|
|
№
1(31)/2005
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
Падзеі
На шляху веры
Паэзія
Пераклады
Проза
Кантрапункт
Музыка
Постаці
Хрысціянская думка
Бібліятэка часопіса
Успаміны
Роздум
Юбілеі
|
Стэпанавічус Юліёнас (18.10.1911, в. Міцюны, цяпер Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці – 18.06.1991, Вільнюс), віленскі арцыбіскуп, адзін з самых слынных рэлігійных дзеячаў Літвы мінулага стагоддзя, нарадзіўся ў сям’і літоўскіх сялянаў. Ён быў чацвёртым у бацькоў, але тры яго сястры памерлі яшчэ ў дзяцінстве. Дзіцячыя гады малога Юлюкаса былі не з лёгкіх. Бацька падчас Першай сусветнай вайны служыў у царскай арміі, трапіў у палон і прабыў у нямецкай няволі чатыры гады. У 1916 годзе памерла маці і хлопчыка забрала да сябе хросная маці Людвіка Петрык з хутара Гібірда, непадалёку ад Гервятаў. Вярнуўшыся ў 1918 годзе з палону, бацька ажаніўся з хроснай. Першым настаўнікам Юліёнаса Стэпанавічуса быў бацька, потым ён вучыўся ў Гервяцкай пачатковай школе. З ранняга дзяцінства хлопчык меў цягу да рэлігіі, часта наведваў гервяцкі касцёл, падоўгу стоячы каля любімага свайго бакавога алтара з выяваю св. Юрыя, які з кап’ём у руках перамагае змея. Назіраючы за сынам, бацька часта гаварыў яму: «Юлюк, будзеш пастырам, аднак пасвіць будзеш не проста статак, а Божых авечак».
Прыміцыйную Імшу адправіў 5 ліпеня ў гервяцкім касцёле, а першым месцам службы была Радунь, аднак ужо праз два тыдні яго перавялі капеланам у гродзенскую польскую бернардынскую школу для дзяўчынак. У 1939 годзе, калі пачалася Другая сусветная вайна, Ю. Стэпанавічус быў прызначаны плябанам у Палушу, а праз нейкі час – у Новыя Даўгелішкі (Ігналінскі раён, Літва), дзе ён служыў на працягу ўсёй вайны, дапамагаючы парафіянам перажыць цяжкія часы. У 1946 годзе арцыбіскуп М. Райніс прызначыў ксяндза Стэпанавічуса плябанам у мястэчка Гадуцішкі (Швянчонскі раён). Парафія была даволі вялікая і змешаная ў нацыянальных адносінах. Давалася ў знакі складаная гісторыя гэтай зямлі. Частка вернікаў, хоць і была ў меншасці, мела шмат амбіцыёзных патрабаванняў, і ксёндз Юліёнас стараўся, каб ніхто з парафіянаў не быў пакрыўджаны. Працуючы ў Гадуцішках, ён клапаціўся і пра тых католікаў, якія жылі па суседстве на тэрыторыі Беларусі, – наведваў хворых, спавядаў іх, удзельнічаў у пахаваннях. Гадуцішскі плябан адначасова з’яўляўся і дзеканам Швянчонскага дэканата, што таксама патрабавала шмат працы, аднак ксёндз Стэпанавічус ніколі не баяўся цяжкасцяў. Летам 1955 года Папа Рымскі Пій ХІІ менаваў кс. Стэпанавічуса тытулярным біскупам і прызначыў яго памочнікам віленскага біскупа К. Палтарокаса. 11 жніўня 1955 года ў панявежскім катэдральным касцёле адбылося пасвячэнне ксяндзя Юліёнаса ў біскупы, і яго перавялі ў Вільню. Трэцяга студзеня 1958 года памёр біскуп Палтарокас, і з гэтага часу біскуп Стэпанавічус пачаў выконваць абавязкі Апостальскага адміністратара Віленскай архідыяцэзіі і Панявежскай дыяцэзіі. Аднак атэістычна настроеным уладам не спадабаўся вельмі ўжо актыўны біскуп. Яны запатрабавалі, каб ён не дапускаў да ўдзелу ў працэсіях моладзь, не дазваляў маладым людзям прыслугоўваць падчас св. Імшы, спяваць у касцёльным хоры. У рэшце рэшт 18 студзеня 1961 года Савет па рэлігійных справах прадпісаў, каб біскуп неадкладна пакінуў Вільню і перабраўся ў г. Жагарэ (Ёнішскі раён, на мяжы з Латвіяй). На 28 гадоў быў забаронены ўезд кс. Ю. Стэпанавічусу ў Вільню, амаль на тры дзесяцігоддзі ён быў адлучаны ад яе святыняў. Здаецца, не так і страшна (усё ж гэта Літва), але для біскупа гэта былі вельмі доўгія і цяжкія гады выгнання. У Жагарэ біскуп Стэпанавічус выконваў пастырскія абавязкі – вёў службу, прамаўляў пропаведзі, спавядаў. Сваё выгнанне пераносіў з годнасцю і цярплівасцю. 28 снежня 1988 года, у часы «перабудовы», яму было дазволена вярнуцца ў Вільню. Ён зноў выконваў абавязкі Апостальскага адміністратара, ізноў пачалася вельмі складаная і адданая праца. Клопатамі біскупа Ю. Стэпанавічуса 5 студзеня 1989 года была нанава высвечаная віленская архікатэдра, якая на працягу многіх гадоў, будучы ператворанай у карцінную галерэю, служыла іншым мэтам. 7 лютага 1989 года Папа Ян Павел ІІ надаў Ю. Стэпанавічусу тытул арцыбіскупа і прызначыў яго ардынарыем Віленскай архідыяцэзіі. 4 сакавіка 1990 года ў катэдру на сваё цудатворнае і святое месца стараннямі арцыбіскупа былі вернуты срэбраны саркафаг і рэліквіі святога Казіміра. Арцыбіскуп Стэпанавічус суправаджаў працэсію вяртання. Каля труны апекуна Літвы і літоўскай моладзі ён сказаў вельмі эмацыйнае і прыгожае казанне, звернутае да моладзі. На жаль, цяжкая хвароба абарвала высакароднае жыццё нашага земляка арцыбіскупа Юліёнаса Стэпанавічуса. (Дарэчы, усё сваё жыццё ён не забываўся пра родныя мясціны, заўсёды памятаў і клапаціўся пра гервяцкую парафію і яе касцёл.) 18 чэрвеня 1991 г. яго не стала. Пахавалі яго ў Вільні ў архікатэдральнай крыпце, побач з саркафагам св. Казіміра і трунамі вялікіх літоўскіх князёў.
|
|
|