Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(43)/2008
Галерэя

Год Божага слова

У свеце Бібліі

Ad Fontes

Пераклады

ВЕРА & CULTURA

Пераклады

Нашы святыні

Проза

Паэзія

Па родным краі

Пераклады
Дабрачыннасць

Мастацтва

Музыка

Мастацтва

Кс. Андрэй ЗАЙЧЫК

ЕВАНГЕЛІСТ МАРК

У год Божага слова, які распачаўся ў Касцёле на Беларусі, абавязкова трэба звярнуць нашу ўвагу на скарб, якім з’яўляецца Святое Пісанне.

Адной з мэтаў гэтага года з’яўляецца пашырэнне нашых ведаў пра Святое Пісанне. Змяшчэнне на старонках часопіса «Наша вера» артыкула пра аднаго з евангелістаў з’яўляецца спробай данесці да чытачоў больш інфармацыі пра непасрэдных удзельнікаў натхнёнай фіксацыі евангельскай праўды.

 
Евангелле паводле святога Марка — найменшае з чатырох, але багацце яго зместу, маляўнічасць вобразаў і больш даступная мова актыўна дапамагаюць паглыбіцца ў той свет, дзе мы бачым дзейнага Божага Сына, апосталаў, вучняў.

Сам тэкст Евангелля не называе імя аўтара. Даведацца пра яго могуць дапамагчы дакументы з пачаткаў хрысціянства, і асабліва каментарыі да Евангелля Марка, зробленыя старажытнымі пісьменнікамі. Аб чым жа мы можам даведацца?

Папій, які памёр у першай палове ІІ ст., напісаў наступныя словы: «Марк быў перакладчыкам Пятра; ён дакладна запісаў усё, што памятаў са зробленага і сказанага Панам, але не па парадку, бо сам не чуў Пана і не хадзіў з Ім. Потым ён спадарожнічаў Пятру, які вучыў, калі гэтага патрабавалі абставіны, і не збіраўся словы Хрыста ўкладаць па парадку. Марк зусім не зграшыў, запісваючы ўсё так, як помніў. Ён толькі клапаціўся, каб нічога не прапусціць і не перадаць няверна».

Ёсць і іншыя сведчанні. Юстын Мучанік (пам. 165) пераказаў нам звесткі пра «Дзённікі» Пятра. Тэртуліан захаваў імя евангеліста — Марк. Канон Мураторыя з 2-й пал. ІІ ст. засведчыў тое, што евангеліст Марк слухаў казані Пятра і запісаў іх. Цікавыя таксама словы Клемента з Александрыі (пам. 215): «Пётр, будучы ў Рыме і прапаведуючы вучэнне Хрыста, перадаў тое, што было з Евангелля. Тыя, хто слухаў, а іх было шмат, пераканалі Марка, як даўняга супрацоўніка Пятра, які ўсё помніў, што той гаварыў, запісаць ягоныя словы. Марк так і зрабіў, і перадаў гэтае Евангелле тым, што яго аб гэтым прасілі. Пётр, калі пра гэта даведаўся, не забараняў Марку…» Пра тое самае пісаў Епіфан (пам. 403): «Марку, вучню Пятра, было даручана ў Рыме напісаць Евангелле, адразу пасля Мацвея». Гэты вучоны казаў, што Марк быў адным з 72 вучняў Хрыста і, магчыма, сустрэўся з Ім у маладосці і ўдзельнічаў у Ягонай місіі. Апошнім сведчаннем, якое мы працытуем, будуць словы Ераніма (пам. 419/420): «У Рыме, перакананы братамі, вучань і перакладчык Пятра напісаў кароткае Евангелле паводле словаў, якія чуў ад Пятра. Пачуўшы пра гэта, Пётр падтрымаў яго сваім аўтарытэтам ды пастараўся, каб яго чыталі ў супольнасцях».

Кім жа быў гэты вучань Пятра? Аўтарам Евангелля паводле Марка лічаць, зразумела, Марка, другое імя якога Ян. Ён быў юдэахрысціянінам (хрысціянінам з юдэяў) з Ерузалема (Дз 12, 25 і інш.). Марк быў сынам Марыі, у доме якой збіралася першая хрысціянская супольнасць. Апостальскія Дзеі пераказалі нам шмат інфармацыі пра гэтага чалавека. Дом Марка знаходзіўся на гары Сіён. Туды, адразу пасля свайго выхаду з вязніцы, прыбягае апостал Пётр (1 П 5, 13). Ад першага з апосталаў Марк і прыняў хрост. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў доме Марыі, маці Марка, адбылася Апошняя Вячэра і першая Эўхарыстыя. Тут таксама апосталы перажылі сыходжанне Духа Святога.

Марк — блізкі сваяк Варнавы, вельмі паважанага кіраўніка хрысціянскай супольнасці ў сірыйскай Антыёхіі (Дз 15, 36–39). Евангеліст удзельнічаў у місійных падарожжах апостала Паўла (Дз 12, 25). Сам Апостал народаў у сваіх пасланнях пакінуў інфармацыю пра Марка (Клс 4, 10; Флп 24; 2 Цім 4, 11). Марк часта сустракаўся з Пятром і разам з ім знаходзіўся ў Рыме.

Пасля смерці Пятра і Паўла, згодна са старой традыцыяй, Марк накіраваў свае місійныя крокі ў Егіпет, дзе заклаў фундамент хрысціянскага Касцёла Александрыі.

У літургіі дзень св. Марка Евангеліста адзначаецца 25 красавіка. Ягоныя рэліквіі спачываюць у прыгожай базыліцы Сан-Марко, пабудаванай яшчэ ў Х ст. Ён з’яўляецца апекупом горада Венецыя і ўсёй правінцыі Венето.

Добрая Навіна паводле Марка складаецца з 16 раздзелаў. Напісана Евангелле, хутчэй за ўсё, у Рыме перад 70 годам і скіраванае да супольнасці хрысціянаў, прынятых у яе з язычнікаў.

Рэліквіярый святога Марка ў базыліцы Сан-Марко ў Венецыі.
Евангелле паводле Марка вызначаецца простымі сказамі, лагічнымі, зразумелымі схемамі апавядання. З літаратурных жанраў у ім найчасцей сустракаюцца гісторыі цудаў, прыпавесці, логіі Хрыста (асабістыя кароткія выказванні Збаўцы), гістарычныя апавяданні. Іншым характэрным элементам Евангелля з’яўляецца жаданне Марка дакладна перадаць нейкае апавяданне ці словы Хрыста ў тапаграфічным і часавым кантэксце. Мова Марка настолькі маляўнічая, што чытач становіцца міжволі «ўдзельнікам» тых падзеяў, якія назірае вачыма аўтара Евангелля. Марк імкнецца пераказаць нейкі «малюнак» падзеі, а не толькі само вучэнне.

Паводле Марка, Хрыстус — Божы Сын і Сын Чалавечы, які цярпеў і перамог згодна з Божым планам збаўлення чалавека. Евангеліст малюе Збаўцу, якому, згодна з Пісаннем, трэба цярпець, загінуць і ўваскрэснуць.

Марк не перадае чытачам біяграфіі Хрыста. Мэта Евангелля — пераказаць сэнс хрысціянскага вучэння так, як прапаведаваў Пётр. Хрыстус прыйшоў, каб пабудаваць на зямлі Божае Валадарства і перамагчы царства д’ябла. Апошняя перамога Хрыста — Пасха. Гістарычная «хроніка» зведзена аўтарам да мінімума і дапасавана да схемы казанняў Хрыста. Перадусім аўтар прапаведуе Крыж Хрыста.

Лейтматывам Евангелля паводле Марка з’яўляецца думка пра тое, што ўсе падзеі — гэта здзяйсненне Божага плану, таму аўтар праводзіць чытача праз прадказанні прарокаў, падкрэсліваючы пры гэтым, што Хрыстус, якога ён прапаведуе — гэта прадказаны «Сын Чалавечы» прарока Данііла, «Церпячы Слуга Ягвэ» прарока Ісаі, які перамагае зло і абвяшчае Валадарства Бога.

Традыцыйным сімвалам евангеліста Марка з'яўляецца леў. Гэта звязана з тым, што Евангелле распачынаеца з падзеяў у пустыні, дзе мы сустракаем Яна Хрысціцеля, які запрашае народ на навяртанне.

Евангелле паводле Марка — гэта жывы голас Божага Сына. Голас, які павінен моцна прагучаць у Год Божага слова ў кожнай хрысціянскай сям’і Беларусі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY