Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(43)/2008
Галерэя

Год Божага слова

У свеце Бібліі

Ad Fontes

Пераклады

ВЕРА & CULTURA

Пераклады

Нашы святыні

Проза

Паэзія

Па родным краі

Пераклады
Дабрачыннасць

Мастацтва

Музыка

Мастацтва

СКУЛЬ ІДЗЕШ, МОЙ НАРОДЗЕ?..

Цягам апошніх двух гадоў мяне не адпускала авантурная, на першы погляд, задума — перастварыць па-беларуску вершы ста ўкраінскіх паэтаў, чыя творчасць з’яўляецца ўвасабленнем «красы і сілы» сучаснай украінскай паэзіі. Але, як сведчыць гістарычны вопыт, менавіта авантурысты заўсёды былі рухальнікамі прагрэсу. Дзе б мы цяпер былі без Капернікаў, Калумбаў і Магеланаў?.. Часам авантурысты, у тым ліку і ад літаратуры, дасягаюць здавалася б недасяжнага. З Божай дапамогай у кастрычніку гэтага года я паставіў апошнюю кропку ў працы над Анталогіяй сучаснай украінскай паэзіі пад назовам «Украінскі майдан». Такім чынам, на паэтычным «майдане» сабралася роўна 100 украінскіх паэтаў, пачынаючы ад геніяльнага Валадзіміра Сасюры — заканчваючы вершамі маладой паэткі з Кіева Алесі Мудрак. Прапаную чытачам «Нашай веры» паэтычны ружанец з твораў некаторых аўтараў анталогіі.

Эдуард Акулін

 
Ліна Кастэнка

* * *
Зіхціць між ружаў золатам калыска.
Блакіт павекаў хата узняла.
Свет неаглядны здалечы і зблізку.
Пачатак ёсць. А слова шчэ няма.
Шчэ дзіўны дым і хаты выгляд новы,
І шчэ ніяк нічога не завуць.
І хмары не прывязаны да слова,
А проста так — плывуць сабе й плывуць.
Шчэ кожны пальчык сам сабе Бетховен.
Шчэ ўся мая на свеце прыгажосць.
І свеціць сонца вокам каляровым.
Шчэ слоў няма. Паэзія ўжо ёсць.

* * *
Баюся слоў, калі яны маўчаць,
калі яны дыханне затаілі,
калі не знаеш, як табе пачаць,
бо словы ўсе былі ужо чыімісь.

Хтось імі плакаў, кленчыў да багоў,
з іх пачынаў і знік за небакраем.
Людзей мільярды і мільярды слоў,
а ты упершыню іх вымаўляеш.

Усё паўторыцца: краса і шматкалёрнасць.
Усё было: асфальт і спарышы.
Паэзія ж — заўсёды непаўторнасць,
як бессмяротны дотык да душы.

* * *
Прадвесне засмяялася: — Пара! —
за Чорным Шляхам, за Вялікім Лугам —
гляджу: мой прадзед, і пра-пра, пра-пра —
ідуць за часам, як за плугам.

Губляецца бясконцы караван,
за Чорным Шляхам, за Вялікім Лугам,
яны ужо ў тумане — як туман —
усе ўжо йдуць за часам, як за плугам.

Як вол стамлёны, вечнасць ледзь ступае! —
за Чорным Шляхам, за Вялікім Лугам.
Свавольная, як вецер, маладая —
няўжо і я іду ўжо, як за плугам?!

І што ўзару? Засею чым майдан?
за Чорным Шляхам, за Вялікім Лугам.
Няўжо і я ў тумане — як туман —
І ўсё ж іду за часам, як за плугам?..

 
Мікола Вінграноўскі

* * *
Хадземце ў сад. Я пакажу вам сад.
Дзе на каленях яблынь дрэмле вецер.
А згроблены чумацкі небаспад
Высвечвае вясёлкавую квецень.

Я пакажу вам слівы на сучках,
Настроміліся, падаючы моўчкі.
Сціскае груша ў жоўтых кулачках
Крутога сонца смачныя жаўточкі.

Салодка спіць у полі пад снапом
Жняя ружовашчокая — заранка.
І шэпча ціша сонным языком
Сівому саду песню-калыханку.

То кажаны. То кажановы лад
Звініць журліва ў сонных струнах ночы...
Хадземце ў сад. Я пакажу вам сад,
Яго душы нявыспаныя вочы.

 
Васіль Стус

* * *
Гарыць сасна — ад нізу да гары.
Гарыць сасна — чырвона-чарнагрывы
дым па-над гаем. Ой, і нешчасліва
ты, чарнабрыва Галю, чарнабры...
— Каханенькія! Хопіць! Адпусціце!
Галосіць Галя, крыкам прамаўляе,
а полымя абдымкі расхінае,
а Пан-Гасподзь — глядзіць сабе й маўчыць.
Прывязана касою да сасны
бялее, быццам лебедзь, белацела.
П’юць казакі, а неба як знямела,
а ад зямлі — чырвоныя кастры.
О любыя, малю вас адпусціць
да хатачкі, да роднае матулі, —
зайшлася плачам — ды ніхто не чуе, —
толькі сасна так вусцішна трашчыць.
Гарыць сасна — ад нізу да гары,
сасна палае — ад гары да нізу,
Пан Бог ідзе. Цалуй Гасподню рызу,
Ой, чарнабрыва Галю, чарнабры...
Святая Ганна, выбачай мяне,
што ў тым агні, як свечачка, згарэла...
О, як жа бела бель твая балела.
О, як бялела болем тая бель!

 
Надзея Кір’ян

* * *
Я штось забыла, я забыла штось...
А што? А што? Сама сябе пытаю.
Мае сляды змывае шэры дождж,
Абрысы іх травою зарастаюць.

Прыгадваю я «штось» не дзень,
                                        не два, не тры...
Мае і не мае гады бягуць за мною.
Стаю я на гары, як на мяжы,
Як на мяжы між летам і зімою.

У мне бунтуе бура галасоў,
Яны галосяць так даўно і доўга,
Быць можа, з чынгісханаўскіх часоў,
А можа, нат з часоў княгіні Вольгі.

* * *
Чую звон я, смак вады я чую,
Штось кажу... І хваля ў грудзі б’е.
Ў цёмных лозах больш не заначую,
Злы агмень радок з цямнечы ўе.
Час цячэ паволі, як натхненне,
Як вада жывая з-пад чаўна,
Дзе нябёс блакітных зіхаценне
І пяскоў нятленных жаўцізна.

 
Наталка Поклад

* * *
Так мала любові ў сусвеце,
                         так мала святла,
І душы людзей счужанелі, нібыта магілы,
Хацела я быць паміж іх, ды чамусь не змагла:
Там чорныя ветры закручваюць чорныя плыні.

Святла дай, эпоха!
                        Мы з промняў ягоных расцем,
А ў плынях сцямнелых мы губім і голас, і сілу,
Юрба гандляроў залівае наш звонкі Эдэм,
Усе, што не з намі, — на вецер, на скон, у магілу.

Трава, азавіся! А жораў нябёсы ўзбудзі!
Энергія волі й красы не знікае, я знаю, —
Ды чорныя плыні нясуць нас, нясуць нас...
                                                                        Куды?
Ці ў ціхі Дунай — а ці ў неба, што выйшла з Дунаю?!

* * *
Скуль ідзеш, мой народзе?
З глыбіні правякоў.
Што нясеш, мой народзе?
Залаты спеваслоў.
На базарах сусветных
Гандляром не ясі,
Наляціць чорны вецер, —
Што яму падасі?
Я падам яму Песню,
што з крыніцы піла,
яна — скарб мой і веснік
і у прышласць страла.

На сусветных майданах,
дзе для душ — вечны скіт,
мой апошні тастамант,
мая дзіда і шчыт.

Чорны вецер стакрылы,
але Песня — над ім...
Мая тайна і сіла,
і мой Ерусалім.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY