Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(31)/2005
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва

УНЕБАЎШЭСЦЕ ПАНА
Пераклады

СМЕХ САРЫ
Падзеі
На шляху веры
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

МАЛІТВЫ ЗА ВОЛЮ

ВЕРШЫ
Проза

З ДАРОГІ
Кантрапункт

NON NOBIS, DOMINE...
Музыка
Постаці

ВЫСАКАРОДНАЕ ЖЫЦЦЁ
Хрысціянская думка

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Успаміны

НЕ ПАКІДАЙ НАС, ВЕРА
Роздум

З ДОМУ ДУХОЎНАГА
Юбілеі

НА МЯЖЫ МАГЧЫМАГА СПАЗНАННЯ

Ганна СЕРЭХАН

МАЛІТВЫ ЗА ВОЛЮ

Надзея, якая рухае жыццё... Мара, якая наталяе душу... Чаканне, якое прагне шчасця...

І ўсё гэта кліча Бога. І не дзіўна, што чалавек-мастак у малітве разам са сваім творам нібы вяртае Вышэйшаму Творцу крупінку свайго дару, не дзіўна, што духоўная паэзія – скарбніца паэтычных дасягненняў любога народа. Хто імкнецца да Бога, той будзе выведзены Ім.

Трывалыя спадзяванні на Божую дапамогу ў лёсе Беларусі выказваў знакаміты ў ХІХ стагоддзі паэт Антон Гарэцкі (1787–1861) – чалавек з цікавым лёсам і амаль не даследаванай творчасцю. Больш за сто гадоў імя яго патанала ў забыцці, а вершы ўсё ж славілі Айчыну і Бога.

Нарадзіўся Антон Гарэцкі ў Вільні ў сям’і ваеннага, пачатковую адукацыю атрымаў дома, а пасля паступіў у Віленскі універсітэт. Дэбютаваў у 1804 годзе ў «Tygodniku Wileńskim». Пасля заканчэння вучобы Антон распачаў вайсковую службу ў Варшаўскім Княстве, змагаючыся на баку Напалеона.

Пасля службы ў войску ў 1815 годзе Антон Гарэцкі пасяліўся ў сямейным маёнтку Дусіненты, паблізу Вільні. Ён быў чаканым госцем у арыстакратычных салонах Варшавы, Вены і Вільні, браў актыўны ўдзел у культурным жыцці. Творы Антона Гарэцкага былі настолькі папулярнымі, што імгненна перапісваліся і разыходзіліся па школах, дварах, павятовых мястэчках.

У 1816–1818 гадах паэт падарожнічаў па Еўропе: наведаў Германію, Аўстрыю, Францыю, Італію. Падарожжа падарыла яму цікавую памятку – альбом з прысвячэннямі сяброў, спатканых у дарозе. Антон Гарэцкі амаль не выпускаў пяро з рук і працягваў пісаць на польскай мове вершы і байкі пераважна палітычнага зместу. Яго творы друкаваліся на старонках папулярных выданняў «Dziennik Wileński», «Pamiętnik Warszawski», «Tygodnik Polski i Zagraniczny». У 1828 годзе вялікую папулярнасць атрымала «Байка пра фурманаў», у якой Антон Гарэцкі сцвярджаў, што коням польскай пароды патрэбны сімпатычны голас, а не біч. За гэты твор паэт і быў арыштаваны ў Варшаве.

Але ўжо ў 1831 годзе Антон Гарэцкі ўваходзіў у склад Цэнтральнага віленскага камітэта, адказнага за арганізацыю паўстання ў Літве. У гэты час ён карыстаўся вялікай папулярнасцю ў народзе і таму быў абраны кіраўніком паўстання. Пра актыўнасць паэта ў гэтай справе расказваюць шматлікія вершы, песні, напоўненыя заклікамі да бою.

...Паўстанне пацярпела паразу. Незадоўга перад гэтым Антон Гарэцкі быў накіраваны з дыпламатычнай місіяй у Швецыю, Англію і Францыю. Па дарозе яму ўдалося пазбегнуць арышту і сесці на англійскі карабель «Пенелопа». З гэтага часу і пачаліся яго выгнанніцкія бадзянні па Еўропе. Дрэздэн, Парыж... Там, за мяжою, пабачылі свет амаль усе зборнікі вершаў Гарэцкага (а іх было больш за дзесяць: «Poezje Litwina» (1834), «Bajki i poezje nowe» (1837), «Kłosek polski» (1834) і інш.

Цяпер мы ведаем Антона Гарэцкага як аўтара шматлікіх баек, гістарычных дум, элегій, паўстанцкіх песняў. Яго пяру належыць і немалая колькасць касцёльных гімнаў, напісаных у розныя перыяды жыцця. Сярод іх высокай мастацкай вартасцю вылучаецца «Гімн да Бога пра захаванне волі...» («Pamiętnik Warszawski czyli Dziennik Nauk i Umiejętności», t. VII, luty, Warszawa, 1817). Гэта не рэлігійная ода, не гімн-пабуджэнне – твор А. Гарэцкага з’яўляецца хутчэй узнёслай паэтычнай малітвай, якая мае яскравы песенны характар. Хрысціянскія матывы ў ёй арганічна спалучаюцца з грамадзянскімі, а крэда Гарэцкага як грамадзяніна і мастака выказана даволі катэгарычна: калі не ўдасца зберагчы волю, застаецца толькі загінуць, ператварыцца ў прах. Заўважым, што такая перакананасць – адна з галоўных рысаў творчасці Антона Гарэцкага.

Зусім іншы характар мае паэтычная малітва «Да Найсвяцейшай Марыі». У вершы няма баязлівай пакоры перад воляй Творцы. Ён дыхае кранальнай пяшчотай да Нябеснае Маці. Лірычны герой нібы прытуляецца да Яе душою, шукае заступніцтва і абароны. Відавочна, што Антон Гарэцкі працягваў традыцыі духоўнай паэзіі і ў тым, што апісваў вобраз Маці Божай найчысцейшымі фарбамі, пазалочваючы іх эмацыйнымі, пранікнёнымі воклічамі.

...Сапраўдная малітва заўсёды глыбока інтымная, асабістая, а калі лучнасць з Творцам адбываецца праз акт уласнай творчасці, тады яна становіцца ўзорам найвышэйшай Паэзіі, яе дыяментам.

Глядзі таксама: Антон ГАРЭЦКІ. "ВЕРШЫ"


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY