Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(56)/2011
Жыццё Касцёла

Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM

Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

АХОЎНАЯ СЦЯНА БЕЛАРУСІ
З архіваў часу

«ЛЮСТЭРКА ЭПОХІ...»

ЛІСТАВАННЕ
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы

УРОК СВЯТОГА ЯЗАФАТА
In memoriam


ЁН ШУКАЎ ІСЦІНУ...


ВЯЛІКІ КОНАН


АДМЕТНЫ ПОЧЫРК


ПАКЛІКАНАЯ


ВЕРШЫ


«СЛОЎ РАСПАГОДЖАНАЯ ДАЛЬ...»
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГЭТАЙ КРАІНЕ...
Вачыма візітатара

ORDO FRATRUM PRAEDICATORUM

Прадмова

Ты, каго не мог ацаліць, — паслухай мяне.
Зразумей простую мову, бо сорамна іншай.
Клянуся, што я не чарую словам,
Бо кажу табе моўчкі — як маўчаць птушка і хмара.

Што мяне мацавала, табе вылазіла смерцю.
Развітанне з эпохай ты браў за пачатак новай,
Натхненне нянавісцю за прыгажосць лірыкі,
Сляпую сілу за даробленае да канца завяршэнства.

Тут табе і даліна павольных тутэйшых рэкаў. І мост
Крочыць белай імглой. Тут табе і пераламанае места,
І чайкі плачуць, і вецер над тваёю магілай,
Калі гавару з табой.

Што такое паэзія, якая не ратуе
Ні людзей, ні народаў?
Супольства службовай брахні,
П’яная песня, каму зараз нехта перарве горла,
Чытанка ў пустым пакоі маладой пані.

Тое, што хацеў я добрай паэзіі, а не ўмеў нічога,
І тое, што было позна, калі ўбачыў, чаго вартая мэта,
Вось у тым і толькі ў тым збаўленне маё.

Пасыпа́лі даўней магілы просам ці макам,
Каб мёртвыя прыляталі есці, — як птушкі.
А гэтую кнігу кладу на магілу, мой даўні,
Каб ты ніколі не адведваў нас болей.

Варшава, 1945

 

Mittelbergheim

Станіславу Вінцэнту

Спіць віно ў бочках з дубоў над Рэйнам.
Будзіць мяне звон касцёла над віназборам.
Mittelbergheim. Чую малую крыніцу,
як цячэ на падворку ў цэбар,
чую на вуліцы стук ступакоў,
плугі, драўляныя колы, подых тытуню пад паветкай,
схілы гор — і восень побач са мной.

Мае вочы яшчэ спяць. Не падганяй ты мяне,
Агонь, Моц, Сіла, — зарана яшчэ.
Я пражыў шмат гадоў і, як у тым сне,
чуў, што дасягаю рухомай граніцы,
за якой праяўляюцца колер і гук,
за якой паяднанае ўсё на зямлі.
Не адчыняй маіх вуснаў гвалтам,
дай паверыць, што сам дасягну
і сам прычалю ў Міттэльбергхайме.

Я ведаю — я абавязаны. Са мною восень,
драўляныя колы, лісце тытуню пад паветкай,
тут і навокал... Тут мая зямля,
дзе б я ні глянуў і на якой ні пачуў бы мове,
як дзіця пяе, як гавораць каханыя,
і я шчаслівей за другіх, бо магу браць усё —
усмешку, зорку, пагляд, складку шоўку на каленях.
Спакойна азіраючыся, магу ісці праз горы
на світанку дня —
над вадой, над местам, над дарогамі і звычаямі людзей.

Агонь, Моц, Сіла, ты мяне так трымаеш
у мазольных далонях, чые барозны
глыбокія, як яры, вычасаныя паўднёвым ветрам,
Агонь, Ты пэўнасць даеш,
калі прыходзіць час жаху, тыдзень сумневу —
зарана яшчэ, хай віно даспее
хай спадарожныя спачываюць у Міттэльбергхайме...

Эльзас, 1951

 

Вы, пераможаныя

Вы, пераможаныя
І даўно адусюль прагнаныя,
Год за годам узіраецеся ў фотакартку белага двара
І таварыства ў летніх строях пад ганкам,
Прабачце мне, панічы з радаводам,
Бо яшчэ ў школе вам здрадзіў,
Калі выбраўся скруціць шыю ў краінах
                                                     вялікага розуму,
Там над тлумам вернікаў не плыве балдахін
На свята Божага Цела
І вязанкі зялёных галінак
Не здобяць парафіяльны касцёл.

Цёмныя яліны ў поўні месяца, самота і гнеў
Былі мне патрэбныя,
Каб мог узняць да зусім другой моцы
Мой павет і вас, мае цені,
Хто ідзе на мой голас.
Быў я сам увесь пакалечаны,
Быў адлучаны ад бацькоўскіх звычаяў,
І была мне дадзеная іншая вернасць.

 

У месце

Места было каханым, шчаслівым,
У чырвоных півонях, у белапозніх бэзах,
Барокавыя вежы падпіралі нябёсы.
Добра было вярнуцца дамоў з маёўкі
І ставіць польныя кветкі ва ўсіх пакоях,
Добра было глядзець праз акно на вуліцу,
Па якой хадзілі да школы, —
На мурах вострая граніца сонца і ценю —
Добра было веславаць на азёрах.
Кахацца прычальвалі на зарослыя хмызам астравы,
Потым заручыны і шлюб у касцёле святога Юрыя.
А потым канфратэрня1 гуляе ў мяне на хрысцінах.
Цешаць мяне, стараюцца музыканты,
                                                     красамоўцы, паэты,
Поўныя тлуму брамы, калі цягне вуліцай
                                                                    Шэсце Цмока.
Штонядзелю сядаў у касцёле на лаве фундатараў.
Насіў тогу і ланцуг залаты, падарунак сумесцічаў.
Стараўся, бо ведаў — і ўнукі мае вернымі месту
                                                                    будуць.

Калі б так папраўдзе было! Калі б не змяла
                                                                    завея мяне
За моры, за акіяны... Бывай, страчаны лёс.
Бывай, места болю майго. Бывайце, бывайце...


  1. Студэнцкае кола найбліжшых сяброў, «бра́тняк».

 

Ляшчына

Не пазнае́ш ты мяне, ляшчына, а гэтая —
Хто з цябе лук вырэзваў на свае дзіцячыя гульні,
З гнуткага твайго цела, якое бегла да сонца.
Разраслася ты — і цень аграмадны,
                                             і новыя галінкі гадуеш.
Шкада, што я даўно не той і твой хлопец.
Цяпер адзін кій вырэзваць магу —
                                             бачыш, хаджу з ляскай.

Любіў я цела тваё — бронзавае, з белым налётам,
Ляшчынавага колеру.
Радасна, што ператрывалі дубы і ясені,
Але найболей ты мяне цешыш,
Кругом чароўная ў бліскучых арэхах,
З пакаленнямі вавёрак, з іх бясконцай гульнёй.
Гэта падобна да задумы Геракліта.
Калі сам стаю тут,
Калі спамінаю даўно мінулага сябе
І жыццё, якое было — і якое жыццё магло быць.

Не трывае нічога, але трывае ўсё.
Такая вось аграмадная сталасць,
І там спрабую змясціць сваё прызначэнне,
Якога — калі папраўдзе — сам я мець не хацеў.
А быў я шчаслівы, калі трымаў твой лук у руках
І падкрадваўся берагам над ракой.
А што было пазней, наўрад ці вартае,
                                             каб паціснуць плячыма.
Бо там адзін жыццярыс, біяграфія —
Гэта значыць, адна хлусня.

POST SCRIPTUM

Біяграфія — гэта выдумка і вялікі сон.
На краю неба паміж бярозаў стос аблокаў
Адно на адным.
Жоўтыя іржавыя вінаграднікі падвячоркам.

Нядоўга быў я слугой і вандроўнікам.
Цяпер адпусцілі мяне
І вяртаюся палявою дарогай.

 

Unde Malum1

            адкуль зло?
            як гэта — адкуль?
            з чалавека
            з аднаго чалавека
            і толькі з чалавека

Тадэвуш Ружэвіч

 

На жаль пане Тадэвуш
добрая прырода і злы чалавек
гэта рамантычныя выдумкі —
калі б так было
то можна было б неяк цярпець
але пан тут паказвае
толькі глыбіні свайго аптымізму

даволі дазволіць чалавеку
вынішчыць свой род без астатку —
і наступяць нявінныя ўсходы сонца
над вызваленай флорай і фаўнай

на месцы колішніх фабрыкаў
вырастуць дубровы
кроў разадранага ваўкамі аленя
ніхто не ўбачыць
і ястраб будзе падаць на зайца
без сведкаў

зло знікне са свету
калі знікне разуменне што гэта зло

так пане Тадэвуш
зло — і дабро! —
ідзе з чалавека
з аднаго чалавека
і толькі з чалавека


  1. «Пад рысай»; канчатковая выснова, вынік (лац.).

 

Малітва

Мне пад дзевяноста, а яшчэ спадзяюся,
Што скажу, выкажу, выкрышу з сябе ўсё.

Калі не перад людзьмі, то перад Табой,
Хто карміў мяне палыном і мёдам.

Сорамна, бо мушу верыць, што вёў мяне Ты і бараніў,
Як за невядома якія перад Табой заслугі.

А я быў падобны да лагернікаў, што дзве галінкі сасновыя
вязалі на крыж і маліліся на нарах ноччу ў бараку.

Насіў я Табе просьбы сябелюбца, а Ты ласкавы быў іх спаўняць,
Каб сам я ўбачыў бяздонне свае дурноты.

Калі ж я шкадаваў другіх і маліў пра цуд,
То заўжды маўчалі і зямля і Неба.

Западозраны маралістамі з прычыны веры ў Цябе,
Здзіўляўся я без канца прастадушнай упартасці няверуючых.

Але ж чаго я сам так скачу перад Веліччу,
калі лічу рэлігію добрай толькі слабым — як сам?!

Самы ненармальны з усяго класа ксяндза Хомскага,
З тых дзён углядаюся ў шалёны вір прызначэння.

Пяць пачуццяў маіх паволі замыкаеш Ты на замок,
А я стары чалавек на канапе ў адной цемры.

На ўсё выданы, што мучыла мяне без канца,
Бег я наперадзе самога сябе, вершыкі ўсё складаў.

Выбаў мяне ад віны, якая была і якой не было,
Дай пэўнасць, што працаваў на Тваю хвалу.

У імгненне смерці маёй будзь са мной цярпеннем Тваім,
якое не можа свет ацаліць ад болю.

Пераклад з польскай мовы
Алеся Чобата

Гл. таксама:
Алесь ЧОБАТ :: ЧЭСЛАЎ МІЛАШ. «БУДЗЬ СА МНОЙ ЦЯРПЕННЕМ ТВАІМ...» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY