|
Божа Усясвету, будзь пахвалёны!
А мы па зямлі сваёй ціха паходзім...
Нашы малітвы, нашы каноны...
Мудры філосаф Конан Валодзя...
Ён застаецца духоўным братам,
мы ёсць у адным Хрыстовым саюзе!
І дабрыня не ведае стратаў,
дажджом рассяваецца па Беларусі...
Ён ціхім словам вяртаў нашу славу...
Ён узмацняў да голасу трубнага —
Адама Станкевіча, князя Усяслава,
паэта святога Кірылу з Турава...
Ён сам, як Кірыл, «увайшоў у слуп»,
узняўся высока светлаю вежаю...
Стварыў Беларусі містычны зруб,
умацаваў яго думкамі свежымі.
Аднойчы ў любові прызнаўся: «Дануся,
каб сказаць два сказы пра тваю паэзію,
я словы збіраў і так доўга мучыўся...
Больш тады толькі мучыўся, як пісаў пра Езуса...»
У тлуме жыцця, у святой прастаце —
як удавалася мудраму Конану
усю глыбіню нараджэння ў Хрысце
сумяшчаць з аскетычным бытам вясковым?
Беларусь касцёльную і царкоўную,
святароў замучаных, у слове ўваскрэслых,
пазнавалі ў аповедах Валодзі Конана,
паяднаныя яго духоўнаю песняй!
Бог нам прыслаў яго невыпадкова
на скрыжаванне стагоддзямі болю...
Няхай плыве ў святле яго слова
Каўчэг Беларусь якіянам любові!
Служачы Богу і роднай Краіне,
напрацаваўся самотна да скону...
У змроку душу тваю Бог не пакіне...
Сноў табе светлых, Валодзя Конан!
|