Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(56)/2011
Жыццё Касцёла

Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM

Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

АХОЎНАЯ СЦЯНА БЕЛАРУСІ
З архіваў часу

«ЛЮСТЭРКА ЭПОХІ...»

ЛІСТАВАННЕ
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы

УРОК СВЯТОГА ЯЗАФАТА
In memoriam


ЁН ШУКАЎ ІСЦІНУ...


ВЯЛІКІ КОНАН


АДМЕТНЫ ПОЧЫРК


ПАКЛІКАНАЯ


ВЕРШЫ


«СЛОЎ РАСПАГОДЖАНАЯ ДАЛЬ...»
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГЭТАЙ КРАІНЕ...
Вачыма візітатара

ORDO FRATRUM PRAEDICATORUM

* * *

Я цяпер, як даўней, маладая
І шчаслівая быццам...
Пытай...
Нехта змоўчыць, а хто й запытае:
Дзе тут поле тваё? Дзе ратай?..

Калі хочаце стацца сябрамі,
Ні спагад, ні папрокаў не трэ.
За слязінамі, як за гарамі,
Нехта долю маю ўжо арэ.

Там плывуць белагрудыя гусі,
Адкіпеўшы над золлю дарог.
Лепшы хлопец на ўсёй Беларусі
Мне трывогу сваю прыбярог.

Калі хочаце стацца сябрамі,
Нараканняў і згадак не трэ.
Над спагады сляпымі кастрамі
Ты,
        душа мая,
                        крылы не грэй.
Палюбіць і паверыць павінна,
І разгледзець пад вечар пільней,
Дзе... Якая... Чыя дамавіна
Заўтра будзе па росту і мне.

Зненавідзім хлусню і падонкаў,
Каб дастацца да неба, сябры!
Там і поле маё над старонкай,
І ратай, што крыляе ўгары!

 

* * *

Гудуць, як сны, вячэрнія званы,
Надломяць вёрсты позірк, як галінку.
У сінтаксісе праўды і маны
Я адхварэю знакамі прыпынку.

Скажу: «Люблю»...
І твой гарачы цень
Распяты зноў на кожную крывінку.
Не пачынай са здрады гэты дзень,
Не трэба слоў!
Мне страшны зрыў прыпынку.

Сяброўка, знай:
Калі маю душу
Лязом хлусні таркнеш хоць на хвілінку,
Папрокаў слёзы жорнамі скрышу, —
На ўсё жыццё з адмецінай прыпынку.

Радзіма-кветка, не змахні мяне
З павек сваіх, як чыстую расінку.
Нас нехта ўздыме,
                        нехта пракляне...
Няўжо й далей эпохамі прыпынку?

Убач, народ, вазьмі мяне з вякоў...
А прыйдзе час, — у жвір таркні сцяжынку,
Так абгарні зямлёй з усіх бакоў,
Каб мяккім быў мне вечны жах прыпынку.

І толькі ты, паэзія, адна
Не месцішся ні ў сэрца, ні ў катрынку.
Бяссмерцем неба, беспрасвеццем дна
Удар па мне,
                   апошні гром прыпынку!

 

* * *

Л.

Акардэон абветраных дарог
Усхліпнуў зноў пад светлымі рукамі...
Цябе мне лёс, напэўна, прыбярог,
На палынах настоены вякамі.

Бярэзнікі пасеклі на крыжы.
О як баляць нам цені дарагія...
Ёсць настальгія славы і душы,
Калі прасцей, —
                        па продках настальгія.

Тваіх мядункаў зрошаны абрыс
Такой антычнай змучанай пароды.
І неба, разгайданае, уніз,
У позірк мой,
                сарвецца назаўсёды.
Мы пойдзем разам...
                                Смелыя, нібы
Рассыпаны па ўсіх рачулках кладкі.
Цвіценне дум разбіта на сады,
І адцвітанне будзе без аглядкі.

О як трывожна бліскаюць гады,
І кожны дзень, як вокамгненнасць брытвы.
Мы пойдзем разам...
                                Гордыя, нібы
Развораны ў палях зярнят малітвы... —

Пакосамі агню і адкрыцця,
Бярэзнікамі,
                злучанымі раннем.
І вецер, хутаранскае дзіця,
Прытуліцца да губ тваіх
                                рыданнем.

 

* * *

На самай звонкай ноце пішуць людзі
Пра маладосць, любоў і дабрату.
А для расстання, для ўсяго, што збудзем,
Я першай ноты так і не знайду.

Іх столькі, нотак — светлых і адчайных,
Што духавыя трубы ўсіх часоў,
Як табуны, сыходзяцца ў маўчанні
На вадапой разлітых валасоў.

Папрок вачэй. І досыць будняй звягі.
Перажывем ілюзіі, як дзень.
Хіба згрызоты нашы варты ўвагі
Ў бясконцым гуле ўсіх праблем і дзей?

Калі мембранай стала ўся айчына, —
Мы з ёй нязменна правяраем слых.
Ці ж важна, як жывецца мне, адзінай,
Калі жывеш, як за сябе, за ўсіх.

Але начамі з вечнымі вачамі
Ідзе кіно ў сусвету на сцяне:
Каханне... Ты! І той высокі камень,
Які з любві ўжо выкацілі мне.

 

Вячэрняе

Гараць, гараць вуголлем мазалі.
Парогі дзён.
Аж змучыла дарога.
У раўнадушша ўсе парады:
                                         «плі!»
І спачуванне, як для некралога.

Усё часцей на іх гляджу вачмі
Каханага,
                сяброўкі,
                                нумізмата.
Акроплены крывёю акрабата,
О чорна-белы свет мой, адпачні...
Прыглушвай, сэрца, вечны свой пароль,
Вядомы толькі гібелі і ўлонню.
Жыву страсцямі продкавых Асоль
І ўсіх памылак
                проста ўжо
                                 не помню.

Валянціна Коўтун. «Старая кузня».
Картон, алей, аўтарскі паўтор, 2011 г.

* * *

Палюбіць, калі ні ў чым не страшна,
Мне цяпер, на згоне лет, страшней.
Хто смяяўся з гордасці ўчарашняй,
Сёння ўжо за слабасць папракне.

Гэта восень мройна залаціцца,
Хоць і фарбай пырсне ў сівізну.
Гэта сталасць, жоўтая ільвіца,
Кожны дзень, я ж чую, — на спіну!

Ў тым палёце развітальнасць будняў,
Апантанасць сэрца і дабро.
Скажаш: позна... Ўсё глыбее студня,
Ўсё даўжэй ляціць уніз вядро.

Зачарпні цяпла майго і болю,
Пражыві, што мне ўжо не пражыць.
З гэтым: «Позна!» мы выносім з бою
Смерць сваю. Не цела, дык душы.

 

* * *

Было табой усё. І на дасвецці
Той жоўты луг знямогай асляпіў.
Было табой усё. І нават вецер
Знаёма гэтак лашчыў і любіў.
Наш поўдзень вырас проста
                                         з перадплечча.
Пара цярпенне з радасцю змірыць.
Істота ўся, як развітанняў веча,
Не проста ные. Ные і баліць.
Мы крышым краты даўкай адзіноты,
А людзі кажуць: што ж гэта яны?
Ты снег ці сонца?
                        Даўні сябра, хто ты?
Навошта зноў трывогі без віны?
Нібыта мы ў акно знадворку б’ёмся,
Нібыта не ў абдымкі йсці, а ў бой.
Навошта так? Яшчэ ж не расстаёмся,
Яшчэ мы не сустрэліся з табой.

 

* * *

Пласцінкі голас.
Чуйны злом брыва...
Эдзіт Піаф спявае парыжанам.
На крыжык рук упала галава.
Ты знала?
              як? —
              што мне цяпер пагана?!

Пласцінкі голас.
Кружыць нотны знак.
Між намі год і нацый адгароджа.
Няўжо, Піаф, ты знала?
Толькі як? —
Што мне цяпер так светла
                                          і прыгожа...

 

* * *

Мілы наш сучасны дрывасек,
Ваш тапор маю бярозу ссек.
Ваш тапор бяжыць, як факстэр’ер,
Языком залізвае старанна
Свежыя пянькі на тых палянах,
Дзе да хмар аж высіўся давер.

Паглядзі, наш мудры дрывасек, —
Вунь гняздо, што напал ты рассек.
Для чаго звілі яго? Калі?
Што пытаць... Во бор ужо ўспаролі
Факстэр’еры металічнай волі...
Іх сляпцы пусцілі па зямлі.

Бор мы садзім. Там, дзе быў стары.
Чуеце, як брэшуць тапары?!

 

* * *

Ну вось і я чакаю на адлігу,
І мне дарэчы спросціцца, празрэць,
Перагартаць старую тую кнігу —
У пераплёце рук тваіх і дрэў.

Перамаўчаць і рэўнасць, і каханне,
Перамяніцца ў ціхі неагонь...
І ўсё ж, і ўсё ж пергаментным світаннем
Хоць раз ды зліцца з роспачным канём.

О-гой праз боль, праз поле даўняй веры,
Удар хлыста. Усмешка ці бар’ер?
Маёй вясне з пакуты і паперы
Ты хоць на міг, на ўзлётны міг павер.

Павер зямлі абветрана-зялёнай,
Павер траве, дзе млеюць спарышы.
Мне гэтак страшна, горка і спакойна,
І ні на ўздых не вырвацца з душы.

 

* * *

Вось і ўсё.
У печы паліць хата.
Гаспадыням добрым не зманю.
Дым стаіць над комінам цыбаты, —
Пасынак бярозкі і агню.

Смейцеся, заезджыя хірургі,
Вы прыроду знаеце наскрозь.
Маладыя ўедныя папругі
Для мяне ў мае сябрыны ёсць.

Гэты збой...
Дыханне астранаўта.
Гэты скальпель нерва і пяра.
Вось і ўсё. Ляціць над векам хата,
Як мадонна з вечнага кастра.

Ліжуць пяты рэйкі і замовы,
Смейцеся, хірургі-мастакі.
Ў гэтым сэрцы — мудрыя высновы,
Ў гэтым небе — парастак рукі.

Азірнуся ў колер перадкрылля,
Ападу ў жывыя дзірваны.
Нават маці — з іменем Марыля.
Нават бацька — вогнішчам віны.

З кнігі вершаў «Метраном».
Мінск, 1985 г.

Гл. таксама:
Крыстына ЛЯЛЬКО :: ПАКЛІКАНАЯ ::
Ірына БАГДАНОВІЧ :: «СЛОЎ РАСПАГОДЖАНАЯ ДАЛЬ...» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY