Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(43)/2008
Галерэя

Год Божага слова

У свеце Бібліі

Ad Fontes

Пераклады

ВЕРА & CULTURA

Пераклады

Нашы святыні

Проза

Паэзія

Па родным краі

Пераклады
Дабрачыннасць

Мастацтва

Музыка

Мастацтва

Уладзімір КОНАН

ЗАГАДКА ЕРЫХОНСКАЙ ТРУБЫ:
ГІСТАРЫЧНЫЯ РЭАЛІІ І ПРАРОЦТВА

Птенець бо отлете, а безумніи тщю гнезду приседять...
Кірыла Тураўскі

Загадкавая катастрофа палестынскага горада Ерыхона (на адлегласці каля 22 км ад Ерузалема) адбылася ў канцы 2 тысячагоддзя да н. э. Гэтай драмай пачынаецца Кніга Ісуса Навіна — першая гістарычная кніга Бібліі Старога Запавету (у яўрэйскай традыцыі яна разам з Кнігай Суддзяў, чатырма кнігамі Царстваў далучана да прарочых Кнігаў). Правідэнцыяльная версія гэтай падзеі выкладзена ў першых раздзелах Кнігі. Упершыню імя Навіна, «вернага слугі Майсея», упамінаецца ў Кнізе Зыход. Ісус Навін быў палкаводцам пры Майсею — прароку.

Сорак гадоў ішлі «дванаццаць каленаў» Ізраілевых (нашчадкаў патрыярха Якуба, названага ад Бога Ізрайлем) да вялікай мяжы — ракі Ярдан. Тут правадыр Майсей перад смерцю паўтарыў народу законы і рэлігійныя імператывы, выкладзеныя ў «Пяцікніжжы Майсеевым», і абвясціў сваю стратэгію заваёвы Палестыны палкаводцу Ісусу Навіну ад імя Бога: «Будзь цвёрды і мужны, бо ты ўвядзеш сыноў Ізрайлевых у зямлю, якую Я прысягаў ім, і Я буду з табою». Паводле Боскага даручэння, Навін цудадзейна перавёў народ праз Ярдан (воды ракі расступіліся перад імі). Паўтарыўся цуд 40-гадовай даўнасці, калі воды Чырвонага мора расступіліся перад ізрайлевым народам, які выходзіў з Егіпта праз Аравію ў Палестыну (Зых 14, 13–31).

Эпізоды захопу Ерыхона сумяшчаюць прароцтвы, цуды і празаічную ваенную практыку былых варварскіх і пазнейшых «цывілізаваных» заваёўнікаў. Паводле гістарычных звестак, Ерыхон — даўні горад у Палестыне, пабудаваны ў VII–VI тыс. да н. э. у пладароднай даліне Ярдана на месцы былога гарадзішча , адкрытага археолагамі ў 1867, 1907–1908 гг. Свайго росквіту гэты горад на транскантынентальным гандлёвым шляху паміж Егіптам, Заходняй Азіяй і Паўднёвай Еўропай дасягнуў у ХVІІІ–ХVІ стст.

Гэта быў горад-крэпасць даўняга Ханаана — даізрайльскага вялікага рэгіёна Палестыны, Сірыі і Фінікіі, населены шматлікімі этнасамі, якія гаварылі на дыялектах адной і той жа семіцкай мовы.

Захоп горада Ерыхона апісаны ў Кнізе Ісуса Навіна як Боскі цуд: «Тады сказаў Гасподзь Ісусу [Навіну]: Вось Я аддаю ў рукі твае Ерыхон і цара яго, і яго магутных людзей. Ідзіце вакол горада ўсе здольныя ваяваць і абыходзьце горад адзін раз; і рабі гэтак шэсць дзён. І сем святароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам. А на сёмы дзень абыдзіце горад сем разоў, і святары няхай трубяць у трубы <...> На сёмы дзень усталі рана, як толькі занялася зара, і абышлі такім самым чынам вакол горада сем разоў; толькі ў гэты дзень сем разоў. Калі сёмы раз святары трубілі ў трубы, Ісус [Навін] сказаў народу: радуйцеся, бо Гасподзь аддаў вам горад. А горад будзе пракляты, і ўсё, што ў ім — Госпаду <...> Народ закрычаў і затрубілі ў трубы. Як толькі пачуў горад голас трубы, усклікнуў народ гучным і моцным голасам, і абваліўся мур да самай зямлі, і народ пайшоў у горад, кожны са свайго боку, і ўзялі горад. І праклялі ўсё, што ў горадзе, і мужчын, і жанчын, і маладых і старых, і валоў, і авечак, і аслоў, вынішчылі мячом». (Выдзелена мною. — У. К.) Пакінулі жывымі толькі сям’ю блудніцы, якая хавала ў сваім доме разведчыкаў І. Навіна. «А горад і ўсё, што ў ім, спалілі агнём; толькі срэбра і золата, і посуд медны і жалезны аддалі ў скарбніцу дома Гасподняга <...> У той час Ісус [Навін] прысягнуўся і сказаў: пракляты перад Госпадам той, хто адродзіць і адбудуе горад гэты Ерыхон <...> І Гасподзь быў з Ісусам [Навінам], і слава яго няслася па ўсёй зямлі» (пар. Нав 6, 1–25).

Так паступалі заваёўнікі з іншымі гарадамі і народамі Ханаана. Да таго ж прыпісвалі свае дзеі Боскай запаведзі: «...Таго ж самага дня ўзяў Ісус [Навін] Макед, і пабіў яго мячом і цара яго, і пракляў іх і ўсё, што дыхала, што было ў ім; нікога не пакінуў, хто б ацалеў, і зрабіў з царом Македскім гэтаксама, як з царом Ерыхонскім» (пар. Нав 10, 28). Альбо яшчэ: «Тым самым часам Ісус [Навін], вярнуўшыся, узяў Асор і цара яго забіў мячом; і пабілі ўсё, што дыхала, што было ў ім, мячом, пракляўшы: не засталося ніводнай душы. А Асор спаліў агнём. І ўсе гарады цароў гэтых і ўсіх цароў іх узяў Ісус [Навін] і пабіў мячом, пракляўшы іх, як загадаў Майсей, раб Гасподні <...>

Так каралі тых, хто спрабаваў абараняцца. Іншыя гарады, «што ляжалі на ўзвышшы», не палілі ізраільцяне; але «ўсю здабычу з гарадоў гэтых і быдла разрабавалі сыны Ізрайлевы сабе, а людзей усіх перабілі мячом, так што вынішчылі ўсіх іх, не пакінулі ніводнай душы» (пар. Нав 11, 11–14).

Гістарычныя кнігі старазапаветнай часткі Бібліі — праўдзівае сведчанне пра гістарычную драму народаў і царстваў язычніцкай эпохі, не асвечаных хрысціянскаю ласкаю. Але праўда гэтая горкая. Уся гісторыя, пачынаючы ад нашых праайцоў, калі брат Каін па зайздрасці забіў свайго брата Авеля, была пераважна гісторыяй войнаў, паўстанняў, нярэдка ў «жанрах» генацыду. Толькі пасля вялікіх катастрофаў ХХ ст. — дзвюх сусветных войнаў у эпіцэнтрах хрысціянскай цывілізацыі — былі здзейснены першыя крокі да духоўнага перамянення язычніцкіх па сваім гістарычным вопыце дзяржаваў. Ствараюцца і ўдасканальваюцца мадэлі мірнага жыцця народаў. Паводле маральнага імператыву вечнага міру, аб якім марыў філосаф Кант.

І вось тут узнікае праблема ўдасканалення біблейскай экзегетыкі, яе дапаўнення навукова выверанай герменэўтыкай. Праваслаўная «Толковая Библія, или Комментаріи на все книги Св. Писанія Ветхаго и Новаго Завета» пад рэдакцыяй А. П. Лопухіна і яго пераемнікаў тлумачыць старазапаветную гісторыю апалагетычна, а не крытычна. Не закранае яе сімволіку з духоўнай вышыні новазапаветнага благаслаўлення. Фактычна праслаўляецца крайняя форма генацыду: «При мысли о великом значении чудесного падения стен Иерихона становится понятным произнесенный И. Навином необыкновенный обет — посвятить этот город со всем в нем находящимся Господу». Аўтар захапляецца «высоким чувством, которое выразилось в посвящении Господу Иерихона» (Толковая Библія. Т. 2. — Петербург, 1905, с. 42–44).

У святле хрысціянства гэтае тлумачэнне ёсць святатацтва, язычніцкая, імперская спакуса. Гісторыя ведае варварскія звычаі прыносіць язычніцкім багам людскія ахвяры, але ж не «ўсякага дыхання» цэлага горада, насельніцтва якога, паводле гэтай біблейскай гісторыі, не толькі не напала на войска Навіна, а нават не змагалася за Ерыхон пасля таямнічага цуду — падзення муроў горада.

Бліжэй да рэальнай гісторыі аўтар кароткіх каментараў да сучаснага выдання Бібліі Расійскім Біблейскім таварыствам (Масква, 2004): «Заклятие (евр. херем) означает отказ от всей добычи и отдачу её Богу: люди и животные умервщляются, драгоценности приносятся в святилище. Это — старый языческий обычай известен у многих народов. У израйлят он считался одним из правил священной войны, его иногда применяли как обет Богу для обеспечения победы <...> Всякое нарушение считалось святотатством, сурово наказуемым» (с. 308–312). Язычніцкім ладам жыцця і настрою душы быў не толькі генацыд «свяшчэннай вайны», але і асвечаная заснавальнікамі старазапаветнай рэлігіі цэнтральная падзея рэгулярнага абраду — крывавае ахвярапрынашэнне ды звычай «казла адпушчэння»: сімвалічна пераносіліся грахі на нявіннага козліка, якога выганялі ў пустыню — ахвяру драпежнікам. А можа найбольш — наіўна-містычнае атаясамленне сакралізаванага героя з Богам. У Кнізе І. Навіна герой плануе вайну, бярэ гарады і ахвяруе Богу «выпаленую зямлю» не ад сябе, а быццам бы па Боскім прыказанні. Нешта падобнае адбываецца з героямі антычнага эпасу «Іліяда» і «Адысея»: там язычніцкія багі і багіні прымаюць абліччы герояў, якія ўжо дзейнічаюць як быццам яны самі багі.

Фрагменты сімвалічнага тлумачэння старазапаветных кніг Бібліі з вышыні хрысціянскай веры ёсць у перакладзе яе кніг на даўнюю беларускую мову і ў каментарах Францішка Скарыны. Гэтую традыцыю развіваў беларускі асветнік і грамадскі дзеяч, ксёндз, магістр тэалогіі Вінцэнт Гадлеўскі ў кнізе «Гісторыя сьвятая, або Біблейная Старога Закону» (Вільня, 1930). Паводле ягоных каментараў, як Ісус Навін прывёў свой народ у Зямлю абяцаную, так «Езус Хрыстус увёў людзей у неба. Абяцаная зямля ёсьць падабенствам Небу. Як Зямлю абяцаную трэба было здабываць з вялікім трудом, таксама і да неба можна ўвайсьці толькі пасьля цяжкага змаганьня з злом на гэтым сьвеце» (с. 75). В. Гадлеўскі, які тлумачыў біблійную гісторыю простым католікам-беларусам, палічыў патрэбным абысці драматычныя глыбіны гэтых кніг, каб не выклікаць у добрых душах псіхалагічнага стрэсу.

Савецкія прапагандысты атэізму высмейвалі «цемрашальства» сярэднявечных Айцоў Царквы і асветнікаў, якія не рэкамендавалі тэалагічна непадрыхтаваным вернікам самастойна чытаць біблейскія кнігі Старога Запавету. Але ж яны бераглі іх добрыя душы ад спакусы спазнання занадта горкай праўды. Памятаю, як недзе 30 гадоў таму я параіў сваёй пісьменнай цётцы Зосі (закончыла польскую сямігадовую школу ў былой Заходняй Беларусі) прачытаць «Дзіцячую Біблію ў малюнках». Кніга адаптавана для дзетак, у ёй зняты ўсе драматычныя сюжэты, пазначаны толькі войны цароў і народаў без апісання іх ахвяраў. Мая цётка прачытала, але мне спатрэбілася шмат намаганняў, каб заспакоіць яе: яна не магла ніяк дапусціць, што нават у Святой гісторыі людзі ваявалі. Яшчэ раней, у свае школьныя гады, мне давялося адбываць начное дзяжурства ў сельсавеце з адным вясковым дзядзькам. Той недзе пачуў пра драматычнае выгнанне першага чалавека з Раю эдэмскага паводле слова Божага: «У поце твару твайго будзеш есці хлеб, пакуль не вернешся ў зямлю, з якой ты ўзяты; бо пыл ты і ў пыл вернешся» (пар. Бц 3, 19). Той дзядзька ўсё паўтараў гэтую мудрасць і спрабаваў нешта казаць амаль паводле Эклезіяста: шчаслівы той, хто не нарадзіўся. Прызнаюся: я баяўся, каб добры вясковец не скончыў жыццё самагубствам.

Біблію трэба тлумачыць у святле хрысціянства і ў перспектыве хрысціянскай эсхаталогіі. У нашым беларуска-літвінскім рэгіёне пра сэнсавую глыбіню і сюжэтную прастату біблійнай гісторыі дакладна сказаў Францішак Скарына ў прадмове «во всю Библию» (1517–1519 гг.): «Яко река дивная мелка, понеже агнець брести можеть, а глубока, слон убо плавати мусить».

Гэты мудры афарызм беларускага асветніка датычыцца і гістарычных кніг Бібліі, у тым ліку Кнігі Ісуса Навіна. Калі перавесці яе з язычніцкага правідэнцыяльнага ўзроўню на ўзровень гістарычнага прагматызму, то мы атрымаем гістарычную аповесць пра змаганне старадаўніх народаў за жыццёвую прастору. Нават у гэтым кантэксце ёсць прароцтва: бадай што ўсе вялікія і малыя войны ад біблейскай эпохі, пазней да сярэдзіны ХХ ст., вяліся за жыццёвую прастору. Праўда, у другой сусветнай вайне 1939–1945 гг. імперскія нацыі і дзяржавы ваявалі таксама за дамінаванне менталітэту сваёй дзяржаўнай нацыі.

І вось тут узнікла спакуса больш страшнага характару з наступствамі сусветнага маштабу. Маю на ўвазе халакост на ўзроўні дзяржаўнай ідэалогіі, палітыкі і ваеннай тактыкі. Свядома або падсвядома ідэолагі гэтага курсу на татальнае знішчэнне цэлых народаў, плямёнаў, сацыяльных класаў і саслоўяў арыентаваліся на старазапаветныя прэцэдэнты. Старазапаветная спакуса моцна ўкаранілася ў ідэалогію дзвюх разнавіднасцяў імперскай ментальнасці — нямецкага фашызму і савецкага імперыялізму — сумесі бальшавіцкага таталітарызму і расійскага чарнасоценскага імперыялізму. Нямецкія фашысты праводзілі палітыку і ваенную тактыку знішчэння яўрэйскага народа — носьбіта дэмакратычнай ідэалогіі. Бальшавіцкія імперыялісты абвясцілі палітыку бяскласавага атэістычнага грамадства і курс на знішчэнне памешчыкаў і капіталістаў, хрысціянскай іерархіі, а пазней — на падаўленне і знішчэнне сялянства, нацыянальнай эліты, асабліва беларускага і ўкраінскага народаў.

Гітлераўскія ваякі насілі рамяні, на спражках якіх быў выгравіраваны дэвіз з прароцтва Ісаі: «З намі Бог!». Бальшавіцкая антыхрысціянская ўлада аднавіла імперскае язычніцтва — сакралізацыю сваіх ідэолагаў, правадыроў і сваёй дыктатарскай улады. У сучасным постіндустрыяльным грамадстве як быццам няма патрэбы ваяваць за жыццёвую прастору. Найбольш высокі ўзровень жыцця народа сёння ёсць у малых і маленькіх дзяржаваў Еўропы. Аднак праблемы змагання за энергетычныя рэсурсы і за дамінаванне нацыянальных ментальнасцяў засталіся. Застаецца небяспека халакосту: тэрарыстычныя групоўкі і няздольныя да эканамічнай і сацыяльна-палітычнай творчасці рэгіёны не пакінулі псеўдаідэалаў «свяшчэннай» вайны, знішчэння цэлых народаў і хрысціянскай цывілізацыі.

Урэшце, ёсць яшчэ ваенна-тэхнічны аспект прарочага сэнсу першых раздзелаў кнігі Ісуса Навіна, а ўласна — сюжэт падзення муроў Ерыхона і язычніцкага ахвярапрынашэння «ўсякага дыхання» ў заваяваным горадзе. Паводле ўжо згаданай «Толковой Библии» (т. 2, с. 39–40), перамога над Ерыхонам была дасягнута не зброяй, а «присутствием Господа среди израильского войска». Гэта не тлумачэнне сэнсу, а таўталогія, паўтор таго, што сцвярджае аўтар Кнігі І. Навіна, паводле якога быццам сам Бог з анёламі ваяваў за «свой народ», разбурыў Ерыхон, а войску заставалася толькі «ахвяраваць» «усякае дыханне» гэтага гораду для свайго Бога. Паводле каментара перавыдання Бібліі ў сінадальным перакладзе (Масква, 2004, с. 308–312), «яўленне войска Гасподня» ў стане ізраільцянаў на чале з анёльскім правадыром (пар. Нав 5, 13–15) азначае, што «взятие Иерихона будет исключительно делом Промысла Божия».

Тут пацвярджаецца язычніцкі тып тагачаснай «тэалогіі». У антычнай «Іліядзе» адбываецца тое ж самае: багі грэкаў у кульмінацыі падзеі перамагаюць за сваіх герояў. Бог-ваяр, разбуральнік гарадоў і герой ваенных перамогаў — не хрысціянскае адкрыццё, паводле якога Бог ёсць святло, яно «ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго» (пар. Ян 1, 5). Таксама анёлы Боскія — не разбуральнікі гарадоў, яны ахоўнікі жыцця — Боскага тварэння. Гібель зла ў эсхаталагічнай перспектыве закладзена ў яго сутнасці — тэндэнцыі да раздзялення на процілеглыя элементы ды іх узаемную анігіляцыю.

Сёння прагнозы стварэння гукавай зброі, якая будзе здольная разбурыць не толькі гарадскія муры, — не фантастыка. Гукавай зброяй спрадвеку карысталіся людзі, жывёлы, драпежныя птушкі. Адпраўляючыся на паляванне, львы і тыгры ўмеюць паралізаваць абаронныя манеўры сваіх магчымых ахвяраў. Фактарамі ўздзеяння, страты арыентацыі тут служыць ультрагук — неўспрымальныя чалавечым вухам пругкія хвалі, моцныя ў гуках нізкай танальнасці. Пры пэўных маніпуляцыях ультрагукі здольныя распаўсюджвацца накіраванымі пучкамі і факусіравацца для генерацыі магутных хваляў, якія пераносяць значную механічную энергію. На гэтых эфектах грунтуюцца сёння ультрагукавая тэхніка і ультрагукавая тэрапія. Сродкам гукавай тэхнікі служаць таксама гіпергукі, якія таксама здольныя штучна генерыравацца пры дапамозе спецыяльных выпрамяняльнікаў.

Гэтымі гукамі спрадвеку карысталіся ваяры для псіхічнай і фізічнай дэзарыентацыі праціўніка. Славутае уррр-ааа! запісанае ў настаўленні па баявой падрыхтоўцы салдатаў... Верагодна, у сваім варыянце карысталіся гэтай зброяй заваёўнікі біблейскага Ханаану, калі адначасова шматтысячным голасам нізкай танальнасці ўскрыкнулі ля акружанага ім Ерыхона. Гэта была, хутчэй за ўсё, псіхалагічная атака. Але тыя далёкія ад нас заваёўнікі, мабыць, напрарочылі верагодную «Ерыхонскую трубу», здольную разбураць не толькі муры гарадоў...


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY