Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(56)/2011
Жыццё Касцёла

Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM

Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

АХОЎНАЯ СЦЯНА БЕЛАРУСІ
З архіваў часу

«ЛЮСТЭРКА ЭПОХІ...»

ЛІСТАВАННЕ
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы

УРОК СВЯТОГА ЯЗАФАТА
In memoriam


ЁН ШУКАЎ ІСЦІНУ...


ВЯЛІКІ КОНАН


АДМЕТНЫ ПОЧЫРК


ПАКЛІКАНАЯ


ВЕРШЫ


«СЛОЎ РАСПАГОДЖАНАЯ ДАЛЬ...»
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГЭТАЙ КРАІНЕ...
Вачыма візітатара

ORDO FRATRUM PRAEDICATORUM

Анатоль СІДАРЭВІЧ

АДМЕТНЫ ПОЧЫРК

Дзіўна. Ніколі ніхто з пісьменнікаў, філосафаў, журналістаў не казаў мне чаго-небудзь кепскага пра гэтага чалавека. І сам ён ніколі нічога кепскага не сказаў мне пра кагосьці з нашых агульных знаёмцаў. Не памятаю такога.

Ён быў «маім» аўтарам. Не толькі ў тым сэнсе, што я чытаў яго і на яго спасылаўся ў сваіх публікацыях. Ён быў тым аўтарам, якога я рэдагаваў і чый почырк мне помніцца. Адметны, чытэльны, ясны почырк.

Ужо не памятаю, калі першы раз сустрэў у друку ягоныя імя-прозвішча. Ва ўсякім разе не пазней, як у 1969-м. У тым годзе з дапамогаю добрых людзей я, вылузаўшыся з-за кратаў псіхіятрычнага аддзялення другое менскае клінічнае бальніцы, атрымаў працу ў капыльскай раённай газеце. І якраз на той год прыпадаў юбілей Адама Бабарэкі, літаратурнага крытыка, пісьменніка, філосафа, чалавека з трагічным лёсам. Яму было б семдзесят. І вось я, супрацоўнік раённай газеты, пішу лісты... Не пасаромеўся і звярнуўся з просьбаю напісаць пра Адама Бабарэку да ягоных калег па «Узвышшы» — да Кандрата Крапівы і Максіма Лужаніна. І што вы думаеце? «Парнаснікі» знайшлі час і палічылі магчымым і нават патрэбным напісаць для раёнкі. Напісаў я і Уладзіміру Конану, бо імя Адама Бабарэкі ўвайшло ў маю свядомасць дзякуючы гэтаму аўтару. Здаецца, той ліст я накіраваў на адрас Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР. Не памятаю. Затое дакладна памятаю, што атрымаў адказ. І артыкул для нашай газеты. А потым у Бабарэкавай Слабадзе-Кучынцы былі адзначаны ўгодкі знакамітага земляка. Вось там і тады я пазнаёміўся з Уладзімірам Міхайлавічам асабіста. Праўда, не памятаю, тады ці пазней я пачуў ад яго знакамітае «даражэнькі», бо ва Уладзіміра Міхайлавіча было звычкаю, звяртаючыся да даўніх знаёмцаў і калегаў, казаць гэтае слова.

Ён, мусіць, быў паслядоўнікам Сенекі — бо вядома, што гэты філосаф вучыў не раскідвацца, быць пастаянным. Аднойчы ўзяўшыся за даследаванне гісторыі эстэтычнай думкі ў Беларусі, ён застаўся верны гэтай тэме да канца свайго жыцця. Ведама, яму даводзілася выходзіць і на сумежныя дзялянкі (як ты будзеш пісаць пра эстэтычныя погляды і густы, калі не ведаеш творчасці таго ці іншага пісьменніка, мастака?). Ведама, яму даводзілася браць удзел і ў грамадскім жыцці, нават у жыцці партыйным (Уладзімір Міхайлавіч паводле палітычных поглядаў быў сацыял-дэмакрат), але ён ніколі не забываў пра галоўнае.

Уладзіміру Конану, можна сказаць, пашанцавала. Ужо ў 1930-я магла з’явіцца фундаментальная гісторыя беларускага мастацтва Мікалая Шчакаціхіна. Але вучонаму не далі завяршыць працу. Шмат напрацовак было ў Адама Бабарэкі. Але і яму не далі працаваць. Цяжка працавалася і Уладзіміру Конану. Выхаваны ў народных хрысціянскіх традыцыях, у традыцыях цярпімасці (паказальна, што ён, праваслаўны, напісаў працу пра каталіцкага святара Адама Станкевіча), Уладзімір Конан мусіў жыць і працаваць у сістэме, у якой панаваў дух нецярпімасці. Чалавек шырокага кругагляду, ён быў скаваны патрабаваннямі класавасці і партыйнасці навукі, мусіў працаваць з аглядкай на гмах ЦК і будынак на вуліцы імя чэкіста Урыцкага, дзе месціўся Галоўліт. І калі ў Лондане была апублікавана праца Алега Бембеля «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» (1985), ягонаму «шэфу» Уладзіміру Конану было вельмі нясоладка. А што было б, калі б у «чырвоным доме» даведаліся, што ён, Уладзімір Конан, быў хросным бацькам свайго «падначаленага»? (Алег Бембель, цяпер інак Мікалай, прыняў хрост у 1982 годзе.) На шчасце, камуністычная эпоха адыходзіла ў нябыт. І калі яна сканала, Уладзіміру Конану было што сказаць і напісаць пра эстэтычныя погляды волатаў нашаніўскай пары, пра маладнякоўцаў і ўзвышаўцаў...

Ад часоў паганства да нашай «светлай явы» — такі быў абсяг ягоных зацікаўленняў. Адданы галоўнаму, ён працаваў за навуковы калектыў. І вынікам працы стала фундаментальная «Гісторыя эстэтычнай думкі Беларусі» ў трох тамах. Летась выйшаў першы том. Дасведчаныя людзі кажуць, што хутка выйдзе другі. Ці быў падрыхтаваны да друку трэці том? Нават калі не, у філосафа меліся публікацыі, накіды. І добра было б, каб яны ўбачылі свет у трэцім томе. Гэта было б найлепшым ушанаваннем памяці выдатнага вучонага.

Анатоль Сідарэвіч

Гл. таксама:
«ШЧАСЛІВЫЯ ЧЫСТЫЯ СЭРЦАМ...» ::
Айцец Юрась ЗАЛОСКА :: ЁН ШУКАЎ ІСЦІНУ... ::
Данута БІЧЭЛЬ :: СЛОВА ПРА УЛАДЗІМІРА КОНАНА ::
Ніл ГІЛЕВІЧ :: ВЯЛІКІ КОНАН ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY