Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(43)/2008
Галерэя

Год Божага слова

У свеце Бібліі

Ad Fontes

Пераклады

ВЕРА & CULTURA

Пераклады

Нашы святыні

Проза

Паэзія

Па родным краі

Пераклады
Дабрачыннасць

Мастацтва

Музыка

Мастацтва

Валеры БУЙВАЛ

ТЫЦЫЯН.
КАРАНАВАННЕ ХРЫСТА
ЦЯРНОВЫМ ВЯНЦОМ

Тыцыяна (Tiziano Vecellio) сапраўды можна назваць чалавекам-эпохай, хаця і гэтае вызначэнне будзе недастатковым, абмежаваным. Жыццё мастака заключыла ў сябе літаральна некалькі эпохаў італьянскай культуры. Доўгі час лічылася нават, што Тыцыян пражыў 103 гады — так быў пазначаны ўзрост нябожчыка ў рэгістры ахвяраў эпідэміі чумы ў Венецыі. Але даследчыкі ўжо даўно не пагаджаюцца з рэнесансавай статыстыкай, бо тады б выходзіла, што не засталося аніводнай карціны мастака, намаляванай ім да трыццацігадовага ўзросту. Аднак нават і ў больш удакладненым варыянце біяграфія Тыцыяна ўражвае. Ён нарадзіўся ў 1485-м або 1490 годзе ў мястэчку П’евэ дзі Кадорэ на поўначы Італіі ў сям’і члена гарадскога магістрата. Разам са старэйшым братам ён ужо ў дзевяцігадовым узросце выпраўляецца ў Венецыю, дзе пачынае вучыцца мазаічнай справе. Вялікія мастакі венецыянскай школы браты Джэнціле і Джавані Беліні становяцца яго першымі настаўнікамі ў жывапісе. Такім чынам, юнак пачынае сваё творчае жыццё пад яркімі зоркамі першай велічыні італьянскага мастацтва кватрачэнта — эпохі Ранняга Рэнесансу. Тыцыян перажывае таксама захапленне творчасцю Джорджонэ. Пэўны час яго манера была настолькі блізкая да манеры старэйшага сучасніка, што мастацтвазнаўцы часам спрачаюцца аб аўтарстве некаторых карцін.

Другая эпоха — Высокі Рэнесанс — стала часам творчай спеласці Тыцыяна і яго бліскучых поспехаў. Ён працуе ў Падуі, Рыме, Анконе, Мантуі, перажывае захапленне творчасцю Мікельанджэла. Яго заказчыкамі становяцца Папа Рымскі, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Карл V і яго сын Філіп ІІ Іспанскі, герцагі, біскупы і арыстакраты. Яго манументальныя алтарныя карціны, партрэты, палотны на рэлігійную і міфалагічную тэмы сталі лепшымі дасягненнямі венецыянскага жывапісу.

Аднак творчая эвалюцыя мастака не спыняецца. Напрыканцы жыцця ён не перастае быць наватарам і ў нетрах Позняга Рэнесансу робіць першыя адкрыцці ў плыні новага стылю, які пазней назавуць маньерызмам. Але эпідэмія чумы ў Венецыі ў жніўні 1576 года абарвала жыццё вялікага жывапісца, якому, магчыма, было за дзевяноста гадоў.

Карціна з мюнхенскай калекцыі «Каранаванне Хрыста цярновым вянцом» належыць да фінальнага перыяду творчасці Тыцыяна. Такога драматызму і вобразнай экспрэсіўнасці мы не знойдзем у ранейшых творах мастака. Карціна нарадзілася з глыбокіх рэлігійных пачуццяў чалавека, які пражыў доўгае і надзвычай інтэнсіўнае духоўнае жыццё. Тут няма празрыстай і яснай гармоніі палатна хрысталагічнага цыклу яго маладосці «Дзінарый кесара» (каля 1516) і манументальнай велічы алтарнай карціны «Мадонна рода Пэзаро» (1519–1526). Мюнхенскае «Каранаванне» створана Тыцыянам, якога мы бачым на «Аўтапартрэце», намаляваным каля 1560–1562 гадоў. На парозе новай эпохі поўны творчай энергіі сівабароды патрыярх італьянскага Рэнесансу падводзіць вынікі шуканняў не толькі сваіх, але і цэлага народу, усяе італьянскай культуры. Мы добра памятаем намаганні марксісцкіх культуролагаў паказаць культуру Адраджэння як трыумф свецкасці, як «вызваленне ад рэлігійных догмаў сярэднявечча», зварот да рэчаіснасці і г.д. Гэтая аналітычная мадэль, аднак, аказалася абмежаванай, дыстортнай і непаўнавартаснай. Прыклад Тыцыяна і безлічы іншых майстроў Рэнесансу сведчыць пра непарыўную сувязь культурных элітаў з хрысціянскай традыцыяй. Вера была іх галоўнай крыніцай натхнення.

Сцэна пакутаў Хрыста ўражвае сваім бязлітасным рэалізмам. Мастак заклікае вернікаў да суперажывання. Чалавечая сутнасць Збаўцы, вастрыня Яго цярпення — гэта галоўнае ў вобразным ладзе палатна. Тыцыян заклікае нас не пакідаць Хрыста, які застаўся сам-насам з раз’юшанымі ворагамі Божай праўды. Сярод вязкай цемры слепаты і нянавісці толькі Яго фігура свеціцца жывым святлом, але ўся яна пранізана болем і падпарадкавана пакоры. Варвары здзекліва пасадзілі Хрыста на трон і каранавалі цярновым вянцом. Каб прычыніць Яму яшчэ большы боль, яны кіямі прыціскаюць вострыя калючкі вянца да Яго галавы. Змучанае цела Збаўцы не мае сілы: галава пакутліва адкінутая ўбок пад ударамі катаў, звязаныя рукі адсунуты ў супрацьлеглы бок, правая нага сарвалася з прыступкі і слізнула, нібы ў прорву. Буйныя складкі Яго белага адзення цяжкімі масамі прыгнечана імкнуцца ўніз, таксама падпарадкаваныя закону фізічнага знішчэння. Здаецца, што дзікі гвалт перамагае...

Класічнае рэнесансавае мастацтва не ведала такой хаатычнай кампазіцыі, як у палатне позняга Тыцыяна. Даследчыкі бачаць у гэтай з’яве крокі, зробленыя майстрам у фармаванні маньерызму, новага стылю, які стане пераходным этапам ад Рэнесансу да барока. Рэнесансавая раўнавага парушана на ўсім полі палатна, ва ўсёй яго жывапіснай прасторы. Мастак смела выкарыстоўвае малавядомы раней эфект фрагментарнасці. Левы, а яшчэ больш правы краі карціны абразаюць фігуры катаў. Такім чынам у кампазіцыі дасягаецца не толькі павышаная дынаміка, але і адчуваецца, што выява з’яўляецца цэнтральнай часткай вялікай дзеі: Хрыста карануюць перад вялікім натоўпам, які не мае ніякага спачування. Рэзкія лініі катавых кіёў наўсхрыст рассякаюць цэнтр кампазіцыі. Фігуры злачынцаў выгінаюцца ў прыпадку лютасці і, поўныя цёмнай энергіі, паўтараюць сваімі сілуэтамі абрысы фігуры знясіленага Хрыста.

На змрочным фоне ледзь вырысоўваюцца цяжкія квадры архітэктуры і праём аркі, праз якую з-за хмараў прабіваецца месячнае святло. Дзе далікатны каларыст — малады Тыцыян, вучань Беліні і Джорджонэ?! Сціслую формулу эвалюцыі мастака выдатна сфармуляваў нямецкі мастацтвазнаўца Тэадор Гэтцэр: «Венецыянскім ёсць адчуванне моцы і велічы фарбы, яе існавання, якое ў няўлоўных плынях прыўкрасна злучае пачуццёва жыццёвае і духоўнае. Па-венецыянску слабне вызначэнне матэрыяльнай сутнасці фарбы, якая, прасякнутая рэлігійнымі ўяўленнямі, пераўтвараецца ў таямнічую субстанцыю»1. Уласна колер дзе-нідзе прабіваецца са змроку, мастак дэманструе складаныя лесіроўкі і шматслойнае пісьмо. Але не колеры з’яўляюцца апірышчам духоўнага ладу карціны. Манахромная гама пануе амаль на ўсім палатне.

Нямецкі даследчык Ангело Вальтэр піша пра познія творы мастака: «Тыцыян у апошнія гады творчасці маляваў свае карціны, не абапіраючыся на дакладныя абрысы, а выводзіў выяву непасрэдна з фарбы. Нервовая дынаміка ягонага пісьма ўсё больш узмацнялася»2. Калі б былі жывыя настаўнікі мастака, яны б, напэўна, асудзілі яго за гэта. Жывапіс позняга Тыцыяна — суцэльнае парушэнне класічных правілаў. Мастак не клапоціцца пра завершанасць выявы і гладкасць фарбавай паверхні. Ён смела пераступае праз агульнапрынятыя канвенцыі і «размаўляе з палатном на „ты”». Ударамі пэндзля Тыцыян нібы лупцуе палатно, укладваючы незнаёмую раней энергію ў кожны тэмпераментны рух. Яму гэтага мала, ён даводзіць фарбавы слой шціхелем, дзе-нідзе крэсліць па ім чаранком пэндзля і нават пальцамі рукі.

Расплаўленым золатам гараць свяцільнікі ў правым верхнім куце кампазіцыі. Рэзкім святлом вылеплены торс ката ў левай частцы карціны і характарная лысая галава ката справа ад Хрыста. Усё пабудавана на злавесных кантрастах, якім, здаецца, не будзе канца, як не будзе канца пакутам Збаўцы. Гэта ёсць вобраз ілюзіі, фальшывай перамогі богапраціўных сілаў. Шабаш гвалту не мае межаў, ненавіснікі ўпэўненыя ў сваёй беспакаранасці і магутнасці свайго блюзнерства.

І толькі з цэнтра палатна чыстым ззяннем гучыць Хрыстовае: «Ойча, даруй ім, бо не ведаюць, што твораць...»

Крывавая ахвяра Сына Божага, адкупленне грахоў чалавецтва — гэты найважнейшы евангельскі вобраз увасоблены Тыцыянам у карціне надзвычайнай сілы і праўды.
 

Тыцыян. Каранаванне Хрыста цярновым вянцом.
Каля 1570–1576 гг. Палатно, алей. 280х182 см.
Мюнхен. Старая Пінакатэка.

 


  1. Theodor Hetzer. Tizian — Geschichte seiner Farbe. Frankfurt/Main, 1935. C. 12.
  2. Angelo Walther. Tizian. Leipzig, 1979. C. 26.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY