|
|
№
1(43)/2008
Галерэя
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧГод Божага слова
Ксёндз Андрэй ЗАЙЧЫКУ свеце Бібліі
Уладзімір КОНАНAd Fontes
Тамаш КЭМПІЙСКІПераклады
Гілберт Кійт ЧЭСТЭРТАНВЕРА & CULTURA
Пётра РУДКОЎСКІПераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯНашы святыні
Міхась БАЎТОВІЧПроза
Віталь ВОРАНАЎПаэзія
Мар’ян ДУКСАПа родным краі
Вячаслаў ДУБІНКАПераклады
Дабрачыннасць
Фабрыцыо ПАЧЫФІЧЫМастацтва
Валеры БУЙВАЛМузыка
Святлана ШЭЙПАМастацтва
Данута БІЧЭЛЬ
|
Фабрыцыо Пачыфічы можна без перабольшвання назваць сапраўдным сябрам беларускіх дзяцей. Вось ужо каля пятнаццаці гадоў створаны па яго ініцыятыве дабрачынны фонд «Дапаможам ім жыць» робіць усё, каб маленькія беларусы з забруджаных Чарнобылем раёнаў мелі магчымасць палепшыць сваё здароўе на Апенінскім паўабтоку. Не так даўно Фабрыцыо напісаў і выдаў у Італіі кнігу «Як знікае ўпэўненасць», дзе распавёў пра досвед руху салідарнасці, што пачаўся з наведвання Італіі групай беларускіх дзяцей, а пасля стаў дабрачынным фондам, і пра свой уласны шлях ад актывіста італьянскай Камуністычнай партыі да навяртання ў каталіцкую веру. «Палітычная „ўпэўненасць” знікла, быццам снег пад сонцам, перад пакутамі і патрэбамі дзяцей, выпадкова сустрэтых падчас аднаго з велапрабегаў Тэрні1 — Мінск, дзяцей, у якіх я ўбачыў твар Пакутніка-Хрыста», — піша Фыбрыцыо. «У кнізе я спрабую ўзнавіць гісторыю, насычаную такім багаццем эмоцый, якое цяжка перадаць словамі». Адзначым таксама, што на пачатку 90-х фонд «Дапаможам ім жыць» удзельнічаў у аднаўленні Чырвонага Касцёла і катэдры ў Мінску, дапамагаў іншым касцёлам у Беларусі. Сёння Фабрыцыо працуе ў муніцыпалітэце горада Тэрні, дзе займаецца пытаннямі сацыяльнай палітыкі, але, не зважаючы на сваю занятасць, працягвае прыязджаць у Беларусь і клапаціцца пра беларускіх дзяцей. Аксана Данільчык
Мне было каля трыццаці гадоў, я вырас у сям’і, дзе бацька быў цесляром, а маці хатняй гаспадыняй. Мы жылі ў рабочым горадзе, рост і развіццё якога былі абумоўленыя наяўнасцю вялікага камбіната па вытворчасці сталі (вядомы камбінат Тэрні). Мае палітычныя і культурныя погляды сфармаваліся падчас працы ў муніцыпальнай паліцыі2 і ў прафсаюзах, але найперш пад уплывам актыўнага ўдзелу ў Камуністычнай партыі, бо ва ўзросце ўсяго дваццаці трох гадоў я ўжо быў сакратаром маладых камуністаў правінцыі Тэрні. За гады прафсаюзнай працы я набыў здаровы прагматызм, які дазволіў, не апускаючыся да непатрэбных кампрамісаў і пагадненняў, выбраць час, спосаб і адпаведных людзей для дасягнення той мэты, да якой я імкнуўся, а менавіта да ажыццяўлення вялікай спартовай акцыі — велапрабегу, які б дазволіў нам свабодна праехаць па краінах Усходняй Еўропы і гэтаксама свабодна пазнаёміцца з прадстаўнікамі розных спартовых і культурных арганізацый для абмену вопытам і ўсталявання стасункаў на падставе ўзаемнай павагі дзеля пошуку агульных мэтаў (не будзем забываць, што на двары стаяў 1988 год!). Так нарадзіўся велапрабег «Захад-Усход: два колы дзеля міру», які яднаў Тэрні і Мінск і праходзіў некалькі гадоў запар.
Мы абышлі бальніцу ўздоўж і ўпоперак, задавалі пытанні, слухалі, назіралі і запісвалі на відэа, здавалася, гэтай сустрэчы не будзе канца з-за моцных уражанняў, якія нам давялося перажыць. Убогія палаты, бясконцыя цёмныя калідоры, дактары, што выходзілі ад хворых: на іх тварах быў адчай ад усведамлення ўласнай бездапаможнасці. Маці ў роспачы, якія імкнуліся палегчыць пакуты сваіх дзяцей, абціраючы рушніком з іх твараў пот, выкліканы разбурэннем арганізма. Я ўбачыў прафесара Іванова, галоўнага гематолага Беларусі, які кінуўся прасіць дапамогі ў італьянскай дэлегацыі з наступнымі словамі: «Палітычнае кіраўніцтва нашай краіны скарыстала ўсе эканамічныя рэсурсы, каб пабудаваць зброю, скіраваную на знішчэнне варожых нам народаў, але яно не ў стане лячыць уласны народ. У нас не хапае антыбіётыкаў, вітамінаў, бінтоў, аднаразовых шпрыцаў...» Гэтыя словы сталі сэнсам існавання нашай спартовай акцыі. Як і словы аднаго з бацькоў, што, укленчыўшы, прасіў дапамагчы яго хвораму на лейкемію сыну, хвораму з-за чарнобыльскай радыяцыі. Словы, якія сталі сэнсам існавання для мяне і для тых, каго мне ўдалося прыцягнуць да ўвасаблення ідэі, што нараджалася ў маёй галаве. Гэтая ідэя, акрамя неабходнасці ўласна гуманітарнай дапамогі, не магла не прадугледжваць магчымасці прымаць з дапамогай італьянскіх сем’яў дзяцей, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні здароўя. У той час як у пытанні гуманітарнай дапамогі я мог разлічваць на сваіх сяброў і знаёмых і задзейнічаць дзякуючы сродкам масавай інфармацыі ўсіх, хто мог дапамагчы як фінансава, так і адпаведнымі матэрыяламі, для таго, каб знайсці сем’і, неабходна было звярнуцца ў парафію нашага квартала. Парафіяй кіравалі браты меншыя канвентуальныя з Асізі на чале з айцом Вінчэнцо Бэлла, з якім я не быў знаёмы па зразумелых прычынах: з’яўляючыся камуністам і атэістам, я ніколі не наведваў парафію. З дапамогаю майго калегі па працы Марэно, практыкуючага католіка, я сустрэўся з айцом Вінчэнцо, у якога ідэя знайсці сем’і, гатовыя прыняць беларускіх дзяцей, выклікала энтузіязм, але я не мог і ўявіць сябе самога на нядзельнай Імшы, дзе пачуў, як падчас казання той, хто адпраўляе службу (а. Вінчэнцо), называе маё імя і просіць у хрысціянскай супольнасці дапамагчы. Адказ быў хуткім і дзейсным: больш за дваццаць сем’яў выказалі сваю гатоўнасць удзельнічаць, пераўзыходзячы мае нават самыя лепшыя спадзяванні, так што я і айцец Вінчэнцо вырашылі працягваць гэтую ініцыятыву, раз самая першая спроба завяршалася найлепшым чынам. Мая прысутнасць у касцёле разам з манахам, што распавядаў пра неабходнасць даць прытулак дзецям з любоўю і клопатам, з якімі кожны з бацькоў імкнецца выгадаваць уласнае дзіця, выклікала шмат пытанняў у маіх сяброў і сямейнікаў, але ўсе былі ўпэненыя: нешта ўва мне змянілася. Можа быць, я нарэшце зразумеў, што праўдаю былі не толькі словы майго бацькі, які працягваў паўтараць: адзіны спосаб выратаваць Італію і самыя неабароненыя класы — гэта сталінская дыктатура з аўтаматычным смяротным пакараннем для тых, хто аступіўся, але таксама і найперш словы тых, хто спавядаў роўнасць, салідарнасць і любоў да бліжняга, адвяргаючы выкарыстанне гвалту і прапаноўваючы сілу дэмакратычных сродкаў.
Як мы ў той дзень хваляваліся! Мы прыехалі на Плошчу Св. Пятра, адолеўшы доўгае падарожжа на аўтобусе, і пасля таго як зайшлі ў залу Нерві перад бясконцым натоўпам, нас чакаў першы сюрпрыз: адзін з супрацоўнікаў запрасіў нас заняць месца справа ад Святога Айца згодна з яго воляю. Дзеці працягвалі варушыцца і гуляць паміж сабою, у той час як я, айцец Вінчэнцо і астатнія дарослыя, яшчэ не верачы ў гэты прывілей, задавалі сабе пытанні аб прычыне таго, што адбылося, прычыне, пра якую мы хутка павінны былі даведацца. Сапраўды, пасля таго як Папа прамовіў традыцыйную малітву серады, ён захацеў падзякаваць групам з усіх канцоў свету, што прысутнічалі ў зале, а потым сышоў са сцэны па лесвіцы, якая аддзяляла яго ад нас, каб асабіста павітацца з дзецьмі, і, узяўшы мяне за руку, сказаў: «Малайцы, працягвайце рабіць гэтую добрую справу». І тым не менш, знакі таго, што я павінен працягваць гэты шлях, былі шматлікія і такія, што я не мог пазбегнуць зменаў. Я памятаю, як аднойчы, вярнуўшыся з працы дадому, убачыў, як мая дачка робіць хатнія заданні з раскрытай Бібліяй на стале, бо прадметам, якім яна займалася ў гэты момант, была рэлігія. Мае вочы выпадкова трапілі на фразу, якая моцна мяне кранула. Я ўзрадаваўся, бо палічыў яе ідэальнай для таго, каб напісаць на крыштальнай скрынцы, якую мы збіраліся завезці ў Глыбокае, дзе знайшлі могілкі італьянскіх жаўнераў. Гаворка ідзе пра словы святога Пятра (4,8): «Хто хоча любіць жыццё і зведаць шчаслівыя дні, хай устрымае свой язык ад дрэнных словаў, а вусны свае ад падману, пазбягае зла і робіць дабро». Я захацеў дапоўніць гэтую фразу наступным чынам, каб зрабіць яе сугучнай нашым патрэбам: «Няхай зямля святога Валянціна, сімвала любові, прынясе беларускаму народу шчодрую на дабро і шчасце будучыню, калі зло будзе пераможана салідарнасцю, сяброўствам і любоўю маладых пакаленняў, не раздзеленых ілжывымі ідэалогіямі». Яшчэ адзін раз я атрымаў выразны знак: я не павінен быў спыняцца, а яснымі вачыма глядзець на падзеі, якія здараліся амаль што прадвызначаным і не залежным ад маёй волі чынам. Усе гэтыя развагі, а таксама падарожжы ў Беларусь прывялі да стварэння дабрачыннага фонду «Дапаможам ім жыць», заснавальнікамі якога выступілі я і айцец Вінчэнцо Бэлла. Адначасова я рыхтаваўся да новага для мне досведу, а менавіта да ўдзелу ў занятках па хрысціянстве, арганізаваных айцом Вінчэнцо. Я ўзяў некалькі асабістых рэчаў і кніг і прыйшоў у парафію, адкуль разам з маім сябрам манахам мы паехалі на машыне ў мястэчка Тодзі, у Спагагрына — кляштар, пабудаваны на вяршыні аднаго з пагоркаў Умбрыі ў поўным спакоі, дзе панавалі ціша і дзіўная містычная атмасфера. Айцец Вінчэнцо, якому дапамагалі яшчэ два мясцовыя пробашчы, пасля таго як мы размясціліся па пакоях, загадаў нам маўчаць да канца першага дня знаходжання ў кляштары. На наступны дзень нас падзялілі на групы і кожнай было даручана пэўнае заданне. Мне выпала вызнанне веры і яе мэты: навошта верыць. Адразу ж у маёй галаве прайшлі, быццам на кінастужцы, усе эпізоды майго жыцця і быццам бы адна нітка звязала іх разам: нітка праўды. Я пераканаўся, што нічога не адбылося выпадкова, усе адбывалася па волі Божай, а я быў толькі яе прыладай. Дзяцінства ў нястачы і сямейных сварках, юнацтва ў неспакойным квартале на перыферыі горада, пастаянная і няспынная прага ведаў сфармавалі з мяне асобу, якая вызначалася імкненнем да справядлівасці і сумленнасці, што не падыходзілі той партыйнай арганізацыі, у якой я актыўна ўдзельнічаў. У свеце, дзе я існаваў, свабодзе веры перашкаджалі ілжывасць, мода быць атэістамі і не верыць больш з-за вонкавасці, якая выстаўляецца на людзі, а не з прычыны сапраўднай перакананасці. Я згадаў, што з дзяцінства не пераставаў маліцца і нават тады, калі з маладымі камуністамі арганізоўваў страйкі і маніфестацыі, я не мог задушыць у сабе прагу духоўнасці. У тыя дні, якія я правёў, слухаючы, задаючы пытанні і вывучаючы, я пераконваўся ўсё больш і больш у тым, што надышоў момант вызваліць мой сапраўдны інстынкт. Я хацеў пракрычаць усяму свету маю радасць, маю нарэшце набытую свабоду веры. Гэта былі насычаныя дні, і я пражыў іх, задаючы пытанні сабе самому наконт уласнага існавання і ўласных учынкаў, якія завяршыліся жаданнем асабіста пагаварыць з айцом Вінчэнцо ў форме споведзі. З таго дня я зразумеў, што ўсё адбылося па волі Божага Провіду, які заўсёды прысутнічаў у маім жыцці далікатным і клапатлівым чынам. Мы вярнуліся ў горад і ўбачылі, што ў адным з касцёлаў на перыферыі нас чакалі сем’і і біскуп, які ўсім удзельнікам заняткаў падарыў Евангелле. Я прыціснуў яго да грудзей, і з таго моманту яно заўсёды суправаджала мяне ў Беларусь. Дома мяне чакаў раз’юшаны бацька, які на працягу некалькіх дзён не хацеў са мной размаўляць, бо, на яго думку, я здрадзіў тым камуністычным ідэалам, якія ён з такою цяжкасцю імкнуўся мне прышчапіць. Толькі мае ўчынкі, мая бясконцая цярплівасць і мая любоў маглі перамагчы такую перадузятасць і астракізм. Нарэшце і бацька пераканаўся ў тым, што я быў настроены сур’ёзна і нішто не аддаліла б мяне ад жадання будаваць маё хрысціянскае жыццё, аддаючы сябе іншым.
У Сарэзіне, лежачы на ложку, я думаў, што калі праз тры гады працы ў фондзе я яшчэ задаваў сабе пытанні наконт асноўных момантаў майго існавання, магчыма, гэта было выклікана неабходнасцю вытрываць цяжар растання з маім сябрам айцом Вінчэнцо. Пасля адна думка прамільгнула ў маёй галаве: а калі б і ў фондзе ўсталяваць францішканскі прынцып пастаяннай ратацыі? І што калі адыход ад справаў фонда айца Вінчэнцо быў нагодаю, каб пераканаць мяне зрабіць тое самае? Гэта было менавіта так, неабходна было радыкальным чынам мяняць нашую арганізацыю, калі мы хацелі пабудаваць нешта трывалае і працяглае. Неабходна было стаць настолькі сціплымі, каб адысці ў бок і вызваліць месца іншым, каб яны маглі выказвацца, памыляцца, выпраўляць памылкі і расці ў адпаведнасці з задачамі фонда. І ў той раз я ізноў падзякаваў унутранаму голасу, які кіраваў мною і паказваў мне шлях у сітуацыях жыццёва важнага выбару. Менавіта гэта я набыў падчас заняткаў па хрысціянстве, арганізаваных айцом Вінчэнцо ў кляштары Тодзі: здольнасць разумець, слухаць і агучваць той голас, што кіраваў мною кожны дзень. Я прыўзняўся на ложку, устаў і пайшоў у кухню, дзе сустрэў маіх цешчу, дачок і жонку, якія збіраліся, як звычайна, гуляць у карты. Усе чакалі мяне, каб прыгатаваць вячэру, бо тут я быў майстар. Павінны былі прыехаць мой пляменнік Лука і яго дзяўчына, каб нарэшце ўсім разам правесці Божае Нараджэнне, быццам бы пытання спадчыны ніколі не існавала. Тата маёй жонкі Марыанджэлы сапраўды за апошнія тры гады прыйшоў да думкі перадаць сваю маёмасць тром дочкам, але яго сквапнасць не дазволіла яму павесці сябе належным чынам, як добраму бацьку. Ён падарыў кватэру старэйшай дачцэ і думаў цягам некалькіх наступных гадоў зрабіць тое самае для дзвюх астатніх. Так пачалася вайна, якая вылілася ў шумную сварку з другою дачкою і абяцаннем апошняй не лічыць яго больш сваім бацькам. Я пастараўся выступіць пасярэднікам, але адзіным дасягнутым вынікам былі гэтыя Каляды з Лукой, сынам той, што абвясціла вендэту. Ён ужо стаў дарослым і праходзіў вайсковую службу ў маім горадзе. За апошнія гады я пераканаў жонку ў тым, што не мела ніякага сэнсу працягваць ціснуць на бацьку, каб атрымаць частку спадчыны, і што неабходна было разлічваць выключна на ўласныя сродкі і здольнасці. Аднак, відавочна, другая сястра прытрымлівалася супрацьлеглага меркавання і не магла змірыцца з сітуацыяй, што прывяла да поўнага яе аддалення ад сям’і. Мяне не цікавіла нічога, мне было важна застацца самім сабою, з грашыма ці без. У той калядны вечар за сталом былі ўсе: Карло, мой цесць, пастарэлы, але з нязменным жаданнем піць віно, Мэры, мая цешча, якая ўсё больш пакутавала ад астмы, што забірала яе сілы і прагу да жыцця, Разэта, сястра маёй жонкі, ужо уладкаваная ў сваім побыце, яе муж Рэнато, нязменны ўдзельнік караванаў з гуманітарнаю дапамогаю, які за некалькі гадоў на пенсіі, здавалася, стаў цэнтрам сям’і, Нікола, іх прыёмны сын-індыец, і нарэшце, мая жонка Марыанджэла з дочкамі Федэрыкай і Алесіяй, якім здавалася хутчэй сястрой, чым маці. Тое, што за гэтым сталом прысутнічалі таксама Лука і Ларэна, яго дзяўчына, здавалася неверагодным пасля разрыву, выкліканага непрадуманнымі дзеяннямі майго цесця Карло перадаць спадчыну адной дачцэ і пакінуць ні з чым астатніх. І тым не менш гэта мне ўдалося. Мы смяяліся, гулялі ў карты, хадзілі на Імшу апоўначы з надзеяй, што год, які надыходзіць, прынясе такое чаканае і жаданае замірэнне. Я пайшоў спаць задаволены, хоць у глыбіні сэрца ведаў, што нічога б не адбылося, калі б той самы голас не даў мне магчымасці гэта прадчуваць. Ці магчыма было, каб я не мог належным чынам ацаніць тое, што адбывалася са мной, толькі таму, што перад маімі вачыма праходзілі ўжо наступныя падзеі, якія гасілі лёгкі энтузіязм дадзенага моманту? Гэта быў мой дар ці прысуд? Я пераканаўся, што неабходна было суіснаваць з такою здольнасцю, пакідаючы для сябе гэтыя адчуванні, не распавядаючы пра іх іншым. Безумоўна, тыя Каляды сапраўды былі асаблівымі: я змог даць адказ на жыццёва важнае пытанне і вырашыў ісці па шляху, які значна зменіць маё штодзённае жыццё. Я толькі што скончыў чытаць Геракліта і яго тлумачэнне Эраса і Логаса і перачытаў Евангелле; я пераканаўся, што Любоў значыць больш, чым Розум, бо толькі ў ёй можна знайсці матывацыі для нашага існавання і можна зразумець сапраўдны сэнс Жыцця. Пакінуць фонд, дзейнасць у спартыўнай асацыяцыі ў якасці самай адказнай асобы і зноў пакорліва зрабіцца нікім, стала вялікім задавальненнем, бо я зразумеў, што падобным чынам магу выказаць сваю любоў тым, хто знаходзіцца побач. Любоў перамагла розум і пераканала мяне ў тым, што не могуць існаваць поспех і задавальненне без сяброўства і прыязнасці ўласных супрацоўнікаў. Аднак колькі цярпення маглі мець супрацоўнікі фонда, каб працаваць і прысвячаць сваё жыццё маім арганізацыйным поспехам? Несправядліва было б думаць толькі пра сябе. І на гэты раз той самы голас падказаў мне шлях, па якім варта было б ісці без ваганняў і затрымкі. Я вярнуўся дадому і склаў паўнамоцтвы прэзідэнта, дэталёва выклаўшы прычыны ў лісце, што быў прачытаны падчас вячэры, арганізаванай у Губ’ё; разам з айцом Вінчэнцо мы вырашылі, якім чынам гэта лепш зрабіць. Прысутнічаў увесь адміністрацыйны савет фонда. Я адзначыў, колькі ўсяго змянілася і якая радасць была ўбачыць у тым кляштары разам маіх сяброў, якія павінны былі вызначыць сваю будучыню; гэта было насамрэч? Гэта не было сном? Сваім выступленнем я ўсіх супакоіў і пераканаў у неабходнасці ратацыі пасадаў. Я спытаўся: «Калі няважна, з якой прычыны вы б засталіся без прэзідэнта, фонд „Дапаможам ім жыць” спыніў бы сваю дзейнасць? Несумненна, — працягваў я, — што за гэтыя тры гады работа, зробленая фондам, была паспяховай і прынесла шмат маральнага задавальнення». І прыгадаў прыём беларускіх дзяцей, адпраўку грузаў гуманітарнай дапамогі «Караван надзеі», адкрыццё офіса ў Мінску, арганізацыю шасцідзесяці камітэтаў у Італіі, арганізацыю аперацый для хворых на лейкемію дзяцей, адпраўку дапамогі для тых раёнаў паўночнай Італіі, што пацярпелі ад навадненняў, і для насельніцтва Босніі і Самалі, дзейнасць па зборы сродкаў на набыццё медыцынскіх інструментаў. «Але зробленая праца, — працягваў я, — толькі папярэднічае той дзейнасці, якую мы плануем на будучыню», і нагадаў пра адпачынак дзяцей, колькасць якіх планавалася павялічыць з 2300 да 3000, падрыхтоўку кангрэса для лепшай арганiзацыі працы камітэтаў, збор сродкаў для набыцця стэрыльнай аперацыйнай залы для перасадкі костнага мозгу для адной з бальніцаў Мінска, праграму «Усынаўленне на адлегласці» (гэта значыць адпраўку дапамогі канкрэтна кожнаму дзіцяці з беларускіх інтэрнатаў, якімі апякуецца фонд), арганізацыю падарожжаў італьянскіх сем’яў у вёскі, дзе жывуць дзеці, выбар незабруджанай тэрыторыі ў Беларусі для вырошчвання курурузы, падоранай фірмай «CIBA-sementi» і прызначанай для атрымання чыстага харчавання, якое будзе бясплатна раздавацца насельніцтву. «Выкананне гэтай праграмы, — я амаль што крычаў,— новым адміністрацыйным саветам,— гэта выпрабаванне, якое фонд павінен адолець, каб сцвердзіць той прынцып, што нельга лічыць нашымі ворагамі ўсіх, хто не жадае служыць нам. Гэтая думка — працягваў я,— павінна заахвоціць нас і дапамагчы лепей зразумець нас нашым блізкім, выклікаць у іх жаданне ісці за намі. Але найперш заклікаць нас да размовы, каб дапамагчы тым, хто побач, узяць кіраванне арганізыцыйнай структурай на сябе праз запрашэнне, якое павінна зыходзіць ад разумення таго, што нашая сіла — у прыналежнасці да фонда, і якое прагучала ў звароце нашага Пана да Яго апосталаў: „не бойцеся” — і тут я б дадаў — дапажыце нам дапамагаць. З гэтымі словамі пабуджэння ў дачыненні да вас, я пакідаю пасаду прэзідэнта,— сказаў я, — і пачынаю шукаць у сваім сэрцы матывы і перакананні, каб падтрымаць жаданне пакоры і гарантаваць, што праца таго, хто заменіць мяне, паслужыць на карысць тым, хто сапраўды мае патрэбу ў дапамозе». У канцы я па-брацку ўсіх абняў і пажадаў плённай працы, запэўніваючы, што заўсёды буду побач, «каб змяніць тое, што можна змяніць, цярпліва прымаць тое, чаго змяніць нельга, і мець розум адрозніваць адно ад другога». Усё прайшло вельмі добра, усе акружылі мяне, упэўненыя ў тым, што так і павінна быць, што гэта вынік досведу, набытага за гады няспыннай працы, і перакананыя, што маё жаданне вызваліць месца іншым з’яўляецца лагічным завяршэннем ўсяго майго досведу. Я вярнуўся дадому задаволены, не зважаючы на тое, што цяпер, калі мне не трэба было прысвячаць столькі часу працы ў фондзе, у глыбіні душы я баяўся застацца сам-насам са сваімі марамі. Але страх доўжыўся толькі імгненне, бо ў памяці паўстала прыгажосць той каляднай ночы, калі пытанні, зададзеныя сабе самому і ўнутраны неспакой падштурхнулі мяне да гэтага кроку, і я ўпэўніўся, што падобныя радасці мае толькі той, хто чуе дзіўны ўнутраны голас. Я ўзяў дзённік і прысвяціў тым Калядам верш, які быў напісаны на адным дыханні:
Хто ведае, што рыхтавала мне жыццё? У любым выпадку, шлях быў вызначаны, я бачыў перспектыву, адзіны страх, што заставаўся, быў той, што ўнутраны голас мяне пакіне і мая сувязь з ім перарвецца. Але чаму гэта павінна было здарыцца, калі ў момант самага важнага выбару майго жыцця я мог з упэўненасцю сказаць, што ўбачыў, «як знікае ўпэўненасць»? Наблізіцца да разумення і стаць хрысціянінам было для мяне няспынным узмацненнем пачуццяў і ўнутраных зменаў, калі адбываўся пераход ад перакананняў, звязаных з утапічнай марай пра рэвалюцыю, да разумення і ўсхвалення талерантнасці. «Ты даў нам сэрца не для таго, каб ненавідзець адзін аднаго, а рукі не для таго, каб забіваць. Зрабі так, каб мы дапамаглі адзін аднаму несці цяжар пакутлівага і хуткаплыннага жыцця. Каб маленькая розніца паміж адзеннем, што закрывае нашае цела, паміж нашымі беднымі мовамі, паміж нашымі смешнымі звычкамі, паміж нашымі недасканалымі законамі, паміж умовамі нашага жыцця, такімі рознымі ў нашых вачах і такімі аднолькавымі ў Тваіх, каб усе найменшыя адценні, што адрозніваюць атамы, названыя людзьмі, не былі сігналамі нянавісці і пераследу. Каб тыя, хто запальвае свечку сярод белага дня дзеля Твайго ўслаўлення паважліва ставіліся да тых, каму дастаткова святла Твайго сонца. Каб тыя, хто пакрывае вопратку белай тканінай, гаворачы тым самым, што трэба любіць Цябе, не змагаліся з тымі, хто кажа, што тое самае неабходна рабіць пад чорным покрывам. І што не мае значэння — славіць Цябе словамі старажытнай мовы ці навейшай». Вось такою малітваю Вальтэр завяршыў свой «Трактат аб талерантнасці», адназначна прасякнуты асветніцкім духам, але тым не менш прымальны і для тых, хто імкнецца да евангельскай любові. Несумненна, хрысціянская любоў значна большая за талерантнасць і яе перспектыва больш радыкальная: «Любіце сваіх ворагаў, рабіце дабро і давайце, не чакаючы ўзамен, і вашая ўзнагарода будзе вялікая, і будзеце дзецьмі Усявышняга, бо Ён добразычлівы да няўдзячных і злосных. Будзьце літасцівымі, як літасцівы наш Айцец». Аднак неабходна нагадаць яшчэ раз і аб першым узроўні любові, увасобленым у талерантнасці і павазе. Гаворка ідзе пра тыя якасці, што часта ігнаруюцца ў нашыя дні, калі на тэлебачанні ўслаўляюцца сваркі, дзёрзкасць, нахабства, вульгарныя і балючыя напады, быццам яны з’яўляюцца прыкметаю першынства, спрытнасці, хітрасці, пазбаўленай усялякіх прынцыпаў. Неабходна нагадваць пра культуру паводзінаў, выхаванасць, павагу да чужога меркавання, дыялог, чысціню маўлення і ўчынкаў, чалавечыя дабрадзейнасці, якія, аднак, Біблія змяшчае пад пячатку Бога і яго Адкрыцця. З другога боку, памяркоўны адказ супакойвае раз’юшанасць, у той час як горкае слова памнажае злосць.
З італьянскай мовы пераклала
Аксана Данільчык
|
|
|