Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(31)/2005
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва

УНЕБАЎШЭСЦЕ ПАНА
Пераклады

СМЕХ САРЫ
Падзеі
На шляху веры
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

МАЛІТВЫ ЗА ВОЛЮ

ВЕРШЫ
Проза

З ДАРОГІ
Кантрапункт

NON NOBIS, DOMINE...
Музыка
Постаці

ВЫСАКАРОДНАЕ ЖЫЦЦЁ
Хрысціянская думка

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Успаміны

НЕ ПАКІДАЙ НАС, ВЕРА
Роздум

З ДОМУ ДУХОЎНАГА
Юбілеі

НА МЯЖЫ МАГЧЫМАГА СПАЗНАННЯ

Л. МАЛЫШЭВІЧ
(Люцыян ХВЕЦЬКА)

З ДАРОГІ

Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.

* * *

Даўна ўжо я ездзіў па Беларусі бо, перад Рэвалюцыяй у Расеі і пісаў аб гэтым у газеці «Светач», каторая друкавалася ў Петраградзі*.
Надта люблю расказаць тоя, што відзяў — другім і дзеля гэтага, даведаўшыся, што будзе друкавацца «Крыніца», пішу далей аб тым, што бачыў у сваім Краю.
Праехаў я ад Віцебска праз Станькі, Яновічы, да Бабінавіч, аттуль да Оршы, Стараселля, а пасля паехаў далей і аб гэтым хачу пісаць.
Нямнога я праехаў, пачынаючы ад Віцебска, бо толькі вярстоў са тры сотні, чуў-такі, што дарога бярэ свае, і хацелася дзесьці адпачыць. Калісь добры чалавек з Талачына казаў: меўшы час, заглянь да мяне ў Талачын; цяпер быў я так блізка, бо толькі адну станцыю жалезнай дарогі, што ні вытрымаў і паехаў у Талачын.
Беларусь рожніцца ад Расеі ды Польшчы тым, што ў ей шмат чаго намешана і больш відаць гэта, чым у Расеі ды ў Польшчы. У Польшчы дзе-недзе спатыкаюцца чужые людзі па вёсках, а калі ёсць больш, то толькі ў гарадох; у Расеі можна сказаць, што па вёсках дык чужых людзей саўсім німа (ні гавару аб «бежанцах»), а ўсё расейцы, толькі па гарадэх ёсць шмат чужынцоў.
У Польшчы омаль што ні ўсе католікі, у Расеі зноў чуць не ўсе праваслаўные, а ў нас і стараверы, і жыды, і палякі расейцы, ды яшчэ натта раздзеляны і самы беларусы, бо яны многія праваслаўны, а шмат між імі каталікоў, ды яны так між сабою пірамешаны, што німа часта вёскі праваслаўнай, дзе ні было б каталіка, і каталіцкай, дзе ні было б праваслаўнага. Гэта хаця ні натта прашкаджае ў жыці іх хатнім, ды суседзскім, натта шкодзіць у жыці грамадзянскім.
Гэта ёсць і ў Талачыне, як было ва ўсіх тых мейсцах праз каторыя я ехаў. Тут пад’ежджаючы да Талачына, відаць падзел праз вежы касцёла ды царквы, хаця паказываецца нейкая еднасць, бо царква на першы кінь вока падобна да касцёла; як даведаўся я пасля — том што яна калісь была уніяцкая і жылі пры ёй базыліяны, каторые мелі сваю школу, а ў ёй вучылі акалічну шляхту; з гэтай школы мелі выходзіць разумные людзі; нікаторые і цяпер яшчэ жыюць.
Разгасціўся я ў сваго прыяцеля, ён чалавек ні бедны (хаця ні натта багаты), то часта прымаў гасцёў, ды ўсё паноў, ды часта і сам паехаў да каторага з іх і мяне з сабою забіраў, а я ні нудзіўся, усё прыглядаўся іх жыццю ды парадкам. Мог бы крыху аб гэтым напісаць, ды баючыся каб ніасцярожным словам каго ні зачапіць, лепш замаўчу, а скажу на агул, што гаспадары яны добрые, трымаюцца супольна, часта з’ежджаюцца, каб параіць, аб сваіх справах, ды правясці вясела час. Тут-такі скажу, што між імі есць велікіе прыхільнікі нашай справы і што даўней адна пані Г. сваім коштам выдала беларускаю кніжачку і шырыла паміж людзьмі.
Селяне, ведама беларусы, ды паміж імі шляхта, каторая хаця і не лічыць сябе беларускаю, ды з натуры мовы хатняй апраткі ёсць такою. У святочны дзень прыбіраецца «па паньску», заўсім як у Стараселлі.
Гаспадараць усе старым спосабам, том ні натта багатые, злашча селяне, паміж шляхтаю ёсць і вельмі багатые і нават адукованые людзі і нікаторые з іх ні чураюцца беларускай мовы і ўважаюць за сваю родну.
Народ «просты», хаця і сам горніцца да асветы, ды трудна ж яму пры нівяліком багацтві; пасылаюць-такі дзіцей да школ пачатковых, ды гаспадаркай, заложанай праз адзін двор.
Быў час, што натта любілі просту водку і ні адзін кірмаш, торг ні абышоўся без якогась скандалу, часта дахадзіло да бойкі.
Аколіца Талочына саўсім мне ні падабалася, хаця ёсць лясы і рэчкі, ды ўсё воддаль, навакол самога пуста, так што хацелася яго пакінуць і ехаць далей, ждаў я толькі добрай часіны.
Надарылася адно свята ў суседскай каталіцкай парафіі, праўда кажышы ні касцельнае, ды нейкае свята ўсіх паноў, з цэлай Магілеўскай губерні. Прошаны быў і мой прыяцель, а том што я ня мог астацца, ды ні хацеў, мусяў ён узяць і мяне.
Вот добра мы ехалі дваццаць пяць вёрстаў праехалі натта хутка, конікі, хаця ніпаказные, ды чуючы руку гаспадара, ішлі маланкаю, і ў якіясьці дзве гадзіны былі мы ў Обольцах. Натта глухая мясціна Обольцы, нівялікая мястэчка, адзін двор, далей касцёлак дрыўляны з хатаю для пробошча, больш і нічога, адно толькі шчасця што ёсць почта, бо там жыць было бы саўсім нудна.
Калі пры прыехалі, ужо шмат было каля касцяла, ды ў ём; хацелі паны свае свята разпачаць ад мадлітвы.
Увайшоў і я да касцёла. Кінуў вокам па касцелі і затрымаўся на патрэці караля Ягеллы, малёваном на сцяне, патрэт саўсім такі самы, які ёсць у Гісторыі Беларусі — Власта; падумаў я, ці толькі ні адгэтуль ён узяты да Гісторыі.
Дзівіўся я толькі, чом на гэтай сцяне намалёваны кароль Ягелло; пасля сказалі мне, том што ён казаў збудаваць тутака першы касцёл, ды і гэты касцёл лічыцца што ім збудованы.
Калі скончыліся модлы ў касцелі, паехалі паны да двора.
Відзяў я шмат чаго, ды ня відзяў, каб так прыгожа ездзілі. Омаль што ні кажны пан запрог па чатыры коняў у пекные бліскучые вазы; коні ўсе добрые, ды і самы вазакі падобны да вялікіх паноў.
Гасцілі ў дварэ цэлы дзень, закусывалі, пеялі песні, ігралі на фартэпіяні, хадзілі па садзе, а пасля ў вечар пірадзеліся, пасталі адзін побач другога ды запалілі агонь, падобны да алектрыкі, бачыў я, што стаяла неякая каралева, кароль ды шмат іншых.
Спадабалася мне гэта свята, хацеў бы быць даўжэй, ды ледзь праначаваўшы, трэба было ехаць далей1.

* * *

Многа паветра і многа з’яваў прад вачыма для таго, хто едзе возам.
Многа тож насоўваюць мысляў відзяныя з’явы.
Праехаўшы шмат, відзяў я многа прыгожых мейсцаў, ды цяпер праежджаў густым, высокім лесам, а стаячыя паабапал дарогі дрэвы шапталі між сабою аб даўнейшых, ды мо і аб цяперашніх, справах. Належалі яны да двара; мо гаварылі аб ём, гэтая гаворка пранікла і да мяне, бо і я пачаў думаць аб дварах.
Двароў на Беларусі сотні, мо і тысячы, яны бываюць вялікіе і малые, багатые, ды беднейшыя, добра загаспадараные ды саўсім дрэнна.
У дварах ведама жыюць больш паны і ня беларусы.
Сам я хаця німаю двара, ды натта люблю двары, бо мне здаецца, што ні адно гасударства, ды ні адзін народ, ня можа абысціся без двароў, ды большыя гаспадаркі заўсёды пажытэчны ды патрэбны. Тут-такі аткрыта мушу сказаць, што многіх двароў на Беларусі саўсім ня люблю. За што? Перш на перш за тоя, што гаспадары гэтых двароў, быўшы калісь беларусамі пірайшлі на службу да іншых народаў, а свой пакінулі самапасом. Другоя за тоя, што цяперашніе гаспадары ні дбаюць аб тых, паміж каторымі жыюць, а стараюцца памагаць тым людзям, каторые, Бог ведае, дзе жыюць. Гэтак ня робіцца ні ў адным краю.
За гэтакую работу, спадая віна на іх за тоя, што народ дагэтуль ні мае свае асветы, сваіх кіраўнікоў і што гэты народ часта ня любіць самых двароў, ды грозіць ім і крыўдзіць.
Верыць хочэцца, што і ў нас калісь будзе як у людзей, што паны сваю асвету, розум упатрэбяць да памагання і кіравання народам і згодна працаваць будуць да дабра Бацькаўшчыны.
Калі я тады ехаў і гэтак думаў, ня мог спадзецца, што так жутка злосьц проціў двароў пакажэцца на верх і што так хутка будуць глуміць двары ў Расеі ды на Беларусі. Дзякваць Богу, што народ наш спакойны з натуры і дзеля гэтага ні зрабіў столькі крыўды дваром і сабе, як у Расеі. Сумна за ўсякую дзікасць, ведама сумна і за глубленя чужой уласнасці і багацтва; хваліць ня можна гэтага, ды трэба-такі сказаць што саўсім інакш была б, каб ад двароў была прыхільнасць.
Ды што мне падарожнаму займацца сумнымі рэчамі. Еду далей — лясы шумяць, ківаюцца ля дарогі хайбы кланяючыся.
Далёка ж гэта Сенна? Скора будзем у гэтым месьці.
— Пажджы, браток, ні спяшы, паспеем, яшчэ заедзем да двара, — кажэ мой сябар.
— Добра, — кажу, — заедзем пабачым, як жыюць.
Па ніякім часі лес зрадзеў, і паказаліся платы гародаў, выцягнуўшыся стырчаў коварат студні, а далей праз галінкі дрэў саду відаць быў дворскі дом, за каторым падымаліся дрэвы парку, а побач дому стаялі дворскіе будоўлі: чваракі, свірні, адрыны ды аборы.
Ні скажу, каб пад’ехалі мы пад ганак двара з вялікім лёскам, ні думайце, што выбеглі нас спатыкаць лякаі ў лібэрыі, ціханька пад’ехалі па мураві пад сам дом, вышлі з воза, дайшлі да дзвярэй — ніхто ні дазваўся, увайшлі да пакояў — ні духа. Толькі па неякім часі з’явілася гаспадыня з яснымі знакамі радасці на твары з нашага прыезду, ды з болі яснейшымі знакамі, што да адрыны возяць сено. Прыцягнуўся і сам гаспадар, тож відаць, што без работы ні сядзеў. Відзячы гэта, падумаў я: вы, мусіць, гаспадаркі ня губіце.
Пакуль гаспадыня старалася пашукаць госцям есці, а гаспадар гутарыў з маім таварышам як з старшым, я абгледжваў усе куты і пазнаваў, што гаспадары ня быле якіе грычкасеі, ды вучаные, у хаці лад ды шмат цікавых і дарагіх рэчаў.
Пасіліўшыся, гаспадар паказаў нам сваю вялікую гаспадарку: усюды лад, дагляд, толькі парк апушчаны, дрэвы старые пакрывіліся і так стаяць. Кажу: чаму пан ня вырубаеш гэтых крывуль і ня зробіш парку як належыць. — Відаеш што, панок, — сказаў ён, — дрэвы гэтые прадзедам саджаны і дзеля таго дорагі нам, хай растуць, пакуль самы ўпадуць.
І гэта мне падабалася; усё тут ёсць: новые парадкі, лад і пашана старых памяткаў.
Надвечар паехалі мы далей, па дарозі спатыкалі людзей, вязучых вялікіе вазы пахучага сена, чулі смех вясёлы грабельніц і далёка... далёка ноты роднай песні, пранікаўшай ціхае паветра і смутнай мэлядыяй удэрваўшая душу.
Зноў лес, зноў шум, зноў мыслі сумныя, жадання хутчэй даехаць да места.
Ціха... паслухайце... Здаецца голас званоў...
Праўда... Праз шум дрэў далятаў да нас голас колькі званоў. — Янка барджэй... Пляснуў батог, коні скочылі, прыгорак, далінка, яшчэ пара прыгоркаў і далінак, кончыўся лес і прад намі было павятовае мяста Сенна... Званілі ў каталіцкім касцелі на нешпары прад Святым Фортунатам.2

* * *

Штораз ясней чуць было голас званоў, калыханых на вежы каталіцкага касцёла. Ні даехалі мы да самаго места, калі адазваўся найбольшы звон у праваслаўнай цэркві, а па нейкім часі да яго прылучылася яшчэ званоў з пяць, і калі мы ўежджалі ў Сенно, галасы званоў каталіцкага касцёла і праваслаўнай цэркві зліваліся ў адно морэ гоманаў. Мы ўежджалі як бы з нейкім трыумфам, хаця званы і ні для нас званілі.
Народу было многа на гуліцах, толькі ні таго народу местачковаго, ды селян, каторые з катомкамі з гузлямі спешылі да Сенна.
Чаго яны туды ішлі? Мо гэта меў быць заўтра кірмаш-торг, не; яны ішлі ўсе да места, бо заўтра ў касцелі мела быць рочнае свято св. Фортуната.
Ад сотні гадоў ішлі яны да св. Фортуната і на св. Фортуната. Хадзілі іх дзяды, хадзілі іх бацькі, і яны ішлі тож. Св. Фортунат — вялікі святы на цэлы сенінскі павет, і дзеля гэтаго ў той дзень было свято для селян і паноў, ды нават для каталікоў і праваслаўных. Хаця св. Фортунат святы каталіцкаго касцёла, ды духоўные праваслаўные, відзячы, што народ любіць абходзіць гэта свято, у той жэ самы дзень назначыў дзень святочны і для праваслаўных.
Ды нашто мне ў перод разказваць аб свяці, аб каторым я даведаўся пазней, чым пачаць аб месьці, па каторым і праз каторае я ехаў.
Сенно — гэта павятовае место ў Магілеўскай губ., ад яго да жалезнай дарогі — віцябскай 35 вёрст, а да Маскоўскай 40, дзеля гэтаго вырасці ні магло і асталося нівялікім. Што ў ём цікаваго? На першы вокакід нічога: тры, чатыры гуліцы, каторые сходзяцца на торжышку (рынку), пры каторым стаіць праваслаўная царква, вось і ўсё.
Пасля крыху даведаўся аб Сенні і яго аколіцы, ды тож ні многа.
Да каго было ехаць? Да каго? Я ня ведаў; думаў; трэба будзе пашукаць дзе якого заеднаго дому або карчмы, бо ні спадзеўся лепшаго чагосьці знайсці. Ды з клопату выбавіў мяне мой таварыш. Ён меў тут добрых знаёмых, ды і казаў ехаць туды, пераехалі адну шыршую гуліцу, уехалі ў нейкі пераулак і скора былі ў яго знаёмых. Яны ня толькі ахвотна нас прынялі, ды натта цешыліся, што мы да іх заехалі, відзячы гэта, і я ні смуціўся.
Прынятые гасцінне, адпачылі мы праз ноч, а заранёў яшчэ пабёг я да места зрабіць справы, дзеля якіх прыехаў. Праходзячы па гуліцах, відзяў ня сотні ды тысячы людзей, каторые прышлі на свято. Званы у цэркві ні моўклі. Забёгшы туды, бачыў я, як бацюшка пачынаў літургію. Людзей у царкві было ня многа. Пабыўшы крыху, пашоў я да касцёла каталіцкага, дзе было праўдзівае свято св. Фортуната.
Калі я прышоў бліжэй да касцёла, то ўбачыў, што Сенна мае свае прыгожые мейсцы.
Касцёл стаяў над брэгам язёра, каторае каля яго пачыналося і, сінеючы вадою, цягнулася вун далей і ўпіралася ў лес; на брэгах яго разкінуты былі вёскі і адзін двор красаваўся на другім боку. А касцёл! Сам фронт касцёла дзіўне прыгожы. Збудованы з круглых слупаў — калюмнаў, падымаючыхся сымэтрычне, адна над другою, быў як бы вялікі аўтар, пасярэдзіні катораго відзяны быў малюнак святога. У сярэдзіні ні было золата ані срэбра, толькі чыстые белые сцены, дзе-недзе з развешаным[і] абразамі, ды сама будова і чыстата пры агромнай вялічыне рабіла мілае ўражэнне.
Была тады мша, калі я ўвайшоў да касцёла, далёка прайсці ня мог, бо поўны касцёл быў людзей ды найболі ў нашых беларускіх світках, ды яшчэ дзіўна, што многіе сібе значылі крыжам па праваслаўнаму спосабу. Хацеў было я выйсці, ды ўбачыў, што нейкі паважны ксёндз, у чорнай шырокай адзежы, з пад каторай быў відаць рубчык белай, прыгатаўляўся гаварыць навуку.
Падумаў я, паслухаю, што добраго скажа, і астаўся. Ён прачытаў Эвангелію і пачаў гаварыць аб святом Фартунаці і аб людзком жыццю. З пачатку спакойна, роўнінка, а пасля з вялікай сілай і моцай, з агнём у вачах, так галасно, што чуць было за касцёлам: народ стаяў ціха, спакойна і слухаў, і калі ён скончыў, адно толькі чуць было, як гром: Божэ заплаці. Быў я ў касцелі да канца, відзеў усе цэрэмоніі, відзеў твары мадліўшыхся і пазнаў, што сёння душы іх блізко былі да Бога, ды гаварылі з самым Богам.
Думаючы а гэтых справах, пашоў я да свае кватэры і ўсе свае справы адлажыў да заўтра.3


  1. L. Małyšewič, Kryniča. 1917, № 2.
  2. Крыніца, 1917, № 4.
  3. Krynica № 2, 1918.

    * У апавяданні, адаптаваным з лацінкі, захаваны правапіс арыгіналу, за выключэннем асобных выпадкаў. — Рэд.

Малюнак Уладзіміра Вішнеўскага


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY