Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(43)/2008
Галерэя

Год Божага слова

У свеце Бібліі

Ad Fontes

Пераклады

ВЕРА & CULTURA

Пераклады

Нашы святыні

Проза

Паэзія

Па родным краі

Пераклады
Дабрачыннасць

Мастацтва

Музыка

Мастацтва

ЯЗАФАТЫДА

Гравюрны партрэт святога Язафата Кунцэвіча
з кнігі Якуба Сушы
«Жыццёвы шлях святога Язафата Кунцэвіча»
(Рым, 1665 г.)

 
З кнігі першай

          Першы ў паўночнай зямлі ён засведчыў уладу Пятрову,
З рымскім свяшчэнным стальцом пагаднення ён прагнуў і, склаўшы
Богу прысягу, палёг ад злачыннай бязлітаснай зброі.
Буду спяваць я пра Рось1 ды пра скон архіпастыра скрушны.
Гэта дастойная рэч — успамін пра вялікія справы.
Мушу яшчэ апісаць бледных фурый ліхія чароды,
З пекла ляцелі яны аж у Віцебск, каб ладзіць забойства.
Муза загадвае мне, а душа напаўняецца Боскім.
          2. Вы, о нябесны народ, недасяжныя душы, — вас вечна
Рэчыўным чыстым святлом і дабром сам Айцец напаўняе,
Зрок надзвычайны дае, каб чысцюткую ісціну бачыць, —
Дайце смяротнаму, мне, вы адказ на такія пытанні:
Як сваю славу здабыў арцыбіскуп, — гаротную славу?
Як завяршыў ён жыццё гераічнай пакутніцкай смерцю?
Сам не магу зразумець, што за лютасць прымусіла раптам
Жорсткі, бязбожны народ на такое рашыцца! Чаму ён
Дзікі агонь затаіў у азлобленым сэрцы, каб мужа,
Слаўнага цнотай сваёй, нават бацьку Айчыны, — о гора! –
Раптам гвалтоўна ўтапіць! Што за грэшная сталася справа!
Боскі Урбане, заўжды шлях зямны і нябесны прастуеш
З Панскае волі святой. Калі толькі прыйшоў ты, адразу
Сведчыў табе Язафат, што праліць сваю кроў ён гатовы.
Ты ж, калі ўспомніш цяпер яго высілкі ў справах пабожных,
Годную тую душу пакажы лаўраноснаму Фебу.
Мудрым загадам сваім ты з балота, з зямлі падымаеш
Проста да неба таго, хто пашаны і гонару варты. <…>
          3. Там, дзе Расіі2 прастор, недалёка ад земляў маскоўцаў, —
Зорка Паўночная там з Валапасам халодным яснеюць, —
Места старое ляжыць — гэта Віцебск, паселішча росаў.
Віцьбы бурлівая плынь там Дзвіны пералівы кранае,
Плешча яна ў берагі і нясецца з вялікім напорам.
Мужны там люд і заўжды ваяўнічы, калі Усявышні,
Кліча на бітву ў той час, што Айчыне прыносіць ліхоты.
Люд той асвечаны быў таямніцамі грэцкае веры,
Чыстым нябесным святлом насычае духоўную смагу
Поўначы вечны жыхар… Ды вар’яцтва ганебнае раптам,
Страшная зайздрасць — бяда! — цяжкі друз безразважнага пекла —
Шляхам аблудным звялі той народ, што быў моцным у веры.
Потым па вострых каменнях, праз скалы смяротнае стромы
Месцічаў гналі пачвары да бездані вечнае цемры
З чыстых нябесных шляхоў. Баючыся, што біскуп лацінскі3
Знішчыць ганебны раскол, беззаконны захоп той адменіць,
Хіжая зайздрасць у змрок чалавечыя душы кіруе;
Сочыць: як толькі праз зман захістаюцца кволыя сэрцы,
Тут жа змяшае яна ўсё святое з пякельнаю цемрай.
Вера змарнела тады, адкацілася ў сэрцах набожнасць,
Цнота маркотна сама пільнавала пустыя святыні,
Потым у вышні абшар аддаліла самотныя крокі.
Рэшткі той цноты святой ледзь трывалі ў далёкіх краінах.
Гневаўся Боскі Айцец, ад людзей непакорных і звадных
Позірк адвёў, бо яны занядбалі святыя прысягі,
Кінулі Боскі алтар, што раней напаўняўся ахвярай!..
          4. Праўда, убачыў Пан Бог, што мужы з базыльянскага племя
Сэрцы набожна свае да нябёсаў з прысягай узносяць,
З Рымам гатовы злучыць у змаганні супольным правіцы,
Мужна, з гатоўнасцю ўсе ў барацьбу не баяцца ўключыцца, —
Толькі тады Валадар саступіў у заслужаным гневе.
Цешыла Бога і цнота прыгожай душы Язафата,
Славу да неба яму прызначае Магутны, а ў сэрца
Сее задумы, памкненні і велічнай працы пачаткі,
З гэтым — гатоўнасць яшчэ да прыгожага скону святога.
Так вось усё ўладкаваў патаемна Айцец наш нябесны,
Потым раптоўна працяў ясным промнем Кунцэвічу сэрца,
З неба яму абудзіў паслухмяны і цямлівы розум,
Велічны голас падаў з вышыні неабсяжнага неба:
«Што ж ты на месцы сядзіш, што не рупішся, доўжыш затрымку?
Можа, табе даспадобы сядзець, спачываць і марудзіць?
Як жа не ўзняцца цяпер супраць ворага лютага? Пляміць
Бруднай ахвярай сваёй ён алтар мой святы і прыгожы.
Месцічам тлуміць душу, тут і там учыняе рабункі.
Так ты спаўняеш загад, гэтак дбаеш пра Боскую славу?
Гэтак пільнуеш народ, што адкуплены Божай крывёю?
Першыя крокі, не больш, учыніў ты для душ утрапёных!»
          Боганатхнёным агнём арцыбіскупа сэрца заззяла.
Добра ўсвядоміўшы ўсё, ён узняў свае рукі ды гучна,
З воклічам шчырай мальбы да высокага неба прамовіў:
«Чую, вышэйшы Айцец, разумею высокія словы,
Буду выконваць загад!.. Але бачу: здалёк навальніцу
Цёмная хмара нясе! Ах, чаму ж распасцёрлася неба
Так, што пярэстай імглой пакрываецца прыцемны Геспер4?
Вунь, выйшаў Геспер якраз, за зіхоткія зоры ладнейшы,
З чыстай сваёй вышыні выпускае чырвоныя промні…
Божа! А што там за шар, перамешаны з чорным туманам,
Коціцца ў цёмнай начы? Што за цень ад двухкрылага следу5
Пляміць нябесны абсяг? Дождж пасыпаўся градам каменняў!
Доўгімі дзідамі страх працінае трывожнае сэрца!..
Што ж, я рашуча пайду за такім таямнічым знаменнем.
Веру, што неба кладзе майму гонару добры пачатак.
Схізмы агідную ноч я зруйную і ў Тартар укіну,
Веры жывое святло разальецца з высокіх нябёсаў».
          Гэтак сказаўшы, пакрочыў. І вось падыходзіць нарэшце
Ён да высокіх муроў старажытнага Віцебска. Тут жа
Чутка па месту прайшла, што з’явіўся святар, каб раптоўна
Сеяць загады Пятра ды законы, каторыя зменяць
Звыклы сакрамант бацькоў на сакрамант лацінскага Рыма;
Зменяць сакрамант, які Святаславіч прынёс ім, а Вольга,
Бабка яго, шчэ раней, прыняла яго ў Грэцкай краіне
І назаўсёды дала той сакрамант русінам!6 І людзі
Тут жа ўзняліся на бунт, літаральна пад кожнай страхою
Зброю хапаюць — о грэх! Арцыбіскуп жа іншаю зброяй –
Зброяй нябеснай — адвёў злосных фурый ліхія пакуты,
Смерцю сваёй смерць іх душ ён адправіў уніз па цячэнні7. <…>
<Зварот арцыбіскупа да жыхароў Віцебска>
«<…> Віцьбічы8, вельмі хачу, каб мяне вы за пастыра мелі,
Добрым лічылі айцом. Ці ж не здолеў нашчадак Ясэі9
Пашчу галоднага льва разарваць недарослай рукою,
Вырваў авечку сваю з прагнай глоткі крывавай. То як жа
Я дапушчу, каб на вас разяўлялася Стыксава10 пашча?
Вы ж — мае дзеці! Няўжо я вагацца пачну, каб крывёю
Таннай сваёй заплаціць за бясцэннае ваша збаўленне!
Грэцкае веры для вас на лацінскую я не змяняю,
Росы, шануйце далей свой парадак, сваё набажэнства.
Віцьбічы, грэцкі абрад, што ад продкаў дастаўся, пільнуйце.
Я ж вам вяртаю цяпер, што святы Хрызастом11 ушаноўваў,
Тое, што сам Мікалай12, сам Васілій13, Грыгорый Вялікі14
Мелі набожна складаць на алтар найчысцейшы. Вы самі
Лічыце тое ж святым ды шануеце тое ж… О росы!
Значыць, за гэта цяпер я ў вачах вашых — вераадступнік?»
          Так ён прамовіў. Аднак людзі ў сэрцы ліхое таілі,
Песцілі ў душах сваіх страшны гнеў на віду перад Богам.
Хтосьці сыходзіў адтуль у слязах, а другія правіцай
Стукалі ў грудзі сябе, каб змірылася сэрца сляпое. <…>

 
З кнігі другой

          Боскі нябесны Айцец сваім позіркам годна абводзіць
Места15 таго далягляд, палачанаў суседнія межы,
Оршы далёкай палі, магілёўскія землі таксама, —
Вокам суровым суддзі гарады і людзей аглядае.
Потым Ён слова звярнуў да Пракседы16 з народу русінаў.
Німфа, што месту таму і святыням была апякункай,
Вушы схіліла свае і ўспрымае высокія словы.
«Панна, ці скончыцца ўсё ж гэты грэх раксіялаў17 нязносны?
Гэтак стае ім віны! Ці ж ліхая пачварная схізма
Будзе цяпер панаваць у святынях, якія калісьці
З ласкі паўсталі тваёй? Завалодае там алтарамі,
Тыя захопіць муры, што па волі сваёй найвышэйшай
Ты фундавала сама?.. Як цярпець Мне такую абразу!
Што ж Я трымаю цяпер бліскавіцы між хмараў паўночных?
Трэба рассыпацца ім пакараннем заслужаным з неба!
Глянь, у прадмесці яны збудаванні падпольна рыхтуюць,
Потым імкнуцца хадзіць да сваіх патаемных будынкаў:
Там бессаромны народ беззаконную мшу адпраўляе18.
Пастыр, што жывіцца больш гнеўнай роспаччу люду сляпога, —
Як жа ён зможа цяпер Мой алтар ушаноўваць належна?
Варты хіба ён прыняць шлюбаванне святарскага сану?
<…> Што ж, пакаранне яны атрымаюць!»
— прамовіў і ў гневе
Служку крылатага Бог заклікае, загадвае строга
Дзверы святыні збурыць ды абрушыць жалезную браму
З іншага боку — яна ўсе малітвы прымала спрадвеку19.
Сотнямі згіне народ, незлічоныя бедствы настануць,
Шмат пакаранняў ліхіх: і нястача, і пошасць, і голад.
          2. Служка збіраўся ляцець, ды ўзняла малітоўную просьбу
Панна-русінка тады: «Прыпыніся, Траістамагутны,
Моцны Айцец! Не ўзнімай у душы справядлівага гневу!
Што ж, пакаранняў ліхіх заслугоўвае росаў злачынства:
Кінулі веру бацькоў ды ўчынілі такое блюзнерства!
Прашчураў цноту звялі… Але вось, калі хочаш пабачыць
Новую цноту цяпер, непарушную, моцную веру,
Лад беззаганны жыцця ды высокую нораваў сціпласць,
Глянь, Божа мой, зазірні ты ў Кунцэвіча чыстае сэрца.
Так, ён такі (Ты і сам галавою ківаеш, што ведаў),
Ён памагаты Табе. Ты рыхтуеш у гневе маланкі,
Губіш няшчасны народ, што забыўся сапраўднага Бога?
Схізма тым часам душу абражае пачварнай брыдотай?
Што ж, Валадар, пачакай: хай Кунцэвіч суцішыць нянавісць!»
Боскі Айцец у адказ ёй спагадлівым голасам кажа:
«Полацк суседні цябе добра ведаў з дзяцінства, о панна,
З гэтай прычыны цяпер Я адкіну свой гнеў справядлівы,
Стану лагодным, раз ты так пакорліва моліш і просіш.
Росам цяпер адпушчу Я пагібель Кунцэвіча нават:
Гэткая цнота хіба не даб’ецца, чаго пажадае?
Ах, з цяжкім сэрцам яму прызначаю такія турботы
Я, Найвышэйшы Суддзя. Але што б Язафат ні задумаў, —
Працу якую пачне ці заглыбіцца ў веды, навуку, —
Я з ім заўсёды. А ён за руплівасць сваю ўзнагароду
Будзе вялікую мець».
          Так прамовіў. І ў неба крылаты
Прыхадзень з рускай зямлі, што Кунцэвічу быў для аховы
Богам прызначаны, сам паляцеў вельмі жвава на крылах,
Зноўку шукаючы шлях між высотаў бясконцага неба.
Правай бліскучай рукой ён трымаў шматкаштоўную чашу –
Келіх прыгожы: туды ён збіраў вельмі доўга й старанна
Дождж з Язафатавых шчок, красамоўнага біскупа слёзы.
Часта ён іх праліваў, і былі яны сведчаннем лепшым
Палкасці сэрца яго. Так прыносіў ахвяру Алімпу
Слёзнаю плынню святар за народ, прызвычаены плакаць20. <…>
          7. Вечар стырно павярнуў аж да долу і дзень завяршае
Прыцемнай бледнай рукой, кліча зоркі ў высокае неба.
Гэтай парой Язафат сваіх браццяў збіраў на вячэру,
Стомленых працай удзень. Вось спачатку прыносіць падзяку
Сілам нябесным айцец і да Бога малітву складае,
Потым сядае за стол і паданнямі вушы лагодзіць –
Тымі, што сам прачытаў у аналах і кнігах свяшчэнных:
Як Абаронца святы на зямлі валадарства фундуе —
Панства Нябеснага ўзор, бо адзінага біскупа воляй
Звязаны ў еднасць адну далягляды высокіх нябёсаў,
Земляў бязмежны прастор і сутонняў глыбокая бездань;
Хто першы русам прынёс ясны светач Хрыстовае веры,
Цемру прагнаўшы ад іх ды Збаўлення святлом азарыўшы,
Боскім праменнем сагрэў; як натхніўся славуты Мятоды,
Працу якую Кірыл дзеля русаў выконваў старанна.
Гэтых вялікіх братоў красамоўных адправіў Ігнацій
Сам да славянскіх зямель сеяць Боскае слова святое,
Еднасць з нябёсамі даць ды спакой ад магутнага Бога21.
Лёс ім прызначыў ізноў вежы Вечнага горада бачыць,
Рымскі свяшчэнны сталец, Капітолій на ўзгорку высокім:
Справу братоў ацаніў нават рымскі вялікі Пантыфік.
Так, Адрыяне, тады, у аздобе свяшчэннай тыяры,
Словам нязменным сваім пахваліў ты славянскія кнігі.
Сам ты стаяў і ўспрымаў незнаёмыя словы малітваў
Радасна пры алтары сярод іншых айцоў найвышэйшых:
Мовай айчыннай яны праслаўлялі вялікага Бога12.
          Мноства такога ўсяго для братоў прыгадае Кунцэвіч.
Словамі з вуснаў сваіх абуджае ў іх душах гатоўнасць
Схізму хутчэй скасаваць, гэтай пошасці злой небяспеку
Хоча ярчэй паказаць; пра вячэру забудзецца нават…
          <…>
Раптам на вочы яго налятае павольная млявасць,
Сон замарудзіў яму ўсю рухавасць стамлёнага цела.
<…> Неба бліскучы прастор перад ім нечакана раскрыўся,
Вось Язафата цяпер запрашаюць да Боскіх пакояў.
<…> 11. Тут жа і чутка прайшла па нябесным паселішчы хутка:
Сам Язафат завітаў да высокіх свяшчэнных пенатаў,
Чыстага неба агні хоча бачыць на ўласныя вочы.
Шчыра вітаюць яго на нябесных прасторах святыя,
Першы ж да вучня свайго падыходзіць Васілій Вялікі,
Крэпка сціскае яго, абдымае за шыю ласкава…
<…> 12. Глянуў між тым Язафат з той калыскі ружовага сонца –
Кіеўскі край пад сабой ён свабодна і ясна пабачыў.
Там, над тым местам, сабор уладыкаў высокіх сышоўся.
Годна ўстаюць па чарзе з грэцкай мітрай на чолах высокіх,
Скіпетрам знак падаюць, пурпуровай прыгожай накідкай
Плечы прыкрылі свае. Пра айцоў тых даведацца хоча
Наш арцыбіскуп даўно. «Што за панства такое? — пытае. –
Што за мужы занялі ў гэтым сходзе выдатныя месцы?»
          Кажа айцец: «Гэта там, у палацах бязмежнага неба,
Душы вялебных айцоў рымскай веры. З краіны хіжанаў23
Русь іх калісьці даўно дапусціла ў свой край. І таму вось
Вельмі хацеў я, каб ты іх святыя імёны запомніў,
Добра на твары зірні тых мужоў, што цяпер перад намі,
Помні пра іх, каб лягчэй, без ваганняў, жыццём ты адстойваў
Вечнага Рыма законы, на смерць не зважаючы нават.
<…> Я ж прыгадаю яшчэ, — кажа Боскі Васілій, — пра дзеі
Продкаў далёкіх, а ты вельмі ўважліва слухай душою.
          13. Вось на пачатку, калі валадарыў Сарматыяй вашай
Рурык магутны, а з ім — брат Труворый з Сіневам24 таксама,
Бог сваю ласку падаў старажытнай дзяржаве русінаў,
Хвалямі водаў святых праствятляючы тыя народы.25
Праўда, нашчадкі пазней не прадоўжылі справы пачатай,
Зноў аднавілі яны легкадумна старыя бажніцы,
З імі — й паганскіх багоў… І змарнела пачатая справа
Аж да вялікага дня і вялікага слаўнага года.
Дзень той расанам26 прынёс так чаканую Божую славу.
Толькі тады пачало і Хрыстова імя праслаўляцца.
Біскуп з хіжанскай зямлі нетрывала ў тым горадзе27 правіў,
Часта змянялася ўсё: так, аблуднай няцнотаю Фоцій
Тлум нечуваны ўсчыніў у краіне данайцаў28. Тым першым
Ледзь удалося тады паўстрымацца ад збродняў бязбожных;
Вельмі нялёгкай цаной ім сталец паднябесны дастаўся.29
Пойдзем далей. Паглядзі на русіна30 ў прыгожай тыяры.
Глянь, на высокім чале зіхацяць перавітыя перлы, —
Ганны31 вялікай убор. Ён сваёю магутнай рукою
Велічны светач падаў з неба яснага племені росаў,
Мужна тады ў Барысфен скінуў ідала грому (раней ён
Быў табе богам, о Русь, а цяпер патануў у сутоннях),
Водамі чыстай ракі пагасіў ён агонь несапраўдны32.
Побач стаіць Тэапемп33, упрыгожаны жоўтаю мітрай,
Ён у кагорце мужоў ганарыста, глядзі, выступае.
          14. Лепшы, аднак, за яго — уладыка з народу русінаў34,
Боскім абраннем яму той сталец быў прызначаны — здолеў
Лепшай, мацнейшай зрабіць папярэдне сагнутую веру.
Кволага35 ён замясціў, не прыняўшы свайго пасвячэння
З грэцкай далёкай зямлі: пажадаў так зрабіць наймудрэйшы
Рос Яраслаў, бо калі ён убачыў, што грэкаў святарства
З Рымам не згоднае, сам іх адправіў у землі пеласгаў36.
Вось і Яфрэм37, родам грэк, быў надзеяй вялікаю росаў,
Папы Урбана саюзнік, і сам Мікалай Мірлікійскі,
Боскі абраннік святы ды найлепшы заступнік для росаў38,
Тут, на нябёсах, яму найвышэйшыя лаўры прызначыў,
Славу яму абвясціў і надаў яму гонар належны39.
Клімент40 наступны, за ім — Іаан41, што з пантыфікам Рымскім
Зблізіцца вельмі хацеў. Вось Кірыл42, быў ён з роду русінаў,
Потым — Максім43, побач — Пётр у шаноўным узросце; Алексій44
Следам, каторы ў свой час сам прызначыў нябесную святасць
Слаўным Барысу і Глебу — сынам Уладзіміра. Потым
Бачыш балгарына45 ты, над чалом яго — яснае ззянне.
Вітаўт яму загадаў адпраўляцца ў заходнім кірунку:
З Рымам дабіцца ён меў пагаднення для племені росаў.
          <…>
Вось Язафата павёў за нябесную браму Васілій,
Тут жа яму расказаў, што за войны пазней распачнуцца,
Пройдуць навалай па ўсіх неабдымных прасторах русінаў;
Сэрца яму запаліў светлай прагай пакутнага скону,
Што набліжаўся цяпер; нагадаў, што нябёсы чакаюць
Як пераможцу яго. Абяцаючы шчыра ўспамогу,
З ім развітаўся — і сам у краіну русінаў адправіў.

Гл. таксама:
:: ПЕСНЯ ПАКУТАЎ ЯЗАФАТА З ВЯЛIКАГА КРАЮ РАСАНАЎ ::

Пераклад з лацінскай мовы
Жанны Некрашэвіч-Кароткай

 


  1. Так у арыгінале (Rhos).
  2. У арыгінале — Rossia.
  3. У айчынным пісьменстве XVI–XVII стст. слова «лацінскі» ўжывалася ў значэнні «каталіцкі», «лаціннікамі» называлі католікаў.
  4. Вячэрняя зорка.
  5. Магчыма, маюцца на ўвазе два слупы святла, якія падняліся з водаў Дзвіны на месцы патаплення святога Язафата.
  6. «Другі святы хрост прынесла на Русь Вольга, якая сама ахрысцілася ў Царградзе па смерці вялікага Ігара, рускага князя, свайго мужа, у 946 годзе, ад Патрыярха Феафілакта, які быў у святой еднасці, сына святога імператара Канстанціна; ён быў пастаўлены і пасвечаны на патрыяршаства Папам» (Дубовіч, с. 171).
  7. Паэтычная метафара. Вядома, што раз’юшаныя месцічы, забіўшы 12 лістапада 1623 г. Язафата Кунцэвіча, пасля шматлікіх здзекаў скінулі мёртвае цела арцыбіскупа ў Дзвіну і пусцілі ўніз па цячэнні.
  8. У арыгінале — Vibliades.
  9. Цар Давід.
  10. Г. зн. пякельная.
  11. Іаан Златавуст (грэцк. Хрызастом) (каля 350–407) — візантыйскі прапаведнік, канстанцінопальскі Патрыярх.
  12. Мікалай Мірлікійскі (Мікалай Цудатворца) — легендарны епіскап горада Міры ў Лікіі. Паводле агіяграфічнай літаратуры, нарадзіўся ў 260 г. і памёр у 343 г., адзін з найбольш папулярных праваслаўных святых.
  13. Васілій Вялікі (каля 330–379) — адзін з Айцоў Касцёла, епіскап Кесарыі Кападакійскай.
  14. Грыгорый І Вялікі (каля 540–604) — Папа з 590 г., адзін з Настаўнікаў Касцёла.
  15. Віцебска.
  16. Пракседа (Параскева, або Параскевія) — полацкая князёўна, святая. У «Хроніцы Быхаўца» згадваецца як дачка полацкага князя Рагвалода-Васілія, заснавальніца Спаса-Праабражэнскага манастыра ў Полацку. З іншых крыніцаў вядома, што яна каля сямі гадоў жыла ў Рыме, «Богу служачы», і там памерла ў 1239 годзе. У 1273 г. была далучана да ліку святых. Расійскі гісторык А. Сапуноў ідэнтыфікаваў яе як адну асобу са святой Еўфрасінняй Полацкай.
  17. У арыгінале — Raxialis populis.
  18. 9 траўня 1623 г. Язафат Кунцэвіч падаў у віцебскія гарадскія кнігі пратэстацыю на мяшчанаў «з нагоды пабудовы пуняў замест цэркваў». «Подле двора Федора Спицы, — скардзіцца ён на членаў гарадскога магістрата, — на плацу церковном через Двину, напротив двору его милости архиепископа полоцкого, чинечи кгвалтом, збудовали пуню, називаючи ее церковью своею, церкви соборное от давних часов ку набоженству збудованые опустивши, до помененое пуни по отправованю набоженства негодное рекомо для набоженства ходят и поспольство с собою провадят и попов, которые его милости архиепископа полоцкого пана и пасторя своего послушными не есть <...>, в домах своих переховывают и его милости архиепископа Полоцкого оним послушными быти не кажут» [цыт. па: Вернікоўская А. Супраціўленне праваслаўных Полацкай епархіі ўвядзенню уніі і забойства Язафата Кунцэвіча // Беларускі гістарычны агляд. 2001. Снежань. Т. 8. Сшытак 1–2 (14–15)].
  19. Падобна, гаворка ідзе пра Царскія вароты ў праваслаўнай святыні.
  20. Нямецкі пісьменнік Пауль Одэрборн адзначаў, што праваслаўныя падчас сваёй літургіі некалькі разоў «уздымаюць галашэнне са стогнамі і ўздыханнямі, б’ючы сябе рукамі ў грудзі» (гл.: Одэрборн Пауль. Праўдзівы і грунтоўны аповед пра веру русаў, іх шлюбныя і пахавальныя абрады, побыт, адзенне і г.д. // Беларускі гістарычны агляд. 2005. Снежань. Т. 12. Сшытак 1–2 (22–23). С. 171).
  21. «Доказам [таго, што першы хрост Русь прыняла не ад праваслаўнага Патрыярха, а ад каталіцкага] з’яўляецца таксама справа святых апосталаў нашых славянскіх Мяфодзія і Кірыла, якія ў той самы час, калі Фоцій у Канстанцінопалі бунтаваў супраць Папы, ездзілі па блаславенне ў Рым. А выпраўлены яны былі ў славянскія краіны для навяртання іх у веру яшчэ ў часы імператара Міхаіла, на пачатку патрыяршаства святога Ігнація» (Дубовіч, с.168).
  22. У «Аповесцях мінулых гадоў» так сказана пра адносіны да дзейнасці Кірыла і Мятода: «Некаторыя ж пачалі ганіць славянскія кнігі… Пачуўшы пра тое, Папа Рымскі пачаў ганіць тых, якія зневажаюць славянскія кнігі, сказаўшы: «Няхай споўніцца кніжнае слова: «Усхваляць Бога ўсе народы», і другое: «Усе народы будуць гаварыць пра веліч Божую, бо Дух Святы дазволіў ім гаварыць». І калі хто ганіць славянскую грамату, хай будзе адлучаны ад Царквы, пакуль не выправіцца…» (гл.: Старажытная літаратура ўсходніх славян XI–XIII стагоддзяў: Хрэстаматыя / Пад агульнай рэд. У. Кароткага. Гродна, 2004, с. 25). Я. Дубовіч на падставе «Саборнікаў» распавядае пра гэта больш падрабязна: «І на працягу чатырох год жыў Кірыл у Чэшскай зямлі. І пайшоў ён у Рым пасвяціць у святары сваіх вучняў. І калі даведаліся пра яго, то сабраліся супраць яго епіскапы, прасбытары і манахі, быццам вараннё якое, ды абвінавацілі яго ў ерасі [супраць сакральнасці] трох моў, кажучы: „Чалавеча! Скажы нам, чаму ты нас вучыш па тых кнігах, якіх не напісалі ні апосталы, ні хтосьці з прарокаў, ані Рымскі Папа, ні Грыгорый Багаслоў, ані Еранім. Бо мы ведаем тры мовы, на якіх належыць хваліць Бога: габрэйскую, лацінскую і грэцкую“. Калі ж даведаўся Папа Адрыян, то паслаў да Кірыла, і калі той уваходзіў у Рым, выйшаў насустрач яму сам Папа з усім духавенствам. Бо ён атрымаў звесткі, што [Кірыл] нёс мошчы святога пакутніка і Папы Рымскага Клеменса. І прыняў Папа кнігі славянскія, і, пасвяціўшы, паклаў у касцёле Найсв. Панны Марыі, названым „Pacis“, г. зн. „Супакою“. Там жа двум сваім біскупам, Гордыю і Фармозу, даручыў, каб яны пасвяцілі славянскіх вучняў у святарства. А пасля пасвячэння спявалі літургію ў касцёле св. Апостала Пятра на славянскай мове, а Nocturnum (начную літургію) — у касцёле св. Апостала Паўла». Ян Дубовіч прыводзіць таксама іншае сведчанне: «Яны (Кірыл і Мятод) прасілі Папу Мікалая, каб следам за імі дазволена было новаахрышчаным народам адпраўляць набажэнства на славянскай той мове, што зацверджана нават Боскім словам: каб кожная душа хваліла Пана. І ў славянскіх кнігах паведамляецца, што, калі Папа вагаўся, ці зацвердзіць гэта, раптам пачуўся голас з неба: «Всякое дыхание да хвалит Господа». У лацінскіх жа кнігах згадваецца Папа Мікалай таму, што яны прыйшлі ў апошні год [пантыфікату] Папы Мікалая і жылі аж да часоў Папы Адрыяна. Тут кожны яўна можа пераканацца, як той святы апостал славацкі (sic!) патапіў праклятую Фоціеву схізму, бо вучняў сваіх вадзіў у Рым свяціць на стан духоўны, і адтуль атрымлівае ён блаславенства для тых, якія мелі адпраўляць хрысціянскае набажэнства ў цэрквах славянскай моваю» (Дубовіч, с. 169–170).
  23. Хіжаны (у арыгінале — Chigi) — заходнеславянскае племя, якое жыло ў VІІІ–ХІІ стст. на паўднёвым узбярэжжы Балтыйскага мора на ўсход ад горада Ростака. З тэксту паэмы вынікае, што яе аўтар пад хіжанамі разумее летапісных варагаў (гл. далей пра Рурыка і яго братоў); менавіта іх ён лічыць першымі місіянерамі заходняга хрысціянства на Русі.
  24. У арыгінале: Ruricus … cum fratre Sinevo Truvorioque.
  25. «Чытаем у гісторыкаў пра траякі хрост Русі: першы — з часоў Базылія Македонскага, грэцкага імператара, [з часоў] князя ўсёй Русі Рурыка і [з часоў] кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра. <…> Васілій Македонскі, шмат ваяваўшы з агарэнамі, заключыў мірнае пагадненне з Руссю і намаўляў прыняць хрост. Яны яму абяцалі і прасілі, каб ім далі епіскапа, якога і паслаў да іх імператар. А Русь ізноў марудзіла, кажучы епіскапу: «Калі ўчыніш нам які-небудзь цуд, то станем хрысціянамі». Епіскап на іх просьбу кінуў Евангелле ў агонь, і яно доўга было ў агні, але не згарэла. Здзівіўшыся гэтаму, Русь ахрысцілася. Аднак тут жа хроніка славянская дадае: «Але яшчэ час не прыйшоў, каб у іх было пахвалёнае імя Панскае». Узяў гэта храніст з грэцкіх гісторыкаў Занары і Гедрэна, якія згадваюць пра гэта. Праўда, імёнаў рускіх князёў, якія былі ў той час, яны не падаюць» (Дубовіч, с. 167–168).
  26. У арыгінале: «per oppida Rossana». «Расанамі (разанамі)», «раксанамі» або «раксаланамі» ў старажытнай літаратуры называлі ўсходніх славянаў.
  27. Кіеве.
  28. Данайцаў — г. зн. грэкаў. Канстанцінопальскі Патрыярх Фоцій у 60-я гады ІХ ст. спрачаўся з Папам Мікалаем І Вялікім за першынство і за сферу ўплыву ўсходняга хрысціянства. На Канстанцінопальскім сусветным Саборы Фоцій быў асуджаны. Чытаем у Я.Дубовіча: [Патрыярха Царградскага Ігнація] скінуў Барда <…> і паставіў Фоція, хаця той [Ігнацій] праз увесь час быў сапраўдным Патрыярхам, а не Фоцій. Так пастанавіў Сабор, які быў скліканы ў Канстанцінопалі Папам Адрыянам у 886 годзе, на якім Ігнацій быў адноўлены ў сане, а Фоцій скінуты і аддадзены анафеме як бунтаўшчык, тыран-айцазабойца, паклёпнік, Дыяскур і Юда» (Дубовіч, с. 167).
  29. «Той [першы] хрост іх не быў на той час усеагульны, для ўсёй Русі, але толькі для нямногіх асоб. Вось чаму змарнела і тая невялікая частка хрысціянскай веры. Падобна таксама, што і пастыраў яны не мелі з прычыны бунтавання, якое ў той час усчыніў у Царградзе Фоцій» (Дубовіч, с. 168).
  30. У «аргуменце» (кароткім змесце) «Язафатыды», змешчаным напрыканцы выдання, адносна апошняга зазначана: «Лічыцца, што першы епіскап пры князю Уладзіміру, імя якога невядомае, быў каталіцкай веры; ён патапіў бога агню, або Перуна, — Юпітэра росаў» [Iosaphatidos, p. 34 recto]. У трактаце Яна Дубовіча чытаем: «Трэці ўсеагульны хрост Русі [адбыўся] ў часы Уладзіміра Святаслававіча, унука Вольгі, у горадзе Корсуні ў 990 годзе, а ад стварэння свету, паводле грэкаў, — у 6497 годзе, [гэтаксама паводле] рускіх хронік і гісторыкаў — Цэдрэна, Занара. А паводле Баронія, — у 1008 годзе ад [нараджэння] Хрыста Пана, <…> ды не пры Патрыярху Стэфану Студыту, як паведамляе аўтар «Сінопсісу» пад 980 годам, а пры Мікалаю Хрызавергу, ад якога пастаўлены быў для Русі самы першы Мітрапаліт, імем Міхаіл» (Дубовіч, с. 171).
  31. Ганна, сястра візантыйскага імператара Васілія ІІ. Уступіўшы з ёю ў шлюб, кіеўскі князь Уладзімір прыняў хрысціянства.
  32. Я. Дубовіч, у адрозненне ад аўтара «Язафатыды», паведамляе, што першы рускі Мітрапаліт Міхаіл быў не русінам, а грэкам паводле паходжання. Параўн.: «Першы Мітрапаліт быў пастаўлены Патрыярхам Мікалаем ІІ Хрызавергам, або Хрызабергам, каля 1000 года. Ён меў імя Міхаіл, родам быў грэк і, прыехаўшы ў Кіеў з іншымі епіскапамі, хрысціў Русь ды паставіў епіскапаў па вызначаных месцах» (Дубовіч, с. 172).
  33. Кіеўскі Мітрапаліт Тэапемп, або Тэапемпт (Феапемп, або Феапемпт) быў папярэднікам Мітрапаліта Іларыёна. У «Іерархіі» ён пазначаны трэцім рускім Мітрапалітам. «Тэапемпт прыйшоў у 1038 годзе. Ён асвяціў у тым жа годзе ў Кіеве царкву святой Сафіі, будаўніцтва якой было скончана ў 1034 годзе, а таксама царкву, збудаваную на Залатых варотах Яраславам, сынам Уладзіміра» (Дубовіч, 173).
  34. Маецца на ўвазе кіеўскі Мітрапаліт Іларыён, рукапакладанне якога, на загад Яраслава Мудрага, ажыццявілася сходам усходнеславянскіх епіскапаў. Паводле Я. Дубовіча, Іларыён — чацвёрты рускі Мітрапаліт, але «самы першы [Мітрапаліт] з рускага народу; ён быў інакам, г. зн. манахам, на Бераставе. [Мітрапаліт] з 1051 года. Князь Яраслаў, склікаўшы рускіх епіскапаў у Кіеўскую царкву св. Сафіі, дазволіў пасвяціць яго на мітраполію, а ў Царград па блаславенне не выпраўляў, — так ясна паведамляе Маскоўская хроніка» (Дубовіч, с. 173).
  35. Г. зн. Тэапемпа; у «аргуменце» апошні ахарактарызаваны як чалавек «зманнай веры». Я. Дубовіч заўважае, што «пры ім адбылося раз’яднанне паміж Царквою Грэцкай і Рымскай праз Патрыярха Міхаіла Керуларыя. І паводле асаблівага прысуду Божага пасля смерці Тэапемпта Яраслаў, князь рускі, не хацеў мець Мітрапалітам грэка, Патрыяршага паслушэнства» (Дубовіч, с. 173).
  36. Г. зн. у землі грэкаў. Ян Дубовіч заўважае: «Можа быць і так, што той князь [Яраслаў], даведаўшыся пра адшчапенства, адвярнуўся ад Патрыярха» (Дубовіч, с. 173).
  37. Паводле «аргумента» і «Іерархіі» Я. Дубовіча, Яфрэм — восьмы рускі Мітрапаліт, свяціцельства якога пачалося ў 1092 годзе.
  38. Культ святога Мікалая быў надзвычай пашыраны сярод усходніх славянаў, прынамсі, беларусаў. Так, нават нямецкі пісьменнік канца XVI стагоддзя Пауль Одэрборн адзначаў, што святога Мікалая беларусы ўшаноўваюць як Бога-ахоўніка.
  39. У «аргуменце» адзначана, што Мітрапаліт Яфрэм «загадаў падтрымаць разам з рымлянамі перанясенне [мошчаў] святога Мікалая [Мірлікійскага]». Я. Дубовіч піша так: «Мітрапаліт Яфрэм жыў у часы Патрыярха Мікалая ІІІ… Ён, хаця быў грэкам, але не любіў Патрыярха. Адсюль мы разумеем, чаму ён прыняў свята перанясення [мошчаў] св. Мікалая Мірэйскага (г. зн. Мірлікійскага) у Бар, якое прызначыў Папа Урбан ІІ. Ён прыняў яго, хаця грэкі не прынялі, а мы, Русь, і да сёння святкуем 9 мая» (Дубовіч, с. 174).
  40. Лічыцца, што кіеўскі Мітрапаліт Клімент (трынаццаты ў «Іерархіі» Я. Дубовіча) быў родам са Смаленска. Годам пачатку яго свяціцельства ў «аргуменце» «Язафатыды» і ў «Іерархіі» Я. Дубовіча названы 1146, прычым напачатку Я. Дубовіч называе яго «Klimunt». Далей аўтар «Іерархіі» распавядае так: «Тады ізноў не пасылалі ў Канстанцінопаль па Мітрапаліта, але самі абралі яго і пасвяцілі пры падтрымцы Ізяслава, князя рускага. Пасвяцілі яго спачатку на епіскапа, ускладаючы на яго потым галаву св. Клімента, Рымскага Папы (якая была падараваная пасля хросту Уладзіміру херсонскім епіскапам), і па блаславенне не пасылалі ў Царград. Адносна ж таго, што той Клімент з некаторымі рускімі епіскапамі не слухаў Патрыярха, дык гэта таму, што ён меў заступнікам князя Ізяслава, які, парадніўшыся з польскім каралём, за якога аддаў сваю родную сястру, больш жадаў мець саюз з Папам, чым з Патрыярхам, як толькі даведаўся пра адшчапенства Патрыярхаў» (Дубовіч, с. 175).
  41. Паводле «аргумента» і «Іерархіі», Іаан — Мітрапаліт з 1170 года. «Прысланы ён быў з Царграда, але князь рускі Расціслаў не хацеў яго прыняць. Аднак грэцкі імператар Эмануэль Комнін, кажа руская хроніка, прыслаў яму шмат падарункаў, і той яго прыняў. Адсюль зразумела, што ў імператара і ў Патрыярха куплялі рускую мітраполію, так што імператары нават падарункі прысылалі, як тады ўчыніў Эмануэль Комнін Парфірародны. Гэты Іаан імкнуўся да еднасці з Рымскім Касцёлам; існуе яго ліст, напісаны да Рымскага Папы Аляксандра ІІІ, дзе той сведчыць яму сваю прыязнасць і сваю павагу» (Дубовіч, с. 175–176).
  42. Паводле «аргумента» і «Іерархіі», Кірыл — Мітрапаліт з 1250 года. Я. Дубовіч называе Кірыла русінам і піша, што «пры ім, як паведамляе Маскоўская хроніка, грэкі вярнулі сабе Царград. Еднасць з лаціннікамі на Лонданскім Саборы прыняў [тады] канстанцінопальскі імператар Міхаіл Палеалог, а таксама Патрыярх Іаан Век, або Бека, дзесяты з гэтым імем, а ў ліку Патрыярхаў царградскіх — сто дзесяты, і прызнаў паслушэнства Папу Інацэнту V» (Дубовіч, с. 177).
  43. Максім, паводле «аргумента» і «Іерархіі», — дваццаць трэці Мітрапаліт з 1283 года. Я. Дубовіч называе яго грэкам і дадае: «Пасвяціўшы, Іаан Бека прыслаў яго ў Кіеў, і жылі яны ў еднасці з Рымскім Касцёлам, — як Мітрапаліт, так і Патрыярх» (Дубовіч, с. 177).
  44. Мітрапаліт Пётр-русін у «аргуменце» пазначаны пад 1364 годам, а наступны, Мітрапаліт Алексій-русін — пад 1307-м. Парушэнне храналогіі, хутчэй за ўсё, стала вынікам памылкі. У «Іерархіі» Я. Дубовіча год пачатку свяціцельства Пятра не ўказваецца, а пад 1364 годам пазначаны якраз Алексій. Пра Пятра, дваццаць чацвёртага Мітрапаліта, Я. Дубовіч паведамляе наступнае: «Пётр-русін, ігумен ратскі, стаў Мітрапалітам, калі ў Грэцыі быў вялікі неспакой паміж Патрыярхамі пры Адраніку, сыну Міхаіла, які выкараняў Царкоўнае адзінства, выганяючы Патрыярхаў, Мітрапалітаў, чынячы ім разнастайныя пераследы і даводзячы іх да смерці. Менавіта ён адправіў у выгнанне і Века. Жыў той Мітрапаліт у сціпласці сваёй вельмі набожна. Масква лічыць яго святым, памяць яго ўшаноўваюць 21 снежня. Жыццё яго апісана ў «Саборніках» (Дубовіч, с. 177). Пра дваццаць шостага Мітрапаліта — Алексія — Ян Дубовіч піша так: «Вельмі набожны чалавек, ён быў паслушнікам набожнага Філафея, 121-га царградскага Патрыярха, які не пярэчыў Царкоўнаму адзінству, а наадварот, быў яго шчырым прыхільнікам. <…> Гэты Філафей разам з Мітрапалітам Алексіем далучылі да ліку святых вышэй згаданых пакутнікаў [Барыса і Глеба] і пастанавілі адзначаць іх памяць 14 красавіка. <…> Філафей варты наракання за тое, што залішне слухаўся імператара, які, атрымаўшы падарункі ад нейкага грэка Кіпрыяна, загадаў пасвяціць яго на кіеўскую мітраполію яшчэ пры жыцці Алексія, а пасля яго смерці, калі Кіпрыян прыехаў у Кіеў, у Царград прыбег чарнец, масковец Пімін (так у Дубовіча. — Заўв. аўт.) і, даўшы багатыя дарункі імператару Іаану Кантакузену ды Патрыярху, атрымаў ад яго пасвячэнне на кіеўскую Мітраполію. І так ён паставіў двух Мітрапалітаў, якія чынілі вялікае бунтаванне і ў нашай дзяржаве, і ў Маскоўскай на працягу трыццаці гадоў, бо вялікі князь Маскоўскі Дзімітрый Іванавіч, разгневаўшыся аднойчы на Кіпрыяна, прызнаў Мітрапалітам Піміна, а потым, выгнаўшы Піміна, прызнаў Мітрапалітам Кіпрыяна. Пра гэта падрабязна напісана ў рускіх летапісах. Нарэшце, іншы Патрыярх, запанаваўшы ў сталіцы, прыслаў на Мітраполію грэка Дыянісія. Бачачы такое свавольства, Уладзімір Альгердавіч, які ў той час ужо трымаў Кіеў, загадаў схапіць таго Дыянісія і пасадзіць у вязніцу, дзе ён быў аж да смерці. Цнота і пабожнасць згаданага Алексія апісаны ў яго жыціі 12 лютага» (Дубовіч, с. 178).
  45. Г. зн. Грыгорыя Цамблака (у «аргуменце» — Gregorius Cimowlak, у «Іерархіі» — Hrechory Cemiwlak, дваццаць дзевяты Мітрапаліт). Ян Дубовіч называе яго вучоным і заўважае: «Мы маем мноства яго казанняў на розныя святы. Ён выступіў з ініцыятывай, каб апякункай Русі зрабіць Парасковію Тырнаўскую, якая памерла за сто гадоў да яго. Жыццё яе апісваў ён і Патрыярх Яўфімій Тырнаўскі, балгарын, якога згаданы Мітрапаліт Грыгорый усхваляе ў сваім казанні. Ён пісаў да Канстанцкага нямецкага Сабору і прасіў іх, каб яны падумалі наконт з’езду, на якім магло б аднавіцца адзінства грэцкай і лацінскай Царквы. Хроніка Маскоўская распавядае, што Аляксандр Вітаўт паслаў яго ў Рым, імкнучыся да адзінства, да таго ж бачачы, што і сам Яўфімій, у той час царградскі Патрыярх, разам з імператарам Эмануэлем вельмі імкнуліся да аб’яднання. Пра гэта сведчыць рускі летапісец. Ён [Грыгорый Цамблак], аднак, да самай смерці так і не зрабіўся саюзнікам Патрыярха, падобна, з прычыны схізмы. Тым не менш, рускія епіскапы і ўся Русь, міма ўсялякіх супярэчнасцяў, мела яго за старшага і за пастыра» (Дубовіч, с. 179–180).

 

 
Звесткі па першапачатковай гісторыі хрысціянства на Русі ў паэме «Язафатыда» каментуюцца адпаведнымі фрагментамі з трактата Яна Дубовіча «Іерархія, або Пра зверхнасць у Царкве Божай» (Львоў, 1644), ксеракопія якога была ласкава прадстаўлена перакладчыцы дацэнтам БДУ Уладзімірам Кароткім.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY