Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(31)/2005
На кніжнай паліцы
Галерэя
Мастацтва

УНЕБАЎШЭСЦЕ ПАНА
Пераклады

СМЕХ САРЫ
Падзеі
На шляху веры
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

МАЛІТВЫ ЗА ВОЛЮ

ВЕРШЫ
Проза

З ДАРОГІ
Кантрапункт

NON NOBIS, DOMINE...
Музыка
Постаці

ВЫСАКАРОДНАЕ ЖЫЦЦЁ
Хрысціянская думка

ЕВАНГЕЛЛЕ — ГЭТА ПРАЎДА
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Успаміны

НЕ ПАКІДАЙ НАС, ВЕРА
Роздум

З ДОМУ ДУХОЎНАГА
Юбілеі

НА МЯЖЫ МАГЧЫМАГА СПАЗНАННЯ

Алена ВАСІЛЕВІЧ

НЕ ПАКІДАЙ НАС, ВЕРА

Нядаўна, здаецца, зусім жа нядаўна званілі мне з часопіса «Беларусь»: «У сакавіку юбілей у Веры Сямёнаўны Палтаран. Калі ласка, скажыце на нашых старонках прыхільнае слова...»

Як было адмовіцца? Як не сказаць? Столькі прайшоўшы побач...

І ўжо самі на чыстую старонку неадступна, тут жа запрасіліся — першымі — радкі Жэні Янішчыц з паэтычнага прысвячэння Веры Палтаран:

Цуд, а ці корань з палескага краю
Вашай душой уваскрэс?
Не дачакаюся дзіўнага маю,
Сніцца і мроіцца БЭЗ!

...Але як магла іх напісаць рука, гэтыя радкі? Гэта былі якраз тыя чорныя дні, калі гэтак трагічна і незваротна адышла з жыцця сама Жэня Янішчыц.

...Гэта былі ўжо і адлічаныя лёсам нядоўгія дні жыцця самой Веры.

Божа, як ломіцца ў вокны і сэрца
Сэрцам
          раскрылены БЭЗ!

І я наступіла на ўласнае сэрца і прымусіла сябе адмовіцца ад безаглядных радкоў Жэнінага гімна («Бэз Веры Палтаран»). Вымушана была шукаць іншых слоў спадзявання на цуд, на неверагоднае, на Веру (ужо без веры...): а можа, а можа?..

Я паспела захапіць яшчэ той шчаслівы момант прасвятлення, калі з літасці міласэрнай сястры (а яна прыязджала ўжо тры разы на дні, каб утаймоўваць нечалавечыя пакуты) на нейкі час боль адступіўся і мы, удзвюх, — Вера, як заўсёды, гатовая імгненна рэагаваць на кожны друкаваны радок, на кожнае слова, Вера ў пасцелі, а я побач з яе ложкам у крэсле, дзе прачыталі (я чытала ёй, а яна не мінала ўвагай ні слоўца), а дзе проста небезуважна перагарталі — апошні нумар — толькі што з паштовай скрынкі — нумар «Полымя», цешачыся поспехам чужым і засмучаючыся гэтаксама чужым няпоспехам і ўласным няўдзелам...

І якое гэта было агульнае наша ўдзячнае дачыненне да святла высокага чужога духу!

...І вось перада мной карэктура, апошняй ужо, кнігі самой Веры Палтаран. «Чалавек на вятрах часу».

...Як жа даўно не піла я такога духмянага, рэзкага, хмельнага бярозавіку! З адмысловае дубовае бочкі. П’еш, п’еш — і не адарвацца, не напіцца!

З якіх толькі бяроз яго спускаюць? І дзе яны растуць, тыя бярозы?.. На Палессе кіравацца трэба па той бярозавік. Каб наталіць душу. Каб займець такую асалоду. Праўда, «людна цяпер на палесскіх дарогах. І ўсе ездзяць — хадзіць зусім адвыклі людзі. Да суседняй вёскі якіх шэсць вёрст, за паўдня схадзіў бы туды і назад вярнуўся, але чалавек будзе паўсутак чакаць аўтобуса туды, паўсутак назад, а пехатой не пойдзе. На машыне хутчэй...»

«Дзівасіл»... Вазьміце толькі ў рукі «Ключы ад Сезама», і вам адчыняцца запаветныя дзверы, за якімі хаваецца бочка з хмельным пітвом.

Вера Палтаран. Вера Сямёнаўна. Верачка...

А то паслухайце яшчэ маляўнічы лаканічны дыялог, паданы найдакладнейшым мастакоўскім словам. У ім, як у люстэрку, вы ўбачыце і адбітак самога часу, і чалавека ў часе, і яго непаўторную індывідуальнасць, якую можа «схапіць» трапным алоўкам толькі мастак, які сам тут і сучаснік, і зямляк, і сардэчны спагаднік.

«— Марыя, ето хто да нас прыехаў?

— Зіна, мама.

— Ето якая Зіна?

— Што песні запісвае.

— Што запісвае?

— Песні!

— Няхай будзе і ето работа. Усякая е на свеце».

Дык хіба не бярозавік?.. Ён і на Лысай Гары — той самай, эпічна ўзведзенай ў гісторыю беларускай літаратурнай эпохі Ведзьмаком-Старэйшым, — таксама струменіў, можа, нават з антонавак і спасавак у садзе Веры Палтаран на яе арцельнай «Яснай Паляне», дзе рупліва песціла яна ўласнымі рукамі кожную грудачку зямлі, а зямля ёй за гэта аддзячвала шчодрым плёнам ураджаю і нястрыманай раскошай кветак і хараства з ранняй весначкі да зашэрхлай восені. Па вёснах і зараз буяе і просіцца ў вокны яе хмельны бэз...

— Заходзьце! Заходзьце! Сядайце, дзе лепей падабаецца!

...А гэта яшчэ з гадоў «Маладосці», дзе два дзесяцігоддзі клапатліва гадавала і песціла яна ў аддзеле крытыкі гонкую крытычную расаду, ствараючы ёй найспрыяльнейшую глебу і ўмовы для росту.

Гэта з «міфаў», з часоў «залатога веку» ў рэдакцыі крытыкі выдавецтва «Мастацкая літаратура».

— Заходзьце! Заходзьце! Сядайце, дзе лепей падабаецца!

І заходзілі. І сядалі, хто дзе паспеў займець месца (а не — дык і пастаяць лічылася за падарунак). Не зачыняліся дзверы!

Сюды ішлі акадэмікі. Народныя. Заслужаныя дзеячы. Лаўрэаты. Паэты. Празаікі. Крытыкі. Дактары (і навук, і хвароб). Артысты... А калі здараліся звычайныя — без лаўровых вянкоў і зорак, то і звычайным таксама даравалася і прыватнае добрае слова, і пырскі нястрыманай сінечы з вачэй.

Канкурэнцыю вытрымаць не было чаго і думаць і спадзявацца. З кім? Каму?

Рэдакцыі сумнай прозы? Колькі там было ў яе тых раманістаў-класікаў... Ці інфантыльнай дзіцячай рэдакцыі з яе аўтарамі, якія ўсё жыццё — да сівых валасоў — толькі і ведалі, што кармілі сваіх Маш кашамі (маннымі)... Ці няхай сабе і паэзіі — з яе рамонкамі, косамі і вербалозамі?..

Мазгавы цэнтр літаратурных рэдакцый! Усё навейшае, усё самае нервовае, усё няхай сабе і спрэчна-перадавое — усё лакалізавалася і прасвечвалася на вышэйшым узроўні сучаснага ведання тут. Сюды і аўтары — адпаведнага вымярэння — трымалі курс. Трымаліся з годнасцю, з усведамленнем уласнай значнасці і ўласнай вагі... І, вядома ж, з прыемнасцю (можа, нават у першую чаргу) адчынялі яны прэстыжныя дзверы, ведаючы добра, што за дзвярыма гэтымі чакае іх сустрэча не толькі з розумам (яго хапала і ў саміх іх!), але яшчэ і з жаночымі чарамі... (А рэдакцыю крытыкі ў «залаты век» яе ўпрыгожвалі — трэба ўдакладніць — і сапраўды жанчыны!)

— Любоў не перахопіш! — дасціпна пажартаваў аднойчы вядомы паэт, мінаючы ўсе рэдакцыйныя дзверы і кіруючыся да дзвярэй запаветных.

...Сама яна была нястомная як у фізічнай, так і ў духоўнай працы і людзей гэтай схільнасці таксама адзначала заўсёды вялікай літарай — ці то ў жыцці, ці то на кніжным загоне. Звярніце толькі ўвагу на пералік (і на вагу!) «яе» людзей у кнізе «На вятрах часу» — Алесь Адамовіч, Іван Пташнікаў, Міхась Стральцоў, Аляксей Кулакоўскі, Янка Раманоўскі... А якую тытанічную работу да апошняга дня адольваў на сваім літаратурна-жыццёвым палетку Іван Мележ: «Ён адчуваў сябе як сейбіт сярод недасеянага поля: жахнуўшыся, што не дасее, не паспее дакончыць работу, ён сабраў усе свае сілы, мацней упяўся нагамі ў зямлю і пайшоў па полі, шырока сеючы зярняты-думкі высокай чысціні і праўды. І ўпаў сярод поля з поўнай жменяю зярнят, з поўнаю душою нявыгаваранага, нявыказанага».

У сваёй крытычнай дзейнасці Вера Палтаран была заўсёды патрабавальнай, неабвержна доказнай і па-мужчынску лагічнай. Добразычлівасць і захопленасць яе нязменна былі расквечаны жыццядайным гумарам і разам з тым узважаны на вагах удумлівага сур’ёзнага клопату.

А клопат яе нязменна быў пра чалавека і пра яго лёс. Пра яго будучыню.

«— А вы па чым будзеце? — заўважыў нарэшце журналіста старшыня калгаса. — Па лёну, ці па малаку, ці па мясу таксама?

Што было мне яму адказаць?

— Я — па людзях».

Так, з гэтай не заўсёды ўдзячнай ношкай — «па людзях» — за плячыма і ў сэрцы прайшла яна ў нялёгкай хадзе па сваім жыцці.

Упоравень з ёю, неадступна, з Верай, Любоўю і Надзеяй, ішла, гаравала, цешылася і спявала песні яе апантаная Муза-паляшучка.

Дай Божа ёй доўгага ўдзячнага ўспаміну.

Не пакідай нас, Вера!


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY