Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(31)/2005
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва

УНЕБАЎШЭСЦЕ ПАНА
Пераклады

СМЕХ САРЫ
Падзеі
На шляху веры
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

МАЛІТВЫ ЗА ВОЛЮ

ВЕРШЫ
Проза

З ДАРОГІ
Кантрапункт

NON NOBIS, DOMINE...
Музыка
Постаці

ВЫСАКАРОДНАЕ ЖЫЦЦЁ
Хрысціянская думка

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Успаміны

НЕ ПАКІДАЙ НАС, ВЕРА
Роздум

З ДОМУ ДУХОЎНАГА
Юбілеі

НА МЯЖЫ МАГЧЫМАГА СПАЗНАННЯ

Галіна БАГДАНАВА

НА МЯЖЫ МАГЧЫМАГА СПАЗНАННЯ

Дадатак да артыкула - Галерэя

Свае, можа быць, самыя загадкавыя графічныя аркушы — «У поцемках з ліхтаром» і серыю афортаў «Птушкаловы» — выдатны беларускі мастак Уладзімір Вішнеўскі стварыў у 1980-я гады, калі большасць з нашых суайчыннікаў жыла будзённым і не задумвалася пра вечнае. ..

Тонкія, зблытаныя музычныя лініі ўтвараюць на паперы непераадольную сетку, тканку, нябачную грыбніцу быцця ці, можа, нерат, клетку для неўтаймоўнай птушынай вольніцы...

— Клетка, — кажа Уладзімір Вішнеўскі, — гэта мяжа магчымага спазнання. А птушкі — нашы душы, што заўжды прагнуць пераадолець яе, гэтую мяжу.

Можна ўспрыняць гэты вобраз і іначай. Па сутнасці, усе мы, кожны са сваім абліччам, душою — клеткі для вобразаў, што блукаюць вакол нас, разлітыя ў тканцы быцця...

Мы ўсе такія розныя, але нам наканавана плысці ў адной лодцы, у адзіным Ноевым каўчэгу зямнога лёсу... І пра гэта яшчэ адзін твор Уладзіміра Вішнеўскага — «Дванаццаць» ( кожны разумее біблейскі сэнс гэтае лічбы). Гэты графічны аркуш экспанаваўся і на апошняй выставе «Краса Айчыны» Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва ў Дзяржаўным музеі гісторыі і культуры. Мне ж пашчасціла бачыць вобраз Дванаццаці не толькі на паперы, але і ў бронзе (апошнім часам Уладзімір Вішнеўскі захоплена займаецца і скульптурай)... Але і на графічным аркушы гэтая наша агульная вечная ладдзя шчасця і роспачы ўспрымаецца ў пэўным ракурсе як... стручок гароху, што лунае ў бездані космасу... Мы ўсе такія розныя і такія падобныя. І мы, з Божае ласкі, — разам. Былі, ёсць і... будзем? Вось такі яшчэ адзін, адкрыты Уладзімірам Вішнеўскім эпічна-паэтычны вобраз-сімвал нашай прасторы і нашага часу...

Кажуць, мудрасць жыцця ў простасці. Не кожны можа пра складанае сказаць так, каб зразумелі ўсе, хто хоча зразумець. Для гэтага трэба ведаць жыццё і быць сапраўдным прафесіяналам...

Уладзімір Вішнеўскі нарадзіўся паўстагоддзя таму ў вёсцы Балотчыцы Слуцкага раёна. Яму пашанцавала: ён рана зведаў смак і спазнаў насалоду творчасці. Вучоба ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. В. Ахрэмчыка (цяпер — Беларускі рэспубліканскі навучальны комплекс гімназія-каледж мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка) стала для яго і школай жыцця, і школай творчасці. Адзін мой знаёмы любіць паўтараць: «Каб не было сябрыны, то не было б Скарыны». Сябрына Уладзіміра Вішнеўскага склалася яшчэ падчас вучобы ў «парнаце» ( так між сабою дасюль называюць школку для адораных дзяцей яе выпускнікі) і на аддзяленні графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў).

Рыгор Сітніца, Уладзімір Савіч, Фелікс Янушкевіч, Вячаслаў Паўлавец... Цяпер вядомыя далёка за межамі нашай краіны мастакі, акадэмікі Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва. Яны для сваіх вучняў і студэнтаў сёння гэткія ж аўтарытэтныя выкладчыкі, якімі ў свой час былі для іх Валянціна Свентахоўская і Васіль Шаранговіч. Галоўны ўрок, які засвоіў ад іх Уладзімір Вішнеўскі, — гэта ўменне ў самым звычайным бачыць вечнасць і пра складанае гаварыць проста... І яшчэ — заўжды прыслухоўвацца да голасу роднай зямлі.

Уладзімір Вішнеўскі належыць да таго пакалення творчай інтэлігенцыі, якое фармавалася ў працэсе росту нацыянальнай самасвядомасці і само сваімі творамі, ды і жыццём, фармавала тую самую самасвядомасць. Пры тым, што Уладзімір Вішнеўскі пачынаў свой творчы шлях у бурлівую эпоху перабудовы, у 1980-я гады, ён ніколі не блытаўся ў выбары тэмаў, не разменьваў свой талент на дробнае. Серыя графічных аркушаў паводле «Слова пра паход Ігаравы», далікатныя лінарыты да «Скрыпкі беларускай» Цёткі, афорты да «Каардынатаў быцця» Алеся Разанава, удзел у выставах, прысвечаных юбілеям класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа, Янкі Купалы, Міколы Гусоўскага. І нарэшце афармленне кнігі «Вянок беларускіх народных песень» (1988), якую смела можна лічыць візітоўкай цяпер ужо акадэміка Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва Уладзіміра Вішнеўскага. Гэтае вельмі далікатнае, па-еўрапейску аформленае выданне ўспрымаецца як цэласны арганізм, з’яднаны рытмікай ліній, народжаных тым ці іншым (змешчаным унізе) краявідам (лейтматывам для мастака былі старыя гравюры). Імклівыя танюткія афортныя лініі дакладна перадаюць і выяўляюць праз знакі саму структуру змешчаных у кнізе мелодый. Фрагменты макета можна экспанаваць і як асобныя самадастатковыя графічныя аркушы, у кожным з якіх — свой сюжэт, свая гісторыя, свая песня.

Уражвае тое, што пры еднасці, агульнай гармоніі ўсёй кнігі кожны з яе сямі раздзел дзякуючы ілюстрацыям «гучыць» па-свойму. Мелодыі абрадавыя, вясельныя, лірычныя, іранічныя... Бачыш, як яны лунаюць над нашаю зямлёю і ператвараюцца ў ноты, знакі, сімвалы...

Уладзімір Вішнеўскі аформіў шмат кніг для дзяцей, у тым ліку, некалькі цудоўна праілюстраваных зборнікаў Уладзіміра Ягоўдзіка. У яго нямала канцэптуальна завершаных, лаканічных па гучанні скульптур — у бронзе, камені, дрэве. Уладзімір Вішнеўскі выкладае на кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, і яго вучні таксама цяпер сталі вядомымі ў свеце мастакамі. Але самымі захапляльнымі ў яго творчасці застаюцца віртуозна створаныя на даволі вялікіх па памеры аркушах паперы філасофскія графічныя кампазіцыі. Дарэчы, часопіс «Наша вера» сваім прыгожым і адметным «абліччам» таксама ў многім абавязаны таленту і густу Уладзіміра Вішнеўскага.

Канцэптуальнымі і паводле задумы, і паводле манеры выканання ўяўляюцца як асобныя творы Уладзіміра Вішнеўскага (алегорыя рэвалюцыі — «Чырвоны конь», нават фактурна стылізаваны пад малюнкі часоў мезаліту «Апошні паляўнічы», рэзкі па стылістыцы «Інтэрнэт, або Новае ўкрыжаванне Хрыста», трагічная «П’ета Чарнобыльская», па-філасофску ўраўнаважаныя «Дзяды» і «Узнясенне»), так і цэлыя серыі філасофскіх афортаў-прыпавесцяў. Напрыклад, нізка «Будаўніцтва чалавека» (1987), дзе кожны аркуш («Акі птушка», «Каменная ўсмешка», «Малы кост», «Будка суфлёра») – своеасаблівы філасофскі трактат, у які можна ўглядацца, учытвацца, і адначасова — паэтычнае, адчайнае парыванне да ўсё таго ж пераадолення зямнога прыцягнення, душэўнай скаванасці, абмежаванасці чалавечых магчымасцяў. Тут міжволі згадваюцца філасофскія гравюры Дзюрэра, тая ж «Меланхолія». Але адразу ловіш сябе на думцы, што ў творах Уладзіміра Вішнеўскага — іншы рытм, іншая палярнасць вобразаў, тое, што і ёсць прыкмета, гучанне новай, нашай эпохі, калі вобразы наплываюць адзін на адзін і выкладваюцца ў зразумелую кожнаму сучаснаму адукаванаму чалавеку на ўзроўні падсвядомасці постмадэрнісцкую мазаіку. І тут патрэбны надзвычайны прафесіяналізм, напраўду майстэрскае валоданне лініяй, каб гэтая мазаіка ўспрымалася як цэласны касмічны вобраз жывой, пульсуючай матэрыі.

— Што штурхае чалавека на пошукі ? — разважае мастак. — Ён жа заўжды імкнецца ў космас, хаця ад прыроды яму не дадзена лётаць... І гэты палёт ён здзяйсняе ў думках...

Калі ўглядаешся ў творы Уладзіміра Вішнеўскага, здаецца, фізічна адчуваеш, як зямное прыцягненне, зямная матэрыя ўкрыжоўваюць душу. Але чалавек усё адно імкнецца ўверх, на Вавілонскую вежу, вакол якой лётаюць... пачвары. Бо кожнае ўзыходжанне — гэта яшчэ і выпрабаванне сябе на ... сціпласць. Трэба заўжды суадносіць дзёрзкасць свайго парывання са сваімі магчымасцямі. Лодка, каўчэг, у якім мы плывем у вечнасць, і вобраз Мадонны, якая ахоўвае, натхняе – гэта лейтматыўныя сімвалы не толькі Уладзіміра Вішнеўскага, але і ўсёй беларускай культуры, лейтматыўныя сімвалы тых мастакоў, пісьменнікаў, над асэнсаваннем творчасці якіх у апошнія гады працуе вядомы беларускі графік.

Тут варта згадаць серыю «Адаму Міцкевічу» («Ініцыял Паэта», «Неспатоленая крыніца духу», «Легенда пра Свіцязь»), «Прысвячэнне Караткевічу», «Свет у сутонні душаў. Дастаеўскі», «Неба і зямля Фердынанда Рушчыца», «Прысвячэнне Быкаву». У апошнім, зусім нядаўна створаным аркушы, ёсць, як і ў выдатным фільме А. Таркоўскага «Салярыс», адчуванне мяжы, адчуванне святла і абсалютнай цемры, аксамітнага бязмежжа космасу. Творца, паводле Уладзіміра Вішнеўскага, — гэта прарок, які асвятляе сваёй творчасцю кавалачак неспазнанага свету, кавалачак карункавай вобразнай тканкі, што нагадвае спляценне пульсуючых чалавечых нерваў ці тую самую грыбніцу вечнасці. Калі на яе глядзіш, яна пачынае зацягваць цябе, як вока тайфуна, у якім толькі паспявай пазнаваць абрысы знаёмых твараў, помнікі гісторыі, міфалогію роднага краю, лініі ініцыялаў...

— Аснова ўсяго, — сцвярджае Уладзімір Вішнеўскі, — адзіная матэрыя, філасофская тканка, якая стварае акіян вечнасці.

І з гэтага акіяну вока мастака выхоплівае вобразы-сімвалы, у якіх як бы наноў пачынае гучаць глыбінны філасофскі падтэкст.

Падчас вандроўкі ў Польшчу, у Вроцлаве, Уладзіміра Вішнеўскага ўразіла традыцыйная для Беларусі і Польшчы драўляная скульптура «Смуткуючы Хрыстус», якая стаяла за кратамі. Вобраз самотнага Хрыста, увасоблены народнымі майстрамі, заўсёды вельмі просты і чалавечны, зразумелы кожнаму. У графічным аркушы «Смуткуючы» краты надалі яму дадатковую экспрэсію і новы філасофскі падтэкст.

У каляровай літаграфіі «Інтэрнэт, або Новае ўкрыжаванне Хрыста» Уладзімір Вішнеўскі як бы палярызуе вечнае супрацьстаянне цывілізацыі з яе найноўшымі вынаходніцтвамі і культуры, сапраўднай культуры, якую можна суаднесці з духоўнасцю.

Трагічнае гучанне, дзякуючы нязвыкламу маштабу, набываюць ужо знаёмыя нам вобразы-сімвалы ў каляровым афорце «П’ета Чарнобыльская». Рэкі — слёзы маці. А месяц — уратавальная ладдзя. Толькі высокая духоўнасць, як падкрэслівае Уладзімір Вішнеўскі, можа ўратаваць усіх нас ад пагібелі.

Але шлях да ўратавання няпросты, ён — у вечным супрацьдзеянні, у вечным супрацьстаянні Белага і Чорнага анёлаў нашага лёсу. Гэта таксама адзін з галоўных, лейтматыўных вобразаў Уладзіміра Вішнеўскага, які бачыць у такім супрацьстаянні закон раўнавагі. Найбольш цэласна гэтая тэма адлюстравалася ў аформленай ім кнізе «Палата кнігапісная» Міколы Нікалаева. І супервокладка, і серыя ўводных ілюстрацый ствараюць адметную атмасферу для ўспрымання тэксту. Белы і Чорны Анёлы — гэта дзень і ноч, дабро і зло, белы аркуш і чорныя літары. Сярод ілюстрацый ёсць такая, дзе відаць, як урабляецца глеба, ёсць «Сейбіт» (насенне тут — алегорыя літараў на кніжнай старонцы), ёсць шмат адмыслова стылізаваных вобразаў старажытных беларускіх гарадоў.

Пройдзе час, і ўсе мы далучымся да Вечнасці. Але тут, на зямлі, застануцца адкрытыя намі, увасобленыя ў нашых творах вобразы. Угледзьцеся, услухайцеся ў тое, што пакінулі нам продкі, і тады, можа быць, і вашыя вобразы ўразяць кагосьці таямніцаю адкрыцця, магчымасцю пераступіць парог спазнанага. Гэта ўбачылася і пачулася мне ў творчасці Уладзіміра Вішнеўскага, новых твораў якога чакаем, як новых таямніцаў.

Фота Лявона ЛЕЎШЫНАВА


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY