|
|
№
1(43)/2008
Галерэя
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧГод Божага слова
Ксёндз Андрэй ЗАЙЧЫКУ свеце Бібліі
Уладзімір КОНАНAd Fontes
Тамаш КЭМПІЙСКІПераклады
Гілберт Кійт ЧЭСТЭРТАНВЕРА & CULTURA
Пётра РУДКОЎСКІПераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯНашы святыні
Міхась БАЎТОВІЧПроза
Віталь ВОРАНАЎПаэзія
Мар’ян ДУКСАПа родным краі
Вячаслаў ДУБІНКАПераклады
Дабрачыннасць
Фабрыцыо ПАЧЫФІЧЫМастацтва
Валеры БУЙВАЛМузыка
Святлана ШЭЙПАМастацтва
Данута БІЧЭЛЬ
|
КВЕТАЧКІ СВЯТОГА ФРАНЦІШКА
У імя Пана нашага ўкрыжаванага Езуса Хрыста і Яго Маці Панны Марыі ў гэтай кнізе выкладзеныя некаторыя справы Пана, цуды і прыклады добрапрыстойнасці слаўнага нябогі Хрыстовага месэра святога Францішка ды іншых яго святых паплечнікаў.
Пачатак у №3(41) 2007
Частка ІХ На пачатку заснавання ордэна быў святы Францішак з братам Львом у адным кляштары, дзе не мелася кніг, каб спраўляць службу, і калі надышоў час Ютрані, святы Францішак сказаў брату Льву: «Дарагі брат, у нас няма малітоўніка, па якім мы б маглі адслужыць Ютрань; але каб прабавіць час, ухваляючы Пана Бога, я буду табе гаварыць, а ты мне адказваць так, як я цябе навучу; і глядзі не паблытай словы. Я скажу так: «О, брат Францішак, ты зрабіў столькі дрэнных рэчаў і столькі грахоў у свеце, што заслугоўваеш пекла»; а ты, брат Леў, адкажаш: «Сапраўды, ты заслугоўваеш самага дна пякельнага». І брат Леў з галубінай прастадушнасцю адказаў: «Ахвотна, айцец, зраблю гэта, пачынай у імя Бога». Тады святы Францішак стаў казаць: «О, брат Францішак, ты зрабіў столькі дрэнных рэчаў і столькі грахоў у свеце, што заслугоўваеш пекла». І брат Леў адказаў: «Бог праз цябе зрабіў столькі дабра, што ты трапіш у рай». Мовіў святы Францішак: «Не гавары так, брат Леў, а калі я скажу: «О, брат Францішак, ты зрабіў столькі зла супраць Бога, што заслугоўваеш быць выклятым Богам», адказвай так: «Сапраўды ты заслугоўваеш, каб быць сярод праклятых». Брат Леў сказаў: «Ахвотна, айцец». Тады святы Францішак са слязьмі і ўздыхамі стаў біць сябе ў грудзі і гаварыць гучным голасам: «О, мой Пане Божа неба і зямлі, я здзейсніў супраць Цябе столькі несправядлівасцяў і столькі грахоў, што заслугоўваю быць Табою выклятым». А брат Леў адказаў: «О, брат Францішак, Бог зробіць так, што сярод благаслаўлёных ты будзеш асабліва благаслаўлёны». Святы Францішак, здзіўлены тым, што брат Леў зноў адказаў не так, як ён загадаў, папракнуў яго, гаворачы: «Чаму ты не адказваеш так, як я цябе вучыў? Я загадваю табе дзеля святога паслушэнства адказваць, як я цябе вучу. Я буду гаварыць так: «О, дрэнны брат Францішак, ты думаеш, што Бог будзе літасцівы да цябе, не зважаючы на ўсе твае грахі супраць Айца літасцівага і міласэрнага, але ты не варты атрымаць ад Яго літасці». І ты, брат Леў, ягня бязвіннае, адкажаш: «Няма ніякай прычыны, каб быць да цябе літасцівым». Але пасля таго як святы Францішак сказаў: «О, дрэнны брат Францішак»… і гэтак далей, брат Леў адказаў: «Бог Айцец, чыя літасць бясконца большая, чым грэх твой, дасць табе вялікую ласку і яшчэ мноства міласці». На такі адказ святы Францішак з пакорлівым гневам і стрымліваючы хваляванне, сказаў брату Льву: «Чаму ты лічыш магчымым ісці супраць паслушэнства і ўжо неаднаразова адказваў супрацьлеглае таму, што я табе загадаў?» Мовіў брат Леў з вялікай пакорай і пашанай: «Бог ведае, Айцец мой, што кожны раз я ў сэрцы маім імкнуўся адказваць так, як ты мне загадаў; але Бог прымушае мяне прамаўляць тое, што падабаецца Яму, а не тое, што хацелася б мне». Падзівіўся з гэтага святы Францішак і сказаў брату Льву: «Я цябе міласціва прашу, каб на гэты раз ты адказаў мне так, як я табе загадаў». Мовіў брат Леў: «Кажу ў імя Бога, што на гэты раз я, несумненна, адкажу так, як ты хочаш». І святы Францішак сказаў са слязьмі на вачах: «О, дрэнны брат Францішак, ты думаеш, што Бог будзе літасцівы да цябе?» Адказаў брат Леў: «Больш за тое, шмат міласці ты атрымаеш ад Бога, будзеш услаўлены і пахвалёны ў вечнасці, бо той, хто прыніжаны, будзе ўзняты. І я не магу сказаць іншага, таму што Бог гаворыць маімі вуснамі». І такім чынам, у гэтай пакорлівай спрэчцы, у слязах і духоўным суцяшэнні яны прабавілі час да самай раніцы. Слава Хрысту. Амэн. Як брат Масей, амаль жартуючы, сказаў святому Францішку, што ўвесь свет ідзе за ім, а той адказаў, што гэта сапраўды так ад разгубленасці свету і ад ласкі Божай Некалі святы Францішак жыў у кляштары Парц’юнкалы з братам Масеем з Марыньяна, чалавекам вялікай святасці, далікатнасці і ласкі ў гутарках пра Бога, за што святы Францішак вельмі яго любіў. Аднойчы вяртаўся святы Францішак з лесу пасля малітвы і быў ужо на ўзлеску, а згаданы брат Масей вырашыў выпрабаваць яго пакорлівасць і пайшоў яму насустрач, і амаль закрычаў: «Чаму за табой? Чаму за табой? Чаму за табой?» Святы Францішак спытаўся: «Што ты хочаш гэтым сказаць?» Адказаў брат Масей: «Кажу, чаму за табою следам увесь свет ідзе, і ўсе людзі хочуць бачыць цябе, слухаць і слухацца цябе? Ты непрыгожы целам, не вельмі адукаваны, не высакароднай крыві. Як сталася так, што ўвесь свет ідзе за табой?» Пачуўшы гэта, святы Францішак павесялеў духам, падняў твар да неба і доўгі час заставаўся з думкамі, звернутымі да Бога; а скончыўшы, укленчыў і ўзнёс хвалу і падзяку Богу; а пасля з вялікім імпэтам душэўным звярнуўся да брата Масея і сказаў: «Хочаш ведаць чаму за мной? Хочаш ведаць, чаму за мной? Хочаш ведаць, чаму за мной следам ідзе ўвесь свет? Гэта мне дадзена ўсявышнім Богам, чые вочы ў любым месцы сузіраюць добрых і дрэнных: таму што гэтыя найсвяцейшыя вочы не знайшлі сярод грэшнікаў ніводнага больш подлага, больш нявартага, больш грэшнага за мяне. І тым не менш для здзяйснення таго цудоўнага дзеяння, што Ён збіраецца здзейсніць, не знайшоў больш подлага стварэння на зямлі і выбраў мяне, каб спалучыць шляхетнасць і веліч, сілу, прыгажосць і мудрасць свету, каб ведалі людзі, што кожная дабрадзейнасць і кожнае дабро ад Яго, а не ад стварэння, і што ніводны чалавек не можа выхваляцца перад Ім. А калі хтосьці хваліць сябе, то хваліць у Богу, якому належаць увесь гонар і слава навечна». І брат Масей на такі пакорлівы адказ, вымаўлены настолькі палымяна, спалохаўся і насамрэч пераканаўся, што святы Францішак напоўнены сапраўднай пакорай. Слава Хрысту. Амэн. Аднойчы святы Францішак падарожнічаў з братам Масеем, і названы брат Масей ішоў крыху наперадзе, і як толькі яны падышлі да скрыжавання трох дарог, адкуль можна было ісці ў Фларэнцыю, Сіену і Арэцца, спытаўся брат Масей: «Айцец, па якой дарозе мы павінны ісці?» Адказаў святы Францішак: «Па той, па якой пажадае Бог». Спытаўся брат Масей: «А як мы даведаемся пра волю Божую?» Адказаў святы Францішак: «Па знаку, што я табе дам; я загадваю табе дзеля святога паслушэнства на скрыжаванні трох дарог, на тым месцы, дзе ты стаіш, круціцца вакол сябе, як робяць дзеці, і не спыняцца, пакуль я не скажу». Тады брат Масей пачаў кружыцца, і так стараўся, што кругам пайшла ў яго галава, як гэта звычайна бывае, калі кружышся, і ён некалькі разоў зваліўся на зямлю. Але святы Францішак не сказаў яму спыніцца, і ён, жадаючы дакладна выканаць паслушэнства, уставаў і пачынаў кружыцца ізноў. Але нарэшце, калі ён закружыўся вельмі моцна, мовіў святы Францішак: «Спыніся і не рухайся». Брат Масей спыніўся, а святы Францішак спытаўся ў яго: «У які бок павернуты твой твар?» Адказаў брат Масей: «У бок Сіены». Тады сказаў святы Францішак: «Бог жадае, каб мы ішлі па гэтай дарозе». І пайшлі яны па той дарозе, а брат Масей моцна дзівіўся з таго, што святы Францішак загадаў яму рабіць, быццам дзіцяці, у прысутнасці свецкіх, што праходзілі побач, але з-за пашаны не смеліўся нічога сказаць святому айцу. Калі дайшлі яны да Сіены, гараджане даведаліся пра набліжэнне святога Францішка і пайшлі яму насустрач, і на руках прынеслі яго і яго таварыша дзеля пабожнасці ажно пад біскупскі палац, так што іх ногі нават не дакрануліся да зямлі. У той час многія мужчыны Сіены змагаліся паміж сабою, і двое ўжо загінулі; тады святы Францішак, як толькі прыйшоў на месца, дзе гэта здарылася, стаў прамаўляць пабожна і натхнёна, і схіліў іх да міру, вялікай еднасці і згодзе паміж імі. Пачуў біскуп Сіены пра святое дзеянне, якое зрабіў святы Францішак, запрасіў яго дадому і прымаў з вялікім гонарам у той дзень і ўночы. А на наступны дзень святы Францішак, сапраўдны нябога, які ў дзеяннях сваіх імкнуўся толькі да таго, каб уславіць Бога, рана падняўся са сваім таварышам і выправіўся ў шлях, не паведамляючы біскупу. Пасля чаго брат Масей пайшоў, мармычучы сам сабе, па дарозе: «І што такога зрабіў гэты добры чалавек? Прымусіў мяне круціцца, нібы падлетка, а біскупу, які яго так хваліў, не сказаў ніводнага добрага слова і не падзякаваў». І здалося брату Масею, што святы Францішак паводзіць сябе неабачліва. Але потым, дзякуючы Божаму натхненню, ён перамяніў сваё меркаванне і так казаў у сэрцы сваім: «Брат Масей, ты занадта высакамерны, раз бярэшся меркаваць пра Боскія рэчы, і заслугоўваеш пекла з-за свайго непамернага гонару, бо ўчора брат Францішак здзесніў такія святыя дзеянні, што нават калі б іх здзейсніў Анёл Божы, не былі б яны цудоўнейшыя. Таму, калі б ён загадаў табе кідаць камяні, то ты павінен быў бы паслухацца, бо ўсяму, што ён зрабіў на гэтай дарозе, папярэднічаў Божы загад, які выявіўся ў добрым завяршэнні ўсёй справы; бо калі б ён не памірыў варагуючых між сабою, не толькі шмат людзей загінулі б ад нажа, як ужо і пачалося, але таксама шмат душаў забраў бы д’ябал у пекла. А ты такі неразумны і высакамерны, раз абураешся тым, што відавочна зыходзіць ад волі Божай». А ўсё гэтыя рэчы, вымаўленыя Масеем у сэрцы сваім, былі найперш адкрытыя Богам святому Францішку. Тады падышоў святы Францішак да яго і сказаў так: «Тыя рэчы, пра якія ты думаеш цяпер, ёсць добрыя і Богам натхнёныя; а першыя твае думкі былі сляпыя, пустыя і высакамерныя, і былі табе ў душу кінутыя д’яблам». Тады брат Масей пераканаўся, што святы Францішак ведаў сакрэты яго сэрца, і ясна зразумеў, што дух мудрасці Божай кіраваў святым айцом ва ўсіх яго ўчынках. Слава Хрысту. Амэн. Святы Францішак пажадаў усмірыць брата Масея, каб з-за многіх дароў і міласці, Богам яму пасланых, не авалодала ім марная слава, але каб цнота пакоры расла разам з імі ад цноты да цноты. Аднойчы, калі святы Францішак знаходзіўся ў адным самотным месцы з першымі сваімі сапраўды святымі паплечнікамі, сярод якіх быў названы і брат Масей, перад усімі сваімі братамі святы Францішак сказаў: «О, брат Масей, усе гэтыя браты маюць ласку сузірання і малітвы, а ты маеш ласку несці слова Божае і суцяшаць людзей. Таму я жадаю, каб яны маглі спакойна аддавацца сузіранню, а ты займаўся аховай, міласцінай і кухняй, і ў той час, як іншыя браты будуць прымаць ежу, ты будзеш есці за брамай кляштара, дзеля таго, каб тыя, хто прыйдзе ў кляштар, перш чым пастукаць, былі супакоеныя добрым словам Божым, так што нікому больш не трэба будзе выходзіць за браму, акром цябе. І рабі гэта ў імя святога паслушэнства». Тады брат Масей сцягнуў свой капшук, схіліў галаву, пакорліва прыняў гэтае паслушэнства і стаў выконваць яго на працягу многіх дзён, займаючыся аховай, міласцінай і гатаваннем ежы. Але браты, як людзі, прасветленыя Богам, пачалі адчуваць у сэрцах сваіх вялікае шкадаванне і лічылі брата Масея чалавекам вялікай дасканаласці, як самі яны, а то і больш, аднак на яго, а не на іх, усклалі ўвесь цяжар утрымання кляштара. Таму ўсе яны выказалі адзінае жаданне і пайшлі прасіць святога айца, каб дазволіў ім падзяліць паміж сабою гэтыя абавязкі, таму што іх сумленне ніякім чынам не магло вытрымаць, што брат Масей выконваў столькі працы. Пачуўшы гэта, святы Францішак прыслухаўся да іх парадаў і задаволіў іх волю; і паклікаў ён брата Масея, і сказаў яму: «Брат Масей, твае паплечнікі хочуць забраць частку абавязкаў, што я табе даў, і я таксама хачу раздзяліць гэтыя абавязкі». Пакорліва адказаў брат Масей: «Айцец, усё што ты мне загадаеш, цалкам ці часткова, я прыму, як загадвае Пан». Тады святы Францішак, пабачыўшы ласку астатніх і пакору брата Масея, прачытаў ім цудоўную казанне пра святое паслушэнства, навучаючы іх, што чым большыя дары і ласку дае нам Бог, тым больш пакорлівымі мы павінны быць; бо без пакоры ніякая цнота Богу не прыемная. А калі скончыў казанне, з вялікай міласцю размеркаваў паміж імі працу. Слава Хрысту. Амэн.
Гл. таксама:
Пераклад з італьянскай мовы
Аксаны Данільчык.
|
|
|