Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(31)/2005
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва

УНЕБАЎШЭСЦЕ ПАНА
Пераклады

СМЕХ САРЫ
Падзеі
На шляху веры
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

МАЛІТВЫ ЗА ВОЛЮ

ВЕРШЫ
Проза

З ДАРОГІ
Кантрапункт

NON NOBIS, DOMINE...
Музыка
Постаці

ВЫСАКАРОДНАЕ ЖЫЦЦЁ
Хрысціянская думка

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Успаміны

НЕ ПАКІДАЙ НАС, ВЕРА
Роздум

З ДОМУ ДУХОЎНАГА
Юбілеі

НА МЯЖЫ МАГЧЫМАГА СПАЗНАННЯ

Мары-Крыстын ЧАРУЦІ-САНДРЫЕ

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА

Што дае нам падставу сцвярджаць, што падзеі, пра якія гаворыцца ў Евангеллі, сапраўды адбыліся ў пэўны гістарычны час, у канкрэтнай краіне, што людзі, апісаныя ў Евангеллі, – не выдуманыя персанажы, а рэальныя, жывыя ўдзельнікі тых далёкіх падзеяў? Пытанне, відаць, не ў тым, каб узнавіць з большай ці меншай дакладнасцю верагоднасць даты, геаграфічныя назвы ці імёны ўдзельнікаў падзеяў, а ў тым, каб само іх існаванне не выклікала сумненняў, бо калі ставіцца пад пытанне гістарычнасць Евангелляў, з’яўляецца шырокае поле для ўзрошчвання здагадак аб прысутнасці ў евангельскіх аповедах міфаў, выдумкі або гульні ўяўлення...

Першы доказ сапраўднасці гэтага дакумента – яго здольнасць супрацьстаяць самым жахлівым нападкам, якія, здаецца, сёння дасягнулі ў нас на Захадзе свайго апагею.

Другім доказам сапраўднасці Евангелляў з’яўляецца тое, што яны цалкам супярэчаць таму, што ўсялякі разумны заснавальнік рэлігіі мог бы прапанаваць сваім паслядоўнікам. Любоў да ворагаў немагчымая нідзе, апрача хрысціянства, а ўвайсці ў Валадарства Божае дадзена кожнаму, нават злачынцу, абы толькі ён пакаяўся. Партрэты вершых вучняў Хрыста – стаўпоў новай веры – вельмі часта здзіўляюць: яны не заўсёды разумеюць таго, што адбываецца, здараецца, што яны здраджваюць свайму Настаўніку, не вераць Яму або страчваюць веру ў Яго. І ў дадатку да ўсяго – сам Хрыстус з Яго жахлівай, бясслаўнай, ганебнай смерцю: вось ужо чыя роля не вытрымлівае ніякай крытыкі...

Сёння мы маем дастаткова вялікія дадзеныя археалогіі, філалогіі, гісторыі на карысць сапраўднасці фактаў, пра якія гаворыцца ў Евангеллі. Але калі б можна было даказаць, што евангельскія прыпавесці былі вядомыя яшчэ пры жыцці саміх сучаснікаў Хрыста, нам удалося б пахіснуць тэзіс пра ролю выдумкі ў стварэнні Евангелляў. Як жа гэта даказаць? Ёсць некалькі спосабаў. Перш за ўсё вельмі важны той гістарычны факт, што ў 70 г. пасля Нараджэння Хрыстовага (г. зн. праз 70 гадоў пасля мяркуемай даты нараджэння Езуса і, самае большае, праз 40 гадоў пасля Унебаўшэсця) Ерузалем быў цалкам разбураны рымлянамі, яўрэі выгнаныя або высланыя на чужыну, Ерузалемскі Храм разбураны і спалены. Гэты Храм, выключна важны для юдэйскай рэлігійнай практыкі і культуры, увасабляў усё самае святое, што было ў габрэйскага народа, і ў гэтым сэнсе яму няма роўнага ў нашай цывілізацыі. Гэтая трагедыя павяла за сабою пагібель культуры, мовы, краіны. Варта асабліва падкрэсліць, што ў Евангеллях пра яе гаворыцца толькі ў парадку прароцтва, хоць нашы сучасныя экзэгеты мяркуюць, што евангелісты пісалі ўжо па слядах здзейсненых фактаў і ў вусны Хрыста пост-фактум былі ўкладзены прароцтвы, якія Ён на самай справе ніколі не прамаўляў. У гэтым выпадку, па логіцы, евангелістам нішто не перашкаджала прызнаць, што прароцтвы ўжо здзейсніліся. Аднак ні ў адным з Евангелляў няма ніякай згадкі ні пра жудасны генацыд, ні пра трагедыю, якую перажывалі габрэі, ні пра спаленне Храма як пра здзейснены факт. Выснова відавочная – усе яны былі напісаныя да 70 года.

Апрача гэтага, вядома, што самыя старажытныя спіскі Евангелляў дайшлі да нас на грэцкай мове, бездакорнай у граматыцы, але з вялікай колькасцю выслоўяў, характэрных для тагачасных прастамоўных юдэяў. Гэтыя выслоўі на грэцкай мове даволі складаныя для разумення. Што, напрыклад, азначае такая фраза па-грэцку: «Езус накіраваў твар ісці ў Ерузалем»? Абсалютна нічога, як, між іншым, і па-руску. Але калі яе перакласці на старажытнагабрэйскую мову, то сэнс будзе такі: «Езус цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем». Падобныя да гэтага выслоўі сустракаюцца ў Евангеллі тысячамі, і на гэта звярнулі ўвагу два вядомыя вучоныя, якія працавалі незалежна адзін ад аднаго: Клод Трэсмантан, які доўгі час выкладаў у Сарбоне, член-карэспандэнт Французскай Акадэміі, складальнік слоўніка старажытнагабрэйскай мовы і мовы Септуагінты, і абат Жан Карміньяк, адзін з найбуйнейшых біблістаў і, відаць, самы вялікі знаўца старажытнагабрэйскай мовы кумранскіх рукапісаў (г. зн., мовы эпохі Езуса Хрыста). Трэці вучоны, Франсіс Мар’ён, які ведае мноства моваў, і старажытных, і сучасных, шляхам цалкам незалежных даследаванняў прыйшоў да той жа высновы, што і згаданыя вышэй навукоўцы: у Евангеллі цалкам, а не толькі (як гэта прынята лічыць сёння), «умантаваныя» пазней фрагменты былі напісаныя на семіцкай мове: старажытнагабрэйскай ці арамейскай. Гэта дае нам падставы меркаваць, што Евангеллі, якія дайшлі да нас на грэцкай мове, з’яўляюцца перакладамі са страчаных арыгіналаў, і з гэтага можна зрабіць выснову, што евангельскія тэксты былі напісаныя да 70 года пасля Н. Х., бо пасля гэтай даты гаварыць на старажытнагабрэйскай або арамейскай мовах было справаю марнай і нават небяспечнай. Калі Евангеллі былі напісаныя да 70 года, то і сведкі апісаных у іх ашаламляльных і незабыўных падзеяў былі яшчэ жывыя.

Як пацвярджэнне гэтай гіпотэзы ў знакамітых цяпер пячорах Кумрана ў Мёртвым моры цалкам выпадкова было знойдзена нешта ашаламляльнае, а дакладней, невялікі фрагмент Евангелля ад Марка, запісаны на папірусе, вядомым пад умоўным пазначэннем 7Q5. Гэты ўрывак адметны тым, што кумранскія пячоры былі «занадта рана», у 68 годзе пасля Н. Х., закрыты з прычыны наступу рымскіх войскаў, якія ішлі на Ерузалем. Самыя вядомыя папіролагі свету пагаджаюцца ў меркаванні, што гаворка ідзе пра евангельскі тэкст, але экзэгеты (заўважце, не спецыялісты ў папіралогіі) цалкам адмаўляюць гэта. І што асабліва важна, знойдзены ўрывак – гэта ўжо завершаны евангельскі тэкст, а не які-небудзь сціслы пераказ гісторыі, што існавала ў зачаткавым стане, як намагаюцца нас пераканаць модныя экзэгеты. Працытуем яго дакладна: «Бо не дайшлі розумам да цуду з хлябамі, таму што сэрца ў іх было акамянелае. І, пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую і прысталі да берагу» (Мк 6, 52–53).

Нямецкі папіролаг пратэстант Пітэр Тыд дадае да гэтага адкрыцця дакументы Магдален Каледжа: тры невялікія ўрыўкі аднаго і таго ж папіруса з двухбаковым размяшчэннем тэксту Евангелля ад Мацвея. Безумоўна, у гэтым выпадку можна аспрэчваць дату напісання, але прафесар Тыд непахісны: паводле дадзеных эпіграфікі ён лічыць, што дакумент быў напісаны яшчэ пры жыцці відавочцаў, да падзення Ерузалема.

У палеміцы і абароне гістарычнасці Евангелляў неабходна адзначыць, што шматлікія аргументы нашых апанентаў маюць адну агульную рысу: звышнатуральнае аб’ектыўна не можа выяўляць сябе ў нашым свеце, не гаворачы ўжо пра тое, што для многіх нашых дактароў тэалогіі яго ўвогуле няма. Але па злым року цуды, прароцтвы і адкрыцці здараюцца амаль на кожнай старонцы Евангелля, і таму існуе мноства аргументаў і хітрасцяў, з дапамогаю якіх тлумачыцца гэты непрыемны казус. Разгледзім жа некаторыя з іх.

 
ЕВАНГЕЛЛЕ АД МАРКА
ЯК УЗОР ДЛЯ НАПІСАННЯ ІНШЫХ ЕВАНГЕЛЛЯЎ

Агульнавядома, што Евангелле ад Мацвея заўсёды лічылася самым раннім. Нашы ж апаненты прапануюць смелую гіпотэзу пра тое, што з трох сінаптычных Евангелляў Евангелле ад Марка самае ранняе, і аўтары двух іншых Евангелляў былі з ім знаёмыя і ім кіраваліся. Прычына, па якой Евангелле ад Марка было вырашана лічыць самым раннім, амаль смехатворная – яно самае кароткае, але гэта дазваляе кваліфікаваць усё, што было «дадзена» да яго ў іншых Евангеллях, як сфабрыкаваныя пазней міфы. Але ёсць яшчэ адна прыкрая акалічнасць: і Евангелле ад Мацвея, і Евангелле ад Лукі маюць некаторыя агульныя дэталі, якіх няма ў Евангеллі ад Марка. У такім выпадку не застаецца нічога іншага як толькі прыдумаць нейкую гіпатэтычную агульную крыніцу, якую, натуральна, ніхто і ніколі не бачыў і не ўбачыць, і ўпарта настойваць на яе існаванні, аддаючы ёй на адкупленне ўсе магчымыя і немагчымыя паданні і таямнічыя раннія дакументы, пра якія нікому нічога невядома.

Гэтая таямнічая крыніца вядомая ў літаратуры як крыніца Q (ад нямецкага слова Quelle, што ў перакладзе значыць «крыніца»). Гэта своеасаблівы неіснуючы «банк дадзеных», якім карысталіся абодва аўтары Евангелляў ад Мацвея і ад Лукі і з якога яны нібыта пачэрпнулі тое, чаго не знайшлі ў Евангеллі ад Марка. Крыніца Q, пры ўсёй няпэўнасці свайго існавання, вельмі папулярная ў нашых апанентаў, бо з’яўляецца пацверджаннем тэорыі пра міфалагічнае паходжанне Евангелляў.

Трэба сказаць, што ёсць яшчэ адзін «аргумент» на карысць больш ранняга датавання Евангелля ад Марка адносна іншых сінаптычных Евангелляў, і ён такі: чым больш у тэксце звышнатуральнага, тым больш ён старажытны. Такім чынам, можна сцвярджаць, што казкі Шарля Перо напісаныя раней за творы Тацыта і Юлія Цэзара.

 
ВЫСЛОЎІ ЛОГІІ (LOGIA)

Зыходнай кропкай для канцэпцыі логій служыць тая ж дылема: як быць з тым, што ёсць толькі ў Евангеллі ад Лукі, але чаго няма ні ў Евангеллі ад Мацвея, ні ў вялікім генератары Евангелляў – Евангеллі ад Марка, бо аднекуль жа гэта ўзялося? (І тая ж серыя пытанняў адносна Евангелля ад Мацвея.) А паколькі гаворка ідзе пра невялікія, а часам і вельмі невялікія аповеды, то, на думку экзэгетаў, усё гэта было сабрана ў «зборнікі выслоўяў Езуса», і вось з гэтых зборнікаў евангелісты і чэрпалі натхненне. Гэтыя зборнікі разрозненых і ўрыўкавых фактаў, сабраных у адну кашолку, – залатое дно для тэорый кшталту «форгешыхтэ» – ні ў якім выпадку не выключаюць і вуснае паданне, а яно, перш чым быць запісаным, перажыло ў невядома якіх умовах мноства пакаленняў і больш ці менш значных скажэнняў. Зручнасць зборнікаў выслоўяў Езуса, або логій заключаецца ў тым, што, з’яўляючыся чыстай спекуляцыяй, яны гатовыя змясціць у сабе ўсё, што заўгодна, і асабліва тое, што сапраўды вельмі цяжка вытлумачыць. Іх змест, колькасць, значэнне, характар, вар’іруюцца ў залежнасці ад інтэрпрэтацыі экзэгета. Апрача іншага, вартасць логій яшчэ і ў тым, што з іх дапамогаю можна даволі ўдала абгрунтаваць і тэорыю міфалагічнага паходжання Евангелляў, і тэорыю вуснага падання. Казырнай картаю адэптаў гэтай тэорыі з’яўляюцца логіі Папія і апакрыфічных евангелляў. Сапраўды, гавораць нам, яшчэ Папій, епіскап Ерапольскі, засведчыў, што логіі, хутчэй за ўсё, існавалі ўжо ў даевангельскі перыяд. Нас пераконваюць і ў тым, што некаторыя так званыя апакрыфічныя евангеллі таксама складзены па гэтым жа прынцыпе. Шаноўныя прафесары, дасведчаныя ва ўсіх тонкасцях прадмету, з таямнічым выглядам даюць зразумець, што, на думку спецыялістаў, іх вытокі маглі папярэднічаць напісанню Евангелляў.

Згадаем, што Папій, епіскап Ерапольскі, стварыў каля 130 года пасля Н. Х. вялікую пяцітомавую працу, якая, на жаль, была страчаная і дайшла да нас толькі ў цытатах Яўсея Кесарыйскага. Назва гэтай працы, і гэта вельмі істотна, «Тлумачэнне Logia Kuriaka» (у рускім перакладзе – Изъяснение Господних Изречений». – Заўвага пер.). Слова logia азначае «выслоўе», слова Kuriaka, насуперак чаканням, перакладаецца не як «Госпада», а як «датычныя Госпада». Такім чынам, гаворка ідзе не толькі пра тое, што казаў Езус, але і пра тое, што казалася пра Яго, як заўважае ў сваёй кнізе «Нараджэнне сінаптычных Евангелляў» (с. 62) абат Карміньяк (дакладней было б перакласці «Тлумачэнне Выслоўяў, якія датычаць Госпада». – Заўвага пер.). Мэтаю працы Папія было тлумачэнне таго, што гаварылася пра Езуса, і таго, што гаварыў Ён сам, інакш кажучы, Евангелляў. Працытуем Папія: «Марк, які быў перакладчыкам Пятра, пісаў дакладна, але ў беспарадку ўсё тое, што ён згадаў са сказанага або зробленага Панам, бо ён не чуў Пана і не ішоў за Ім, але пазней, як я ўжо казаў, суправаджаў Пятра. Апошні ж тлумачыў сваё вучэнне па неабходнасці, а не для агульнага выкладання Logia Kuriaka». Значыць, і гэта цалкам натуральна, калі апостал Пётр гаварыў, выкладаючы той ці іншы факт адносна Езуса, тое ці іншае Яго выслоўе, то гэта было натуральнае ўзрушэнне душы, а не загадзя падрыхтаваная лекцыя універсітэцкага выкладчыка. І тым больш ніяк нельга ўявіць, што ў гэтую хвіліну ў яго пад рукою быў спіс выслоўяў, фактаў і ўчынкаў Езуса. І далей Папій дадае: «Такім чынам, Мацвей аб’яднаў logia на габрэйскай мове, і кожны інтэрпрэтуе іх (г. зн. перакладае з адной мовы на іншую) так, як ён на гэта здольны. Дык ці трэба ў гэтым кантэксце прыпісваць слову logia якісьці новы сэнс? Гэта значыць, што евангеліст Мацвей аб’яднаў і выклаў тое, што гаварыў і рабіў Езус. Ён сабраў у адно факты, якія датычацца Хрыста: тое, што было сказана Панам, і тое, што было сказана пра Яго... А што тычыцца зборніка выслоўяў Езуса, ад якога пайшлі Евангеллі, то пра іх у Папія ніколі не было і гаворкі.

 
АПОКРЫФЫ

Апакрыфічныя евангеллі па сваёй структуры сапраўды падобныя да логій у пададзеным нам выглядзе: шэраг выказванняў, якія пераважна прыпісваюцца Езусу (але не толькі Яму), выкладзеных вельмі суха, без кантэксту, часцей за ўсё пранумараваных, але без якой-небудзь сувязі. Апокрыфы датуюцца не раней чым 130 годам (а часта значна больш познім), але нашы апаненты намагаюцца пераканаць сябе і іншых у тым, што яны былі напісаныя значна раней. Напрыклад, калі тэксты, знойдзеныя ў Наг-Хамадзі або Аксірынцы па аб’ектыўных прычынах (характары пісьма, асаблівасцях мовы) не могуць датавацца раней за кананічныя Евангеллі, робяцца спробы знайсці іх вытокі або прататыпы ў даевангельскім перыядзе, прычым гэта робіцца нібыта з розных меркаванняў, але ў нас ёсць усе падставы для таго, каб лічыць, што сапраўднай прычынай, якая пабуджае так моцна любіць апокрыфы, з’яўляецца гнастыцызм, бо ўсе гэтыя «састарэлыя» евангеллі прапітаныя ім наскрозь, і тут наўрад ці трэба гаварыць пра супадзенні.

Калі меркаваць, што гнастычныя евангеллі паслужылі мадэллю для проста Евангелляў, то тады, з аднаго боку, добрая навіна мае гнастычны характар, а з другога боку, кананічныя Евангеллі не маюць ніякай гістарычнай сілы. Чаго ж хацелі тагачасныя гностыкі? Па сведчанні св. Ірынея, менавіта гэтага: выдаць свае гнастычныя ідэі за ідэі Хрыста, які, быццам бы, паведаміў іх невялікаму колу абраных, «лепшых», найбольш дасведчаных, карацей кажучы, «пнеўматыкаў», паводле тагачаснай тэрміналогіі. Яны заявілі таксама, што Царква і яе іерархі сказілі Пісанне для таго, каб сцвярджаць і захоўваць сваю ўладу. Як бачым, нічога не змянілася, і тыя самыя небыліцы па-ранейшаму папулярныя. Св. Ірыней падрабязна, з цытатамі ў руках, расказаў, як дзейнічалі ў яго час гностыкі: скажалі тэксты, нешта дадавалі і выдавалі сваю дактрыну за сапраўды хрысціянскую, каб потым ўплываць на думкі сваіх сучаснікаў... Менавіта гэта мы і бачым у зборніках тэкстаў, «выслоўяў» Езуса: побач з выказваннямі Езуса, якія адпавядаюць евангельскаму тэксту, то тут, то там можна знайсці фальшывыя цытаты – фразы менавіта гнастычнага характару, прычым нешматлікія. Такім чынам, меркаваць, што гэтыя зборнікі маглі быць крыніцаю для Евангелляў, можна толькі пры ўмове, што Евангеллі не боганатхнёныя. Калі ж сыходзіць з адваротнага пастулату, а менавіта з таго, што Евангеллі сапраўдныя, выснова напрошваецца сама сабою: менавіта апокрыфы паўтараюць Евангеллі, а не наадварот.

 
«ЯЗЫЧНІЦКІЯ КАРАНІ» ЕВАНГЕЛЛЯЎ

Сапраўды, у язычніцтве ёсць апісанні цудаў, уваскрэсенняў або з’яваў, якія можна прыняць за іх, у ім ёсць сакральныя дзеянні, якія нагадваюць нашы таямніцы, ёсць вера ў несмяротнасць душы і вечную ўзнагароду. Але ці можна лічыць гэта аргументам супраць хрысціянства?

Бог ведае ўсе чалавечыя схільнасці і можа выкарыстоўваць іх для таго, каб быць для нас больш блізкім і зразумелым. Вада для ўсіх ёсць тым, што адмывае, яна ж з’яўляецца сімвалам ачышчэння, а таму лагічна, што ў таямніцы Хросту прысутнічае вада. Усе людзі створаныя па Божым вобразе і падабенстве, дык ці трэба здзіўляцца, што ўсе яны, у тым ліку і язычнікі, так прагнуць справядлівасці, якой няма на зямлі. Узнімаць пытанне пра падабенства язычніцкіх і хрысціянскіх паданняў і рытуалаў для таго, каб потым вывесці адны з адных, значыць браць за кропку адліку тое, што Бога няма і чалавецтва не ёсць Яго стварэннем.

Часцей за ўсё спрэчкі ўзнікаюць вакол уваскрасення і цудаў. Сапраўды, у Эпідаўры, у Грэцыі, былі знойдзены воты IV ст. да Н. Х. з выявамі цудоўных ацаленняў, за якія ўзносілася хвала богу Асклепію. Заўважым, што людзі, якія жылі ў тую гістарычную эпоху, не маглі ведаць сапраўднага Бога, але трэба памятаць, што Ён існаваў заўсёды і заўсёды, і ў наш час, і тую далёкую пару, быў міласэрным. Сёння для нас не так ужо і важна, ці былі гэтыя цуды на самай справе; значна больш хвалюе, ці маглі першыя хрысціяне, якія ненавідзелі язычніцтва і былі гатовыя пайсці на мукі, абы толькі не пакланяцца язычніцкім багам, дык вось ці маглі яны пазычыць гэтыя «знаменні», каб потым прыпісаць іх Хрысту...

Апрача таго, вельмі сумніўны сам факт, што ў іх была магчымасць вырушыць у далёкую краіну, якая ўжо даўно перажыла свой росквіт, для таго, каб азнаёміцца з вотамі і ўзяць іх на ўзбраенне.

 
УВАСКРАСЕННІ

Большасць язычніцкіх «уваскрасенняў» – гэта міфы, звязаныя з чаргаваннем пораў года: восень у старажытных людзей асацыявалася з паміраннем, вясна – з уваскрасеннем прыроды, і відаць менавіта таму мноства міфалагічных аповедаў звязана менавіта з прыроднымі цыкламі. У хрысціянстве гэтага паняцця цыклічнасці няма. Хрыстова ўваскрасенне тым і адрозніваецца, што яно адбылося толькі аднойчы, у канкрэтнай краіне, у пэўную эпоху, з Чалавекам – гістарычнаю Асобаю, надзеленаю індывідуальнымі рысамі. Няма сэнсу адмаўляць таго, што героі старажытных міфаў часта пераходзілі ў шэрагі багоў, якія паміралі, а потым уваскрасалі, але, калі быць дакладным, Асірыс не ўваскрасае – ён робіцца царом Аіда. Пра смерць Аціса апавядаюць толькі самыя познія варыянты легенды. Дыяніс быў расшкуматаны і з’едзены Тытанамі, але ад Зеўса і Семялеі нарадзіўся новы Дыяніс. Несмяротнасць душы – агульначалавечае імкненне, але ўваскрасенне цела, менавіта цела (я не кажу пра рэінкарнацыю, дзе цела лічыцца не вартым увагі) з’яўляецца неад’емнай рысаю менавіта юдэахрысціянства.

 
ЕВАНГЕЛЛІ, «ПАЗЫЧАНЫЯ» З РАБІНІСТЫЧНАЙ ЛІТАРАТУРЫ

Рабіністычную літаратуру – Таргум, Мідрашы, Агада, Талмуд – часам называюць «міжзапаветнай», а таму не складана вызначыць яе ўзрост: яна (напэўна) стваралася да напісання Новага Запавету і пасля Старога. Як правіла, гаворка ідзе пра каментары да Старога Запавету, яго тлумачэнне, а таксама пра выкладанне старазапаветных маральных абрадавых нормаў і прадпісанняў. Апрача гэтага, сучасная экзэгеза мае тэндэнцыю адносіць да рабіністычнай літаратуры творы аўтараў, якія маюць да яе вельмі аддаленае дачыненне, напрыклад, Іосіфа Флавія, які ніколі не быў рабінам, або Філона Александрыйскага. На падставе ўсяго гэтага ўзнікаюць тэксты, якія вельмі падобныя да біблейскіх, але на самай справе з’яўляюцца ўсяго толькі вольнай інтэрпрэтацыяй сюжэту.

Аднак бяда не толькі ў гэтым. Калі вы возьмецеся ўдакладніць датаванне міжзапаветных тэкстаў, то адразу зробіце для сябе ашаламляльнае адкрыццё: яны значна больш познія, чым Новы Запавет, а некаторыя з іх нават узыходзяць да VIII–X стагоддзяў. Узнікае цалкам дарэчнае пытанне: чаму евангелісты бралі за аснову рабіністычную літаратуру ў перыяд яе станаўлення, а не наадварот?

 
ЕВАНГЕЛЛІ, «НАВЕЯНЫЯ» СТАРЫМ ЗАПАВЕТАМ

Тут мы ў чарговы раз сутыкаемся з той жа тактыкай: паходжанне Евангелляў выводзіцца з чаго заўгодна, апрача рэальных фактаў, асабліва, калі гэтыя факты маюць бясспрэчна звышнатуральную прыроду.

Калі гаворка заходзіць пра тое, што Новы Запавет – гэта плён перапрацоўкі Старога, то весці гульні з датамі безвынікова, бо ва ўсялякім выпадку Стары Запавет быў напісаны раней за Новы. Тады «эксперты» ставяць перад сабой іншую сумніўную мэту – звесці прароцтвы і тыпалогію Старога Запавету да ўзроўню першакрыніцы евангельскіх тэкстаў. Пад тыпалогіяй трэба разумець падзеі, пра якія гаворыцца ў Старым Запавеце і ў якіх па-прароцку прадбачыліся рэальныя факты з эпохі Хрыста. Гэтыя падзеі на працягу ўсёй царкоўнай гісторыі разглядаліся як прадвесце новазапаветных і ніколі нікому не прыходзіла ў галаву абвінавачваць евангелістаў у махлярстве. Згадаем хоць бы Блеза Паскаля: «Юзаф – правобраз Езуса Хрыста. Нявінны, атулены любоўю свайго бацькі, пасланы бацькам пабачыць братоў, прададзены братамі за 20 сярэбранікаў. І праз гэта стаў іх Гаспадаром, іх збаўцам, і збаўцам для чужынцаў, і збаўцам свету. Відаць, было провідам страціць яго, провідам былі продаж і нелюбоў, якую яны мелі» («Думкі», думка 488-я, выд. Мішэль ле Герн).

Такім чынам, калі гаворка заходзіць пра падобныя выпадкі ці ўвогуле аб прароцтвах, прафесары сучаснай экзэгезы часам завуаліравана, а часам непрыхавана выказываюцца пра тое, што евангелісты ўсяго толькі выкарысталі факты і словы са Старога Запавету для таго, каб «інкруставаць» іх у новазапаветны тэкст, у той час як на самай справе ў эпоху Хрыста нічога падобнага не адбывалася і не прамаўлялася. Бясспрэчна адно: калі евангелісты дазволілі сабе такую інсінуацыю, то гэта было зроблена пасля 70 года, пасля падзення Ерузалема, бо інакш сучаснікі павінны былі выкрыць гэтую выдумку. Такім чынам, становіцца зразумелым, чаму экзэгеты ўсяляк намагаюцца «амаладзіць» Евангелле.

Нават калі паспрабаваць вытлумачыць такія дзеянні тым, што «мэта апраўдвае сродкі», то ці ж можна пасля гэтага хоць на кроплю верыць у тое, пра што гаворыцца ў Евангеллях? Застаецца толькі здзіўляцца таму, як, захапіўшыся перапісанымі з далёкага мінулага гісторыямі, самі евангелісты, забыўшы пра тое, што гэта іх уласны плагіят і выдумка, абралі для сябе вянец пакутнікаў.

Згадаем пра яшчэ адну хітрасць, якая дазваляе тлумачыць здзяйсненне старазапаветных прароцтваў у Евангеллях без звышнатуральнага ўмяшальніцтва. Для гэтага дастаткова – не здзіўляйцеся – змясціць Езуса Хрыста ў шэрагі нервова хворых, дапусціць, што Ён пранікся (неўрастэнічна) Святым Пісаннем і захацеў пад уплывам хваробы прыкласці яго да ўласнай персоны, што і «змусіла Яго, – як іранічна заўважае Андрэ Фрасар, – дзеля адпаведнасці некаторым вытрымкам са Старога Запавету ісці насустрач уласнай смерці». Што ж датычыць Змёртвыхпаўстання, то тут шаноўныя экзэгеты не выказваюць ніякіх катэгарычных меркаванняў, таму што ўваскрэснуць такім чынам, каб адпавядаць Пісанню, не так ужо і лёгка, нават у прыступе душэўнай хваробы. Неверагодна, але факт: тыя, хто прыпісвае Хрысту падобныя паводзіны, не бачаць у гэтым нічога немагчымага, але страшна ўявіць, які след могуць пакінуць гэткія «ўрокі катэхізіса» ў душы недасведчанага чалавека.

Ёсць сярод прароцтваў такое, пра якое варта згадаць асобна, – гэта здзейсненае прароцтва аб разбурэнні Ерузалемскага Храма. Яно сустракаецца і ў Старым Запавеце (Дан 9, 25–27), і ў Новым, прычым у Новым – не раз, у тым ліку і ў Евангеллі ад Мацвея (24, 25), дзе сам Езус спасылаецца на прарока Данііла. Але, дзіўная справа, эксперты забываюцца пра існаванне гэтага прароцтва ў Старым Запавеце і кожны на свой лад намагаюцца інтэрпрэтаваць яго прысутнасць у Новым. Адкуль жа такая страта памяці? Глупства думаць, што рымляне разбурылі Ерузалем для здзяйснення прароцтва, нельга лічыць, што прарок Данііл напісаў сваю кнігу па слядах здзейсненага факта, а значыць мы маем справу з сапраўдным прароцтвам, звышнатуральным, а таму, на думку экзэгетаў, і недапушчальным фактам. Дык ці не лепш «забыць» пра старазапаветнае прароцтва і прыпісаць яго толькі Езусу, бо гэта дазволіць сцвярджаць, што Евангеллі былі напісаныя пасля разбурэння Храма і пасля самаго «прадказання», якое памылкова прыпісваецца Хрысту.

 
«ЛІТАРАТУРНЫЯ ЖАНРЫ»

У нашу задачу не ўваходзіць ставіць пад сумненне існаванне літаратурных жанраў, але нас не можа не засмучаць тое, што да Святога Пісання, у прыватнасці да Евангелля, можна ставіцца як да простага літаратурнага твора, які можна падзяліць на фрагменты, адпаведныя розным літаратурным жанрам і складзеныя па законах таго ці іншага літаратурнага жанра. Так, існуюць апакаліптычныя літаратурныя жанры, у якіх аб’яднаныя прароцтвы пра канец свету, дзіўныя здарэнні, што спадарожнічалі смерці і Змёртвыхпаўстанню Хрыста; вядомы літаратурны жанр застолляў, куды сабраныя ўсе «непаразуменні», што здараліся падчас трапезаў, напрыклад, прымнажэнне хлеба і ператварэнне вады ў віно; вылучаюць таксама літаратурны жанр язычніцкага паходжання, куды ўваходзяць, між іншым, з’яўленні анёлаў, пра якіх было вядома яшчэ ў эпоху антычнасці, і да т. п.

Аднак мне здаецца, што трэба патлумачыць, дзякуючы якім інтэлектуальным маніпуляцыям тэорыя літаратурных жанраў у дачыненні да Святога Пісання не заўсёды прыносіць плён. Перш за ўсё нас змушаюць прызнаць – і гэта само па сабе нескладана, – што Біблія, а на гэтай стадыі пад увагу бярэцца толькі Стары Запавет, стылістычна неаднародны твор. Некаторыя яе кнігі або іх часткі належаць да гістарычных аповедаў, другія – да паэтычных твораў, трэція з’яўляюцца своеасаблівымі трактатамі па этыцы і г. д. Потым нас пераконваюць у тым, што Евангеллі складзеныя гэтак жа, узяўшы для прыкладу прыпавесці – аповеды з яскравым сімвалічным і містычным зместам. Пры гэтым замоўчваецца тое, што ў адрозненне ад Старога Запавету, дзе Песня Песняў з яе багатым сімвалічным зместам або Псалтыр з яго захапляльнымі малітвамі не могуць разглядацца як гістарычныя аповеды, Евангелле ад пачатку да канца з’яўляецца гістарычным дакументам. У заключэнні нас пераконваюць у тым, што Евангеллі складаюцца з невялікіх разрозненых аповедаў і што ў аснове гэтых аповедаў ляжыць нешта накшталт матрыцы – аднолькавая, загадзя зададзеная стандартная схема. Атрымліваецца, што ў евангелістаў было нешта падобнае да канвы, па якой яны «вышывалі» ў адпаведнасці з законамі жанра загадзя акрэсленыя аповеды.

Найбольш неацэнным прыкладам у тэорыі «літаратурных жанраў» з’яўляюцца, відаць, цуды, якія, як нам намагаюцца растлумачыць, складзены па агульным шаблоне: «Яны (евангельскія цуды) пабудаваныя па той жа старой схеме, што і язычніцкія: спачатку даецца апісанне хворага, потым ён паўстае перад Хрыстом, далей – словы і дзеянні Хрыста, ацаленне, паказанае праз якую-небудзь выразную дэталь, і напрыканцы – захапленне натоўпу» (Манлубу і Дзюбюі, «Сусветны біблейскі слоўнік», раздз. «Цуды», с. 478). Хацелася б ведаць, ці сапраўды евангелісты пакарысталіся язычніцкай схемаю або такая пабудова аповеду проста прадыктаваная правіламі чалавечага мыслення?

Пераклад з французскай мовы
Алены Ціханавай


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY