Кардынал Ёзаф Ратцынгер нарадзіўся 16 красавіка 1927 года ў Маркце ў дыяцэзіі Пассаў у Баварыі. У 1946–1951 гг. вывучаў у Фрайзінгу і Мюнхене філасофію і тэалогію. У 1951 г. атрымаў святарскія пасвячэнні, пасля чаго працягваў навучанне ў Мюнхенскім універсітэце. У 1953 годзе стаў кандыдатам тэалагічных навук, а праз чатыры гады атрымаў ступень доктара тэалагічных навук. У 1977 г. быў прызначаны арцыбіскупам Мюнхена і Фрайзінга, а праз год атрымаў кардынальскую годнасць. 25 лістапада 1981 г. Святы Айцец паклікаў яго на пасаду прэфекта Кангрэгацыі веравучэння і прызначыў кіраўніком Папскай біблійнай камісіі і Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Працаваў таксама членам некалькіх ватыканскіх Кангрэгацый і Папскіх Радаў.
Кардынал Ёзаф Ратцынгер належыць да вядучых хрысціянскіх тэолагаў сучаснасці. Пра яго кажуць, што ён з’яўляецца найвялікшым тэолагам сярод кардыналаў і найвыдатнейшым кардыналам сярод тэолагаў.
Як прафесар тэалогіі Ё. Ратцынгер працаваў ва універсітэтах у Фрайзінгу, Боне, Мюнстары, Цюбінгене. З’яўляўся экспертам ад нямецкага епіскапату падчас Другога Ватыканскага Сабору.
Апублікаваў больш за 60 кніг, з якіх шмат перакладзена на замежныя мовы. Найбольшую папулярнасць здабыла кніга «Уводзіны ў хрысціянства». Ён з’яўляецца таксама аўтарам некалькіх сотняў артыкулаў, апублікаваных у розных міжнародных тэалагічных часопісах.
Кардынал Ёзаф Ратцынгер мае неацэнныя заслугі на службе Апостальскай Сталіцы. Як прэфект Кангрэгацыі Веравучэння выказвае нязвыклы талент у вырашэнні цяжкіх спрэчак і тэалагічных праблемаў. З’яўляецца лаўрэатам шматлікіх міжнародных прэмій і адзнакаў, мае тытул Doctor honoris causa многіх універсітэтаў.
Глядзі таксама: Ёзаф Ратцынгер. "СМЕХ САРЫ"