Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(31)/2005
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва

УНЕБАЎШЭСЦЕ ПАНА
Пераклады

СМЕХ САРЫ
Падзеі
На шляху веры
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

МАЛІТВЫ ЗА ВОЛЮ

ВЕРШЫ
Проза

З ДАРОГІ
Кантрапункт

NON NOBIS, DOMINE...
Музыка
Постаці

ВЫСАКАРОДНАЕ ЖЫЦЦЁ
Хрысціянская думка

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Успаміны

НЕ ПАКІДАЙ НАС, ВЕРА
Роздум

З ДОМУ ДУХОЎНАГА
Юбілеі

НА МЯЖЫ МАГЧЫМАГА СПАЗНАННЯ

Святлана ШЭЙПА

СВЯТАР І МУЗЫКАНТ ЯН ГАЛІЧ-СУЛІНСКІ

Значны след у гісторыі каталіцкай музыкі на тэрыторыі Беларусі ў другой палове ХІХ ст. пакінуў ксёндз Ян Галіч-Сулінскі (?–1900). Ён з’яўляецца аўтарам шасці месаў (сярод іх «Missa solemnis» і меса ў гонар св. Яўхіма) і трох рэквіемаў, вялікай колькасці прэлюдый для аргана і трох «Libera me» для хору ў суправаджэнні аргана, а таксама аўтарам і ўкладальнікам збораў «Музыка для аргана, новы метад з літарных нотаў» (1879), «Касцёльная музыка, новы метад з літарных нотаў» (1883). Асобна трэба адзначыць, што кс. Я. Галіч з’яўляецца піянерам у беларускай арганнай педагогіцы і арганазнаўстве. Ён склаў падручнік «Школа для аргана» (1858), які, хутчэй за ўсё, з’яўляецца першым вядомым выданнем такога тыпу на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Акрамя гэтага, неацэнную вартасць для беларускага арганазнаўства мае вопіс кс. Яна Галіча віленскіх арганаў і іх дыспазіцыі, зроблены ў 2-й палове ХІХ ст. – першая на тэрыторыі Беларусі праца такога роду. Гэта адзначае польскі музыказнаўца Е. Голас, які выкарыстаў матэрыялы кс. Я.

Галіча ў кнізе «Польскія арганы і арганная музыка»1.

Ксёндз Ян Галіч быў даволі вядомай асобай у тагачасных музычных колах, але, на жаль, вывучэнне яго дзейнасці і творчай спадчыны яшчэ не пачалося. Біяграфічных звестак пра кс. Я. Галіча амаль што няма. Так, невядомыя дата і месца яго нараджэння, навучальная ўстанова, якую ён скончыў, невядома, калі атрымаў святарскія пасвячэнні, дзе працаваў і якія пасады займаў. З інфармацыі гісторыка віленскага біскупства Яна Курчэўскага2 вядома толькі, што кс. Я. Галіч у 1877 г. пашырыў драўляны касцёл св. Яўхіма ў Клюшчанах Свірскага павету, дзе, хутчэй за ўсё, ён вёў душпастырскую дзейнасць. Адна з месаў кс. Я. Галіча напісана ў гонар св. Яўхіма і, напэўна, была спецыяльна прысвечана гэтаму касцёлу. Меркаваць пра дзейнасць кс. Я. Галіча можна паводле ўрывачнай інфармацыі, якая мільгала ў тагачаснай публіцыстычнай літаратуры.

 
Тытульны ліст і старонка кнігі «Музыка для аргана, новы метад з літарных нотаў», складзеная кс. Янам Галічам, выданая ў Вільні ў 1879 г.

Вось якую характарыстыку дае кс. Яну Галічу Альберт Савінскі ў «Слоўніку польскіх музыкантаў»: «Галіч (кс. Ян), з Вільна, кампазітар касцёльнай музыкі, вядомы з польскіх газет. Аўтар працы для аргана, якая павінна была выйсці з друку ў 1859 г. і якая ўключае касцёльныя спевы з мэтай паляпшэння гэтага роду музыкі ў тых мясцінах. Выдаў кс. Галіч месу для аднаго голасу ў суправаджэнні аргана „Missa cum cantu una voce op. 1, Vilna, Lit. Malinowski. 1859”. Паводле аналізу гэтага сачынення ў 31 нумары „Музычнага руху” за 1859 год, кс. Ян Галіч павінен быць думаючым кампазітарам. Ён мае на мэце паднясенне Духа да Бога, што павінна быць мэтай кожнай касцёльнай кампазіцыі»3.

У пачатку ХХ ст. у публіцыстычнай літаратуры ў адрас кс. Яна Галіча часам гучала крытычная інфармацыя. Так, кс. В. Бугайчык у крытычнай рэцэнзіі на «Directorium cantus choralis seu cantionale ecclesiasticum...» Аляксандра Вашкевіча адкрыта сумняваўся ў яго ведах па гармоніі: «...кампазітары, творы якіх надрукаваў выдавец канцыяналу (Грым, Стэфановіч, кс. Галіч), не разрозніваюць спеваў для змешаных і аднародных [складаў, калектываў. – С. Ш.], з гэтых кампазіцый можна зрабіць выснову, што пра гэтую розніцу яны ніколі не чулі. Гэтыя кампазітары робяць элементарныя памылкі па гармоніі, фальшывыя [няясна, што В. Бугайчык у дадзеным кантэксце разумее пад „фальшывымі квінтамі”. – С. Ш.] і скрытыя недазволеныя квінты і актавы, напрыклад, на с. 141 (і г. д.) і ў шмат якіх іншых месцах»4. А. Мілер увогуле назваў кс. Я. Галіча пасрэдным кампазітарам: «...А. Ластоўскі (аўтар музыкі да „Spitala” (пераклад), музыкі да „Ночы на могілках”, Мацкевіч (аўтар мазурак і кадрыляў), кс. Сулінскі-Галіч, Леапольд Вальц, Ігнат Ляўковіч (памёр у 1862 г.) – належалі да звычайных пасрэднасцяў і наступнае пакаленне іх ужо не ведае»5.

Але ў рэтраспектыве польскі даследчык арганнай культуры Е. Голас ацаніў кс. Я. Галіча як кампазітара «правільных і эфектных» арганных кампазіцый і ўкладальніка падручніка для аргана, збораў «Музыкі для аргана» і «Касцёльнай музыкі», а таксама як асобу, якая стаяла ля вытокаў польскага і перадусім беларускага арганазнаўства6.

Як адзначалася вышэй, кс. Я. Галіч стварыў вялікую колькасць месаў, з іх тры, пазначаныя аўтарам заўвагай «без спеву», напісаныя толькі для выканання на аргане, а астатнія (тры звычайныя і тры жалобныя месы) разлічаныя на розныя склады хору: ад аднагалосага («Missa solemnis», op. 1, «Меса для аднаго голасу», ор. 5) да няпоўнага (трохгалосы склад) і змешанага (чатырохгалосы склад, напрыклад, «Меса ў гонар св. Яўхіма»). Невыпадкова ў творчасці кс. Яна Галіча дамінуюць творы для хору і аргана: ён сам актыўна працаваў у якасці арганіста і дырыжора хору альбо спевака.

Творчы партрэт кс. Я. Галіча можа дапоўніць агульная характарыстыка яго педагагічнай працы – «Школа для аргана: падручнік для арганістаў з дадаткам нотаў на распаўсюджаныя касцёльныя песні»7, якая была выдадзена ў Вільні ў 1858 г.8. Кс. Я. Галіч у прадмове да выдання вызначае яго мэту і дае агульную характарыстыку зместу: «З-за недахопу больш метадычнай школы для аргана, каб распаўсюдзіць у вясковых касцёлах альбо ўтрымаць у еднасці ўжо ўведзеныя касцёльныя песні і адначасова падаць лёгкі спосаб ігры на аргане і збор звычайных, найбольш патрэбных касцёльных песняў для арганістаў. Я прыношу дробны плод маёй працы для агульнага ўжывання з надзеяй, што гэта бедная і ўбогая школа, перад тым, калі яе ў будучыні заменіць мая больш вялікая праца, магла паслужыць для павялічвання хвалы Бога і карысці Касцёла. Ніжэй пададзеная школа акрамя правілаў майстэрства ўключае ў сябе месы, нешпары, псальмы, некаторыя антыфоны, розныя песні да святых, кароткія проігрышы, больш даўжэйшыя ўступы для аргана, якія могуць быць выкананыя ў касцёлах і г. д., а таксама апісанне цырымоній, што адбываюцца ў Касцёле, і якія трэба ведаць арганісту. Тоны псальмаў, гімнаў, антыфонаў не выкладзены адвольна, а прыведзены так, як асвечана звычаем і ўпаўнаважана Касцёлам, узяты яны пераважна з рымскага Антыфанарыя альбо Псалтыра».

«Школа для аргана» складаецца з дзвюх частак. Першая частка – з сямі раздзелаў, у якіх разглядаюцца пытанні па тэорыі музыкі, арганазнаўстве альбо літургіцы. Так, першы раздзел прысвечаны тэорыі музыкі (азнаямленню з нотамі і нотнымі знакамі, з працягласцямі, з паўзамі, з танальнасцямі, метрычнай арганізацыі музыкі, з дынамікай і нюансамі), практыкаванням на развіццё бегласці пальцаў, а таксама элементарным правілам захоўвання аргана. Другі раздзел знаёміць з метадам ігры на аргане, з правіламі адкрыцця і закрыцця «ключоў» аргана, з традыцыйнымі спосабамі распачынаць і завяршаць ігру на аргане, са спевамі і харальнымі нотамі. У трэцім раздзеле аўтар разглядае арганнае выкананне ў кантэксце набажэнстваў: правілы ігры на аргане падчас чытанай Імшы, падрыхтоўка да ігры спяванай Імшы, правілы ўжывання арганавага барабана і званоў на спяванай Імшы, правілы ігры на спяванай Імшы, дадатковыя цырымоніі на спяванай Імшы, правілы ігры падчас працэсій, суплікацый і іншых малітваў, правілы ігры падчас жалобнай Імшы і г. д. У чацвёртым раздзеле кс. Я. Галіч робіць акцэнт на нормах выканання на аргане набажэнстваў афіцыя – нешпараў і ютрані. У пятым раздзеле ўкладальнікам пададзены выканаўчыя асаблівасці гімнаў («O salutaris hostia», «Ecce Panis», «Rex Christe» і інш.), якія даволі часта выконваюцца падчас месы, а таксама рэкамендацыі адносна перыядаў іх выканання. У шостым раздзеле аўтар дэталёва разглядае адно набажэнства афіцыя – камплету; літанію, чатыры антыфоны і малітву «Sub tuum Praesidium», прысвечаныя Божай Маці. У апошнім раздзеле змешчаны найбольш распаўсюджаныя касцёльныя спевы, сабраныя ў групы па перыядах літургічнага года (на Адвэнт, на Божае Нараджэнне, на Вялікі пост, на Вялікдзень) і па асобных урачыстасцях (спевы працэсій на крыжовыя дні, на Унебаўшэсце, на Спасланне Святога Духа, на Божае Цела і г. д.). Завяршае першую частку падручніка слоўнік італьянскай тэрміналогіі з уласнымі тлумачэннямі аўтара.

У другой частцы змешчаны рэпертуар касцёльнага арганіста і найбольш распаўсюджаныя падчас набажэнства творы: інвітаторыі, гімны, песні на Адвэнт, Божае Нараджэнне, Вялікі пост, Ружанцовае набажэнства, да Маці Божай, імшальныя і эўхарыстычныя песні, да святых і шмат іншага. Значнае месца тут займаюць і больш аб’ёмныя сачыненні. Сярод іх – поўныя месы Караля Кэмптара9, «Меса са спевам для аднаго голасу» (не вызначанага аўтарства), частка «Gloria», напісаная Юзафам Эльснерам, «Missa pro defunctis» ананімнага кампазітара. Ёсць таксама сачыненні для аргана: «Allegretto» Тальберга, op. 65 «Andante» Рынка11, ор. 8, «Pensũe», Аркадзія Сталыпіна (Arcad. Stolipine) op. 22, «Pastorale allegro» Л. ван Бетховена ор. 24, «Andantino» Рынка ор. 49, «Andante» Х. Адлера (p. Ch. Adler) op. 1, «Etudes melodiques» Ф. Бейера (F. Beyer) op. 98, «Andante gracioso» Л. ван Бетховена, «Postludium» Рынка.

«Школа для аргана» кс. Я. Галіча – гэта фундаментальны дапаможнік ігры на аргане для арганістаў пачаткоўцаў, своеасаблівая энцыклапедыя арганнага выканальніцтва. Кс. Ян Галіч падрабязна і педантычна разглядае ўсе пытанні, якія тычацца арганаў, нават узгадвае пра арганавыя званы. Акрамя тэарэтычных ведаў, ён падаў правілы ігры на аргане на ўсе выпадкі месы, здолеў спрагназаваць усе сітуацыі падчас набажэнства і паказаў, як можна выйсці з іх. Заўвагі аўтара вельмі трапныя і маюць яскрава практычны характар. Вось некаторыя з іх: «Калі люд верны спявае ў касцёле, то арганіст альбо хтосьці іншы спяваць не павінен, бо два спяваючых хоры ніколі з сабой не пагодзяцца» (з правілаў «ігра падчас працэсій»)12, «той, хто сядзіць за арганам з намерам іграць на ім падчас набажэнства, найперш павінен у сваёй думцы прынамсі ўявіць пачатак гэтай ігры, хоць некалькі акордаў, якія трэба першымі сыграць на клавіятуры» (з правілаў «як распачынаць ігру на аргане»)13, «кожны раз, пачынаючы іграць, трэба паглядзець на рэгістры (ключы) і падумаць, колькі іх адчынена? Ці не лепш было б некаторыя з іх закрыць альбо адчыніць...» (з правілаў «як распачынаць ігру на аргане»)14.

«Школа для аргана» дастаткова карысная для музыкантаў, якія ўжо маюць практыку ігры ў касцёле, яна можа быць досыць актуальным падручнікам і ў нашыя дні.

Паводле характарыстыкі, дадзенай А. Савінскім, кс. Я. Галіч сваёй галоўнай мэтай у музычных сачыненнях лічыў «паднясенне духа да Бога». Менавіта гэтая якасць надае кампазіцыі сакральнасць, што якраз і адрознівае духоўную кампазіцыю ад свецкай. З гэтай прычыны Янам Галічам шмат сілаў было пакладзена на паляпшэнне сітуацыі, якая на той час склалася на нашых землях: ён вышукваў новыя навучальныя метады ігры на аргане ў падручніку «Школа для аргана» і выданні «Музыка для аргана, новы метад з літарных нотаў». Яго творчыя памкненні ішлі поруч з пошукамі С. Манюшкі і Ю. Грыма, што адлюстроўваюць іх працы (адпаведна «Настаўленне па навуцы гармоніі» і «Школа для аргана»). Яны былі сугучнымі агульнаеўрапейскім тэндэнцыям у сферы касцёльнай музыкі, а дакладней, папулярызавалі ідэалы цэцыліянскага руху.

Кс. Ян Галіч працаваў у складаны для касцёльнай музыкі на Беларусі перыяд. У цэлым віленскае духавенства не разумела (альбо не жадала разумець) тагачасных праблемаў у рэлігійнай музыцы. Але здараліся выключэнні, як, напрыклад, ксёндз-канонік Ян Меню, які ўсяляк падтрымліваў музыкантаў і быў патронам Таварыства св. Цэцыліі ў Вільні. Кс. Ян Галіч таксама быў адным з тых нешматлікіх беларускіх ксяндзоў, якія, актыўна працуючы ў якасці музыкантаў, добра разумелі крытычны стан касцёльнай музыкі на Беларусі і спрабавалі ўплываць на сітуацыю ў гэтай сферы. На новым гістарычным этапе адраджаўся тып святара музыканта і гэта не новая для Беларусі з’ява – дастаткова назваць імёны езуітаў Яна Бранта (XVI ст.), доктара філасофіі і тэалогіі, магістра паэтыкі і рыторыкі, буйнога дзеяча культуры і асветы 2-й паловы XVII ст., аўтара «Тэорыі і практыкі музыкі» Сігізмунда Лауксміна15, нясвіжскага бенедыктынца, доктара святой тэалогіі і канонаў, абата Антонія Арнульфа Варанца16. Дзейнасць кс. Я. Галіча – і музыканта, і святара – была вельмі карыснай і пазітыўнай для Беларусі з’явай. Яго святарства давала магчымасць ставіць і вырашаць музычныя пытанні на якасна новым узроўні, што, зразумела, спрыяла плённаму вырашэнню праблемаў. Ён быў адным з першых музыкантаў, чыя творчая дзейнасць цалкам скіроўвалася на рэформу музыкі ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі.


  1. Gołos J. Polskie organy i muzyka organowa. Warszawa, 1972.
  2. Kurczewski J. Biskupstwo wileńskie. Wilno, 1912, s. 208.
  3. Sowiński A. Słownik muzyków polskich dawnych i nowoczesnych. Paryż, 1874, s. 120.
  4. Śpiew kościelny. Płock, 1903, ą 24, s. 279.
  5. Miller A. Teatr polski i muzyka na Litwie. Wilno, 1936, s. 223.
  6. Gołos J. Polskie organy i muzyka organowa. Warszawa, 1972, s. 102.
  7. Szkoła na organy (dzieło dla organistów) dodaniem nut na powszechniejsze śpiewy kościelne przez X. J. Galicza. Wilno, 1858.
  8. На тытульнай старонцы дата не пазначана, аднак яе можна рэканструяваць па даце дазволу цэнзуры на публікацыю.
  9. Кемптар Караль (1819–1871) развіваў сваю творчую дзейнасць у сферы дырыжорскага мастацтва і кампазіцыі. Ім напісана каля 200 твораў. Сярод іх араторыі «Ян», «Марыя», «Пастухі з Бэтлеема», «Ахвяраванне Пана» (у трох частках), каля 20 месаў, 4 нешпары, літаніі і вялікая колькасць касцёльных песняў // Ks. Migalski G. Encyklopedia muzyki kościelnej. Poznań, 1959, s. 239.
  10. Юзаф Эльснер (1769–1854) вядомы як настаўнік Ф. Шапэна. У 1915 г. ён арганізаваў у Варшаве Таварыства сяброў касцёльнай і нацыянальнай музыкі, у 1819 г. – Інстытут музыкі і дэкламацыі, які ў 1820 г. рэарганізаваўся ў Варшаўскую кансерваторыю. Сярод яго твораў 19 опер, камерная музыка, касцёльныя творы, сярод якіх араторыя «Пакуты Езуса Хрыста альбо трыумф Евангелля», месы, аферторыя, гімны, матэты і г. д. // Ks. Migalski G. Encyklopedia muzyki kościelnej. Poznań, 1959, s. 138.
  11. Рынк Ёган Хрысціян (Rinc Johann Christian, Heinrich) (1770 – Турынгія – 1846 – Дармштад) лічыўся адным з самых лепшых арганістаў свайго часу. Даволі часта канцэртаваў. Напісаў падручнік «Школа для аргана», дзве харальныя кнігі, шэраг харальных прэлюдый, фігуральных харалаў, «Der Choralfreund» ў сямі штогодніках, арганныя варыяцыі, тэарэтычныя і практычныя ўказанні ігры на аргане, адну месу, матэты, гімны, харалы, малітву «Ойча наш» у суправаджэнні аргана і іншыя вакальныя творы. Са свецкіх кампазіцый можна вылучыць яго санаты і трыо для фартэпіяна // Ks. Migalski G. Encyklopedia muzyki kościelnej. Poznań, 1959, s. 416.
  12. Szkoła na organy (dzieło dla organistów) dodaniem nut na powszechniejsze śpiewy kościelne przez X. J. Galicza. Wilno, 1858, s. 31.
  13. Тамсама, с. 14.
  14. Тамсама, с. 15.
  15. Ліхач Т. У. Тэорыя харальных спеваў на Беларусі. Мн., 1999, с. 5–6.
  16. Тамсама, с. 8.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY