|
|
|
№
2(56)/2011
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Мастацтва
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы
In memoriam
Пераклады
Мастацтва
Вачыма візітатара
|
Закінутыя драўляныя цэркаўкі і такія ж закінутыя касцёлы, якія ўсё яшчэ ўражвалі веліччу архітэктуры, нагадвалі сваёй безабароннасцю сіротаў. Гледзячы на касцёлы, часам нельга было зразумець, навошта ў такой маленькай вёсачцы такая грандыёзная пабудова? Цэрквы чамусьці не здаваліся такімі абяздоленымі, як касцёлы, але лёс у іх быў аднолькавы, хоць іх сцены «ўпрыгожвала» іржавая «ахоўная» дошка, на якой запэўнівалася, што ўшчэнт занядбаны будынак з’яўляецца помнікам гісторыі, архітэктуры і нават культуры. Культуры, якая, мяркуючы па ўсім, была нікому не патрэбная. Менавіта такім чынам выглядалі гэтак званыя «зачыненыя культавыя памяшканні» — абезгалоўленыя, пазбаўленыя знакаў сваёй прыналежнасці хрысціянскія святыні... Здавалася, што разам з разбурэннем помнікаў знікне і сама памяць пра рэлігію. Аднак гэта толькі здавалася. У мярзотнасці занядбання, пад дзіравым дахам, сярод адсырэлых сценаў з закалочанымі фанерай вокнамі раптам уражвалі чыста вымытая падлога, алтар, убраны бялюткімі адпрасаванымі тканінамі, ахутаны водарам свежых кветак... Там не было твораў жывапісу і скульптуры. Каля тых абрабаваных алтароў вера абыходзілася без цудаў рамяства і мастацтва. Аднак гэта былі сапраўды святыя алтары. І здавалася, што ніякага часу няма, і што не прайшлі два тысячагоддзі з тае пары, калі Пліній Малодшы пісаў свайму імператару: «Я ніколі не прысутнічаў на следствах аб хрысціянах, таму не ведаю, аб чым прынята дапытваць і да якой ступені караць...» І ў напружанай маўклівасці апаганенай святыні рабілася неяк не па сабе. А старшыня сельсавету, не гледзячы ў нашы дакументы-дазволы, адмаўляўся адчыніць замок на дзвярах, кажучы: «Там цяпер прыбіраюць. Верычыя ў мяне самыя добрыя работнікі, так што прабачце». І глядзеў на нас неяк нядобра, пагардліва. ...Экспедыцыйны аўтобус калясіў па дарогах Савецкай Беларусі з вобласці ў вобласць у пошуках твораў жывапісу і дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва. Ад аднаго зачыненага храма да другога, не пакідаючы без увагі нават маленькія капліцы на могілках. Гэта была невясёлая і, як я цяпер разумею, небяспечная праца, бо гатовых абараніць свае святыні было дастаткова — варта толькі падысці да дзвярэй царквы ці касцёла, як аднекуль імгненна з’яўляліся вясковыя людзі з прыладамі сваёй земляробчай працы. Яны звыкла трымалі ў руках вілы ці косы і панура маўчалі... Аднак Бог ратаваў. І многія рэчы былі выратаваныя ад немінучай гібелі на запаскуджаных галубамі гарышчах і на звалках хімічных угнаенняў, што падточвалі сцены Божых святыняў, разбураючы фарбавы слой і грунт жывапісу старажытных іконаў і алтарных абразоў... Часам даводзілася проста ў лесе тэрмінова рабіць прафілактычнае ўмацаванне грунту і фарбавага слою іконы, каб прывезці яе ў музей без стратаў. Палова з вывезеных падчас экспедыцыі рэчаў ужо даследаваная і адрэстаўраваная, але 236 палотнаў і дошак чакаюць свайго часу. Ужо сорак гадоў чакаюць. Але, падобна, дачакаліся — настаў час ратаваць іх ад часу. Рэстаўратар не гаворыць, што няма надзеі. Рэстаўратар робіць даследаванні, распрацоўвае сваю методыку, вызначае рэстаўрацыйныя мерапрыемствы, зацвярджае праграму работ на нарадзе і ... бярэцца за справу ратавання згаслага вобразу. І вось ён усё выразней праглядае з-пад наслаенняў і запісаў, замацоўваецца сродкамі, якія звязваюць пігмент, і ... светлае аблічча праясняецца з цемры часу... Беларуская рэстаўрацыя, не паспеўшы дасягнуць сапраўднага развіцця, вельмі хутка стала лічыць сваё мінулае росквітам, амаль класічным перыядам і... не пазбегла дэкадэнсу, што, пагадзіцеся, гучыць больш прыгожа, чым заняпад. А прычына заняпаду, хутчэй за ўсё, у сацыяльным разломе 90-х гадоў. Рэстаўрацыя помнікаў гісторыі і культуры — справа дзяржаўная, а дзяржаве ў той час было не да таго... Сёння, падобна да таго, сітуацыя змяняецца і нашай незалежнай Радзіме ўжо важная рэстаўрацыя помнікаў гісторыі і культуры. Аднаўляюцца палацы, замкі, касцёлы і цэрквы. Іншая справа — як гэта робіцца, з якім стаўленнем да арыгіналу, да яго аўтэнтычнасці. І тут спецыялісты — рэстаўратары, тэарэтыкі, мастацтвазнаўцы — не павінны адседжвацца, апрацоўваючы кожны «сваю дзялянку» і цешачы свае амбіцыі. Відаць, трэба было б аб’яднаць усе намаганні на ніве захавання і рэстаўрацыі помнікаў культуры, выпрацоўваючы прынцыпы навуковай рэстаўрацыі, якія сталі б законам і для рэстаўратараў, і для чыноўнікаў, і для прарабаў. Аднак — не будзем пра сумнае... Лепш парадуемся адкрыццю дзесяці твораў старога беларускага жывапісу, выстава якога яшчэ нядаўна экспанавалася ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Відавочна, што выстаўленыя на агляд творы жывапісу з’яўляюцца помнікамі мастацтва, вартымі музейнай калекцыі, помнікамі гісторыі і культуры нашай Айчыны. Кожны з гэтых твораў — помнік страчанага ў часы атэістычных ганенняў іканапісу ці алтара, а часам і ўсяго храма. Аднак лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць, і сёння ў вас ёсць цудоўная магчымасць бачыць на ілюстрацыях тое, што было нябачным як мінімум сто і максімум усе трыста гадоў. І паспрабуйце ўявіць сабе тыя алтары ды іканастасы... Састарэлыя палотны і запыленыя дошкі працаю рэстаўратараў ператвораны ў музейныя каштоўнасці і ўведзены ў навуковы ўжытак. З’яўленне гэтых твораў, безумоўна, узбагаціць уяўленне пра культуру Беларусі і, магчыма, дапаможа мастацтвазнаўцам удакладніць свае тэорыі і канцэпцыі. Нерэстаўраваны жывапіс у сховішчах музея хавае пад слоем яго панаўленняў і запісаў мноства нечаканасцяў для рэстаўратараў, мастацтвазнаўцаў, а таксама для аматараў старога мастацтва. Недаследаваныя і нерэстаўраваныя творы старажытнага беларускага жывапісу — як белыя плямы на карце нашай культуры. Але гэтых плямаў ужо трохі менш — дзесяць з 246 твораў сталі дарагімі экспанатамі на выставе новых адкрыццяў рэстаўратараў, каб узбагаціць калекцыю фондаў старажытнага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і радаваць людзей вернутай ім святой прыгажосцю. Дарэчы, выставу наведалі мітрапаліт Філарэт і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Не думаю, што нашым першаіерархам падабаецца, што іконы і алтарныя абразы знаходзяцца ў музеі, а не ў Божых святынях, але іх увага і пашана да працы рэстаўратараў успрымаецца як своеасаблівае разуменне гэтага факту і дараванне.
P.S. Музейныя экспедыцыі па зачыненых святынях былі дазволеныя нашымі ўладамі — і мясцовымі, і вышэйшымі. Аднак адчуванне крадзяжу і апаганьвання святыняў не пакідае мяне да гэтага часу, таму даравання ў продкаў я па-ранейшаму шукаю ў сваёй працы рэстаўратара — як магчымасці захавання вывезеных у музеі твораў і... адкуплення за нашы агульныя грахі.
|
|
|
|