![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||
№
1(31)/2005
![]() На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
Падзеі
На шляху веры
Паэзія
Пераклады
Проза
Кантрапункт
Музыка
Постаці
Хрысціянская думка
Бібліятэка часопіса
Успаміны
Роздум
Юбілеі
|
![]() Навошта жыве чалавек? Хто з нас не задумваўся над сэнсам жыцця і смерці чалавека? Каго не ўразіць да глыбіні душы сваёй відавочнасцю і няўмольнасцю выказванне вядомага святара Ігнація Бранчанінава: «Што гэта за вялікі падман — чалавечае жыццё? — дзе кожны, з’явіўшыся на імгненне на зямлі, адчувае і ўяўляе сябе вечным, незвычайным і непаўторным, аднак, не паспеўшы нічога да канца зразумець і зрабіць, няўмольнай і заўсёды „заўчаснай” смерцю выкрэсліваецца з жыцця, а потым і з памяці тых, хто застаецца жыць». Гэтыя словы прыгадаліся над старонкамі новай кнігі Янкі Брыля. Кожная кніга гэтага пісьменніка — з’ява непаўторная, але лірычныя запісы «Блакітны зніч» усё ж і на гэтым фоне — самы незвычайны, самы балючы твор нашага знакамітага мастака слова. Найперш таму, што звязаны з перажытай ім нядаўна трагедыяй — смерцю жонкі Ніны Міхайлаўны, з якою больш чым паўвеку ён дзяліў свае радасці і няшчасці, свае творчыя і жыццёвыя поспехі і турботы. Быў і дагэтуль вярэдлівы боль успамінаў пра расстралянага НКВД брата Валодзю, пра іншых загубленых сталінскай сістэмай людзей у аповесці «Муштук і папка». Але гэты боль быў крыху прытуплены часавай адлегласцю, даўняй перажытасцю, растанне ж з Нінай Міхайлаўнай — свежая незагойная рана…
У кнізе адчувальна прысутнічае асабіста выпакутаваны роздум над таямніцаю смерці: «Няўжо мы ўсе панараджаліся, жывём дзеля таго, каб паміраць? Наіўна простае, глыбока страшнае і крыўднае пытанне. А вечарэе ў зялёным навокал спакойна і светла». Задзейнічаны і па-свойму, па-брылёўску, арыгінальна пераасэнсаваны спрадвечна вядомы хрысціянскі вопыт: «Цяжка чытаю „Розу Мира” Данііла Андрэева. Над нагрувашчваннем прамудрых разваг і тлумачэнняў, скрозь іх і за імі раптам убачыліся першыя хрысціяне ў рымскім цырку, перад тым найстрашнейшым момантам, калі на арэну, дзе застылі ў жаху ахвяры, вырвуцца галодныя ільвы. Сярод ахвяраў — дзеці. Як жа ім іхнія бацькі, маці, дзяды і бабулі, у душах, у свядомасці якіх ёсць тое, за што звяры будуць іх разрываць, як усе тыя блізка-дарослыя скажуць дзецям, святым у сваім няведанні, за што ім гэты жах звышпакутнай смерці? А потым я вельмі проста сігануў з той старадаўняй далечы ў свой час, у гады фашысцкай акупацыі, у апавяданні тых, што ўвайшлі ў кнігу памяці „Я з вогненнай вёскі…”, у жахі дарослых і дзяцей, у моманты перад расстрэлам, у тую самую немагчымасць сказаць, растлумачыць свята-нявінным: што гэта?..» І побач з гэтай «немагчымасцю сказаць», як яшчэ адна грань непадуладнай чалавечаму разуменню, неадназначнай праблемы — беларуская, народная, выпрацаваная стагоддзямі спакойна-разважлівая філасофія: «Ну і памрэш, і свету гэтым не абновіш!.. Раптам успомнілася і такая народная мудрасць, згода з тым, што было і будзе». Але гэтая згода не выключае ні болю, ні адчування крыўды ці віны перад тымі, каго ўжо няма побач. У лірычных запісах «Блакітнага знічу» неаднойчы згадваюцца вядомыя і мала вядомыя асобы, тыя, хто адышоў у нябыт, і пра каго Янка Брыль з горыччу зазначае: «Наколькі лепш было б ведаць пра чалавека, пакуль ён жывы, усё тое, што раскрываецца пасля, калі ўжо яго няма, а засталіся толькі запісы, успаміны…». На жаль, менавіта па лістах і ўспамінах толькі і можа чытач узнавіць светлы вобраз вернай жыццёвай спадарожніцы пісьменніка — Ніны Міхайлаўны Брыль. Лісты з сямейнага архіву Брылёў (раздзел «Нашы разлукі»), якія пісалі Ніна Міхайлаўна і Іван Антонавіч падчас сваіх расстаняў, арганічна завяршаюць папярэдні роздум.
Чытаючы яе лісты, першы з якіх пазначаны 1944 годам, жыва ўяўляеш яе няпросты лёс — лёс адоранай, мудрай і светлай жанчыны, а ў дадатак — жонкі знакамітага пісьменніка. Не толькі з гэтых лістоў, але і са згадак, а то і з прамых выказванняў Янкі Брыля накшталт гэтага: «з удзячнасцю думаў раней, а тым больш думаю цяпер пра Нінін сяброўскі ўдзел у маёй пажыццёвай працы», — бачна, якую вялікую ролю мела яе падтрымка і дапамога ў творчай працы празаіка. Думаецца, што тут можна гаварыць не толькі пра захаванне біблейскага запавету сужэнскай адданасці жонкі свайму мужу, але і пра шчаслівы сямейны звяз творчага чалавека, пра зямную жаночую самаадданасць і вернасць, прыкладаў якой, на жаль, не так і шмат у гісторыі нашай літаратуры. Прыгадваюцца хіба што шчымліва-светлае каханне Максіма Гарэцкага да Леанілы Чарняўскай ды самааданная праца Уладзіславы Францаўны Луцэвіч па ўшанаванні памяці вялікага Купалы. «Пішы пра ўсё, над чым працуеш, якія планы ў Цябе і якія поспехі. Чакаю — бо гэта ж і маё жыццё», — прызналася Ніна Міхайлаўна мужу ў лістападзе далёкага 1944 года. З тых ваенных гадоў і цягам усяго сумеснага жыцця яна заўсёды была побач з Янкам Брылём, гадавала дзяцей, вычытвала яго творы, выконвала безліч хатняй жаночай працы, без якой няма ўтульнага дому, дружнай сям’і. У яе таксама быў свой талент: яна была адораная той найвышэйшай жаночай мудрасцю, якая дазваляла ёй падначаліць свае інтарэсы, свае жаночыя і чалавечыя амбіцыі ролі вернай паплечніцы таленавітага мужа. Такой яна заставалася ўсё жыццё. Пакуль не прыйшла хвіліна апошняй разлукі. «Апошняе месца на роднай зямлі я аплаціў на дваіх рублямі, загадзя сабранымі з дзвюх ветэранскіх пенсіяў, ды з маіх, жабрацкіх сёння, літаратурных заробкаў, так увайшоўшы ў незалежна-свабодны спакой на душы ад таго, што вось і ведаю, куды і да каго пайду. А ўжо калі ды як — нікому тога ж ведаць не дадзена…». «Блакітны зніч» — сапраўды вельмі балючая кніга. Але ж гэта брылёўская кніга. І побач з тугою і болем тут, як і заўсёды ў Янкі Брыля, прысутнічае святло, глыбіннае адчуванне і разуменне шматстайнасці і зменлівай вечнасці жыцця. «Буйным цветам мяне сустрэла каля зялёнай брамкі алыча. На чарэшнях і вішнях цвет толькі намеціўся. Ноччу быў доўгачаканы дождж. І сліва да рання багата расцвіла. Хоць не на сонцы, а ў мокрым цяпле. Учора адразу, толькі выбраўшыся з машыны, пачуў зязюлю, а сёння, выйшаўшы на ганак , прывітаў салаўя. Нават і божая кароўка ўчора, сонечным адвячоркам, шнуравала трухцікам па прыступцы ганку, на якім мы ўтраіх сядзелі». І ў гэтым жыццесвярджальным кантэксце, якім, нягледзячы на журбу, прасякнута ўся кніга, узвышана і шматзначна прачытваецца невялікі абразок — згадка з далёкага маленства: «...Яна за вечнай прасніцай, а я, малы, над кнігай. — Позна, сынок. Лажыся. І заўтра ж будзе дзень!..»
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |