|
|
№
1(43)/2008
Галерэя
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧГод Божага слова
Ксёндз Андрэй ЗАЙЧЫКУ свеце Бібліі
Уладзімір КОНАНAd Fontes
Тамаш КЭМПІЙСКІПераклады
Гілберт Кійт ЧЭСТЭРТАНВЕРА & CULTURA
Пётра РУДКОЎСКІПераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯНашы святыні
Міхась БАЎТОВІЧПроза
Віталь ВОРАНАЎПаэзія
Мар’ян ДУКСАПа родным краі
Вячаслаў ДУБІНКАПераклады
Дабрачыннасць
Фабрыцыо ПАЧЫФІЧЫМастацтва
Валеры БУЙВАЛМузыка
Святлана ШЭЙПАМастацтва
Данута БІЧЭЛЬ
|
Жыцця гэтага чалавека хапіла б на некалькі надзвычай актыўных і дзейных асобаў. Мастак, нястомны падарожнік, палымяны рэвалюцыянер — Міхал Эльвіра Андрыёлі. Італьянскае прозвішча ён атрымаў ад свайго бацькі, скульптара італьянскага паходжання. Нарадзіўся ў 1836 годзе ў Вільні, вучыўся ў Віленскай гімназіі. Паводле волі бацькоў Андрыёлі паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага універсітэта, але ў хуткім часе ён сам зрабіў свой жыццёвы выбар і пайшоў вучыцца ў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1855–1857). Некаторыя крыніцы паведамляюць, што пэўны час юнак вучыўся таксама ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. У 1860 годзе ён накіраваўся ў Італію, дзе вучыўся жывапісу і рысунку ў рымскай Акадэміі святога Лукаша. Не многія беларускія мастакі тае пары атрымалі такую бліскучую адукацыю. На радзіму італьянскіх продкаў Андрыёлі трапіў у адзін з самых драматычных момантаў новай гісторыі Еўропы. Менавіта ў 1860 годзе Гарыбальдзі распачаў свой паход з Сіцыліі на поўнач Італіі, вызваляючы народ і гарады ад аўстрыйскіх акупантаў і марыянеткавых манархаў. Усё пачалося з гераічнага дэсанту адной тысячы добраахвотнікаў Гарыбальдзі, якія апранулі чырвоныя кашулі ў знак рашучага памкнення не шкадаваць сваёй крыві ў змаганні за волю. Безумоўна, беларускі мастак убачыў на свае вочы, як патрыёты ўмеюць змагацца і перамагаць малымі сіламі магутнага ворага. З Італіі, якая адраджалася пасля стагоддзяў гаспадарання чужынцаў, Андрыёлі прывёз не толькі веданне класічнай культуры, але і вялікі зарад рэвалюцыйнага духу. А ў Вільні яго сустрэла прадвесне беларускай рэвалюцыі. Андрыёлі з энтузіазмам уключыўся ў падрыхтоўку паўстання, а потым ва ўзброеную барацьбу супраць рускага царызму. Мастак ваяваў у атрадах К. Карэвы, І. Пасербскага і Л. Нарбута. Пазней усё перажытае ўвасобіцца ў ягоным графічным творы «Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў». Беларускае мастацтва ХІХ стагоддзя яшчэ не ведала такога непасрэднага адлюстравання гістарычных падзеяў. Дынаміка кампазіцыі, узнёслы драматызм сюжэта, героіка вобразаў — усё гэта сведчыць пра прыналежнасць мастака да плыні рамантызму (і сапраўды, рэвалюцыі ў Еўропе стваралі рамантыкі). Інсургенты сутыкнуліся з акупантамі і вядуць па іх агонь. Падаюць забітыя і параненыя. У самым цэнтры кампазіцыі паўстанцы выносяць з поля бою забітага камандзіра. Твар Людвіка Нарбута пазначаны спакоем смерці. Графічная карціна — сапраўдны рэквіем героям нацыянальна-вызваленчай барацьбы нашага народу. Пакуль у нашай краіне няма помнікаў героям 1863–1864 гадоў і твор Андрыёлі застаецца адзіным манументам народнай памяці. Пасля разгрому паўстання на Беларусі Андрыёлі спрабуе схавацца ў Пецярбурзе, але там яго арыштоўвае паліцыя. Турма ў Коўне павінна была стаць апошняй старонкай жыцця беларускага творцы, але ён быў верны сабе і праз нейкі час уцёк з астрога, падаўся ў Заходнюю Еўропу. Парыж і Лондан з выдатнымі помнікамі архітэктуры, найбагацейшымі мастацкімі калекцыямі і стракатым мастакоўскім жыццём былі для Андрыёлі чарговым этапам творчага сталення. Таленавітага беларуса заўважыў знакаміты французскі мастак-ілюстратар Густаў Дарэ. Андрыёлі працаваў разам з Дарэ, ілюструючы французскія часопісы. Ён стварыў у Парыжы таксама шмат твораў, прысвечаных перажытаму падчас паўстання 1863 года. Невядома, што было прычынай неасцярожнага вяртання Андрыёлі на радзіму. Магчыма, ён паверыў звесткам пра замірэнне пасля здушэння паўстання. Не трэба забывацца, што Парыж на працягу ўсяго ХІХ стагоддзя быў адным з галоўных замежных цэнтраў царскіх сакрэтных службаў, якія актыўна дзейнічалі ў асяроддзі рэвалюцыйнай эміграцыі. Згадаем эпізод, калі ў адным з парыжскіх тэатраў паставілі п’есу, у якой высмейваўся рускі цар Мікалай І, і на наступны дзень расейскі пасол заявіў, што ў выпадку працягу спектакля ў тэатр прыдуць некалькі сотняў ягоных людзей у шэрых шынялях і «наладзяць там парадак»... Андрыёлі вярнуўся на Беларусь у 1866 годзе і быў арыштаваны як «бунтаўшчык». Яго саслалі ў далёкую Вятку (цяперашні Кіраў). Але і гэты ўдар не пазбавіў мастака аптымізму, ён і ў ссыльным краі пакінуў яркі след у мастацтве. Андрыёлі даваў урокі малюнка і жывапісу мясцовым юнакам Васняцовым. Таленавіты настаўнік усхваляваў душы сваіх вучняў на ўсё жыццё, навучыў іх любові да сівой даўніны, былінаў, вобразаў мінуўшчыны. З вучняў Андрыёлі выраслі найбольш папулярныя мастакі гістарычнага жанру ў рускім мастацтве. У 1871 годзе была абвешчана амністыя ўдзельнікам паўстання і Андрыёлі вяртаецца з ссылкі. Але яму забаронена пражываць на радзіме, і ён надоўга пасяляецца ў Варшаве. Працуе ілюстратарам у часопісах «Kіosy» i «Tygodnik ilustrowany». На тры гады мастак вярнуўся ў сваю маладосць — у Парыж, дзе ён зноўку жыў і працаваў у 1883–1886 гадах. 1880-я гады — перыяд творчай сталасці майстра. Графічныя творы гэтае пары дагэтуль служаць найбольш выразнымі ілюстрацыямі да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Андрыёлі быў выдатным дзеячам беларускага нацыянальнага адраджэння. Вядома пра ягонае сяброўства з Францішакам Багушэвічам, партрэт якога выканаў мастак. Па ўсёй Еўропе ў той час абуджаліся народы, якія былі адсунуты ў цень імперскімі валадарамі: чэхі, славакі, нарвежцы, італьянцы, харваты, венгры... Імперская рэакцыя не магла спыніць гэты рамантычны ўздым. Родная мова, літаратура, паданні, былая слава і нацыянальная гісторыя былі не проста падмуркам гэтай культурнай рэвалюцыі, але і жывой стыхіяй абуджэння да паўнавартаснага жыцця. Гістарычная тэматыка займае надзвычай важнае месца ў выяўленчым мастацтве. Адбываецца ўсведамленне народамі саміх сябе як гістарычных нацый. Менавіта ў гэтым ключы выкананы выдатныя графічныя творы Андрыёлі, прысвечаныя беларускай гісторыі. «Сустрэча Тройдзеня з Ганнай», — эпізод з ХІІІ стагоддзя, — вырашаны мастаком у тыповай для таго часу форме рамантычнай стылізацыі. Па сваёй патэтычнай інтанацыі кампазіцыя нагадвае фрагмент пастаноўкі на опернай сцэне. Мазавецкая князёўна загароджвае мячом дарогу ў свае пакоі літоўскаму князю, які са сваёй дружынай уварваўся ў замак яе бацькі. Рыцар вымушаны апусціць свой меч і скарыцца волі імпэтнай дзяўчыны. Для Андрыёлі персанажы мінуўшчыны — звышлюдзі, якія павінны служыць ідэалам для сучаснікаў мастака і для нашчадкаў. Вельмі важнай рысай трактоўкі мастаком гістарычных сюжэтаў з’яўляецца аўтэнтычнасць гістарычных дэталяў. Андрыёлі вывучае адзенне і зброю даўніх стагоддзяў. Вобразны сімвалізм не замінае, а наадварот, дапамагае раскрываць сутнасць гістарычных падзеяў у ягоных творах. З захапленнем мастак стварае графічны твор «Лядзейка тлумачыць Гедыміну ягоны сон». Варажбіт прарочыць князю і ягонай свіце велічную будучыню Вільні. У ягоныя словы ўслухоўваюцца зачараваныя людзі. Полымя і дым вогнішча ўзнімаюцца нібы па волі вешчуна... Шматфігурная графічная кампазіцыя «Вяртанне літвінаў з паходу на Ордэн» дэманструе майстэрства Андрыёлі-драматурга. Магутнай плынню, нібы рака, цячэ пераможнае літвінскае войска... Мужныя і вольналюбівыя людзі, здаецца, натуральна выраслі з роднай зямлі, як і волаты-дрэвы пушчы, праз якую крочыць рыцарства і паспалітае рушэнне. Па краях аркуша тоны згусціліся, выконваючы ролю заслоны, якая разыходзіцца і адкрывае перад намі дзею. Яркае святло выразна вызначае цэнтр кампазіцыі, а потым водгукамі белых штрыхоў рассыпаецца па ўсім аркушы — мастак сапраўды валодае віртуознымі графічнымі прыёмамі... Адной з вяршыняў творчасці Андрыёлі з’яўляецца графічны аркуш «Забойства Кейстута». Падкрэсліваючы трагізм гвалтоўнай гібелі князя, мастак выводзіць на першы план цёмную сілу. Безаблічнай масай, ламаным сілуэтам дамінуе ў цэнтры кампазіцыі адзін з каморнікаў-забойцаў. Пад ногі яму паваліўся забіты абаронца Кейстута. Над чорнай фігурай ката кветкай распускаюцца скляпенні вязніцы. Цягнуцца да Кейстута рукі забойцаў са зброяй і атрутай. Князь загнаны ў кут, але па волі мастака менавіта ён з’яўляецца галоўным героем твора. Святло пластычна вырысоўвае ягоны твар, на якім не адбіліся страх і адчай, ягоную магутную постаць. Сіла кантрасту і графічнае майстэрства ў гэтай рабоце непараўнальныя... Міхал Эльвіра Андрыёлі заклаў таксама пачаткі беларускай кніжнай ілюстрацыі. Таленавіты мастак ілюстраваў выданні твораў А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, А. Мальчэўскага, Ю. Крашэўскага, У. Сыракомлі, Э. Ажэшкі. Ягоныя аркушы да «Пана Тадэвуша» дагэтуль з’яўляюцца найлепшым мастацкім адпаведнікам вялікай паэмы. Памёр Андрыёлі ў 1893 г. у Налэнчове пад Варшавай. Выдатны мастак павінен быць трывала вернуты ў кантэкст беларускай культуры. Павінны быць выдадзены кнігі з ягонымі ілюстрацыямі. Трэба арганізаваць выставы ягоных твораў у беларускіх музеях. Імем творцы і змагара за волю Бацькаўшчыны павінны быць названы вуліцы і плошчы. Беларусам ёсць кім ганарыцца і з каго браць прыклад у жыцці і творчасці.
|
|
|