|
|
№
1(43)/2008
Галерэя
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧГод Божага слова
Ксёндз Андрэй ЗАЙЧЫКУ свеце Бібліі
Уладзімір КОНАНAd Fontes
Тамаш КЭМПІЙСКІПераклады
Гілберт Кійт ЧЭСТЭРТАНВЕРА & CULTURA
Пётра РУДКОЎСКІПераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯНашы святыні
Міхась БАЎТОВІЧПроза
Віталь ВОРАНАЎПаэзія
Мар’ян ДУКСАПа родным краі
Вячаслаў ДУБІНКАПераклады
Дабрачыннасць
Фабрыцыо ПАЧЫФІЧЫМастацтва
Валеры БУЙВАЛМузыка
Святлана ШЭЙПАМастацтва
Данута БІЧЭЛЬ
|
Падарожнічаем па Беларусі. ...У Новым Пагосце на фотаздымак трапіла прыгожая хаціна з ліштвай, блакітнымі дзвярыма і каванай клямкай. На ганку прымасціліся двое хлапчукоў з маленькімі дзіцячымі гармонікамі. Адметным вясковым музыкам яшчэ б да кампаніі дудара... Дзяўчынка рулюе на ровары, а побач неахвотна пляцецца бычок. І не з пустой торбай юная гаспадыня: на багажніку — хлеб у празрыстых мяшках, а ў руках — вядзерца, пэўна, дзённы падмацунак для худзенькага бычка...
Паварочваем у бок Друі і неўзабаве трапляем на хутар Дзянісы. А вось і сам гаспадар, сівы дзяцюк з уважлівымі вачыма і мазольнымі напрацаванымі рукамі. Завуць Пётра, а яго бацьку звалі Аніска, прозвішча хутарскога спадара — Вікентаў. «Хутарскі пан» гасцінна запрашае ў хату. У сенях нас вітае моцная, вялікая шафа, даўнейшае клёпкі, трохлюстэркавая. А вось прасторную хату запаланілі закарэлыя чыгункі на падлозе, і ў кожным для варыва падрыхтавана бульба. У сенях таўкуцца вясёлыя кураняткі, белыя, што снег, а побач ганарова пераступае з нагі на нагу пявун. У сенцах вішчаць у загарадцы вепручкі, пэўна, даўно не кормленыя. Курна і цесна ў хутарской хаце. Бабуля маўклівая, насцярожаная. Ціхмяным голасам жаліцца, што пенсія ў яе малая, у жмені тых грошай не бачна. Яе гаспадар доўгі час вартаваў калгаснае дабро, а пасля пасвіў вясковых кароваў. Дужа здзівіла вялікая печ, пафарбаваная ў зялёны колер, як вайсковы бранявы самаход перад кідком у варожы тыл. Мудрагелісты гадзіннік на сцяне адлічваў непаўторныя імгненні, а лавы ў хаце пахваляліся кошыкамі з кудзеляй і ніткамі. У вялікіх пляцёнках нарыхтавана шмат свежай травы. У кутку туліліся, што паны, вялікія куфры — нажытае багацце бераглі. Усе сякеры былі складзены каля печы, і ўсе з паламанымі тапарышчамі. Разбагацелі гаспадары на вялікія іржавыя замкі: кожны вісеў асобна на цвіку. А вось дзеля якое патрэбы гаспадару ладная скураная торба з бліскучымі зашчапкамі? Прывабіў ладны, акуратны калодзеж у двары. Не ўтрымаліся, пакаштавалі вадзіцы, засталіся задаволеныя. Над веснікамі навідавоку прымацавана каванае сэрца з пазнакай: хата пабудавана ў 1938 годзе. Далей ад хутара, на ўскраі вёскі, багата шпакоўняў. Красаваліся і на ліпах, і на бярозах. Гаспадары парупіліся даць кожнай птушцы па асобнай «кватэры». Гасцюем кольвек часу, а ў гаспадароў усё не прападае насцярожанасць. І было ад чаго: столькі дужых хлопцаў у хутарскім двары і ўсе такія цікаўныя, вясёлыя, нешта малююць, фотапстрыкаюць, ва ўсе закуткі нос шчэмяць. Мо, начальства нешта мудруе, ганцоў даслала? «Сыноў у нас няма, дачок гэтаксама, няма каму пасля нас гаспадарыць. Як памром, дык і сабака не завые», — ціха пажалілася сівая гаспадыня.
Прысеў каля канавы, скінуў хлебныя хатулі і здзіўлена ўталопіўся на нас, не разумеючы, што за людзі і якога ліха яны шукаюць у глухой мясціне, дабіваючы легкавікі на пыльнай гравейцы. Але хутка хлебанарыхтоўшчык падхапіўся і няспешна рушыў далей. Паваротка на мястэчка Ідолту. Дарога вузенькая і шчыльна да кустоўя туліцца. На ўскраі мясціны шмат народу. Як высветлілася, вясковыя людзі гуртавы статак з пашы чакаюць, бо сонейка садзіцца. Дачакаліся, і кожны спяшаецца пераняць сваю пярэстачку, хутчэй вяроўчыну на рогі — і ў свой катух. Вясёлая гамана, таўкатня. Кабеты жартоўна пераймаюць не толькі рагулек, але і сваіх палахлівых авечак. І праўда, цяжка разабрацца ў гэтым тлуме, дый ужо добра сцямнела, не дужа і разгледзіш. Хлапчукі мацуюць вяроўчыны да ровараў, і рагулі пакорліва тэпаюць за дзецьмі, пугай паганяць не трэба. ... Збочваем у лес і з хуткасцю мураша рухаемся па лясной дарозе. Праз некалькі кіламетраў убачылі ўтульнае возера, а завецца яно Ваза. Прыгожыя ўзгоркі з рэдкім сасоннікам і надта вузенькія лясныя сцежачкі, шчыльна запалоненыя мурашынымі байцамі. У мурашоў і ноччу работа кіпіць: спяшаецца восень, а там і халады абрынуцца без запрашэння. Палянка са шнурам пянёчкаў, густая трава і цішыня. Колькі тут вясёлых каменьчыкаў, зарослых травой! На гарэзлівым вогнішчы рыхтуем вячэру. Каля кастра цёпла, утульна. Цешыць думка, што дзень прайшоў удала: яшчэ адно вечка куфра роднае занядбанае спадчыны прыадчынілі. Пасля наварыстае юшкі рыхтуемся да начлегу, разбіваем палаткі, укладваемся ў баваўняныя спальныя мяхі. ...Ранак пахмурны, прахалодны. Трэба ж і на азярцо злётаць, каб першыя фотаэцюды зрабіць. Як жа абмінеш непаўторныя краявіды ляснога возера Ваза! Ад Ідолты паварочваем на Мілашова. Непрыветна сустракае вёска Урбановічы. Разбураная хаціна пры самай дарозе, закураны комін казыча неба, гара смецця побач з гравейкай. І паўсюль параскіданы рэчы з хатняга ўжытку. І прывітанне, мястэчка Друя. Бернардынскі касцёл, пабудаваны ў 1643–1646 гадах. І відок шчымлівы. Высветлілася, што тут «пагаспадарыла» СПТУ-39. Будучыя сельскія будаўнікі ўдосталь папрактыкаваліся, знявечыўшы не толькі унікальны інтэр’ер храма. Пра іх «дзейнасць» нагадваюць брыдотныя аўтографы на сценах святыні. «Адвялі душу» майстры кельмы і сякеры. А маглі б пакланіцца майстэрству невядомых народных дойлідаў...
На дзіва ацалелая, дзівосная кераміка на падлозе святыні. Уражвае чысціня колеру — мазаічны матава-белы са стракатай чырвонай аблямоўкай. Скляпенні касцёла былі гвалтоўна ўзарваныя, па дошках сюды ссоўвалі буйнагабарытнае смецце: гнілыя бярвенні, калёсы, катлы паравога ацяплення, колы цяжкавагавых бартавікоў, непатрэбныя бетонныя пліты, падраныя сеннікі з гнілой бавоўнай. Моўчкі крочым па няўтульным мястэчкуДруя, не перадаць, што на душы. Вунь жа самотны, «замардаваны» дамок былога мясцовага пана, а цяпер гэта задрыпаны камбінат бытпаслугаў з вялікай лужынай каля ганку… Не ў лепшым стане і былы будынак тэатра, які служыў людзям яшчэ пры цары Мікалаі, быў пабудаваны з чырвонае дыхтоўнае цэглы. Дажывае свой век вежа — званіца разбуранай уніяцкай царквы. А вось і жывая душа: цялушка з цікаўнымі вачыма. Выглядвае, высунуўшы галаву праз атвор адзінага акенца хлява, цікуе за намі. Не суцяшае і буслянка на старой мураванай вежы, прыгнятае захламлены двор, паламаны абгарэлы трактар, каля якога таўкуцца індыкі. Вецер трэпле бялізну на вяроўках, а няголеныя дзецюкі маўкліва сядзяць на спілаванай ліпе і цягнуць з пляшкі мутнаватую вадкасць. А мо і праўда, усяго толькі вада са студні, благое не думайце... Унізе — Заходняя Дзвіна, на беразе — шмат рассохлых лодак. А на тым баку ракі ўжо «чысцейшыя» латвійскія кароўкі цешацца на пашы жнівеньскім сонейкам. Міжволі падумалася пра тое, як выглядае ўсё гэтае наваколле з вышыні птушынага палёту. І як лёгка робіцца на душы, калі ўтульная дарога весела бяжыць да лясочка! Каму прыйшла думка назваць пасёлак Яя, які месціцца якраз пасярэдзіне гравейкі, калі мчаць ад Друі да Браслава? Тут крыху весялейшая і рэчка Друйка, і больш прывабныя вясковыя хаты, і шнуры агародаў радуюць багаццем усходаў гародніны. На двары кутавое хаты каля прыбіральні пачапілі за нагу забітага коршака. Гойдаецца на ветрыку і нагадвае: ведайце, зладзеі з бухматых хмараў, што чакае нахабнікаў у мясціне з назовам Яя...
Вёска Опса. У двары касцёла завіхаюцца людзі, рыхтуюць сталярку на вокны, дзверы і неяк нядобра цікуюць за намі. І пэўна, маюць рацыю. Касцёл тут быў пабудаваны даўно, у 1919 годзе. З тае пары шмат нацярпеўся і ўжо шмат часу рамантуецца, паднаўляецца. Па словах мясцовых людзей, пару гадоў таму нейкія зладзюгі спрабавалі цёмнай ноччу ўзламаць дзверы, пабілі вокны, але людзі паднялі трывогу. Зладзюгі ледзь уратаваліся. Вёска Паліканы. І тут красуецца святыня, як дзве кроплі вады падобная да тае, што бачылі мы ў Опсе. А далей — Калані. Кідаецца ў вочы моцная, ладная белая клуня, гаспадар якой — Апанас Андрэеў — пабудаваўся тут яшчэ пры паляках, але нядоўга цешыўся: згінуў пры бальшавіках, адразу пасля вайны. Бачым — шыбуе кабета з пустым кашом. Знаёмімся. Называе сябе: Марыя Іванаўна Кандратовіч. І ахвотна апавядае: — Мая дачка выйшла замуж за Маскву. Штовосень на халады дасылаем ім сала па пошце. За Масквой любяць наша сала, хаця яно ідзе па пошце вельмі доўга, мо месяц, але радасці да вясны. А каб не сапсавалася, перасыпаем сушанымі зёлкамі. Муж яе харошы, многа не п’е, а як вып’е — спявае. Гаспадар працуе на добрай рабоце, размалёўшчыкам пры кінатэатры. Кожную восень да нас па бульбу едуць. Бульбы ў машыну столькі насыплюць, што калёсы стогнуць. А каб весялей ехаць, дык мяшок яблычак зверху — і пагулі на Маскву, ажно пыл курыць. Пагаварыла з вамі, як пабагацела, — засмяялася і патупала далей, на ўзгорак, адкуль шырока і далёка ўсё відаць. ...У вёсцы Казяны невялічкія, але ладныя лазенкі туляцца да рачулак з назовамі Дрысвяты, Мядзёлкі, Бірвета. А рачулкі тыя штодня спяшаюцца ў вялікую раку — Дзісну. Буслянка каля самай дарогі, на высокай сухой таполі буслы і пасяліліся. Маладзенькія вучацца лятаць, прымасціліся на тэлеграфных слупах і, нібы дазорныя, за дарогай цікуюць. А мо ветрыка спадарожнага чакаюць, каб на крыло і высока, высока. А вось новы сметнік — могільнік для дабітых машынаў. Такое дзіва бачым упершыню падчас нашых вандровак па Віцебшчыне. Высокі абрыў, а ўнізе — гара жалезнага ламачча. І праўда, зручна: разагнаў свой ужо непатрэбны жалезны здыхляк, падабраў момант, дзверцы адчыніў — і гэп адтуль. Машына каменем уніз, да магільнае купы. Чым табе не Амерыка? Сустрэўся на раздарожжы дзіўны дзяцюк. Не вітаючыся, пачаў імпэтна апавядаць пра тое, што ў Докшыцах адразу ж пасля вайны і да тае пары, калі Мікіта рускім царом быў, файны вермут давалі — яблычны. П’янтосы звалі яго рамантычна: «Горкія слёзы Мічурына». І каштаваў усяго рубель з дробнай капейкай у давесак, а піўся, зараза, як за рубель васемнаццаць. А праз дзень мы выбраліся ў новым кірунку, на Узду. Туман, цішыня, не відаць на шырокай асфальтоўцы ні коннага, ні пешага, адно дабіты калгасны трактар з прычэпам праімчыць і зноў ціха. На беразе рачулкі відна палатка, а крыху воддаль ад яе туліцца сірацінай маленькі дамок, адзін у голым полі. На якое ліха? Копы сена і сярод іх — стары легкавік у полі, а побач пастух рыпае на гармоніку. Мяшок на галаве, хаця дажджу няма. Пайграе крыху і лезе ў машыну, адно боты тырчаць вонку. Ці не падмацунак у легкавіку чакае? Мінаем вёску Камены, паварочваем на мястэчка Кухцічы. Былы маёнтак багатай сям’і Радзівілаў. Цяпер тут занядбаныя грамадскія забудовы, а навокал смецце, гнілыя дошкі, паржавелая тэхніка з мясцовага калгаса «Ленінскія зоры». На калгасных абшарах безгаспадарчасці на дзіва ацалелы помнік архітэктуры — кальвінскі збор. Лёгка адчыняюцца дубовыя дзверы, робім крок і спалохана кідаемся назад. Полчышча пацукоў. Жалезныя ложкі, гнілое збожжа ў кашах, смецце, горы вучнёўскіх сшыткаў, сотні пацвілых маткоў шпалераў, маткі дроту, гумавы абутак ад грузавых машынаў і вайсковыя скрыні ад боепрыпасаў, гара бітага ваконнага шкла. — Гультай наш і ў Парыжы гультай, — чуем бадзёры галасок пакамечанага дзецюка ў вайсковым фрэнчы і пры хромавых збітых ботах. Вось толькі галіфэ ў лапінах. Што і казаць, у кожнай мясціне знойдзецца свой зампаліт і праўдашукальнік, прагны на свежага слухача. Ад яго мы даведаліся, што каля ракі даўней, пры фрыцах, стаяў дужа файны вадзяны млын, а цяпер няма, адзін выган. Жыве тут 24 сям’і, а вада ў студнях не пітная, іржавая і такую вось атруту людзі ўжываюць штодня, але на ўладу мясцовую не скардзяцца, бо трывушчыя і аніякая трасца іх не бярэ. А тут якраз і кабета шыбуе да нас з вядром, поўным таго іржавага бруду. «Зірніце, што п’ем», — яна паказала вядро. І, праўда, іржавая, нібы трактар калгасны мылі. —Маглі б і самі калодзеж агораць, быў бы свой, гуртавы. Скінуліся б па тысячы, гукнулі добрых майстроў, бо за добрыя грошы знойдзецца і той, хто курыцы ў Маскву па шпалах пагоніць, — даю параду кабетам, якія стоўпіліся каля нас, — засумавалі тут, седзячы, мястэчка ціхае... — Ага, скінемся! А навошта тады начальства? — адказвае байчэйшая, тая што прыйшла з вядром, поўным іржавае вады — атруты — пустыя кішэні, на хлеб нямашака! Але ж які багацей калгас, столькі тэхнікі назапасіў!Тут і паіржавелыя касілкі, і кампрэсары, і электрарухавікі, і буйныя маторы, і горы цэглы, і бетонных плітаў, і бітага шкла. Усё гэта ўжо аніколі не адновіцца. Без матора не пабяжыць вунь той самотны калгасны трактар, кінуты сярод ламачча і друзу... Адзіны, хаця і разбураны, кальвінскі збор — горкая пляма сярод гэтага смецця і бруду. Як высветлілася, «пагаспадарыла» тут прамыслова-мантажная калона №22 трэста «Мінсельбуд». Яе і кадушкі з перакуленай фарбай, і дошкі, і скрыні з арматурай, цвікамі. Дабра столькі — чыгуначным саставам не пацягнеш. Астравок — некалі багатая вёска. Ацалелы вадзяны млын каля ракі, табун коней на пашы. Рыбакі таптухамі соваюцца з аднаго рыбнага месца да другога, а побач дзеці сцерагуць бацькавыя здабыткі — адны дробныя пячкурыкі ловяцца. Замкнёныя дзверы млына, залітага вадой. Скідаем абутак і, падкасаўшы калошыны, кіруем да збудавання. Праз вокны добра бачна начынне, крыху ацалелае. На парэпаным мастку, пэўна, пра яго згадвалі кабеты, уздзенскія матацыклісты грэюць маторы, каб узяць разгон. Імпэтна пераскокваюць перашкоду — дзірку ў мосце — і на Узду... Непадалёку у Горках гібее ветрачок, пабудаваны ў 1909 годзе мясцовым вясковым багацеем Іванам Корзунам. Пра дбайнага гаспадара і цяпер згадваюць з цеплынёй у голасе. Мардаты дзяцюк сядзіць на паваленай асіне і слухае нашы размовы пра ветрачок, пра вадзяны млын. Не выцерпеў, падхапіўся і як адрэзаў, — дзіва што, калгасны гаспадар: — Пабурым і гэты! Я ж такі гэпнуў каля Астраўка! А што ўжо дроваў было, гарэлі ў печы, як порах! Такія жэрдкі сякера не брала, а агонь весела пажор, паспявай падцягваць! А па суседстве, у вёсцы Азярское дажываў свой век ветрачок, гаспадар якога, Іван Стрэльчык , пачаў будаваць яго яшчэ да рэвалюцыі. Хацеў нават паехаць у Францыю, каб павучыцца ў тамтэйшых майстроў. Харошы вятрак на Нясвіжчыне да рэвалюцыі каштаваў на тыя «царскія» грошы да 1000 рублёў — гэта ж статак дойных кароваў. А за гадзіну на тым працавітым ветраку малолі да 20 пудоў збожжа, радасці было ўсім навакольным людцам, ехалі і конна, і спяшаліся пешшу...
1980-я гады.
Фота аўтара.
|
|
|