|
|
№
1(31)/2005
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
Падзеі
На шляху веры
Паэзія
Пераклады
Проза
Кантрапункт
Музыка
Постаці
Хрысціянская думка
Бібліятэка часопіса
Успаміны
Роздум
Юбілеі
|
Евангелісты мала што паведамляюць пра Унебаўшэсце Хрыста. Мацвей і Ян наогул пра яго не згадваюць. Марк абмежаваўся лаканічнай канстатацыяй пра тое, што адбылося пасля Апошняй Вячэры з апосталамі: «Пан пасля гутаркі з імі ўзнёсся на неба і сеў праваруч Бога» (пар. Мк 16, 19). У Лукі мы знаходзім пэўныя дэталі: «І вывеў іх з горада да Віфаніі і, падняўшы рукі Свае, благаславіў іх. І калі благаславіў іх, пачаў аддаляцца ад іх і ўзносіцца на неба. Яны пакланіліся Яму і вярнуліся ў Ерузалем з вялікаю радасцю» (пар. Лк 24, 50–52). У Дзеях святых Апосталаў тэкст Лукі пашыраецца і дапаўняецца двума новымі персанажамі: «Сказаўшы гэта, Ён узнёсся на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго з вачэй іх. І калі яны глядзелі на неба падчас ушэсця Ягонага, раптам сталі перад імі два мужы ў белым адзенні. І сказалі: мужы Галілейскія! Што вы стаіце і глядзіце на неба? Гэты Езус, што ўзнёсся ад вас на неба, прыйдзе гэтаксама, як вы бачылі Яго, калі ўзносіўся на неба. Тады яны вярнуліся ў Ерузалем з гары, якая называлася Аліўнай, што бліз Ерузалема, на адлегласці суботняга дня хады“ (пар. Дз 1, 9–12). Хто гэтыя два мужы ў белых адзеннях? Пасля пэўнай дыскусіі раннехрысціянскія тэолагі прыйшлі да высновы, што гэта былі Анёлы. Кароткія тэксты евангелістаў сталі крыніцай натхнення для мастакоў мініяцюраў і роспісаў.
Св. Аўгустын каля 400 г. называе Унебаўшэсце найдаўнейшым і паўсюдным святам, пра тое ж гавораць Ян Златавусны і Епіфаній Кіпрскі. Паводле вядомага касцёльнага гісторыка Яўсевія, у IV ст. на месцы Унебаўшэсця ўжо быў пабудаваны храм. Першыя выявы Унебаўшэсця М.В. Пакроўскі адносіць да V ст. На сімвалічным рэльефе на дзвярах касцёла Сабіны ў Рыме Хрыстус ужо стаіць на небе ў крузе з лаўровага вянку, а на зямлі ўнізе пад сонцам і месяцам – Маці Божая паміж двума апосталамі. На мініяцюры вядомага сірыйскага Евангелля Равулы бачым ужо цалкам завершаную кампазіцыю, якая ў асноўных рысах стане кананічнай на многія стагоддзі ў мастацтве ўсходнехрысціянскага свету. Хрыстус у глорыі, якую падтрымліваюць анёлы, узносіцца ў неба над гарамі; пад Яго нагамі — тэтраморф (сімвалы евангелістаў) і калясніца Эзэхіэля. Унізе стаіць Маці Божая з узнятымі, як у Аранты, рукамі. Абапал – ажыўленыя групы вучняў, да якіх звяртаюцца Анёлы. У верхніх кутках – сімвалы сонца і зямлі ў выглядзе фігурак у каронах. М.В. Пакроўскі лічыў мініяцюру копіяй з выдатнага візантыйскага абраза2. На некаторых іншых мініяцюрах, якія бачым у Евангеллях, Маці Божая стаіць не ў сярэдзіне, а збоку; часам няма Анёлаў, якія прадказваюць другое прыйсце Хрыста; з’яўляюцца святыя жанчыны. Часам малююцца дрэвы як сімвал Аліўнай гары. Апрача Евангелляў, мініяцюры «Унебаўшэсця» сустракаюцца таксама ў Псалтырах. Вядомы гэты сюжэт і ў пластыцы, найбольш у складнях і літых абразках. Ужо ў VI ст. сюжэт «Унебаўшэсця» прысутнічаў у роспісах царквы св. Сергія ў Канстанцінопалі, мазаіках у купале солунскай Сафіі (VI–VII стст.) і больш позніх у касцёле св. Марка ў Венецыі, а таксама ў афонскіх роспісах. У больш ранніх фрэсках апосталы стаяць у барабане, а Хрыстус размешчаны ў скуф’і, часам дадаюцца прарокі. Пазней «Унебаўшэсце» малявалася пераважна ў алтары, які абазначаў неба, а фігура Хрыста ў рост у купале трансфармавалася ў Пантакратара і страціла сувязь з ранейшым сюжэтам3. Такая выява існавала ў купале Дабравешчанскай царквы Супрасльскага манастыра, фрэска ж «Ушэсце» знаходзілася на паўночнай сцяне алтара4. Як наогул у візантыйскім і старажытнарускім, так і ў беларускім іканапісе кананічнасць раннехрысціянскай іканаграфіі аказалася надзвычай устойлівай. Кампазіцыя абраза сярэдзіны XVII ст. са Слуцка блізкая да такога старажытнага помніка як візантыйская мініяцюра з «Рукапісу гутарак Якуба»5. Маці Божая ў блакітнай сукенцы і чырвоным мафорыі, выдзеленая залатым німбам, стаіць наперадзе левай групы апосталаў, узняўшы позірк угару. У адным радзе за Ёю паказаны два ўсхваляваныя сівабародыя апосталы ў руху; за імі, на другім плане — шчыльная група людзей. Анёл у белым адзенні, з пурпуровымі крыламі паказвае правай рукой уверх, на Езуса, прыклаўшы левую да грудзей нібы для пераканаўчасці. Справа — больш спакойная група з трыма апосталамі на пярэднім плане; другі Анёл звяртаецца да іх, паказваючы рукамі на Маці Божую і левага Анёла. Абодва пасланцы нябёсаў прыўзнятыя на горку з дробнымі чырвонымі кветкамі (сімвал Элеонскай гары). Апосталы (а іх больш, чым дванаццаць) і Маці Божая стаяць ніжэй, абапал горкі. На анёльскія німбы «абапіраецца» залатая кругавая мандорла, якую падтрымліваюць два анёлы, два верхнія выглядваюць з-за яе. У мандорле сядзіць Хрыстус з разведзенымі рукамі, у пурпуровым хітоне і цёмна-вохрыстым гімаціі – у Яго позе скрыты сэнс Апошняга Суда. Побач з кананічнасцю кампазіцыі нельга не адзначыць маляўнічую колеравую гаму і тонкую графіку абраза, якія сведчаць пра ўплыў рэнесанснага жывапісу. Фон гравіраваны рэгулярнымі разеткамі накшталт дывана. Класічная рама абраза з валікамі і «камянямі» на палях шчыльна ўпрыгожаная маньерыстычным арабескавым арнаментам, у які ўпісана назва сюжэта6. Як адзін са святочных сюжэтаў «Ушэсце» прысутнічае ў Шэрашэўскім іканастасе 2-й паловы XVIII ст.7 Невялікія памеры абраза, здаецца, паўплывалі на характар жывапісу, які нагадвае мініяцюру, да таго ж яго іканаграфія набліжаная да мініяцюры з евангелляў Равулы, гелацкага і афонскага8. Магчыма, існавала падобная мясцовая першакрыніца ў недалёкім ад Шэрашава Супраслі. У адрозненне ад слуцкага абраза на шэрашаўскім Маці Божая стаіць не збоку, але франтальна ў цэнтры. У свой час даследчыкі старажытнай іканаграфіі дыскутавалі аб рэальнасці і сімвалізме фігуры Маці Божай ва «Ушэсці» – ці прадстаўляе Яна проста самую сябе, ці мае больш шырокі сэнс, увасабляючы разам з тым хрысціянскую Царкву. Пагадзіліся на тым, што такі рэалістычна-сімвалічны сэнс мае асоба Багародзіцы, калі Яна знаходзіцца ў цэнтры. Абапал стаяць апосталы (у німбах) і Анёлы, якія паказваюць рукамі на неба, дзе высока над зялёнай гарой укленчаныя Анёлы падтрымліваюць авальную белую мандорлу і пасад-вясёлку, на якой сядзіць Хрыстус, благаслаўляючы ўсіх жэстам разведзеных рук. Колер адзенняў Марыі – блакітная сукенка і пурпурны мафорый — узяты з усходнехрысціянскай традыцыі. Адрозненне абраза ў іканаграфіі ад ранніх мініяцюраў, якое можна палічыць заходнім уплывам, у тым, што рукі Багародзіцы скрыжаваныя на грудзях, а не ўзнятыя ўгару ў жэсце Аранты. У рускім і балканскім іканапісе XVII–XVIII стагоддзяў, як крытычна адзначае М.В. Пакроўскі, на змену візантыйскай ідэальнай трактоўцы сюжэта з’явілася з Захаду «схільнасць да механічнага папаўнення кампазіцыі элементамі, якія ўзніклі пад уплывам літары Евангелля і Традыцыі»9. Інакш кажучы, пад уплывам заходнееўрапейскага рэнесансава-барочнага жывапісу мясцовыя іканапісцы надавалі евангельскай падзеі рысы рэальнасці. У беларускім іканапісе прыкладам можа служыць «Ушэсце» з царквы св. Параскевы ў Дзівіне, выкананае ў 1751 г. Тамашом Міхальскім па заказе Паўла Клачковіча (гэтыя звесткі пададзены ў подпісе на польскай мове на ніжнім краі абраза). Тут Элеонская гара не сімвалічны ўзгорак, але займае добрую палову поля абраза. Воблачная града, сеўшая на вяршыню гары, выдзяляе нябесную сферу ў выглядзе залатога праёму, які замяніў мандорлу-славу візантыйскай іконы. У ім на воблаку балансуе Хрыстус, паўпрыкрыты свабодным плашчом; магчыма, такая дынамічная пастава бярэ пачатак ад рафаэлеўскага «Перамянення». На целе Хрыста бачныя сляды ранаў, рукі разведзеныя. Абапал Яго ўкленчылі два Анёлкі, над імі – Херувімы, паўсюдныя ў мастацтве барока. На вяршыні гары адбіліся ступні ног Хрыста. (Пра сляды на Аліўнай гары згадвалі св. Аўгустын, св. Паўлін Нольскі і Сульпіцый Север. Паводле падання, пры аблозе Ерузалема імператарам Цітам на гары стаяў рымскі лагер, але ні войска, ні капыты коней не затапталі слядоў Хрыста. У IV ст. св. Алена пабудавала храм-ратонду, у падлозе якой захавалі сляды. Пазней храм не раз разбураўся, быў перабудаваны пад мячэць, але адзін след ацалеў (Encyklopedia kościelna/ t.33. Płock, 1913). Каля падэшвы гары ў цэнтры прысела Багародзіца ў малінавай сукенцы, цёмна-сінім плашчы і белым плаце (колеры заходняй іканаграфіі), абапал стаяць дванаццаць апосталаў. Толькі адзін з іх, укленчаны Пётр, глядзіць уверх; астатнія, у тым ліку Марыя, засяроджаныя, нібы спрабуюць асэнсаваць тое, што адбылося. Сярод іх няма Анёлаў у белых адзеннях. Па сутнасці іканаграфія абраза Т. Міхальскага цалкам заходнееўрапейская, барокавая. У такім жа выглядзе, больш характэрным для заходняй іканаграфіі «Уваскрэсення», Хрыстус паказаны на абразе канца XVIII ст. з Піншчыны. Езус у плашчы, які нагадвае набедраную павязку, са слядамі ранаў, узнімаецца над гарой у прасвет паміж воблакаў з тонкімі праменнямі. Унізе абапал гары – дынамічныя групы простанародных апосталаў; з левага боку выдзелена Марыя і невядомая мужчынская асоба ў профіль (у багатым адзенні, яўна не апостал). Абраз, намаляваны алеем на палатне, нясе на сабе відавочны адбітак барока. Большы кампраміс іканапіснай традыцыі і новага мастацтва дасягнуты ў абразе з Маларыты, пасвойму архаічным для пачатку XIX ст. (на ім яшчэ нават захаваўся разьбяны пазалочаны фон). Пакатая Элеонская гара займае яшчэ больш прасторы, чым на папярэднім абразе. На яе вяршыні засталіся сляды Хрыста, і абапал стаяць Анёлы ў белых і залатых адзеннях, паказваючы ў неба. Там праз воблачную граду ўваходзіць у нябесную сферу Хрыстус у прамяністым ззянні, адзеты ў пурпуровы хітон і плашч, перакінуты праз плячо. Апосталы размешчаны па крузе вакол гары; іх абліччы маюць індывідальныя рысы. На пярэднім плане ўкленчылі Пётр і Якуб, Багародзіца са скрыжаванымі рукамі і Ян. Астатнія стаяць на заднім плане і адзін з іх ухапіў за ступню левага Анёла, нібы імкнучыся затрымаць яго на зямлі. Унізе абраза надпіс — A(nno). D(omini). 1805. Пра незвычайную жывучасць барокавага стылю ў часе сведчыць абраз з царквы ў мястэчку Барань (каля Оршы), намаляваны ў 1808 г. Сілінічам, напэўна, мастаком магілёўскай школы10. У ім нават верх разьбяной рамы — трох’аркавы, характэрны для ранняга барока. Традыцыйны фон з разьбяным раслінным арнаментам перакрываецца светлымі воблакамі, у якія ўрэзана залатое прамяністае ззянне з Езусам у чырвоным хітоне і сінім плашчы. Барочнай аб’ёмнасцю і дынамікай вызначаюцца постаці апосталаў у адзеннях насычаных колераў вакол шырокай Элеонскай гары, асабліва — фігуры Пятра, Яна і Маці Божай на пярэднім плане. На вяршыні гары стаяць анёлы ў светлых адзеннях, з ружовымі крыламі, паказваючы на Езуса ў небе10. Нядаўна рэстаўраванае «Ушэсце» ў Полацкім гісторыка-культурным запаведніку сведчыць пра тое, што і ў ХVІІІ ст. у беларускім Падзвінні працавалі самабытныя мастакі-іканапісцы. Вельмі каштоўна, што на абразе захаваўся надпіс, які сведчыць пра месца прызначэння і час выканання абраза: — «Ten obraz Wniebowstąpienia Pańskiego S. r. ... do cerkwi Ekimańskiej ... 1743». Экімань — адна з вёсак пад Полацкам, на беразе Дзвіны, якую Стэфан Баторый аддаў полацкаму езуіцкаму калегіуму ў шэрагу іншых царкоўных, якія пасля Лівонскай вайны засталіся без уласніка. У сярэдзіне ХVІІІ ст. у судовым працэсе з епіскапам Фларыянам Грабніцкім полацкія езуіты сцвярджалі, што ў сваіх уладаннях яны пабудавалі 15 касцёлаў і 22 уніяцкія царквы. У інвентары за 1782 г. падаецца год пабудовы касцёла і звесткі пра вёску Экімань. У ёй 6 дамоў належалі католікам, 82 — уніятам, 14 — яўрэям. У суседнім прадмесці Кабак налічвалася 29 дамоў католікаў, 5 — уніятаў, 39 — праваслаўных. Там жа існаваў кляштар бернардынцаў, заснаваны ў 1695 г. Дамінікам Слушкам. Дзіўна, што пры такой колькаснай перавазе уніятаў у візіце 1782 г. не згадваецца пра іх царкву — магчыма, яна да 1782 г. стала касцёлам. Кампазіцыя экіманскага абраза значна адышла ад візантыйскай іканаграфіі. Шырокая града шэрых воблакаў з анёлкамі-пуццямі па краях паўкругам аддзяляе нябесную сферу ад зямной. На ёй стаіць Езус, які ўзняў правую руку ў развітальным жэсте і благаслаўляе апушчанай правай. Толькі тонкая палоска блакітнага неба аддзяляе Езуса на воблаках ад дзевяці апосталаў, пастаўленых па ледзь выгнутай дузе. На пярэднім плане справа выдзелена Маці Божая, ніжэй Яе, абапал — два апосталы: Ян, мяркучы па маладым твары, і, верагодна, Пётр. У самым нізе ляжыць разгорнутае Евангелле як доказ рэальнасці падзеі. Вобразы апосталаў вызначаюцца індывідуальнымі рысамі, прыгожай пластыкай і колеравай гамай адзенняў, простай, але выразнай кампазіцыяй абраза. Здаецца, мастак імкнуўся запоўніць усю паверхню жывапіснага поля; Аліўная гара злева ўнізе амаль непрыкметная. У беларускай кніжнай гравюры «Ушэсце» адлюстраванае Аляксандрам Тарасевічам у вядомым лацінскім «Разарыуме» (Rosarium et Officium B. Mariae Virginis… Vilnо, 1677–1678). У кірылічных выданнях да гэтага сюжэта звярталіся магілёўскія гравёры: Максім Вашчанка (Акафісты і каноны. 1693 і 1728) і Фёдар Ангілейка (Ірмалой або Асьмагалоснік. Друкарня М. Вашчанкі. 1700)11.
|
|
|