|
|
№
1(31)/2005
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
Падзеі
На шляху веры
Паэзія
Пераклады
Проза
Кантрапункт
Музыка
Постаці
Хрысціянская думка
Бібліятэка часопіса
Успаміны
Роздум
Юбілеі
|
[Пачатак у №2(28)/2004] Хрызма Дзякую Пану за першае намашчэнне святым Хрызмам, якое я атрымаў у маіх родных Вадавіцах. Адбылося тое падчас Хросту. Праз гэта сакрамэнтальнае абмыццё вадою мы ўсе з’яўляемся апраўданымі і ўжыўленымі ў Хрыста, а таксама ўпершыню атрымліваем дар Духа Святога. Менавіта намашчэнне Хрызмам — гэта знак праліцця гэтага Духа, які дае новае жыццё ў Хрысце і робіць нас здольнымі да жыцця ў Божай справядлівасці. Наша першае намашчэнне дапаўняе пячатка Духа Святога ў сакрамэнце Бежмавання. Глыбокая непасрэдная сувязь гэтых сакрамэнтаў захавалася ў літургіі Хросту дарослых. Усходнія Цэрквы захавалі гэту непасрэдную сувязь таксама пры ўдзяленні Хросту дзецям, якія разам з першым сакрамэнтам атрымліваюць і Бежмаванне. Сувязь двух першых сакрамэнтаў і найсвяцейшай таямніцы Эўхарыстыі з святарскім і біскупскім пакліканнем такая моцная і глыбокая, што ўвесь час мы можам нанава ўдзячным сэрцам адкрываць яго багацце. Мы, біскупы, не толькі ўдзельнічаем у гэтых сакрамэнтах, але й пасланыя для таго, каб хрысціць, каб збіраць Касцёл пры Стале Панскім і каб умацоўваць вучняў Хрыста знакам Духа Святога ў сакрамэнце Бежмавання. Біскуп, выконваючы сваю паслугу, мае так шмат магчымасцяў, каб справаваць гэты сакрамэнт, пазначаючы алеем святога Хрызма розных людзей і перадаваць ім дар Духа Святога, які ёсць крыніцаю жыцця ў Хрысце. Шмат дзе ў часе пасвячэння можна пачуць спеў вернікаў: «Люд святарскі, Люд каралеўскі, сход святы, Люд Божы, спявай свайму Пану!» Я люблю гэтую песню за яе глыбокі сэнс:
Усе пакліканні нараджаюцца ў Хрысце, і менавіта гэта кожны раз выяўляе намашчэнне тым самым Хрызмам: ад святога Хросту ажно да намашчэння галавы біскупа. Менавіта адсюль сыходзіць супольная годнасць усіх хрысціянскіх пакліканняў. З гэтага пункту гледжання ўсе яны роўныя паміж сабою. Розняцца ж толькі месцам, якое Хрыстус дае кожнаму пакліканаму ў супольнасці Касцёла і з тае адказнасці, якая адсюль сыходзіць. Трэба прыкладаць вялікае намаганне, каб нічога не прапала (пар. Ян 6, 12): каб не змарнавалася ніводнае пакліканне, бо кожнае каштоўнае і патрэбнае. За кожнае з іх аддаў сваё жыццё Добры Пастыр (пар. Ян 10, 11). Менавіта ў гэтым і заключаецца адказнасць біскупа. Ён павінен ведаць, што яго заданне рабіць усё для таго, каб у Касцёле магло знайсці сябе і споўніцца кожнае пакліканне, кожнае абранне чалавека Хрыстом — таксама і тое, што завецца найменшым. Таму біскуп, гэтаксама як Хрыстус, кліча, яднае, вучыць, збірае пры стале Цела і Крыві Пана. Разам з тым кіруе і служыць. Біскуп павінен быць верны Касцёлу, гэта значыць — кожнаму з яго членаў, нават найменшаму, якога Хрыстус паклікаў і з якім атаясамлівае сябе (пар. Мц 25, 45). На знак гэтай вернасці біскуп атрымлівае персцень. Надзяванне пярсцёнка азначае, што біскуп пашлюбаваны з Касцёлам. «Accipe anulum, fidei signaculum — Прымі персцень, знак вернасці, і, аздоблены непарушнаю вераю, неаслабна ахоўвай абранніцу Божую, святы Касцёл». «Esto fidelis usque ad mortem... — заклік з кнігі Апакаліпсіса — Будзь верны да смерці, і дам табе вянок жыцця (2, 10). Асаблівым сімвалам сувязі біскупа з Касцёлам з’яўляецца гэты персцень — знак шлюбу. Для мяне ён — штодзённы напамін пра вернасць. Персцень з’яўляецца як бы нямым пытаннем, якое адгукаецца ў сумленні: ці цалкам я адданы маёй Абранніцы — Касцёлу? Ці з’яўляюся ў поўнай меры «для» — для супольнасцяў, сем’яў, для людзей маладых і старэйшых, а таксама для тых, што яшчэ толькі павінны нарадзіцца? Персцень нагадвае мне таксама пра неабходнасць быць моцным «звяном» у ланцузе пераемнасці, які яднае мяне з Апосталамі. Трываласць ланцуга вымяраецца самым слабым звяном. Я павінен быць моцным звяном, моцным Божаю сілаю: «Пан заслона мая і мой шчыт» (Пс 28[27], 7). «Дык нават праходзячы далінаю ценю смяротнага не буду баяцца напасці, бо Ты ж са мною: Твая па2ліца й падпора Твая — яны мяне суцяшаюць» (Пс 23 [22], 4). Кракаўскія біскупы маюць спецыяльны прывілей, які, як мне здаецца, ахоплівае толькі чатыры дыяцэзіі на свеце, а менавіта маюць права насіць так званы рацыянал. Па форме — гэта знак, што нагадвае палій. У Кракаве ў скарбніцы на Вавелі ёсць рацыянал — дар каралевы Ядвігі. Сам па сабе гэты знак ні аб чым не гаворыць. Ён прамаўляе толькі тады, калі яго надзене арцыбіскуп; тады ён азначае яго ўладу і паслугу — менавіта таму, што мае ўладу, ён павінен служыць. Гэта ў пэўнай ступені сімвал мукі Хрыста і ўсіх мучанікаў. Калі я яго адзяваў, неаднаразова згадваліся мне словы ўжо сталага апостала Паўла, скіраваныя да яшчэ маладога біскупа Цімафея: «Дык не саромся сведчання Пана нашага Езуса Хрыста, а ні мяне, вязня Яго; але цярпі муку разам з Евангеллем паводле сілы Бога» (2 Цім 1, 8). Пасля кансэкрацыйнай малітвы рытуал прадугледжвае перадачу кансэкраванаму кнігі Евангелля. Гэты жэст указвае на тое, што біскуп павінен прыняць і абвяшчаць Добрую Навіну. Ён з’яўляецца знакам прысутнасці ў Касцёле Езуса Настаўніка. Гэта азначае, што навучанне складае сутнасць біскупскага паклікання: ён павінен быць настаўнікам. Мы ведаем, як шмат знакамітых біскупаў аказалася на вышыні гэтага закліку. Як скарб, яны бралі да сэрца разважлівую перасцярогу апостала Паўла: «О Цімафей, захоўвай перададзенае табе, ухіляючыся ад паганага пустаслоўя і перакорлівасці фальшывых ведаў» (пар. 1 Цім 6, 20). Яны былі добрымі настаўнікамі, бо засяродзілі ўсё сваё духоўнае жыццё на слуханні і абвяшчэнні Слова. Гэта значыць, што змаглі адкінуць непатрэбныя словы, каб з усяе сілы трываць пры гэтым адным, якое патрэбна (пар. Лк 10, 42). Быць слугою Слова — вось заданне біскупа. Менавіта як настаўнік сядзіць ён на катэдры (на тым крэсле, што пастаўлена ў касцёле, які ад яго бярэ назву «катэдра»), каб навучаць, абвяшчаць і тлумачыць Божае слова. Наш час паставіў перад біскупамі, якія навучаюць, новыя патрабаванні, але таксама даў ім новыя цудоўныя сродкі, з дапамогаю якіх яны могуць абвяшчаць Евангелле. Лёгкасць перамяшчэння дазваляе біскупам часта наведваць розныя касцёлы і супольнасці ўласнай дыяцэзіі. Мы маем у распараджэнні радыё, тэлебачанне, Інтэрнэт, друкаванае слова. У абвяшчэнні Божага слова біскупам дапамагаюць святары і дыяканы, катэхеты і настаўнікі, выкладчыкі тэалогіі, а таксама ўсё большая колькасць адукаваных і верных Евангеллю свецкіх людзей. Аднак жа нічога не можа замяніць прысутнасць біскупа, які сядзіць на катэдры альбо стаіць на амбоне свайго біскупскага касцёла і асабіста выкладае Божае слова тым, каго сабраў вакол сябе. І ён, як «кніжнік, навучаны аб валадарстве Нябесным, падобны да гаспадара, што выносіць з скарбніцы сваёй новае і старое» (Мц 13, 52). Я хачу тут успомніць былога арцыбіскупа Мілана кардынала Карла Марыю Марціні. Яго катэхезы ў міланскай катэдры збіралі натоўпы людзей, перад якімі ён адкрываў скарб Божага слова. Гэта толькі адзін са шматлікіх прыкладаў, які даказвае, наколькі вялікі ў людзях голад да жывога слова. Як жа важна, каб гэты голад быў заспакоены! Мне заўсёды спадарожнічала перакананне, што калі я павінен заспакойваць голад да слова Божага, то трэба, каб сам, па прыкладзе Марыі, найперш слухаў гэтае слова, складаючы яго ў сэрцы сваім (пар. Лк 2, 19). Разам з тым я ўсё лепш разумеў, што біскуп павінен умець слухаць людзей, якім абвяшчае Добрую Навіну. У сённяшняй залеве слоў, вобразаў і гукаў важна, каб біскуп не даў сябе аглушыць. Мы павінны слухаць Бога і чуць іншых, перакананыя, што ўсе мы паяднаныя тою самаю таямніцаю Божага слова аб збаўленні. Пакліканне біскупа – гэта, несумненна, вялікая адзнака. Аднак яно не азначае, што кандыдат быў абраны сярод многіх як знакаміты чалавек і хрысціянін. Біскупа вылучае тое, што яго пакліканнем з’яўляецца абавязак стаць у цэнтры Касцёла і быць першым у любові, першым у вернасці і першым у служэнні. Калі хтосьці бачыць у біскупстве толькі адзнаку сябе самога, ён не здолее добра выканаць сваё біскупскае пакліканне. Першая і самая важная крыніца належнай біскупу пашаны заключаецца ў адказнасці, звязанай з яго паслугаю. «Не можа места схавацца, стоячы на версе гары» (Мц 5, 14). Біскуп заўсёды знаходзіцца на гары, займае высокае становішча, ён ва ўсіх на вачах. Біскуп павінен усведамляць, што ўсё, што адбываецца ў ягоным жыцці, мае вялікае значэнне для супольнасці: вочы ўсіх звернуты да яго (пар. Лк 4, 20). Гэтаксама як бацька сям’і фармуе веру сваіх дзяцей найперш прыкладам уласнай рэлігійнасці і малітвы, так і біскуп уплывае на сваіх вернікаў усімі сваімі паводзінамі. Таму аўтар Першага ліста св. Пятра так настойліва просіць, каб біскупы былі жывым прыкладам для статку (пар. 1 П 5, 3). Менавіта ў гэтай перспектыве асабліва яскравым становіцца знак ускладання мітры ў часе літургіі пасвячэння. Новапасвечаны біскуп прымае яе як абавязак служэння, каб «ззяла ў ім святло святасці», і каб быў годны «атрымаць неўвядальны вянок славы», калі прыйдзе Хрыстус «Найвышэйшы Пастыр» (пар. Рымскі пантыфікал). Біскуп асаблівым чынам пакліканы да асабістай святасці, каб узрастала і паглыблялася святасць супольнасці Касцёла, якая была яму даверана. Гэта ён адказны за тое, каб было рэалізавана «паўсюднае пакліканне да святасці», пра якое гаворыцца ў V раздзеле Канстытуцыі Lumen gentium. Як я пісаў у сувязі з заканчэннем Вялікага Юбілею, у гэтым пакліканні заключана ўнутраная дынаміка эклезіялогіі (пар. Novo millenio ineunte, 30). Люд, «паяднаны адзінствам Айца, Сына і Духа Святога», – гэта Люд, які належыць Таму, хто ёсць тройчы Святы (пар. Іс 6, 3). Я тады пісаў: «Вызнаваць веру ў святы Касцёл – гэта значыць указваць яго аблічча Абранніцы Хрыста, для якой Ён склаў у ахвяры самога сябе менавіта дзеля таго, каб яе асвяціць» (Novo millenio ineunte, 30). Дар святасці, які становіцца заданнем. Трэба пастаянна ўсведамляць, што гэтаму заданню павінна быць падпарадкавана ўсё жыццё хрысціяніна: «Бо гэта воля Божая, асвячэнне вашае» (1 Фес 4, 3). На пачатку сямідзесятых гадоў, звяртаючыся да Канстытуцыі Lumen gentium, я напісаў: «Гісторыя збаўлення – гэта гісторыя ўсяго Люду Божага, і разам з тым гэта гісторыя праходзіць праз жыццё асобных людзей – асобаў. У кожнай з гэтых асобаў яна пэўным чынам канкрэтызуецца. Прынцыповае значэнне святасці ўгрунтавана на тым, што яна заўсёды з’яўляецца святасцю асобы. На гэта ўрэшце ўказвае «агульнае» пакліканне да святасці. Пакліканыя ўсе члены Люду Божага, але кожны з іх адзіным і непаўторным чынам» («Каля вытокаў аднаўлення. Даследаванне па рэалізацыі Vaticanum II, Кракаў, 1972, с. 165). Асабістая святасць кожнага надае прыгажосці абліччу Касцёла, Абранніцы Хрыста, чынячы так, што яго пасланне можа быць лягчэй успрынята сучасным светам. Пасля ў кансэкрацыйным абрадзе адбываецца ўручэнне пастаралу. Гэта знак улады, якая належыць біскупу для выканання задання апекі над аўчарняю. І гэты знак упісваецца ў перспектыву клопату пра святасць Божага Люду, бо пастыр павінен чуваць і бараніць, весці кожную авечку «на зялёныя нівы» (пар. Пс 23 [22], 2) – на тыя нівы, на якіх яна адкрые, што святасць не зарэзерваваная для абранай групы «геніяў» святасці. «Шляхі святасці разнастайныя і дапасаваныя да кожнага паклікання» (Novo millenio ineunte, 31). Які ж патэнцыял дрэмле ў гэтай безлічы ахрышчаных людзей! Я пастаянна малюся, каб Дух Святы распальваў сэрцы біскупаў сваім агнём, каб яны былі настаўнікамі святасці, здольнымі натхняць вернікаў нашым прыкладам. Мне згадваеца кранальнае развітанне св. Паўла са старэйшымі Касцёла ў Эфесе: «Пільнуйце ж самі сябе і ўвесь статак, у якім Дух Святы паставіў вас біскупамі, каб пасвіць Касцёл Бога, які Ён прыдбаў уласнаю крывёю сваёю» (Дз 20, 28). Наказ Хрыста прыспешвае кожнага пастыра: «Ідзіце, навучайце ўсе народы» (28, 19). Ідзіце... не затрымлівайцеся ніколі! Мы добра ведаем спадзяванні Боскага Настаўніка: «Я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш трываў» (Ян 15, 16). Пастарал з крыжам, якім я цяпер паслугуюся, – гэта копія пастаралу Папы Паўла VI. Я бачу ў ім сімвал трох заданняў: клопату, кіраўніцтва і адказнасці. Гэта не знак улады ў звыклым разуменні гэтага слова; і не знак першынства альбо панавання над іншымі, гэта — знак служэння, знак абавязковага клопату аб патрэбах авечак: каб мелі жыццё і мелі яго больш (пар. Ян 10, 10). Біскуп павінен кіраваць і накіроўваць. Аднак слухаць і любіць яго вернікі будуць у такой ступені, у якой ён будзе наследаваць Хрыста, Добрага Пастыра, які «не дзеля таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу сваю дзеля адкуплення многіх» (Мц 20, 28). «Служыць!» – як жа я цаню гэтае слова! «Службовае» святарства – якая цудоўная назва... Часам можна пачуць чыйсьці голас, што бароніць біскупскую ўладу, зразуметую як першынство: гэта авечкі павінны ісці за пастырам, – кажа ён, – а не пастыр за авечкамі. Можна з гэтым пагадзіцца, але ў тым сэнсе, што гэта пастыр павінен ісці наперадзе і аддаваць жыццё за сваіх авечак; ён павінен быць першы ў ахвяры і адданні. «Устаў добры Пастыр, які ўласнае жыццё аддаў за сваіх авечак. І памёр за сваю аўчарню» (Літургія гадзінаў, 4 Велікодны тыдзень, Гадзіна чытанняў, ІІ рэспансорый). Біскуп мае першынство ў ахвярнай любові да вернікаў і да Касцёла, на ўзор св. Паўла: «Цяпер радуюся ў муках маіх за вас і дапаўняю недахоп у целе маім сумаванняў Хрыстовых за Яго цела, якім ёсць Касцёл» (Клс 1, 24). Да ролі пастыра, несумненна, належыць таксама ўшчуванне. Мяркую, што ў гэтым сэнсе я рабіў замала. Заўсёды ёсць праблема сувязі паміж уладаю і службаю. Магчыма, я павінен папракнуць сябе ў тым, што недастаткова спрабаваў кіраваць. Нейкім чынам гэта ідзе ад майго характару. Аднак у пэўнай ступені гэта можна растлумачыць воляю Хрыста, які прасіў сваіх Апосталаў, каб не столькі кіравалі, колькі служылі. Зразумела, біскупу належыць улада, але шмат залежыць ад таго, як яна будзе ажыццяўляцца. Калі біскуп залішне акцэнтуецца на ўладзе, то людзі адразу думаюць, што ён здольны толькі кіраваць. І наадварот, калі ён займае пазіцыю служэння, то вернікі спантанна адчуваюць сябе змабілізаванымі яго слухаць і ахвотна паддаюцца ягонай уладзе. Мне здаецца, тут патрэбна пэўная раўнавага. Калі біскуп толькі кажа: «Я тут кірую», альбо: «Я тут толькі служу», то нечага ў гэтым не хапае: ён павінен служыць кіруючы і кіраваць служачы. Яскравы прыклад гэтага знаходзім у самога Хрыста: Ён пастаянна служыў, але таксама ў духу Божага служэння здолеў выкінуць гандляроў са святыні, калі ўзнікла такая патрэба. Аднак мяркую, што, нягледзячы на пэўны недахоп ушчування, я прыняў усе неабходныя рашэнні. Як кракаўскі мітрапаліт, я заўсёды імкнуўся прымаць іх калегіяльна, гэта значыць, раючыся з маімі дапаможнымі біскупамі і супрацоўнікамі. Кожны тыдзень адбываліся курыяльныя сесіі, на якіх агаворваліся ўсе справы ў кантэксце найбольшай карысці для архідыяцэзіі. Сваім супрацоўнікам я любіў задаваць два пытанні. Першае: «Якая праўда веры высвечвае гэту праблему?» Другое: «Каго можам узяць альбо падрыхтаваць для дапамогі?» Знайсці рэлігійнае абгрунтаванне дзейнасці і асобу, адпаведную заданню, было добрым пачаткам, што абяцаў надзею на поспех душпастырскіх пачынанняў. Уручэнне пастаралу завяршае абрад пасвячэння. Пасля распачынаецца св. Імша, якую цэлебруе новы біскуп разам з кансэкратарамі. Усё настолькі насычана сэнсам, думкамі, асабістым перажываннем, што немагчыма гэтага ні адэкватна перадаць і немагчыма нічога дадаць!
|
|
|