Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(56)/2011
Жыццё Касцёла

Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM

Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

АХОЎНАЯ СЦЯНА БЕЛАРУСІ
З архіваў часу

«ЛЮСТЭРКА ЭПОХІ...»

ЛІСТАВАННЕ
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы

УРОК СВЯТОГА ЯЗАФАТА
In memoriam


ЁН ШУКАЎ ІСЦІНУ...


ВЯЛІКІ КОНАН


АДМЕТНЫ ПОЧЫРК


ПАКЛІКАНАЯ


ВЕРШЫ


«СЛОЎ РАСПАГОДЖАНАЯ ДАЛЬ...»
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГЭТАЙ КРАІНЕ...
Вачыма візітатара

ORDO FRATRUM PRAEDICATORUM

«ШЧАСЛІВЫЯ ЧЫСТЫЯ СЭРЦАМ...»

У ноч з 5 на 6 чэрвеня на 78-м годзе жыцця адышоў у вечнасць доктар філасофскіх навук, вядомы культуролаг і літаратуразнаўца, даўні наш аўтар і добры сябра Уладзімір Міхайлавіч Конан. Яго заўчасны адыход — невымерна балючая страта для нацыянальнай культуры і навукі і такая нечаканая і горкая страта для ўсіх нас, яго сяброў і знаёмых... Цяжка ўявіць «Нашу веру» без яго глыбокіх, удумліва аналітычных артыкулаў, немагчыма паверыць, што ўжо нельга яму патэлефанаваць, каб параіцца, каб замовіць артыкул, які мог напісаць толькі ён — выдатны вучоны, мысляр, глыбока веруючы чалавек, які дасканала ведаў Святое Пісанне, які аналізаваў праблемы нацыянальнай філасофіі, культуры і літаратуры ў хрысціянскім кантэксце. Кожная публікацыя доктара Конана ў квартальніку «Наша вера» была падзеяй, бо ён адкрываў новыя глыбіні і ў гісторыі эстэтычнай думкі ў Беларусі, і ў творчасці нашых класікаў, вяртаючы нам сапраўдных Купалу, Коласа, Багдановіча, беларускіх святароў Станкевіча, Астрамовіча, Гадлеўскага. Варта хоць бы прыгадаць некаторыя артыкулы Уладзіміра Конана, надрукаваныя на старонках «Нашай веры», каб зразумець, наколькі яны важныя і актуальныя найперш для нашага выдання: «Біблейскія і хрысціянскія матывы ў беларускай этнічнай культуры», «Дантэ і Янка Купала: матывы раю і пекла», «Хрысціянства ў кантэксце беларускай культурнай традыцыі», «Лідар беларускага каталіцкага адраджэння» (пра ксяндза Адама Станкевіча), «Эсхаталагічныя матывы ў паэзіі Якуба Коласа», «Жанр малітвы ў паэзіі Янкі Купалы», «Андрэй Зязюля: хрысціянская філасофія і асветніцкая дзейнасць», «Евангельская прыпавесць у беларускім фальклоры», «Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі: філасофскае абгрунтаванне беларускай ідэі», «Страчаны і знойдзены рай: матывы паэзіі Янкі Купалы», «Хрысціянская філасофія жыцця ў творчасці Якуба Коласа», «Адраджэнне беларускай біблеістыкі» і іншыя... Апошні артыкул Уладзіміра Конана, прысвечаны выдатнай постаці беларускага хрысціянскага асветніка Кірылы Тураўскага, змешчаны ў папярэднім нумары квартальніка. Можна ўявіць, як бы добра глядзеліся ўсе гэтыя артыкулы, сабраныя пад адною вокладкаю, выдадзеныя асобнаю кнігаю...

Стаяць у вачах старонкі конанаўскіх рукапісаў: радкі на паперы кладуцца наўскасяк, як бы спяшаюцца нам насустрач, як бы збягаюць з пагоркаў яго роднай Наваградчыны...

Уладзімір Міхайлавіч жыў аскетычна, засяроджана, нібы стараючыся абараніць, захаваць сваю душу ад бязладнай сталічнай мітусні, жыў па Божых запаведзях. Здаецца, што асноваю яго праведнага жыцця быў бэнэдыктынскі прынцып Ora et labora — малітва і праца.

Праваслаўны па веравызнанні, ён быў узорам таго, як можа хрысціянін у гэтым падзеленым свеце дзейсна рэалізоўваць запавет Хрыста: Ut unum sint — «Каб усе былі адно».

Сустракаючыся з ім, размаўляючы, слухаючы яго ціхі, разважлівы голас, не раз згадваліся словы з Нагорнай пропаведзі: «Шчаслівыя лагодныя... Шчаслівыя міласэрныя... Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць». Цяпер вельмі хочацца верыць, што ён, наш светлы і мудры сябра, па-сапраўднаму шчаслівы ў Доме Айца і ўжо «тварам у твар» аглядае Яго міласэрнае аблічча.

Рэдакцыя часопіса
«Наша вера»

Гл. таксама:
Айцец Юрась ЗАЛОСКА :: ЁН ШУКАЎ ІСЦІНУ... ::
Данута БІЧЭЛЬ :: СЛОВА ПРА УЛАДЗІМІРА КОНАНА ::
Ніл ГІЛЕВІЧ :: ВЯЛІКІ КОНАН ::
Анатоль СІДАРЭВІЧ :: АДМЕТНЫ ПОЧЫРК ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY