялася — люд ізноў імкнецца да святыні, з кожным годам лічба вернікаў усё павялічваецца, і па апошнім перапісе дасягнула 6560 чалавек. На новым касцёле напісаны цудоўныя словы «Gloria Deo», якія адраджаюць у памяці падзеі тую сілу, якая сярод людзей шмат цудаў рабіла, да геройскіх учынкаў кліча, а сіла гэта — не што іншае як наша старажытная вера каталіцкая». Далейшы лёс касцёла святых Пятра і Паўла ў мястэчку Мядзведзічы склаўся дастаткова ўдала. Ён не пацярпеў ні падчас сусветных войнаў, не трапіў у лік тых каталіцкіх святыняў, якія былі зачынены ўладамі. Беларускія даследчыкі ўпершыню зацікавіліся касцёлам як старажытным помнікам архітэктуры ў 1970-я гады. Тады мядзведзіцкі храм быў даследаваны спецыялістамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук. Былі выкананы яго архітэктурныя абмеры, зроблена падрабязная фотафіксацыя. У выніку гэтай работы касцёл быў уключаны ў «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» і прыняты пад дзяржаўную ахову. Такім чынам, касцёл святых Пятра і Паўла ў Мядзведзічах, перажыўшы шмат стагоддзяў, захаваўся да нашага часу. Ён з’яўляецца каштоўным помнікам культуры і дапамагае людзям захоўваць у сэрцах хрысціянскую веру.
Антон Дзянісаў,
студэнт IV курса гістарычнага факультэта аддзялення гісторыі і рэлігіязнаўства БДПУ імя Максіма Танка.
|
|
|