|
|
№
3(29)/2004
Падзеі
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
На шляху веры
In memoriam
Паэзія
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
Пераклады
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Нашы святыні
На кніжнай паліцы
|
VII
Дзень, з ранку спякотны і пагодны, каля паўдня зрабіўся пахмурным, з паўночнага ўсходу наплывалі цёмныя або медныя аблокі, не вельмі вялікія, але густыя, нібыта цяжарныя бурай. Паміж імі яшчэ віднеўся глыбокі блакіт, але няцяжка было прадбачыць, што неўзабаве і яны самкнуцца і закрыюць увесь небасхіл. А тым часам сонца рассыпала па іх краях агонь і золата. Над самым горадам і прылеглымі пагоркамі яшчэ цягнуўся шырокі кавалак пагоднага неба, а ўнізе не было нават нязначнага ветрыка.
На высокім узвышшы, празваным Галгофаю, ужо стаялі там і тут невялікія групы людзей, якія выперадзілі працэсію, што павінна была вырушыць з горада. Сонца асвятляла шырокія каменныя прасторы, пустыя, бясплодныя і сумныя. Іх аднастайны маціцовы колер перарывала толькі чорная сетка расколінаў і выгінаў, якая выглядала яшчэ чарнейшаю, калі ўзвышша залівала святло. На адлегласці віднеліся больш высокія пагоркі, таксама пустыя, прыхаваныя ў блакітнай імгле далечыні.
Ніжэй, паміж гарадскімі мурамі і Галгофаю, ляжала раўніна, дзе-нідзе пакрытая скаламі і не такая пустынная. Там са шчылінаў, у якіх сабралася крыху ўрадлівай глебы, выглядалі фігі з рэдкаю і ўбогаю лістотаю. Сям-там віднеліся пабудовы з плоскімі дахамі, прылепленыя, на манер ластаўчыных гнёздаў, да каменных сценаў, альбо пабеленыя магілы, якія здалёк адсвечвалі на сонцы. Цяпер, з прычыны набліжэння святаў і наплыву ў горад жыхароў правінцыі, каля муроў стаяла мноства буданоў і намётаў, якія ўтваралі цэлы лагер, запоўнены людзьмі і вярблюдамі.
Сонца ўсё вышэй узнімалася на чыстай, без адзінай хмаркі, прасторы неба. Набліжаўся час, калі на гэтых узвышшах звычайна панавала глухое маўчанне, бо ўсе жывыя істоты шукалі ратунку ў мурах або расколінах. Ды нават і цяпер, нягледзячы на незвычайнае ажыўленне, адчуваўся нейкі смутак у гэтым наваколлі, дзе чароўны бляск падаў не на зелень, а на шэрыя каменныя разлогі. Гоман далёкіх галасоў, што далятаў з боку муроў, быццам ператвараўся ў шум хваляў і, здавалася, раставаў у цішыні.
Асобныя групкі людзей, што зранку чакалі на Галгофе, увесь час паглядалі на горад, адкуль вось-вось павінна была вырушыць працэсія. Прыбыла лектыка з Антэяй у суправаджэнні некалькіх жаўнераў, прысланых пракуратарам, каб пракладваць дарогу ў цісканіне, а пакуль што прымушаць фанатычны натоўп, які ненавідзеў іншаземцаў, стрымлівацца ад знявагаў. Побач з лектыкай крочыў Цына ў суправаджэнні сотніка Руфіла.
Антэя выглядала быццам бы спакайнейшай і не такой напалоханай тым, што набліжаецца поўдзень, а значыць, пагроза страшных прывідаў, якія высмоктвалі з яе жыццё. Тое, што пракуратар гаварыў пра маладога Назарэя, захапіла яе розум і адцягнула ўвагу ад уласнага няшчасця. Бо для яе было ў гэтым штосьці дзіўнае, чаго яна не магла зразумець. Тагачасны свет бачыў нямала людзей, што паміралі так спакойна, як згасае пахавальнае вогнішча, у якім дагарэлі дровы. Але гэта быў спакой, які выцякаў з адвагі або філасофскай згоды з няўмольнаю неабходнасцю змены святла на цемру, сапраўднага жыцця на нейкі цьмяны, мізэрны і неакрэслены побыт. Ніхто дагэтуль не благаслаўляў смерць, ніхто не паміраў з непахіснаю ўпэўненасцю, што толькі па-за вогнішчам або магілаю пачынаюцца сапраўднае існаванне і шчасце такое моцнае і бясконцае, якое можа даць толькі ўсемагутная і бясконцая істота.
А Чалавек, якога збіраліся ўкрыжаваць, прапаведаваў гэта як несумненную ісціну. Антэю не проста зацікавіла гэтая навука, яна падалася ёй адзінаю крыніцаю бадзёрасці і надзеі. Яна ведала, што павінна памерці — і яе ахопліваў нязмерны жаль. Бо чым была для яе смерць? Расстаннем з Цынам, расстаннем з бацькам, расстаннем са святлом і каханнем, пустэчай, холадам, паўнябытам, змрокам. І чым лепш ёй магло быць у жыцці, тым большы мусіў быць яе жаль. Калі б смерць магла для нечага спатрэбіцца альбо можна было ўзяць з сабою хоць бы ўспаміны кахання, хоць бы памяць пра шчасце — яна б хутчэй змірылася.
І раптам, не чакаючы ад смерці нічога, Антэя пачула, што яна можа даць ёй усё. І хто гэта прапаведаваў? Нейкі дзіўны Чалавек, Настаўнік, Прарок, Філосаф, які патрабаваў ад людзей любові як найвышэйшай дабрадзейнасці, які благаславіў іх у хвіліну бічавання і якога павінны ўкрыжаваць. Антэя разважала: «Чаму Ён так навучае, калі адзіная плата Яму — крыж? Іншыя прагнулі ўлады — Ён яе не хацеў, іншыя прагнулі багацця — Ён заставаўся бедным, іншыя прагнулі палацаў, баляванняў, раскошы, пурпурнага адзення, аздобленых перлінамі і слановаю косцю павозак — Ён жыў як пастух. І пры гэтым прапаведаваў любоў, літасць, беднасць, а значыць, не мог быць нядобрым і свядома ашукваць людзей. І калі Ён гаварыў праўду — дык няхай будзе благаславёная смерць як заканчэнне зямной мізэрнасці, як замена горшага шчасця на лепшае, як святло для згасаючых вачэй і як крылы, на якіх ляцяць у вечную радасць!» Цяпер Антэя зразумела, што значыла абвяшчэнне змёртвыхпаўстання.
Розум і сэрца беднай хворай з усяе сілы прыгарнуліся да гэтай навукі. Яна яшчэ прыгадала словы бацькі, які часта паўтараў, што толькі нейкая новая праўда здолее вызваліць змучаную чалавечую душу з цемры і аковаў. А гэта і была новая праўда! Яна перамагала смерць, а значыць, несла збавенне. Антэя ўсёю душою так глыбока патанула ў гэтых думках, што Цына ўпершыню за шмат дзён не заўважыў на яе твары трывогі перад надыходам паўдзённай гадзіны.
Працэсія нарэшце вырушыла з горада да Галгофы — і з узвышша, на якім стаяла Антэя, яе выдатна было бачна. Сабраўся вялікі натоўп, але ён, здавалася, губляўся на гэтых каменных прасторах. З адчыненай брамы горада высыпала ўсё больш людзей, а па дарозе да іх далучыліся тыя, хто чакаў за мурамі. Спачатку яны ішлі доўгім карагодам, які паступова разліваўся нібы паўнаводная рака. Па баках круціліся чародкі дзяцей. Працэсія пералівалася і стракацела белымі апанчамі, пурпурнымі і блакітнымі жаночымі хусткамі. У сярэдзіне паблісквалі зброя і дзіды рымскіх жаўнераў, на якія сонечны бляск кідаў быццам бы лятучыя прамяні. Здалёк далятаў гоман змяшаных галасоў, які рабіўся ўсё больш выразным.
Нарэшце ўдзельнікі працэсіі наблізіліся — і першыя шэрагі пачалі падымацца на ўзвышша. Натоўп спяшаўся заняць самыя зручныя месцы, каб у драбніцах убачыць пакуты, таму аддзел жаўнераў, які суправаджаў асуджаных, усё больш адставаў ад працэсіі. Першыя прыбеглі дзеці, пераважна хлапчукі, паўголыя, з павязкамі на клубах, з выстрыжанымі галовамі, апрача двух пукоў валасоў на скронях,— смуглыя, крыклівыя, з амаль блакітнымі зрэнкамі. З дзікім віскам яны пачалі выкалупваць са шчылінаў скальныя абломкі, якімі збіраліся закідваць укрыжаваных. Адразу ж услед за імі на ўзвышэнні зараілася ад рознага люду. Твары пераважнай большасці былі распаленыя рухам і чаканнем відовішча. Ні на адным не бачна было і ценю літасці. Крыклівыя галасы, непамерная колькасць словаў, што выляталі з кожных вуснаў, гвалтоўнасць рухаў здзіўлялі Антэю, хаця яна і прывыкла ў Александрыі да балбатлівай грэчаскай жвавасці. Людзі размаўлялі тут так, быццам хацелі кінуцца адзін на аднаго; пераклікаліся, нібыта патрабуючы ратунку, спрачаліся, быццам з іх здзіралі скуру.
Цэнтурыён Руфілус, наблізіўшыся да лектыкі, даваў тлумачэнні голасам спакойным і службовым, а тым часам з горада наплывалі ўсё новыя хвалі. Цісканіна ўзмацнялася з кожнай хвілінай. У натоўпе відаць было заможных жыхароў Ерузалема, апранутых у паласатыя апанчы, якія трымаліся здалёк ад убогай галоты з прадмесцяў. Падышлі і шматлікія сяляне, якія разам з сем’ямі прыбылі ў горад на святы; земляробы, аперазаныя мяшкамі, і пастухі з добрымі і здзіўленымі тварамі, апранутыя ў казліныя скуры. Натоўпы жанчын цягнуліся разам з мужчынамі, але з-за таго, што больш заможныя гараджанкі неахвотна выходзілі з дому, тут былі пераважна простыя жанчыны, сялянкі або страката апранутыя вулічныя дзеўкі з пафарбаванымі валасамі, брывамі і пазногцямі, з вялізнымі завушніцамі і з ашыйнікамі з манетаў, ад якіх здалёк пахла нардам.
Наблізіўся нарэшце і Санхедрын37 — а сярод яго Ананія38, стары з тварам сіпа і вачыма ў крывавых прожылках, а таксама грузны Каяфа39, прыбраны ў двухрогую шапку, з пазалочанаю дошчачкаю на грудзях. Разам з імі ішлі розныя фарысеі: тыя, што валакуць ногі, якія наўмысна чапляліся ступнямі за ўсе перашкоды, фарысеі з акрываўленымі галовамі, якія таксама знарок разбівалі іх аб муры, і фарысеі згорбленыя, нібыта гатовыя ўзваліць цяжар грахоў усяго горада на свае плечы. Ад гаманлівай зграі простага люду іх адрознівалі змрочная паважнасць і халодная зацятасць.
Цына прыглядаўся да гэтага людскога зборышча з халодным і пагардлівым тварам чалавека, што належыць да пануючай расы, Антэя — са здзіўленнем і бояззю. У Александрыі жыло шмат яўрэяў, але там яны былі напалову элінамі, а тут яна ўпершыню ўбачыла іх такімі, якімі іх прадставіў пракуратар, і якімі яны былі ў сваім уласным горадзе. Яе юны твар, на якім смерць ужо адціснула сваю пячатку, яе падобная да ценю постаць прыцягвалі агульную ўвагу. Людзі нахабна прыглядаліся да яе, наколькі гэта дазвалялі жаўнеры, што абкружалі лектыку; аднак пагарда і нянавісць да чужынцаў была тут такая вялікая, што ў ніводных вачах не бачна было спачування, хутчэй у іх паблісквала радасць, што ахвяры не ўдасца пазбегнуць смерці. Толькі цяпер Антэя канчаткова зразумела, чаму гэтыя людзі патрабавалі крыжа для Прарока, які прапаведаваў любоў.
І гэты Назарэй раптам падаўся ёй кімсьці такім блізкім, нават дарагім. Ён мусіў памерці — і яна таксама. Яго, пасля абвяшчэня прысуду, ужо нішто не магло ацаліць — і ёй быў вынесены прысуд — а таму Антэі здавалася, што іх паяднала братэрства нядолі і смерці. Толькі Ён крочыў на крыж з вераю ў пасмяротнае заўтра, а ў яе гэтай веры раней не было, і яна прыйшла, каб зачэрпнуць яе ў Яго.
Тым часам здалёк данесліся крыкі, свіст, выццё, потым усё сціхла. Пачуліся бразганне зброі і цяжкія крокі легіянераў. Натоўп закалыхаўся, расступіўся, і аддзел, які вёў асуджаных, пачаў перасоўвацца каля лектыкі. Спераду, па баках і ззаду роўным і павольным крокам ішлі жаўнеры, усярэдзіне відаць было тры крыжы, якія, здавалася, рухаліся самі, бо людзі, што іх неслі, сагнуліся пад цяжарам. Няцяжка было здагадацца, што сярод гэтых траіх няма Назарэя, бо двое мелі бессаромныя твары разбойнікаў, а трэцім быў немалады просты селянін, якога жаўнеры відавочна прымусілі да гэтай працы. Назарэй ішоў за крыжамі, побач з ім — два жаўнеры. Ён быў у накінутым паверх адзення пурпурным плашчы і цярновым вянку, з-пад калючак якога праступалі кроплі крыві. Адны павольна сцякалі па Яго твары, другія засыхалі адразу ж пад вянком, нагадваючы ягады дзікай ружы ці каралавыя пацеркі. Бледны, Ён рухаўся павольна, хісткімі слабымі крокамі. Ён ішоў сярод насмешак натоўпу, нібыта ахутаны незямной задуменнасцю, нібыта ўжо адарваны ад зямлі і недаступны для вокрыкаў нянавісці. У гэты момант, здавалася, Яго дараванне, Яго літасць былі вышэйшыя за чалавечае ўяўленне, бо Ён ужо быў агорнуты бясконцасцю, ужо ўзняты над людскім злом, вельмі ціхі, лагодны і толькі бязмерным смуткам усяе зямлі засмучаны.
— Ты — Праўда, — прашаптала дрыжачымі вуснамі Антэя.
Картэж рухаўся цяпер зусім блізка ад лектыкі. На нейкае імгненне ён нават спыніўся, калі жаўнеры, што крочылі наперадзе, расчышчалі дарогу ад натоўпу. Антэя бачыла цяпер Назарэя за некалькі крокаў: бачыла, як ветрык варушыў пасмы Яго валасоў, бачыла чырвоны водбліск, што падаў ад Яго плашча на бледны празрысты твар. Людзі, што рваліся да Яго, абкружылі жаўнераў цесным паўколам, так што тыя мусілі ўтварыць з коп’яў заслону, каб абараніць Яго ад раз’юшанага натоўпу. Усюды былі бачны выцягнутыя рукі са сціснутымі кулакамі, вылупленыя вочы, бліскучыя зубы, бароды, расхлістаныя ад гвалтоўных рухаў, і вусны ў пене, з якіх выляталі хрыплыя крыкі. А Ён, зірнуўшы наўкол, нібыта хацеў спытаць: «Што я вам зрабіў?» — потым узняў вочы ўгару і маліўся — і дараваў.
— Антэя! Антэя! — усклікнуў у гэты момант Цына.
Але Антэя, здавалася, не чула яго. З яе вачэй плылі вялікія слёзы, яна забыла пра хваробу, забыла, што ўжо шмат дзён не падымалася з лектыкі і, раптоўна ўзняўшыся, дрыжачая, паўпрытомная ад жалю, літасці і абурэння сляпымі выкрыкамі натоўпу, пачала абрываць гіяцынты і яблыневы цвет і кідаць пад ногі Назарэя.
На імгненне зрабілася ціха. Натоўп ахапіла здзіўленне пры выглядзе гэтай паважанай рымлянкі, якая ўшаноўвала Асуджанага. Ён скіраваў позірк на яе бледны хворы твар, і Яго вусны пачалі варушыцца, нібыта благаслаўляючы яе. Антэя, зноў апусціўшыся на падушкі лектыкі, адчула, як на яе наплывае мора святла, дабрыні, міласэрнасці, бадзёрасці, надзеі, шчасця, і зноў прашаптала:
— Ты — Праўда.
І новая хваля слёз хлынула з яе вачэй.
Але Яго штурханулі наперад, на месца, што знаходзілася за некалькі дзесяткаў метраў ад лектыкі, дзе ўжо стаялі ўбітыя ў расколіны скалаў слупы крыжоў. Натоўп зноў засланіў Яго. Але месца гэтае было значна вышэй, і неўзабаве Антэя зноў убачыла Яго бледны твар і цярновы вянок. Легіянеры яшчэ раз павярнуліся да натоўпу і адагналі яго палкамі досыць далёка, каб ён не перашкаджаў экзекуцыі. Цяпер пачалі прывязваць двух злодзеяў да бакавых крыжоў. Трэці крыж стаяў пасярэдзіне з прыбітым да верхавіны белым аркушам, які ўзнімаў і тармасіў усё больш моцны вецер. Калі жаўнеры, нарэшце наблізіўшыся да Назарэя, пачалі распранаць Яго, у натоўпе загучалі вокрыкі:
— Цар, цар! Не паддавайся, цар! Дзе Твае атрады? Бараніся!
Часам выбухаў смех. Яго падхопліваў натоўп, і тады раптам усё каменнае ўзвышша залівалася адзінадушным рогатам. А тым часам Яго расцягнулі наўзнак на зямлі, каб прыбіць Ягоныя рукі да папярэчыны крыжа, а потым падцягнуць Яго разам з ёю на галоўны слуп.
Раптам нейкі чалавек, апрануты ў белую сімару40, што стаяў непадалёк ад лектыкі, кінуўся на зямлю, згарнуў на галаву пыл і каменныя крошкі і закрычаў жудасным, поўным роспачы голасам:
— Я хварэў на пранцы — Ён мяне ацаліў — дык чаму Яго ўкрыжоўваюць!?
Твар Антэі стаў белы, як хустка.
— Ён яго ацаліў… чуеш, Кай? — сказала яна.
— Ты хочаш вярнуцца? — спытаў Цына.
— Не! Я застануся тут!
А Цыну ахапіла, як віхура, дзікая і бязмежная роспач, бо ён не паклікаў Назарэя ў свой дом, каб той ацаліў Антэю.
Але ў гэтую хвіліну жаўнеры пачалі ўбіваць цвікі, прыклаўшы іх да Ягоных рук. Пачуўся тупы бразгат жалеза аб жалеза, які адразу ж ператварыўся ў больш гучны, калі вострыя канцы цвікоў, прайшоўшы праз цела, заглыбіліся ў дрэва. Натоўп зноў сцішыўся, відаць, каб раскашавацца крыкамі, якія пакуты маглі вырваць з вуснаў Назарэя. Але Ён маўчаў, і на ўзвышшы чуліся толькі злавесныя і страшныя ўдары молатаў.
Нарэшце праца была скончана, і папярэчыну разам з целам падцягнулі ўгару. Сотнік, які назіраў за працай, вымаўляў, а хутчэй спяваў аднастайным голасам словы каманды, у адпаведнасці з якой адзін з жаўнераў пачаў прыбіваць ногі.
А між тым аблокі, якія зранку выкочваліся на небасхіл, засланілі сонца. Аддаленыя пагоркі і скалы, што паблісквалі на сонцы, згаслі. Свет пацямнеў. Злавесны медны змрок агарнуў наваколле і ўсё больш згушчаўся па меры таго як сонца глыбей апускалася за навіслыя хмары. Здавалася, што хтосьці зверху рассейвае на зямлю чырванаватую цемру, гарачы вецер ударыў раз і другі, потым сціх. Паветра рабілася парным.
Раптам і гэтыя рэшткі рыжаватага бляску пачарнелі. Змрочныя, як ноч, хмары пачалі перакульвацца і пасоўвацца, накшталт вялізнага валу, у напрамку ўзвышша і горада. Набліжалася бура. Свет напаўняўся неспакоем.
— Вернемся! — паўтарыў Цына.
— Я яшчэ, яшчэ хачу Яго бачыць! — адказала Антэя.
Змрок засланіў павешаныя целы, і Цына загадаў паднесці лектыку бліжэй да месца пакутаў. Яны апынуліся за некалькі крокаў ад крыжа. На цёмнай драўніне было бачна цела Укрыжаванага, якое ў гэтым паўсюдным зацменні здавалася быццам бы сатканым са срэбных промняў месяца. Яго грудзі ўздымаліся ад хуткага дыхання. Галава і вочы ўсё яшчэ былі скіраваныя ўгару.
І раптам у глыбінях хмараў пачуўся глухі гул. Гром абудзіўся, узняўся з жахлівым грукатам, пракаціўся з усходу на захад, а потым, быццам праваліўся ў бяздонне, адзываўся ніжэй і ніжэй, то заціхаючы, то ўзмацняючыся, і ўрэшце грымнуў так, што зямля здрыганулася.
Адначасова агромністая сіняя бліскавіца разарвала хмары, асвяціла неба, зямлю, крыжы, зброю жаўнераў і збіты ў авечы статак натоўп, неспакойны і трывожны.
Услед за бліскавіцай апусцілася яшчэ больш густая цемра. Каля лектыкі пачуліся рыданні нейкіх жанчын, якія таксама наблізіліся да крыжа. Было штосьці жахлівае ў гэтых рыданнях сярод цішыні. Тыя, хто згубіўся ў натоўпе, пачалі цяпер аклікаць адзін аднаго. Чуліся спалоханыя галасы:
— Ойя! Ой лану! Ці гэта не Справядлівага ўкрыжавалі!?
— Які сведчыў ісціну! Ойя!
— Які ўваскрашаў памерлых. Ойя!
Нехта ўскрыкнуў:
— Бяда табе, Ерузалем!
Потым іншы:
— Зямля задрыжэла!
Другая бліскавіца адчыніла глыбіні неба і паказала быццам бы вялізныя агнявыя постаці. Галасы сціхлі, а хутчэй згінулі ў посвісце ветру, які раптам узняўся з незвычайнаю сілаю, сарваў хусткі, апанчы і пачаў насіць іх па ўзвышшы.
Зноў пачуліся галасы:
— Зямля задрыжэла!
Адны сабраліся ўцякаць. Іншых трывога прыкавала да месца — і яны стаялі аслупянелыя, бяздумныя, цьмяна адчуваючы, што сталася нешта страшнае.
Але раптам змрок пачаў рассейвацца. Віхура перакульвала хмары, выкручвала і тузала іх як сатлелыя анучы. Яснасць паступова павялічвалася, нарэшце цёмны купал неба разарваўся і праз шчыліну хлынуў паток сонечнага святла: адразу ж развіднелася ўзвышша, спалоханыя твары людзей і крыжы.
Галава Назарэя з бледным, нібыта васковым тварам апусцілася нізка на грудзі; вочы былі заплюшчаныя, вусны пасінелі.
— Памёр, — прашаптала Антэя.
— Памёр, — паўтарыў Цына.
У гэтую хвіліну цэнтурыён дакрануўся кап’ём да бока Памерлага. Дзіўная рэч: вяртанне святла і відовішча гэтай смерці, здавалася, супакоілі натоўп. Людзі пачалі пасоўвацца ўсё бліжэй, тым больш што жаўнеры ўжо не баранілі доступ.
У натоўпе пачуліся галасы:
— Сыдзі з крыжа! Сыдзі з крыжа!
Антэя яшчэ раз кінула позірк на бледны твар, спушчаную галаву і ціха, быццам сама да сябе, азвалася:
— Ці паўстане з мёртвых?
Перад абліччам смерці, якая паклала блакітны адбітак на Яго вочы і вусны, пры выглядзе гэтых празмерна выцягнутых рук, гэтага нерухомага цела, якое ўжо ссунулася ўніз цяжарам мёртвых рэчаў яе голас дрыжэў адчайным сумненнем.
Не меншае засмучэнне разрывала і душу Цыны. Ён таксама не верыў, што Назарэй паўстане з мёртвых, але верыў, што калі б Ён жыў, дык адзіны змог бы сваёю нядобраю ці добраю моцаю аздаравіць Антэю.
А тым часам усё больш галасоў наўкол заклікала:
— Сыдзі з крыжа! Сыдзі з крыжа!
— Сыдзі! — у адчаі паўтарыў пра сябе Цына. — Вылечы яе і забяры маю душу!
Усё больш праяснялася. Пагоркі яшчэ ляжалі ў імгле, але над Галгофай і горадам неба цалкам расчысцілася. «Turris Antonia»41 блішчэла на сонцы, сама сваім бляскам нагадваючы сонца. Паветра зрабілася свежым і зараілася ад мноства ластавак. Цына загадаў вяртацца.
VIII
Прывід не з’явіўся і назаўтра. Хворая была надзвычай ажыўленая, бо з Цэзарэі прыехаў Тыман. Непакоячыся пра жыццё дачкі, напалоханы лістамі Цыны, ён колькі дзён таму пакінуў Александрыю, каб яшчэ раз перад смерцю ўбачыць сваё адзінае дзіця. У сэрца Цыны зноў пастукалася надзея, быццам дамагаючыся, каб яе ўпусцілі. Але ён не асмельваўся адчыніць дзверы гэтай госці, не асмельваўся спадзявацца. У бачаннях, якія забівалі Антэю, ужо здараліся перапынкі, праўда, яны ніколі не бывалі двухдзённымі, але аднадзённыя здараліся і ў Александрыі, і ў пустыні. Цяперашняе аблягчэнне Цына прыпісваў прыезду Тымана і ўражанням з-пад крыжа, якія так перапоўнілі душу хворай, што нават з бацькам яна не магла гаварыць ні пра што іншае. Тыман слухаў таксама засяроджана, не пярэчыў, разважаў — і толькі старанна распытваў пра навуку Назарэя, пра якую Антэя, зрэшты, ведала толькі тое, што ёй сказаў пракуратар.
Але ўвогуле яна пачувалася здаравейшай і дужэйшай, а калі поўдзень прыйшоў і мінуў, у яе вачах заблішчэла сапраўдная бадзёрасць. Некалькі разоў яна называла гэты дзень шчаслівым і прасіла мужа, каб той адзначыў яго.
А дзень, праўду кажучы, быў сумны і пахмурны. Дождж, напачатку вельмі моцны, потым дробны, сякучы, з раніцы сыпаў з нізкіх, аднастайна расцягнутых хмараў. Толькі пад вечар неба ачысцілася і вялізны вогненны сонечны шар, вынурыўшыся з імглы, афарбаваў пурпурам і золатам хмары, шэрыя скалы, белы мармур порціка вілы і скаціўся сярод бязмежнага бляску ў бок Міжземнага мора.
А назаўтра стаяла цудоўнае надвор’е. Дзень абяцаў быць спякотным, але ранак быў свежы, неба без адзінай плямкі, а зямля так занурылася ў блакітную купальню, што ўсе прадметы здаваліся блакітнымі. Антэя загадала вынесці сябе пад любімую фісташку, каб з узвышша, на якім расло дрэва, любавацца вясёлым блакітным краявідам. Цына і Тыман ні на крок не адступалі ад лектыкі, уважліва назіраючы за тварам хворай. Быў у ёй нейкі неспакой чакання, але не было таго смяротнага жаху, які ахопліваў яе раней перад надыходам паўдня. Вочы яе кідалі больш жывы бляск, а на шчоках заквітнеў слабы румянец. Цяпер Цына сапраўды часам думаў, што Антэя можа выздаравець, і ад гэтай думкі яму хацелася кінуцца на зямлю, зарыдаць ад радасці і благаславіць багоў. Але потым яго зноў агортвала трывога, што гэта, магчыма, апошні бляск дагараючай лямпы. Каб зачэрпнуць хоць крыху надзеі, ён час ад часу паглядаў на Тымана, але і той, мусіць, думаў пра тое самае, бо пазбягаў яго позірку. Ніхто з траіх нават словам не згадваў, што набліжаецца поўдзень. А Цына, штохвілінна паглядаючы на цені, з біццём сэрца заўважаў, што яны робяцца ўсё карацейшымі.
І так яны сядзелі, нібыта ўпаўшы ў задуменне. Можа менш неспакойнай была сама Антэя. Лежачы ў адкрытай лектыцы, абапіраючыся галавой на пурпурную падушку, яна з асалодай дыхала чыстым паветрам, якое прыносіў лёгкі ветрык з захаду, з далёкага мора. Але перад самым поўднем і гэты ветрык сціх. Спякота ўзмацнялася; ад скальнага чабору і кустоў нарду, прыгрэтых сонцам, пачаў зыходзіць моцны і чароўны пах. Над купкамі анемонаў калыхаліся светлыя матылькі. Яшчаркі, якія ўжо прывыклі і да гэтай лектыкі, і да гэтых людзей, высоўваліся са шчылінаў у скалах, як заўсёды, адна за адной, даверлівыя і адначасна асцярожныя. Увесь свет спачываў у прамяністай цішыні, у цяпле, у пагодлівай асалодзе і ў блакітнай санлівасці.
Тыман і Цына, здавалася, таксама занурыліся ў гэты сонечны спакой. Хворая прыкрыла вочы, быццам яе агарнуў лёгкі сон — і нішто не перарывала маўчання, апрача ўздыхаў, якія час ад часу ўздымалі яе грудзі.
А між тым Цына заўважыў, што ягоны цень ужо ляжыць пад самымі нагамі.
Быў поўдзень.
Раптам Антэя прыадкрыла вочы і азвалася нейкім дзіўным голасам:
— Цына, дай мне руку.
Ён ускочыў, і кроў застыла ў ягоным сэрцы: надыходзіла гадзіна жахлівых галюцынацый.
А яе вочы расплюшчваліся ўсё шырэй.
— Ці ты бачыш, — гаварыла яна, — як там збіраецца святло і згушчаецца ў паветры, як яно дрыжыць, блішчыць і набліжаецца да мяне?
— Антэя! Не пазірай туды! — крыкнуў Цына.
Але — вось дзіва! — на яе абліччы зусім не было жаху. Вусны прыадкрыліся, вочы рабіліся ўсё большыя — і нейкая бязмежная радасць асвяціла яе твар.
— Слуп святла набліжаецца да мяне, — працягвала яна. — Бачу! Гэта Ён, гэта Назарэй… Усміхаецца… О Ласкавы!.. О Міласцівы!.. Працягвае да мяне прабітыя рукі, як маці. Цына! Ён нясе мне здароўе, збавенне і кліча мяне да сябе.
А Цына моцна збялеў і вымавіў:
— Куды б Ён нас ні клікаў — пойдзем за Ім!
А праз хвіліну з другога боку на каменнай сцежцы, што вяла ў горад, з’явіўся Понцій Пілат. Яшчэ да таго, як ён наблізіўся, па яго твары было заўважна, што пракуратар нясе нейкую навіну, якую ён, чалавек разважны, лічыць новай дзівакаватай выдумкай легкавернага і цёмнага натоўпу. Бо яшчэ здалёку, аціраючы пот са лба, ён закрычаў:
— Вы толькі ўявіце, што гэтыя людзі выдумляюць: быццам Ён паўстаў з мёртвых!
Пераклад з польскай мовы Наталлі Мазоўкі.
Henryk Sienkiewicz Baśnie i legendy. Warszawa, 1973 г.
|
|
|