Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(31)/2005
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва

УНЕБАЎШЭСЦЕ ПАНА
Пераклады

СМЕХ САРЫ
Падзеі
На шляху веры
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

МАЛІТВЫ ЗА ВОЛЮ

ВЕРШЫ
Проза

З ДАРОГІ
Кантрапункт

NON NOBIS, DOMINE...
Музыка
Постаці

ВЫСАКАРОДНАЕ ЖЫЦЦЁ
Хрысціянская думка

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Успаміны

НЕ ПАКІДАЙ НАС, ВЕРА
Роздум

З ДОМУ ДУХОЎНАГА
Юбілеі

НА МЯЖЫ МАГЧЫМАГА СПАЗНАННЯ

Ала СЯМЁНАВА

З ДОМУ ДУХОЎНАГА

«...як жывыя каменні, будуйцеся ў дом духоўны, святарства святое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, любыя Богу праз Езуса Хрыста», – заклікаў святы Пётра ў сваім Першым пасланні (2, 5).

Дом духоўны... Духоўная рэальнасць... Быццё сутнаснага... Менавіта да стварэння сутнаснага, вызначальнага, да Быцця Духу меў адносіны гэты чалавек. Большасці з нас вядомы, на жаль, толькі імем ды сціслымі энцыклапедычнымі звесткамі, адзінкавымі публікацыямі яго твораў, адзінкавымі аналітычна-асветніцкімі публікацыямі пра яго. Найперш – Арсена Ліса і Уладзіміра Конана.

А размова — пра Уладзіміра Самойлу, з дня нараджэння якога мінулася больш за 125 гадоў.

Згадваючы яго, часта акцэнтуюць увагу толькі і выключна на тым факце, што ён заўважыў Янку Купалу: паспрыяў публікацыі верша «Мужык» у мінскай газеце «Северо-Западный край» і адгукнуўся на першы зборнік паэта «Жалейка» дзвюма рэцэнзіямі – у газеце «Минский курьер» і штотыднёвіку «Наша Ніва». Так, і з’яўленне гэтай кнігі – падзея. І водгукі У. Самойлы – падзея.

Аднак Уладзімір Самойла – увогуле выдатная постаць у беларускім духоўным жыцці, у беларускай культуры. Мысляр, філосаф, літаратар, чалавек энцыклапедычных ведаў, таленавіты настаўнік. Яркі публіцыст, крытык залатога пяра і бездакорнага густу.

А перадусім – хрысціянін. Чалавек, для якога вера, Божая Праўда, Слова Божае вызначалі сэнс яго дзейнасці, а яго творчасць здзяйснялася ў святле пазнання, атрыманага дзякуючы веры.

Сын педагога, які быў да таго ж уладальнікам фальварка Казіміраўка на Міншчыне, выпускнік Пецярбургскага універсітэта, Уладзімір Самойла ўсё сваё жыццё спрыяў вось той самай будове – духоўнага дома, самасвядомасці і мастацкай свядомасці беларусаў.

З 1908 года Уладзімір Самойла супрацоўнічаў у мінскіх і віленскіх перыядычных выданнях. Пісаў пра неабходнасць асветы, беларускай школы. Быў аўтарам цікавых артыкулаў і эсэ, прысвечаных творчасці А. Блока, Г. Ібсэна, М. Метэрлінка, М. Горкага, В. Верасаева і інш. Быў адным з першых, хто заўважыў і прызнаў значнасць сцэнічнай дзейнасці У. Меерхольда і пасведчыў пра тое прафесійным і добразычлівым словам. Меў перапіску з А. Блокам – на роўных. А, як сведчаць запісы ў дзённіках, А. Блок лічыў артыкул У. Самойлы пра яго паэзію адным з лепшых – побач з водгукамі В. Іванава, В. Брусава, Д. Філосафава.

Пасля 1909 года Уладзімір Самойла перажыў перыяд цяжкіх духоўных ваганняў. У лісце да А. Блока, датаваным 1 чэрвеня 1911 года, ён згадваў: «Апошнія два гады былі для мяне выключна цяжкімі, і цяжар не збыты яшчэ да гэтай пары хаця б прыблізна». І яшчэ: «І шмат маіх планаў – назаўсёды ці часова, не ведаю – у заслоне з жалобнай тафты» («Нёман», 1979, № 11).

Тым часам зачыняліся ўсе выданні ліберальна-дэмакратычнага кшталту, у тым ліку газета «Минский курьер» – грамадска-палітычнага і літаратурнага накірунку, з якой актыўна супрацоўнічаў У. Самойла. Засталіся толькі выданні адкрыта камерцыйныя («Минский голос» і «Минская газета-копейка») ды відавочна рэакцыйныя («Минское русское слово» і «Северо-Западный голос»). Сумленне сапраўднага хрысціяніна, гонар грамадзяніна, прафесійная годнасць не дазвалялі У. Самойлу супрацоўнічаць з гэтымі выданнямі, але творцу, што працуе ў тых жанрах, у якіх выступаў Уладзімір Самойла, не мець трыбуны, не мець магчымасці адгукнуцца, слова мовіць, размысліць у друку... Пісаць у стол? Уявіце сабе, што слова пра першую кнігу Янкі Купалы з’явілася б праз паўстагоддзя ці нават праз пару гадоў... Сказанае Уладзімірам Самойлам не страціла сваёй вагі, сваёй значнасці і праз дзесяткі гадоў, амаль праз стагоддзе... Нешта набыло іншыя акцэнты, нешта пераасэнсавалася. Слова – жывое, цікавае, важкае. І ўсё ж, скажам, рэцэнзія, водгук! Непасрэдная сувязь. Узаемасувязь. Тое, што вызначае літаратурны, мастацкі працэс. Адчуванне пульсу жыцця. Жывых крыватокаў. Нерву Быцця. «Жалобная тафта»... На планах. На спадзяваннях. Час выпрабаванняў... Час іспыту Духу...

У 1912 годзе – смерць бацькі. Як мяркуюць даследчыкі (у прыватнасці, Уладзімір Конан), магчыма, У. Самойла заняўся гаспадаркай у сваім спадчынным фальварку.

Так ці інакш, а з 1918 года Уладзімір Самойла – у Вільні. Карэнны мінчук, землеўладальнік – таксама на Міншчыне... Але, хутчэй за ўсё, фальварак быў канфіскаваны. А вольны мысляр, ліберал-дэмакрат У. Самойла – і догматы ідэалогіі дыктатуры, заснаванай на абавязковай і ўсёпранікальнай палітыцы пралетарскай класавай барацьбы, – гэта было несумяшчальна. Сумленне хрысціяніна, розум асветніка, шырыня філасофскіх, культурных, літаратурных поглядаў У. Самойлы – і вузкая зацыкленасць вульгарнага сацыялагізму таго часу! Безумоўна, гэта было не для У. Самойлы. Тагачасная Вільня здавалася больш прыдатнаю для творчага існавання, чым Мінск.

У 1918–1922 гады ён супрацоўнічае з газетамі «Виленская речь», «Виленские новости», «Виленское слово», «Виленская мысль». Тут пад псеўданімам Сірыус і крыптанімам В. С. з’яўляецца серыя яго артыкулаў пра становішча на Віленшчыне, пра тагачасную палітыку Польшчы – «Кайзерызацыя», «Рамантызм і палітыка», «Урадавыя крызісы і крызіс улады», «Дзве канстытуцыі – вайны і міру», «Фінансавае становішча Польшчы» і г. д. У гэты ж перыяд створаны яго артыкул «Блок і Дастаеўскі», нататкі памяці У. Караленкі.

Уладзімір Самойла вяртаецца да творчай працы... Піша пра тое, што яго хвалюе і што ён лічыць патрэбным. Піша суб’ектыўна – так. Але гэта той яркі, зацікаўлены, аргументаваны суб’ектывізм, што дае штуршок грамадскай думцы, вызначае свядомасныя моманты, асвятляе напісанае вышынёю мастацкага ўяўлення.

Хаця... Пра што толькі ні даводзілася пісаць Уладзіміру Самойлу... Рэцэнзіі, агляды, артыкулы, эсэ... Сур’ёзныя – філасофскія, літаратурныя, публіцыстычныя, мастацтвазнаўча-крытычныя артыкулы... І літаратурны чорны хлеб... Аднак на кожным матэрыяле Уладзіміра Самойлы была адзнака таленту, культуры, прафесіяналізму. Пячатка майстра.

Увогуле ж у 1923–1927 гады ён – адзін з тых, хто вызначае публіцыстычную і крытычную думку ў беларускіх газетах нацыянальна-вызваленчага накірунку: «Наша будучыня», «Вольны сцяг», «Новае жыццё». «Змаганне», «Голас беларуса», «Сялянская праўда», у газетах Беларускай сялянска-работніцкай Грамады – пераважна пад псеўданімам Суліма.

Пасля разгрому Грамады ў 1928–1929 гады Уладзімір Самойла супрацоўнічае з нямецкім штогоднікам «Jahrbuch fьr Kultur und Geschichte der Slawen» («Штогоднік славянскай культуры і гісторыі»). У 30-я гады друкуе ў газетах «Kurier Wileński» («Віленскі кур’ер») і «Przegląd Wileński» («Віленскі агляд») этнаграфічныя артыкулы, нарысы пра нацыянальна-вызваленчы рух беларусаў. У тыя ж гады за подпісамі Ул. Чэмер і Ул.С. у беларускім друку (пераважна ў часопісе «Калосьсе») У. Самойла выступае з публікацыямі па гісторыі беларускага мастацтва, музыкі, стварае літаратурныя партрэты М. Рэрыха, Ф. Шаляпіна, А. Грачанінава і інш.

Добразычлівы і ўважлівы крытык, ён «адкрыў» не толькі Янку Купалу. Уладзімір Самойла першы даў усебаковую ацэнку творчасці Казіміра Сваяка, прафесійна ацаніў канцэртную дзейнасць хору пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы, сэнс і значэнне творчых высілкаў гэтага выдатнага дзеяча мастацтваў.

Творчасць Уладзіміра Самойлы – гэта цэлы пласт беларускай культуры, літаратуры, мастацкай свядомасці. Без яго творчасці нельга ўявіць сабе філасофскую, грамадскую, мастацкую думку Беларусі ХХ стагоддзя, нельга скласці ўяўленне пра нацыю, што з’яўляецца геаграфічна, гістарычна, свядомасна – сваімі культурнымі каштоўнасцямі – часткай Еўропы.

Уладзімір Самойла – асоба еўрапейскага маштабу. Пра тое сведчыць створанае ім. І ў ракурсе, што адпавядаў бы ў пэўным сэнсе кірунку часопіса «Наша вера», на які арыентуецца гэты матэрыял, і ўлічваючы памеры, прынятыя гэтым перыядычным выданнем для большасці публікацый, паспрабуем вызначыць некаторыя сэнсавыя лейтматывы і кантрапункты творчасці Уладзіміра Самойлы, кінуўшы позірк, ну, скажам, на такое вызначальнае эсэ, як «Гэтым пераможаш». Надрукавана яно было ў зборніку «Заходняя Беларусь» у 1924 годзе. (У нашы дні публікацыю гэтага эсэ са змястоўнай прадмовай і ва ўласным перакладзе на рускую мову ажыццявіў Уладзімір Конан – «Нёман», 1992, № 1. А ў 1998 годзе гэты твор быў уключаны ў варшаўскае выданне – анталогію «Беларуская думка ХХ стагоддзя. Філасофія, рэлігія, культура». Укладальнік Юры Гарбінскі.)

Усеагульнае і нацыянальнае, творчая дзейнасць як асноўная моц Быцця, супрацьдзеяння злу, дзейнасць як працяг «працы Бога Творцы». Пра гэта – эсэ У. Самойлы, надрукаванае пад псеўданімам Суліма. З падзагалоўкам – «Нарыс крытычнага аптымізму». І хаця ёсць у гэтым творы выдаткі публіцыстычнага запалу, як і непераадольны піетэт перад нямецкай школай філасофскай думкі – Лейбніцам, Гегелем, Фіхтэ, – аднак і ўвесь змест эсэ, і сцвярджэнні У. Самойлы даюць уяўленне пра яго як пра хрысціяніна, верніка, для якога Дух Божы, Слова Божае – аснова і першавыток пазнання, ведаў, працы. Пазначым, што твор напісаны ў 1923 годзе, калі ва Усходняй Беларусі, у яго родным Мінску набіраў сілу ваяўнічы атэізм.

Звернемся непасрэдна да тэксту:

«І кожны з нас, каб стацца запраўды жывым чалавекам, запраўды „актыўным хрысціянінам”, павінен сам, сваёй уласнай істотай, перажыць раней ці пазней нейкі нязвычны момант, нейкі выбух, быццам ад агню, прыткнутага да самае душы (...), перажыць запраўдную духоўную рэвалюцыю (...) Быццам полымя агарне разам усю душу і водбліскам ад яго асвеціцца ўсенькі свет... (...)

Толькі пасля такое пламеннае навальніцы, што як быццам праймчыцца праз усю яго істоту, чалавек пачуе, што яго душа, яго дух, яго „Я” ёсць нешта адзінае, самастойнае, суцэльнае, непадзельнае. ...Зразумее і пачуе, што і ўсенькае велізарнае „Я” Бога-сусвету прадстаўляе сабою таксама адзіную арганічную суцэльнасць...»

Чытаем яшчэ:

«Хрыстос абяртаецца ў любоў, у сабранне „Запаведзей Блажэнства”, у Нагорную Пропаведзь. Выпаўняючы іх – гэты абавязак і гэтыя нормы блажэнства, я і жыву запраўдным рэлігійным жыццём – працую ў Богу...»

Яскравае сведчанне шчырай і ўдумлівай веры. Ці не так?

Эсэ створана неўзабаве пасля заканчэння Першай сусветнай вайны і грамадзянскай вайны на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. І тэма дабра і зла трывожыць і займае Уладзіміра Самойлу і як адвечная праблема, і як непасрэднае ўвасабленне зла – вайны, крыві, гвалту. Між іншым, Уладзімір Самойла шмат увагі надаваў крываваму вопыту Французскай рэвалюцыі і ўвесь час супрацьстаўляў цвярозы розум немцаў «нягоднаму метаду Францыі» «фізічна зніштожыць» і «рэвалюцыйна “выкараніць” ... зло». У. Самойла вызнаваў высновы ўдасканалення свету «актывізацыяй» Духа, а не полымем рэвалюцыі і крывёю тэрору, збройнага перавароту. Хто яго ведае, на якіх гістарычных узорах будаваў бы ён сваю аргументацыю, які быў бы ход яго думак у супрацьпастаўленні гістарычнага вопыту германцаў і сэнсу падзей у Францыі пасля Другой сусветнай вайны. Зноў прыгадаем: час напісання – 1923 год. Зверствы фашызму і масавы псіхоз свядомасці ў Нямеччыне яшчэ ў перспектыве гісторыі, але ж затое ўрокі рэвалюцый і вайны – навідавоку, яшчэ гарачы попел адшумелага полымя грамадзянскай вайны. І Уладзіміра Самойлу – хрысціяніна, мысляра, філосафа, грамадзяніна – хвалюе: які гістарычны шлях Беларусі? Беларусаў? Хрысціянаў? Чалавецтва? І ён прыходзіць да высновы: шлях гэты – крытычны аптымізм, а «зла на свеце – акурат гэтулькі, каб свет з вечнае „мыслі Божае” мог ставацца рэальнасцю ў часе і прасторы». А «для вольнае волі чалавека, над якой пануе яго розум, пануе сам Розум Божы, рэкамендаваць рэвалюцыю як метад барацьбы з злом, як норму паступання немагчыма! Гэта было б абсалютным руйнаваннем духа...»

І ўлічваючы ментальнасць беларусаў, характар, звычкі, працягвае разважаць мысляр, можна сцвярджаць, што мы, беларусы, схільныя выключна да «творчых, нармальных метадаў», а «разбуральны, заалагічны антракт гісторыі», рэвалюцыя, разбурэнне Духа – не норма паводзін. Норма – вось той самы «крытычны аптымізм». Хрысціянскі. Менавіта ён, мабыць, перасцярог Уладзіміра Самойлу ад тых ілюзій, якія мелі людзі такой высокай думкі і таленту, як Максім Гарэцкі і Браніслаў Тарашкевіч, адносна сітуацыі ва Усходняй Беларусі, ілюзій, што прывялі абодвух – рознымі шляхамі – да трагічнага канца.

«І тутака... ратунак прыйшоў як быццам зверху – з Духа...»

«Гэта і знача, што ўся справа, уся барацьба перайшла ў краіну Духа, дзе метады гвалту зусім бяссільныя...»

Метады гвалту бяссільныя, а валадарыць павінны законы Божыя. «Бог не пакіне!» – з надзеяй даводзіць Уладзімір Самойла. І беларускі народ будзе мець тое, «што прыналежыць яму па праву прыроды, па Божым і людскім законам...»

Бог не пакіне! Паўторым і мы. Дзейсна існуючы ў Часе, які вярнуў нам магчымасць актыўнага жыцця з Касцёлам, магчымасць спраўджваць свае духоўныя памкненні, ажыццяўляць іх у справе. Спадзеючыся, што з вяртаннем многіх імёнаў, твораў, вернецца да нас і Уладзімір Самойла. Ва ўвасабленні канкрэтыкі яго твораў. І пабагацее наша Быццё. Наша культура. Літаратура. Узмоцніцца наш Дух! Бо Уладзімір Самойла – з тых, кім мацуецца наш дом духоўны.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY