Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(43)/2008
Галерэя

Год Божага слова

У свеце Бібліі

Ad Fontes

Пераклады

ВЕРА & CULTURA

Пераклады

Нашы святыні

Проза

Паэзія

Па родным краі

Пераклады
Дабрачыннасць

Мастацтва

Музыка

Мастацтва

Мар’ян ДУКСА

НЕВЫПАДКОВЫЯ РЭФЛЕКСІІ

* * *

У небе распачаўся зорапад,
на лісце лёг паўночны час дрымотны.
Зусім суціх і Гефсіманскі сад,
дзе Езус паміж дрэў застыў самотны.
Як Ён маліўся да Айца свайго!
Крыжовы шлях перад вачамі бачыў.
Балела плоць людская у Яго,
на дол сцякаў крывавы пот гарачы.
Трывогу-боль няпроста як суняць
у гэтыя пакутлівыя хвілі.
Нібы малыя дзеці, вучні спяць —
не знаюць, што Настаўніка забылі.
Людзей абняў глыбокі вязкі сон,
замоўк стамлёны свет, бязмежна кволы...
На ўсёй зямлі не спіць і сёння — Ён,
пагружаны у роздум невясёлы.
Не крыўдзіцца, нам спачувае зноў,
упэўнены заўжды у значнай меры
у тым: вось-вось абудзіцца любоў,
яшчэ ледзь-ледзь — ва ўсіх прачнецца вера.

 
* * *

Адбыўся зор і ўсіх планет парад.
Аслабла і змарнела цемры сіла.
Каб не было ў нябёсах шмат затрат,
світанне зоркі спешна патушыла.
Адразу птушкі ўспомнілі пра спеў.
Трысцё шапоча, разбудзіўшы рыбу.
І сонца, праляцеўшы паміж дрэў,
як ранні госць, пастукалася ў шыбу.
А там, за ёй, пакуль няма дажджоў,
іскрыцца ад расы рабіны гронка.
Узрадуйся ты моцна: дзень прыйшоў!
Жыцця твайго яшчэ адна старонка.
Пачатак дня малітвай распачні —
сябе з падвойнай сілаю суцешыш.
Спачатку сэрца Богу адчыні.
І толькі потым вокны разнасцежыш.

 
* * *

Дзень сонечны, лагодныя нябёсы.
Плыве цяпло
і ўнізе, і ўгары.
І гэта радасць —
падарунак лёсу.
Яна навокал —
хоць рукой бяры.
Пагляды, словы,
стрэчы, прывітанні,
адкрытых душаў
мяккі супакой,
аповеды
і жарты, і пытанні
авеяны сардэчнасцю людской.
Вось тут, ля мора,
любасць сэрцам правіць,
усіх сустрэчных
можна ўсё ж любіць.
Ці гэта проста
выключэнне з правіл?
Ці гэта тое,
што павінна быць?

 
* * *

Ці ж мы спасціглі навакольны свет?
А ўжо спяшаемся яго з’іначыць.
У гонары няздольныя як след
яго нутро і сэнс глыбокі ўбачыць.
Штодзень да зорак наш пагляд ляціць,
хоць гэтым тайны значнай не засведчыў.
З цікавасцю ён проста слізгаціць
па вонкавай паверхні грубых рэчаў.
Адны і тыя ж дрэвы і кусты,
прырода ўсё буяе і буяе.
Дзівак! Пільней прыгледзься: Дух Святы
і ў лісціку, і ў кветцы праступае.
Усе світанні і змярканні ўсе
пранізаны наскрозь Яго дыханнем.
На крылах залацістых Ён нясе
і позняе, і ранняе каханне.
Калі ж у сэрцы многа цёплых слоў,
любоў зайграла, нібы сто музыкаў —
у сэрца гэта Дух Святы прыйшоў,
бо ты Яго замілавана клікаў.

 
* * *

Бязмерны цуд — нам прарасці з нічога,
убачыць свет не па сваёй ахвоце.
Які дзівосны быў ён — смутак Бога,
вялікі смутак па жывой істоце.
Бог радаваўся, пэўна, кожнай зорцы,
пявучым птушкам і лясам, і рэкам.
Прапала раптам адзінота Створцы,
калі прыйшла любоў ад чалавека.
Адкрылася для ўсіх Святая Значнасць,
быць перастала Веліч ананімнай.
Тварэння Акт апраўдвала удзячнасць,
якая паплыла ў нябёсы гімнам.
Нябеснае над намі ззяе люстра.
Цудоўны свет. Але даймае змога,
і смутак спазнае адразу людства,
калі ў душы не адчувае Бога.
Вяртаецца і нарастае прага
той вечнасці, дзе званы і чаканы,
той вечнасці, дзе не бывае блага,
дзе ты пачуты і пашкадаваны.
І кліч нябёс нам чуецца з дзяцінства,
і хмельна трызнім вечнасцю спрадвеку.
У непарушным існуюць адзінстве
любоў і смутак Бога й чалавека.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY