|
|
№
1(43)/2008
Галерэя
Арцыбіскуп Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧГод Божага слова
Ксёндз Андрэй ЗАЙЧЫКУ свеце Бібліі
Уладзімір КОНАНAd Fontes
Тамаш КЭМПІЙСКІПераклады
Гілберт Кійт ЧЭСТЭРТАНВЕРА & CULTURA
Пётра РУДКОЎСКІПераклады
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯНашы святыні
Міхась БАЎТОВІЧПроза
Віталь ВОРАНАЎПаэзія
Мар’ян ДУКСАПа родным краі
Вячаслаў ДУБІНКАПераклады
Дабрачыннасць
Фабрыцыо ПАЧЫФІЧЫМастацтва
Валеры БУЙВАЛМузыка
Святлана ШЭЙПАМастацтва
Данута БІЧЭЛЬ
|
Уперад! Што гэта? Ваенны вокліч паўстанчага войска, рушанага жадобай барацьбы і перамогі? Жыццёвае крэда амбіцыёзнага спартсмена? Напрамак руху механічных транспартных сродкаў? Так, гэта і вокліч, і крэда, і напрамак руху. Але трэба сказаць больш: «уперад!» — гэта адна з асноўных ідэяў сучаснай цывілізацыі. Крочыць уперад, пераступаючы межы і пераадольваючы бар’еры, — гэта імператыў, які ад часоў Турго і Кандарсэ (XVIII ст.) пранікае мысленне, планаванне і практыку прадстаўнікоў мадэрновых грамадстваў. За гэтым імператывам стаіць мноства канцэптаў і ідэалагемаў, аформленых у асобны дыскурс, званы прагрэсізмам, альбо ідэалогіяй поступу. «Поступ» значыць менавіта «рух наперад». Дакладна такое ж значэнне мае лацінскі этымалагон «progressus» (ад pro-gredior), які даў пачатак адпаведнікам гэтага слова большасці еўрапейскіх моваў. У імя поступу здзяйсняліся рэвалюцыі і перавароты, праводзіліся гаспадарчыя ды сацыяльныя рэформы, ствараліся утопіі і грамадска-палітычныя праекты, пісаліся авангард-маніфесты і рабіліся навукова-тэхнічныя адкрыцці. Блізкая нашаму сэрцу Беларуская Народная Рэспубліка — гэта нішто іншае, як прадукт эмансіпацыйна-прагрэсісцкіх тэндэнцыяў канца ХІХ — пачатку ХХ ст., перыяду, які Урс Альтэрмат называе «трэцяй фазай» паўставання мадэрновых нацый у Еўропе. Але прадуктам ідэалогіі поступу з’яўляюцца таксама СССР, сталінская калектывізацыя, італьянскі фашызм, нямецкі нацызм... Ужо бачым, наколькі неадназначнай і амбівалентнай з’яўляецца гэта ідэя — прагрэс. Насамперш трэба азначыць, што слова «прагрэс» не мае ўстойлівага значэння. «Рух-уперад» — гэта не столькі панятак, колькі паэтычная метафара, якая можа мець мноства значэнняў (нават спрэчных паміж сабою), і няма пры гэтым якіх-небудзь крытэраў, паводле якіх можна было б «адсейваць» «пабочныя», «неадпаведныя» значэнні. А калі так, то ідэя прагрэсу можа лёгка стацца інструментам маніпуляцыі масавай свядомасці і — як сказалі б постмадэрністы — «дыскурсам улады». Калі ўжо гаворка пайшла пра дачыненне постмадэрністаў да ідэі прагрэсу, то варта дадаткова падкрэсліць, што ў чацвёртай чвэрці ХХ ст. (гэта тычыцца і пачатку ХХІ) з’явілася мода дэманстраваць недавер да прагрэсу і клеймаваць яго як кампанент «таталітарнага дыскурсу». Прагрэс з’явіўся ў спісе «метанарацыйных канцэптаў», гэта значыць, такіх канцэптаў, якія ўтвараюць «канчатковы слоўнік» пануючай ідэалогіі: сукупнасць словаў-паняццяў, якія нельга ставіць пад сумнеў пад санкцыяй маргіналізацыі альбо і выключэння з грамадска-палітычнага жыцця. (Апошнім часам у Беларусі ў некаторых інтэлектуальных колах пануе мода дэманстраваць свой скепсіс да нацыянальнай ідэі. Чаму? Бо нацыянальная ідэя «таталітарная» па сваёй прыродзе — кажуць. Адкуль такі радыкальны тэзіс? А вось тут ужо няма аргументацыі. Проста так загадваюць думаць постмадэрнавыя багі.) Але пакуль постмадэрністы спаборнічаюць паміж сабой у «дэканструяванні» прагрэсу ва ўсіх яго праявах, давайце паспрабуем спакойна ўзважыць гэтую ідэю з пазіцыі хрысціянства. Дзеля гэтага будуць выкарыстаны два топасы хрысціянскае думкі — філасофія выбітнага праваслаўнага мысляра Мікалая Бярдзяева і мета-фізіка (якую, можа, лепш было б назваць мета-біялогіяй) не менш выбітнага каталіцкага інтэлектуала П’ера Тэяра дэ Шардэна, члена ордэна езуітаў. Бярдзяеў і Тэяр дэ Шардэн фармулююць, на першы погляд, дзве дыяметральна адрозныя пазіцыі наконт прагрэсу, але, нягледзячы на гэтую рознасць (а можа якраз дзякуючы ёй!), можна заўважыць у поглядах абодвух пульсаванне той адзінай трансцэндэнтнай Ісціны, якую мы, тут на зямлі, заўжды пазнаем толькі часткова. І Бярдзяеў, і Тэяр дэ Шардэн дзейнічалі прыкладна ў той самы час (першая палова ХХ ст.), і адзін, і другі стала жылі ў Францыі, абодва таксама насілі ў сабе «досвед Усходу»: Бярдзяеў, паколькі паходзіў з Расеі, а Тэяр, бо шмат гадоў правёў у геалагічна-палеанталагічных экспедыцыях на Далёкім Усходзе. Абодва мусілі перажыць у нечым падобную экзістэнцыяльную драму: Бярдзяеў пасля прыходу да ўлады бальшавікоў мусіў назаўсёды пакінуць сваю краіну, а Тэяр з-за сваіх смелых поглядаў трапіў у няміласць да духоўных уладаў, якія забаранілі яму спачатку выкладаць, а пазней і публікаваць свае працы. Але абодва аднолькава годна перажылі гэтыя выпрабаванні: Бярдзяеў да канца жыцця верна любіў Расію, нягледзячы на тое, што яна здрадзіла Богу, дазволіла глуміцца над сваёй багатай спадчынай і выгнала або забіла сваіх лепшых сыноў і дачок. Тэяр дэ Шардэн ніколі не збунтаваўся супраць Касцёла, хоць забарона выкладаць і публікаваць была для яго прычынай глыбокага духоўнага цярпення. Бярдзяеў быў крытычна і нават варожа настроены да прагрэсу і сцвярджаў, што прагрэс і хрысціянства — гэта несумяшчальныя рэчы; Тэяр дэ Шардэн жа бачыў у хрысціянстве перадпасылкі і найдасканалейшае абгрунтаванне прагрэсу. Адкуль гэтае разыходжанне? Чыя пазіцыя больш прымальная? Тэяр дэ Шардэн прадугледжвае два спосабы абгрунтавання прагрэсу. Па-першае, «лінія чалавечай гісторыі ёсць працягам той — дачалавечай»1. Эвалюцыя не закончылася ў момант з’яўлення чалавека («рэфлексійнай свядомасці», паводле вызначэння Тэяра). Яна ўсцяж трывае. Па-другое, існуе нейкі напрамак эвалюцыі, а дакладней, існуе якісь «цэнтр супадзення», пункт, у накірунку якога імкліва набліжаюцца ўсе эвалюцыйныя працэсы і ў якім яны знаходзяць сваю канчатковую рэалізацыю. Тэяр называе гэта «пунктам Амега». Да гэтых двух тэзісаў, якія ўтвараюць абгрунтаванне прагрэсу, дадаецца яшчэ адна рэфлексія, якая мае ўжо выразна містычны прысмак. Вяршыняй сусветнай эвалюцыі, гэтага універсальнага зыходжання ў пункце Амега, ёсць любоўны пір, super-caritas. Такім чынам, і натуральная эвалюцыя, і навуковы, эканамічны і грамадска-палітычны прагрэс, і другое прышэсце Хрыста — тры рэчы, якія мы прывыклі разглядаць як радыкальна розныя — для Тэяра дэ Шардэна з’яўляюцца момантамі аднаго і таго ж мега-працэсу, які можна ў агульных абрысах улавіць шляхам уважлівага аналізу навуковых дадзеных (перадусім фізікі і эвалюцыйнай біялогіі), спалучанага з паглыбленым асэнсаваннем спрадвечных хрысціянскіх ісцінаў. І Тэяр спрабуе гэта зрабіць у шэрагу сваіх працаў, з якіх асаблівай увагі заслугоўваюць зборы працаў, выдадзеных пад назвамі «Абрысы персаналістычнага свету і іншыя працы», «Мая візія сусвету» ды «Феномен чалавека», на якія пераважна і буду тут абапірацца. На думку Тэяра, эвалюцыя прасочваецца ўжо на найбольш элементарным узроўні — на узроўні неарганічнай матэрыі. Матэрыя ў любой сваёй праяве пазначана тэндэнцыяй да большай складанасці. «Вартай увагі ёсць узрастаючая складанасць малекулярных шэрагаў, у якіх любая колькасць атамаў, засяроджаных у кожнай часцінцы, (...) імкліва ўзрастае аж да шэрагу астранамічных лічбаў»2. Жыццё на нашай планеце не з’явілася ex nihilo, а сталася вынікам гэтай нарастаючай камплексіфікацыі (узросту складанасці). Жыццё прысутнічае таксама ў неарганічнай матэрыі, але ў «рассеянай», неарганізаванай форме. Гэтую форму быцця Тэяр называе prévie — «перад-жыццё». Але неарганічная матэрыя — гэта не толькі «прэ-ві», гэта таксама «прэ-псіхэ» і «прэ-пнеўма»: у матэрыі хаваецца псіхічны і духоўны пачатак, аднак у вельмі-вельмі рассеянай форме. І нават гэтага мала. Неарганічная матэрыя хавае ў сабе сляды Боскага Духу! У працэсе пашырэння сусвету і адначасовым узросце унутранай складанасці паўстаюць асяродкі напружання. З’яўляецца нешта накшалт «лішку камплексіфікацыі» — працэс ускладнення матэрыі становіцца настолькі інтэнсіўным, што спараджае новую форму матэрыі, напр., арганічна-самарэгуляцыйную. Пазней інтэнсіфікацыя складанасці спараджае ўзрост свядомасці, а гэта ў пэўны момант прыводзіць да з’яўлення «рэфлексіўнай свядомасці», уласцівага homo sapiens. «Феномены жыцця і свядомасці, — піша Тэяр у «Абрысах персаналістычнага свету», — могуць быць папросту ўласцівасцямі матэрыі, якая ўзышла на вельмі высокі ўзровень арганізацыі і канцэнтрацыі»3. Тэяр бачыць свет працэсуальна; апісваючы феномены матэрыяльнага свету, ён старанна падбірае паняцці і метафары, якія выражаюць рух, паўставанне, дынаміку. У гэтым касмічным Руху ён выдзяляе тры асноўныя працэсы — працэс біягенезісу, эфектам якога ёсць паўстанне біясферы (прыкладна 3 млрд гадоў таму), працэс антрапагенезісу (які выразна прасочваецца ўжо ў пліяцэне) і наагенезісу (ад моманту з’ўялення homo sapiens да сёння)4. Момант «выбуху свядомасці»5, які адбыўся ў плейстацэне, запачаткаваў новую эвалюцыйную эпоху. Гэтаксама як 3 млрд гадоў таму зямны шар пакрыўся абалонкай біясферы, так на працягу апошняга мільёна гадоў на біясферную абалонку наклалася абалонка наасферы. Зямля апранулася ў прадукты чалавечага духу. Экспансія чалавечага роду па ўсім зямным шары (апошнім часам вучоныя пачынаюць усур’ёз гаварыць пра магчымасці выхаду і ў па-за-зямныя прасторы) суправаджаецца ўсцяж больш і больш інтэнсіўным наагенезісам — экспансіяй чалавечае думкі, паўстаннем культуры і цывілізацыі, дыялектычным рухам персаналізацыі і сацыялізацыі6. Захапляючыся поспехам і дынамізмам «плейстацэнскай рэвалюцыі» (з’яўленне homo sapiens і раптоўная экспансія чалавечага роду), можна не заўважыць таго, што сусвет перажыў яшчэ адну вялікую рэвалюцыю, магчыма, яшчэ большую паводле сваёй значнасці і наступстваў, чым тыя дзве папярэднія. Гэтая трэцяя рэвалюцыя адбылася зусім нядаўна, можна сказаць «толькі што», а менавіта — 2 тыс. гадоў таму назад. Уцелаўленне (г. зн. матэрыялізацыя) Боскага Логасу, Другой Божай Асобы адкрыла новы этап эвалюцыі, які Тэяр дэ Шардэн называе хрыстагенезісам — трансфармацыяй чалавецтва ў містычнае Цела Езуса Хрыста, фармаванне Новай Зямлі і Новага Неба. Унутры чалавека месцяцца «магутныя біялагічныя пружыны», распазнанне якіх дазваляе зразумець сутнасць прагрэсу, які, на думку Тэяра дэ Шардэна, з’яўляецца не толькі ідэяй ці ідэалогіяй, а наяўным фактам. Прагрэс — гэта інтэгральны элемент глабальных эвалюцыйных працэсаў, а дакладней, спецыфіка наасфернай эвалюцыі. Тэяр выдзяляе чатыры працэсы, якія характарызуюць наагенезіс (то бок, з’яўляюцца паказнікамі прагрэсу): 1) адзіночанне, што азначае лепшую і больш эфектыўную самаарганізацыю чалавецтва. Тое, што пазней, у другой пал. ХХ ст., будзе акрэслена «феноменам глабалізацыі», было амаль дэталёва апісана Тэярам у першай палове ХХ ст. Тэяр дэ Шардэн заўважыў, што планетарная інтэграцыя з’яўляецца пэўнай развіццёвай неабходнасцю, а развіццё фізікі неўзабаве дасць тэхнічныя магчымасці рэалізаваць гэту інтэграцыю. Што і адбылося праз пару дзесяцігоддзяў пасля смерці Тэяра дэ Шардэна; 2) канцэнтрацыя — нарастанне і інтэнсіфікацыя свядомасці, узрост рэфлексіўнасці. «Жыццё на зямлі, — піша Тэяр, — на нашых вачах уваходзіць у новую эру самакантролю і самакіравання»; 3) спірытуалізацыя — «чым больш чалавецтва арганізуецца і тэхнічна самазасяроджваецца, тым больш (насуперак таму, што здаецца на першы погляд) сілы, скіраваныя ўверх (прагненне ведаў, творчасці, адкрыццяў) імкнуцца да здабыцця перавагі над элементарнымі патрэбамі стабілізацыі і выжывання»; 4) канчатковая эмергенцыя — «наагенезіс (...) паводле сваёй прыроды скіраваны да нейкага завяршэння і ўнутранага спаўнення»7. Гэты апошні працэс — канчатковая эмергенцыя — азначае працэс нараджэння «касмічнага Хрыста», якое будзе дапаўненнем і раскрыццём сапраўднага сэнсу нараджэння таго гістарычнага Хрыста. Нараджэнне «касмічнага Хрыста» — гэта і ёсць «другое прыйсце», якое ўтварае ядро хрысціянскай надзеі. Хрыстус не прыйдзе «звонку», Ён з’явіцца ў кульмінацыйны момант касмічнай эвалюцыі як таемны Удзельнік і Рухавік гэтай эвалюцыі. Гэтаму моманту папярэднічае працэс «ультрасацыялізацыі» — трансфармацыі чалавецтва ў адзіны, святы і апостальскі Касцёл, які Тэяр дэ Шардэн называе «рэфлексіўна ўхрыстоўленай часткай сусвету»8. Мікалай Бярдзяеў зыходзіць з тэзісу, што «ідэя прагрэсу, хоць і з’яўляецца новай ідэяй, створанай у апошні перыяд «прагрэсіўнай» свядомасці чалавека, мае насамрэч, як і іншыя праўды, старажытныя і глыбокія рэлігійныя карані»9. Калі для Тэяра дэ Шардэна поступ быў натуральным элементам эвалюцыі, дык для расейскага філосафа поступ і эвалюцыя былі дзвюма адрознымі рэчамі, якія нельга змешваць. Эвалюцыя — гэта навуковая тэорыя, у той час як прагрэс — гэта квазі-рэлігійнае крэда. «Калі рэлігію прагрэсу пазбавіць рэлігійнай асновы, дык што ж тады застанецца?»10. Вось гэты рэлігійны кампанент прагрэсу і з’яўляецца галоўнай прычынай занепакоеннасці Бярдзяева. Прагрэс — гэта паразіт, які корміцца станоўчай энергетыкай хрысціянскай надзеі, надзеі на Божае Валадарства і трансфармацыю чалавечага роду, элімінацыю ўсякага зла. Паразітуючы на хрысціянскай надзеі, прагрэс становіцца як бы субстытутам, падменай, «фальшыўкай» хрысціянскай рэлігіі. Бярдзяеў аналізуе таксама ідэю поступу з маральнага пункту гледжання. Вось жа прагрэс прадугледжвае — на думку філосафа — пабудову дасканалага свету метадам гвалтоўнага змагання са старым і недасканалым светам. А гэта нейкі маральны скандал, бо тут прадугледжваецца шчасце будучых пакаленняў за кошт няшчасцяў і трагедыяў цяперашніх пакаленняў. «Той пір, — піша Бярдзяеў, — які шчасліўцы зрыхтуюць на магілах продкаў, забыўшыся пра іх трагічны лёс, не можа напаўняць нас энтузіязмам адносна рэлігіі прагрэсу, бо такога тыпу энтузіязм быў бы чымсьці нізкім»11. Будучыня, як той вампір, пажырае цяпершчыну і мінулае, прадугледжвае знішчэнне традыцыйных, натуральных тканак грамадства і стварэнне новых, «сінтэтычных», тканак, адносна якіх няма ніякай гарантыі, што яны акажуцца лепшымі і больш якаснымі. Што будзе, калі мы адкінем ідэю прагрэсу? Бярдзяеў адказвае, што для хрысціяніна адказ месціцца ў Апакаліпсісе: «У святле Апакаліпсісу метафізіка гісторыі выяўляе падвойны характар будучыні, выяўляе нарастанне ў ёй станоўчых сілаў, якія павінны знайсці сваё спаўненне ў прыходзе Хрыста, а таксама нарастанне цёмных, антыхрысціянскіх сілаў, якое завершыцца прыходам антыхрыста»12. Бярдзяеў і Тэяр дэ Шардэн займаюць дыяметральна розныя пазіцыі адносна прагрэсу. Магчыма, за гэтым хаваюцца больш фундаментальныя разыходжанні — Тэяр дэ Шардэн успрымае хрысціянства як ядро сусветных працэсаў, а Бярдзяеў — як альтэрнатыву таго, што светавое. Існуюць, аднак, у поглядах абодвух вельмі падобныя, калі не тоесныя, акцэнты. Бярдзяева і Тэяра дэ Шардэна збліжае ідэя перамянення. Пасля эпохаў варварства, культуры і цывілізацыі, — падкрэслівае Бярдзяеў, — чалавецтва ўваходзіць у эпоху рэлігійнай метамарфозы. Але дзеецца гэта не шляхам сацыяльнай інжынерыі, прадыктаванай чалавечым розумам, а дзякуючы паслухмянасці трансцэндэнтнай Ісціне — Божаму Слову, Якое і здзяйсняе гэту метамарфозу. Але гэта ж якраз тое, што сцвярджае Тэяр дэ Шардэн, фармулюючы тэзу пра «хрыстагенезіс» і «пункт Амега», які прыцягвае да сябе і аб’ядноўвае ў сабе ўсе эвалюцыйныя працэсы. Descendit, ascendit, ut repleret omnia — «Зышоў, узышоў, каб усё напоўніць», — цытуе Тэяр св. Паўла (Эф 4, 9–10)13 менавіта для таго, каб падкрэсліць, што эвалюцыя — гэта нішто іншае, як трансфармацыйнае ўздзеянне самога Хрыста. Найбольш яскравы момант гэтага трансфармацыйнага ўздзеяння — гэта перамяненне хлеба ў сапраўднае сваё Цела. Гэтая сакрамэнтальная трансфармацыя з’яўляецца знакам і пачаткам больш маштабнай і больш сутнаснай трансфармацыі — сусветнай. «Эвалюцыю, — кажа Тэяр — трэба ўспрымаць як наступства прыцягнення зверху»14. Бярдзяеў сцвярджае нешта вельмі падобнае: «Зямная гісторыя павінна ўвайсці ў нябесную гісторыю, павінны знікнуць межы, што аддзяляюць гэты свет ад іншасвету (...). Таксама пад канец гісторыі не будзе замкнёнасці «гэтага свету», нашай зямной рэчаіснасці. Эон нашага свету старэе і ў адпаведны момант лопне на ім, як на спелым плодзе абалонка, што аддзяляе яго ад іншасвету»15. Дык чым розніцца Бярдзяева метафара «спелага плоду» ад Тэяравага канцэпту «канчатковай эмергенцыі»? Па-мойму, нічым, толькі слоўнай вопраткай. Нават Тэярава ідэя «ультрасацыялізацыі» мае свой эквівалент у Бярдзяева ў канцэпыі «саборнасці», як тое слушна заўважыў Аляксандр Мень. Такім чынам, розніца паміж Бярдзяевым і Тэярам дэ Шардэнам тычыцца хутчэй вобразаў, пры дапамозе якіх адзін і другі спрабуюць адлюстраваць адну і тую ж рэчаіснасць. Паводле Бярдзяева, Бог уваходзіць у свет звонку, паводле Тэяра — Ён выходзіць з нутра свету, для Бярдзяева Бог ёсць перадусім акушэрам, для Тэяра — родзячымся дзіцяткам; матэрыя для Бярдзяева ёсць станам пасіўным, які патрабуе актывізацыі звонку, для Тэяра ж матэрыя — гэта ад пачатку дынамічны і актыўны стан, яна — materia matrix — матка-радзіцелька, якая хавае ў сабе духоўны і Боскі элемент, такім чынам, прагрэс, як адзін з этапаў гэтай актыўнасці, ёсць проста натуральным законам, а рэлігіяй заўтрашняга дня з’яўляецца хрысціянства, разуметае як каталізатар эвалюцыі і авангард прагрэсу. Незалежна ад магчымых інтэнцыяў, думаю, ёсць пэўны перагіб як у тэзе, што хрысціянства з’яўляецца авангардам прагрэсу, так і ў тэзе, што прагрэс і хрысціянства — узаемавыключальныя плыні. Хрысціянства з’яўляецца рэлігіяй не прагрэсу, а перамянення. «Вось усё чыню новым!» (Ап 21, 5) — гэтае прарочае абяцанне рэлевантнае для кожнай эпохі і кожнай культуры. Перамяненне — гэта вызваленне таго, што вартаснае і каштоўнае ў дадзеным быцці, спалучанае, магчыма, з наданнем новае формы гэтай каштоўнасці. Перамяняльнае ўздзеянне на рэчаіснасць — гэта той тып «хірургіі», які патрабуе далікатнасці і вялікай адухоўленасці. У шэрагу выпадкаў такое пад сілу толькі Боскаму Логасу, дзе чалавек, аднак, можа быць партнёрам-супрацоўнікам. Ідэолагі прагрэсу нярэдка аказваліся (і аказваюцца) проста гвалтаўнікамі, якія, праектуючы нешта «лепшае», бяздумна знішчалі тое добрае, што было створана да іх. Так дзейнічалі французскія рэвалюцыянеры пад канец XVIII ст., так рабілі бальшавікі ў мінулым стагоддзі, так паводзяць сябе, напрыклад, гродзенскія ўлады сёння, санкцыянуючы «мадэрнізацыю» Гродна, спалучаную са знішчэннем гісторыка-культурнай спадчыны. Пры ўсім гэтым нельга, аднак, радыкальна проціпастаўляць хрысціянства прагрэсу, бо чалавечы розум з’яўляецца адлюстраваннем Боскага Логасу, у сувязі з чым ён упаўнаважаны паляпшаць, трансфармаваць гэты свет. Для таго, аднак, каб розум стаў здольны перамяняць (а не брутальна пераварочваць) гэты свет, ён сам павінен прайсці перамяненне. Вось чаму Езус Хрыстус, абвяшчаючы Валадарства Божае, заклікае да метаноі — змены свайго спосабу мыслення на лепшае (пар. Мц 3, 2; 4, 17), адкрыцця свайго розуму на ўздзеянне Божага святла. Хрысціянства — гэта гара Перамянення. Элементамі гэтай гары з’яўляюцца традыцыі, звычаі, этнічныя культуры, ідэі і рознага роду артэфакты. Тое, што мы атрымалі ад папярэдніх пакаленняў (мова, культура, традыцыі), кліча нас вызваліць усё тое каштоўнае, што ў ім месціцца. Вызваліць, а не змарнаваць у імя таннага прагрэсу. Хрысціянства не проціпастаўляецца прагрэсу en bloc, але прымае і акцэптуе толькі такія версіі прагрэсу, якія спрыяюць інтэгральнасці чалавечага духу, гэта значыць, прадугледжваюць інтэграцыю даляглядаў мінулага і будучыні, элементаў новага і старога, спадчыны і інвенцыі.
|
|
|