|
|
№
1(43)/2008
Галерэя
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧГод Божага слова
Ксёндз Андрэй ЗАЙЧЫКУ свеце Бібліі
Уладзімір КОНАНAd Fontes
Тамаш КЭМПІЙСКІПераклады
Гілберт Кійт ЧЭСТЭРТАНВЕРА & CULTURA
Пётра РУДКОЎСКІПераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯНашы святыні
Міхась БАЎТОВІЧПроза
Віталь ВОРАНАЎПаэзія
Мар’ян ДУКСАПа родным краі
Вячаслаў ДУБІНКАПераклады
Дабрачыннасць
Фабрыцыо ПАЧЫФІЧЫМастацтва
Валеры БУЙВАЛМузыка
Святлана ШЭЙПАМастацтва
Данута БІЧЭЛЬ
|
У каталіцкай газеце Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця» за 13 мая 2007 года была змешчана інфармацыя пра аднаўленне пашкоджанай агнём часткі галоўнага алтара катэдры Францішка Ксавэрыя. «Дарэчы, выконваць аднаўленне згарэлай часткі будзе гродзенскі майстар», — паведамлялі ў газеце. Хацелася па-наіўнаму ўбачыць у прыродзе той дуб, з якога будуць разьбярыць скульптуры апосталаў Тадэвуша і Сымона. Я думала, што іх адновяць цалкам з новага дрэва, аказваецца, іх будуць «лячыць» — даклейваць згарэлыя часткі... Майстар жыве ў Воранаве. Казімір Місюра нарадзіўся 1 мая 1956 года ў вёсцы Больцішкі Воранаўскага раёна. У бацькоў Ядвігі і Адама Місюраў ён быў пятым дзіцем пасля Юзафа, Гэлены, Тэрэсы і Францішкі. Бацька памёр, калі Казіміру было 8 гадоў. Маці жыве ў вёсцы Крупава пры дачцы Гэлене. Казіміра выхоўвала бабуля Марыя, якая вельмі прыгожа размаўляла на беларускай мове. Бабуля ведала, што яе ўнук Казімір будзе мастаком, таму што маляваць ён любіў з малога, маляваў прыгожа і шмат. Праўда, сам Казімір не разумеў слова «мастак», думаў, што гэта той, хто будуе масты... Вучыўся ў Радунскай школе-інтэрнаце. Калі закончыў 8 класаў, не меў грошай на білет, каб завезці дакументы ў мастацкую вучэльню імя Глебава ў Мінск... Крыху пашукаў свайго шчасця ў розных вучэльнях Прыбалтыкі... У 1979 годзе скончыў Бабруйскае МГПТВ № 15, вучыўся разьбярству ў майстра Леаніда Окуня. Пасля войска, у 1988 годзе, Казімір скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага інстытута. Якраз у гэтым жа годзе ў пасёлку Мір, славутым сваім адрэстаўраваным замкам, адчынялася ГПТВ па прыкладным мастацтве, куды і накіравалі Казіміра Місюру старэйшым майстрам вытворчасці па лепцы, пластыцы, разьбярству, ручной і станочнай апрацоўцы дрэва. Ён марыў стварыць у Міры школу разьбярства, пачаў наладжваць кантакты з мастакамі, разьбярамі з Мінска, запрашаў іх у Мір, ездзіў з навучэнцамі ў сталіцу на сустрэчы і выставы. Пазнаёміўся з галоўным даследчыкам радзівілаўскіх замкаў, аўтарам шматлікіх публікацый і выданняў Валянцінам Калніным, жонка якога Галіна Пятроўна пачала працаваць у мірскім ПТВ. Таленавітыя выпускнікі таго першага набору скончылі акадэміі мастацтва, раз’ехаліся ў свет. Адзін жа з іх, Чэслаў Колышка з Ліды, пасля скончыў каталіцкую духоўную семінарыю. Казімір пачаў ладзіць выставы творчасці навучэнцаў, пленэры, святы майстроў, святочныя шэсці пад дэвізам «хвала творчасці», пачаў разам з навучэнцамі чысціць ад друзу і смецця руіны мірскага касцёла. Фрагменты ажурнай разьбы, знойдзеныя на руінах, сталі дапаможнікамі, узорамі творчасці для навучэнцаў. Ён і цяпер зберагае гэтыя святыя рэліквіі, якія Бог даў яму ў рукі як падказку, што такую працу ён хутка будзе рабіць на хвалу Богу. Трымае ён у майстроўні ў Воранаве і вучнёўскія працы — галоўкі з дрэва, з металу, невялікія ўзоры разьбярства, з любоўю пра іх апавядае. Выкладчык, які працаваў па прынцыпе «ты сам умееш тады, калі навучыш іншага», быў нязручным, бо парушаў спакой кіраўніцтва вучылішча. Пасля трох гадоў працы Казімір Місюра быў вымушаны пакінуць ПТВ і вярнуцца ў Воранава. Два гады ў Воранаве працаваў у пажарнай ахове. Знайшлося месца выкладчыка мастацтва ў сярэдняй школе — і ён узяўся за сваё. З таленавітымі дзецьмі ён займаўся індывідуальна і ў мастацкім гуртку. Ладзіў выставы, і зборныя і персанальныя. Спрабаваў ператварыць навучанне ў свята, бо творчасць, талент — гэта і ёсць свята. Звольнілі яго за грамадскую дзейнасць у БНФ, за мастацкія паштоўкі — белыя сэрцы з чырвонай палоскай, якія ён з вучнямі раздаваў і рассылаў воранаўцам на 25 сакавіка, Дзень утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. Застаўся без працы ў сваім доме з жонкай і трыма дзецьмі, у сваёй майстроўні са сваімі скульптурамі — галовамі з дрэва сваіх каларытных суседзяў, з вобразам Адама Міцкевіча, з праектамі помнікаў Каліноўскаму, Міцкевічу, са спакоем і неспакоем у душы... Недалёка ад Воранава ёсць мястэчка Беняконі, дзе пахавана Марыля Верашчака, вялікае каханне Адама Міцкевіча... Вобразы Марылі і Адама майстар выразьбіў з раздвоенага ствала грушкі. Яны стаяць на сваім пяньку ў паўабарота адно да другога, з’яднаныя ствалом ад пачатку лёсу, разлучаныя на два дрэвы жыцця, закаханыя, злучаныя пасля смерці любоўю і памяццю іх прыхільнікаў. Кветачкі на яе хвартушку. Грушка — цёмнае дрэва, цёмна-бурае... Казімір апавядае пра тое, пра што павінен ведаць кожны майстар, кожны цесля... Плот, слупы, будынкі стаўляюцца з дрэва так, як яно расце, — уверх галавой. У спілаванага дрэва капіляры падымаюць астаткі сокаў уверх. Скульптуры стаўляюць наадварот — уніз галавой, іх не закопваюць у зямлю, а замацоўваюць на падстаўку, на цэмент. Сокі сцякаюць не ў зямлю, а на ўмацаванне. «Няхай той, хто думае, што ён моцна стаіць, будзе ўважлівым, каб раптам не ўпасці...» — так напісана ў Першым лісце Паўла да карынцянаў... На ўездзе ў Воранава стаіць драўляная скульптура, якую стварыў Казімір Місюра: традыцыйныя Яна і Ён у народных строях хлебам-соллю вітаюць усіх, хто прыбывае ў Воранава. Збіраліся ўстанавіць уязную скульптуру з боку літоўскай мяжы. Спілавалі дуб, якому было пад 300 гадоў, а потым перадумалі. Дуб неакораны 17 гадоў ляжаў у двары аўтабазы, яго елі жучкі. Казімір шкадаваў гэты дуб і вырашыў яго ратаваць. Забраў яго і сам папілаваў на чурбаны. Шчэпкамі гэтага дуба ён адну зіму саграваў сваю хату і майстроўню. З гэтага дуба зроблена шмат каларытных галоваў. З даволі вялікіх адшчэпленых кавалкаў магутнага знакавага дрэва ён выразьбіў сваіх дзяўчат: Ластаўку, дзяўчыну-анёла ў стане экстазу ў палёце ластаўкі, папараць-кветку, безабаронную перад ветрам дзяўчыну (вецер паднімае яе кашульку, якую яна сама спрабуе ці то ўтрымаць, ці то скінуць...) Калі Казімір працаваў толькі ў сваёй майстроўні, не мела працы Аня, музыкантка па класе фартэпіяна. Казімір угаварыў Аню папазіраваць і зляпіў з гліны яе галоўку. Галоўка атрымалася з трэшчынай на шыі, і гэтая трэшчынка дадае вобразу шмат адценняў, з дасканалымі рысамі тварыку, з глыбокай пластыкай душы, удасканаленай рукамі творцы. Як сказаў святы Францішак з Асізі: «Няшчасце — гэта прабачэнне ў любові праз боль, шчасце — гэта пацалунак двух нешчаслівых». Дзейнасць Бога — гэта агонь, які дае энергію ўсім справам людзей. 2006 год быў юбілейным у жыцці Казіміра Місюры. Поўня яго жыцця. Свята збірання плёнаў. Падзеі гэтага года не былі выпадковымі — Пан Бог заняўся разьбярствам лёсу разьбяра. У ваверскім касцёле ксёндз-прэлат Фелікс пасля святой Імшы звярнуўся да вернікаў, каб падказалі майстра, які б адрэстаўраваў галоўны алтар. На Імшы малілася маці аднога знаёмага з вёскі Місявічы, які ўвечары патэлефанаваў у майстроўню. Неўзабаве і ксёндз пазнаёміўся з Казімірам і яго разьбярствам і пераканаўся, што гэты майстар зможа дапамагчы касцёлу адрэстаўраваць алтар. Але трэба было пакрыць пазалотай алтар Маці Божай, а Казімір быў усяго разьбяр, скульптар. Цяпер ён дзеліцца са мной сакрэтамі пазалоты: «Золата кладзецца на палімент ці армянскую глінку. Глінка разводзіцца эмульсіяй. Прадмет пакрываецца глінкай тры-чатыры разы, апошні слой распаліроўваецца і размочваецца гарэлкай. Глінка маладзее. Тады бярэцца на руку топленае масла, пэндзлікам праводзіцца па руцэ, на пэндзлік бярэцца залаты лісток і датыкаецца да глінкі — золата абцякае прадмет без маршчынак, плошчу да аднаго дэцыметра. Пасля пазалоту трэба адпаліраваць. Для гэтага бярэцца агатавы зубок — вось ён, ім паліруецца да бляску»... Казімір апавядае, як цяжка давялося яму вучыцца майстэрству пазалачэння, як ён спачатку ездзіў у Гародню і Мінск да знаёмых і незнаёмых скульптараў і рэстаўратараў і як яны адмаўляліся дзяліцца з ім сваімі ведамі. Але знайшліся і шчырыя добрыя майстры, якія навучылі яго спачатку тэарэтычна, а пасля ён сам вучыўся, і навука была нялёгкая... Але з дапамогай малітвы ён вытрываў. Пакрыў пазалотай алтар Маці Божай. Імшу з нагоды асвячэння адрэстаўраванага алтара вёў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Гэта было ў ліпені 2006 года. 13 ліпеня ноччу адбыўся пажар у катэдры імя св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне, падчас якога абгарэлі скульптуры апосталаў Тадэвуша і Сымона і фундатара барочнага алтара кашталяна мсціслаўскага Самуэля Лазовага... Казімір Місюра быў запрошаны працаваць па ўзнаўленні пашкоджаных скульптураў. Гэта вельмі далікатная праца. Найважнейшае ў ёй — любіць і паважаць талент і шчырасць майстроў з мінулага. Дапамагаюць Казіміру рабіць рэстаўрацыю яго сын Ігар, які скончыў аддзяленне графікі Гродзенскага універсітэта, і сябра па Бабруйску, разьбяр Віктар Рэкіш. Генеральны план рэстаўрацыі распрацаваны польскімі спецыялістамі пад кіраўніцтвам галоўнага рэстаўратара Каралеўскага замка ў Варшаве Паўла Садлея, а зацверджаны ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Тэарэтычная праца па даследаванні пашкоджанняў пажарам і жучкамі ўжо завершана — алтар у стылі барока быў устаноўлены ў 1737 годзе! Час не літаваўся над ім. Створаны дакладны да міліметраў эскізны варыянт усіх ажурных дэталяў. Ужо зроблена рэльефная ажурная разьба ніжняга цокаля, прымацаваная да дакладнай добрай сталяркі, якая мацуецца да драўлянай падлогі, першы ярус стаўляецца на драўляную падкладку, ці сапажок. Алтар складаецца з трох ярусаў, кожная яго частка трымаецца на дакладнай інжынерна-канструкцыйнай рабоце. За лета ствараюцца пераходныя кансолі з першага на другі ярус ці завяршальная частка ніжняга цокаля — дзве пад ногі апосталаў і адна, меншая, пад ногі фундатара. Так дакладна знізу ўверх па міліметры капіруецца праца разьбяроў майстроўні Яна Сміта з Рэшаля, вывучаецца іх «почырк». Па «почырку» разьбяроў было шэсць і адзін вучань. Ян Сміт прывёз інструменты і дзве гатовыя скульптуры — Збаўцы Езуса Хрыста і апекуна касцёла Францішка Ксавэрыя. Астатнія ствараліся на месцы. Алтар не залаціўся, таніраваўся светлымі колерамі і злёгку аздабляўся пазалотай. Алтар не меў перспектывы, як у Будславе, але меў глыбокую пластыку. Казімір лічыць, што фартуна ўсміхнулася яму, а Бог дазволіў дакрануцца да таленту тых майстроў, пагладзіць іх працу, увайсці ў таямніцу іх творчасці, прывыкнуць да яе і палюбіць, гэтак жа акуратна зрабіць, а дзе-нідзе нават паправіць, удасканаліць, злучыўшы іх «почыркі»ў адно знутры, не парушаючы далікатнасці ліній і ўзораў ажура. «Я ведаю, — кажа майстар, — што я з імі ў адной камандзе, што яны прынялі мяне... Але і з рэстаўрацыйнай групай сучаснікаў мы таксама адчуваем сябе як сям’я, як адна каманда. І цяпер для мяне не мае значэння, колькі я на гэтым зараблю, галоўнае зрабіць добра». Слядоў разца ў яго работах не відаць: адметнасць гэтага майстра — чысціня, ён чысціць, шкурыць, шліфуе. І такая ж чыстая яго душа. За час нашага сумоўя ў ім не праявілася ніякіх адмоўных эмоцый, ацэнак, абгавораў, прыкрых, дрэнных словаў... Прадонне дабрыні і цяпла. Намоленасці. Глянуў на пейзажы Сяргея Шэмета і сказаў: «Веруючага мастака адразу пазнаеш па цеплыні ад яго твораў». Тое самае можна сказаць нават пра ажурныя драўляныя рашоткі самога Казіміра Місюры. 13 ліпеня 2007 года на святой Імшы вернікі маліліся за талент, здароўе і рукі майстроў, якія ўзнаўляюць прыгажосць катэдры, і за душы тых майстроў і продкаў, якія пабудавалі нам касцёлы на хвалу Богу. Касцёл знутры перафарбавалі. Высока пад купалам ідзе аднаўленне фрэсак. Рэстаўратар Уладзімір Кіслы займаецца касметычным аднаўленнем абразоў у бакавых алтарах. Праяўляюцца цікавыя моманты, калі замест аднатоннага тла за постаццю св. Язафата Кунцэвіча ўзнікаюць анёлкі, а сонечнае святло з акна касцёла перакрыжоўваецца са святлом містычным з левага верхняга кутка на абразе. ...У майстроўні Казіміра Місюры знаходзіцца фігурка злёгку абгарэлага анёла з трэцяга яруса. Майстар моліцца да свайго Анёла-апекуна, каб усе яго рысы, а праз іх і рысы скульптураў апосталаў і фундатара Лазовага глыбока заселі ў вачах і сэрцы майстра, каб прывыкнуць да іх, палюбіць іх, каб яны сталі часткай яго самога. Такая папярэдняя праца па аднаўленні скульптураў, калі яна будзе даручана Казіміру...
|
|
|