|
|
|
№
2(56)/2011
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Мастацтва
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы
In memoriam
Пераклады
Мастацтва
Вачыма візітатара
|
КВЕТАЧКІ СВЯТОГА ФРАНЦІШКА
У імя Пана нашага ўкрыжаванага Езуса Хрыста і Яго Маці Панны Марыі ў гэтай кнізе выкладзеныя некаторыя справы Пана, цуды і прыклады добрапрыстойнасці слаўнага нябогі Хрыстовага месэра святога Францішка ды іншых яго святых паплечнікаў.
Пачатак у №3(41) 2007
Частка XLIX Сярод іншых мудрых і святых братоў і сыноў святога Францішка, якія, згодна са словамі Саламона, ёсць слава айца, быў у нашыя часы ў згаданай правінцыі Маркі шанаваны і святы брат Ян з Ферма, якога называлі таксама братам Янам з Верны, паколькі быў ён асаблівага жыцця і вялікай святасці, бо доўгі час правёў у святым кляштары Верны і там адыйшоў з гэтага жыцця. Калі гэты брат Ян быў свецкім юнаком, то усім сэрцам жадаў абраць дарогу пакаяння, каб захаваць чысціню цела і душы; дык вось, калі ён яшчэ быў свецкім падлеткам, то пачаў насіць на голым целе кальчугу і жалезны пояс і захоўваць моцнае ўстрыманне; асабліва, калі жыў разам з канонікамі святога Пятра з Ферма, якія жылі ў раскошы, пазбягаў цялесных радасцяў і выпрабоўваў сваё цела моцной суворасцю і ўстрыманнем. Але паплечнікі яго вельмі былі супраць, кальчугу з яго здымалі і вельмі перашкаджалі яго ўстрыманню; і ён, натхнёны Богам, падумаў пра тое, каб пакінуць свет разам са сваімі прыхільнікамі і аддаць усяго сябе цалкам у рукі Укрыжаванага, у адзенні Укрыжаванага, дадзеным святым Францішкам. І так і зрабіў. Паколькі яго прынялі ў ордэн яшчэ юнаком і даручылі апекавацца ім настаўніку навіцыянтаў, ён зрабіўся такім духоўным і такім пабожным, што кожны раз, калі слухаў, як настаўнік гаварыў пра Бога, яго сэрца мякчэла, быццам васкоўка ля агню, і з такой салодкаю ласкай грэўся ён у Боскай любові, што, не могучы стаяць на адным месцы і вытрымліваць такой ласкі, уставаў і, быццам ап’янелы духам, бег то ў сад, то ў лес, то да касцёла, у залежнасці ад таго, куды агонь і імпэт душы яго штурхалі. Пасля, з цягам часу, Божая ласка пастаянна дапамагала гэтаму анёльскаму чалавеку расці ад цноты да цноты і ў нябесных дарах, і ў Боскіх узнясеннях і захапленнях так, што часам яго думка ўзнімалася да бляску херубімаў, часам да полымя серафімаў, часам да ўсхваленняў шчасных, часам да любоўных і моцным абдымкаў з Хрыстом, не толькі ва ўнутраных духоўных рухах, але найперш у знешніх выявах і рухах цялесных. І асабліва аднойчы запалілася яго сэрца агнём Боскай любові, і палаў у ім гэты агонь ажно тры гады. За гэты час ён атрымаў цудоўныя суцяшэнні і Боскія наведванні, і часта быў захоплены Богам; і, карацей кажучы, у той час ён увесь здаваўся ахопленым полымем і запаленым любоўю да Хрыста. І адбывалася гэта на святой гары Верна. Але паколькі Бог мае асаблівы клопат аб дзецях сваіх і ў розныя часы дае ім то суцяшэнне, то хваляванне, то росквіт, то беднасць, у залежнасці ад таго, у чым яны маюць найбольшую патрэбу, каб заставацца ў паслушэнстве, або каб запаліць у іх прагу нябесных рэчаў, Божай ласцы было заўгодна праз тры гады, забраць у згаданага брата Яна гэты прамень і гэты агонь і пазбавіць яго ўсіх духоўных суцяшэнняў, з-за гэтага брат Ян застаўся без святла і без Божай любові несуцешаны, сумны і тужлівы. Засмучаны гэтымі рэчамі, ён хадзіў у лес і бегаў там то туды, то сюды, клікаючы ўголас, са слязьмі і ўздыхамі абранага Сужэнца душы сваёй, які схаваўся і пайшоў прэч ад Яго, і без чыёй прысутнасці душа яго не знаходзіла ні адпачынку, ні спакою; але ні ў якім месцы і ніякім чынам ён не мог знайсці ласкавага Езуса, ні зведаць ізноў тых салодкіх душэўных рухаў Хрыстовай любові, да якіх ён прывык. І доўжылася гэтая яго пакута шмат дзён, у якія ён знаходзіўся ў бясконцым плачы і ўздыхах, і ў малітвах Богу, каб злітаваўся і вярнуў яму абранага Сужэнца яго душы. У рэшце рэшт, па волі Бога, што так выпрабоўваў яго цярпенне і запаліў у ім такі агонь, аднойчы, калі брат Ян ішоў у згаданы лес вельмі засмучаны і зажураны і ад стомы прысеў, абапершыся на бук, сядзеў там з мокрым ад слёзаў тварам і глядзеў у неба, каля яго адразу ж з’явіўся Езус Хрыстус на той сцяжынцы, па якой брат Ян туды прыйшоў, але нічога не казаў. Калі брат Ян пабачыў і пазнаў, што гэта быў Хрыстус, то адразу кінуўся Яму ў ногі і з непамерным плачам пакорліва маліў Яго і казаў: «Дапамажы мне, Пане мой, бо без Цябе, салодкі мой Збавіцель, я жыву ў цемры і ў плачы, без цябе, Ягня ціхмянае, я жыву ў трывозе і ў страху; без Цябе, Сын найвышэйшага Бога, я жыву ў неспакоі і сораме, без Цябе я пазбаўлены ўсякага скарбу, я аслеплены, бо Ты, Езус, ёсць сапраўднае святло душаў; без Цябе я разгублены і асуджаны, бо Ты ёсць жыццё душы і жыццё жыцця, без Цябе я пусты і бясплодны, бо Ты ёсць крыніца любога дару і кожнай ласкі; без Цябе я ні ў чым не суцешаны, бо Ты, Езус, ёсць нашае суцяшэнне, любоў і жаданне, хлеб суцяшальны і віно, што весяліць хоры анёлаў і сэрцы ўсіх святых. Прасвяці мяне, ласкавы настаўнік і жаласлівы пастух, бо я — Твая авечка, хоць і нявартая». Але паколькі жаданне святых людзей, якое Бог не спяшаецца задаволіць, запальвае ў іх большую любоў і заслугу, Хрыстус благаслаўлёны пайшоў прэч, не задаволіўшы яго і не пагаварыўшы з ім, і пайшоў па той сцяжынцы. Тады брат Ян падняўся і пабег Яму ўслед, і зноў кінуўся Яму ў ногі, са святой настойлівасцю Яго трымаў і з пабожнымі слязьмі маліў Яго і казаў Яму: «О салодкі Езус, май літасць да мяне, спакутаванага, задаволь мяне веліччу Тваёй літасці і праўдай Тваёй крыві, і вярні мне радасць твару Твайго і Твайго літасцівага пагляду, паколькі Тваёй літасцю поўная зямля». А Хрыстус ізноў ідзе прэч і не гаворыць яму нічога, і не дае яму ніякага суцяшэння, а робіць так, як маці хлапчука, калі забірае ў яго грудзі з малаком і прымушае бегчы за ёю са слязьмі, з-за чаго ён смокча з большай ахвотай. І брат Ян пасля таго стаў з большым імпэтам і жаданнем бегчы за Хрыстом, і калі ён прыбег да Хрыста, Хрыстус благаслаўлёны звярнуўся да яго і, пазіраючы вясёлымі і пяшчотнымі вачыма, раскрыў свае абдымкі і пяшчотна яго абняў. І між раскрытых абдымкаў бачыць брат Ян, як выходзяць са святых грудзей Збавіцеля промні цудоўнага святла, што асвяцілі ўвесь лес і найперш яго душу і цела. Тады брат Ян укленчыў каля ног Хрыста, і Хрыстус благаслаўлёны, нібыта Магдалене, падставіў яму добразычліва нагу для пацалунку, а брат Ян, узяў яе з вялікай пашанай, абмыў яе такімі моцнымі слязьмі, што насамрэч здаваўся новай Магдаленай, і казаў пабожна: «Прашу цябе, Пане мой, не зважаць на мае грахі, а дзеля Тваіх найсвяцейшых цярпенняў і дзеля найкаштоўнейшай Тваёй Крыві, што пралілася, уваскрасіць маю душу ў ласцы Тваёй любові, бо раз такі Твой загад, каб мы любілі Цябе ўсім сэрцам і ўсёй пяшчотай, то гэты загад ніхто не можа выканаць без Тваёй дапамогі. Памажы мне так, найлюбімейшы Сын Божы, каб я любіў Цябе ўсім сваім сэрцам і ўсімі сваімі сіламі». І пакуль стаяў так брат Ян каля ног Езуса, быў ён пачуты і атрымаў ад Яго першую ласку, а менавіта агонь Боскай любові, і адчуў сябе цалкам адноўленым і суцешаным; і, зведаўшы, што дар Божай ласкі вярнуўся да яго, пачаў дзякаваць Хрыстусу благаслаўлёнаму і пабожна цалаваць Яго ногі. І пасля, калі ён устаў, каб паглядзець у твар Збавіцелю, Хрыстус працягнуў і даў яму для пацалунку свае найсвяцейшыя рукі, а брат Ян пасля таго, як іх пацалаваў, наблізіўся і прыхіліўся да грудзей Езуса, і абняў Яго, і пацалаваў Яго найсвяцейшыя грудзі, а Хрыстус гэтаксама абняў яго і пацалаваў. І ў гэтых абдымках і пацалунках брат Ян адчуў такі Боскі водар, што калі б нават усе спецыі і ўсе духмяныя пахі свету былі сабраныя разам, то здаліся б яны смуродам у параўнанні з тым водарам; і ў ім быў тады брат Ян захоплены, суцешаны і прасветлены, і захоўваў гэты водар у сваёй душы яшчэ шмат месяцаў. З таго часу і надалей з яго роту, якім ён напіўся з крыніцы Божай мудрасці з святых грудзей Збавіцеля, выходзілі цудоўныя нябесныя словы, якія змянялі сэрца тых, хто іх слухаў, і сабралі вялікі ўраджай душаў. А на сцяжынцы ў лесе, па якой ступалі благаслаўлёныя ногі Хрыста, на вялікай адлегласці навокал, брат Ян заўсёды адчуваў той водар і бачыў тое ззянне, калі яшчэ доўгі час туды хадзіў. Пасля таго, як брат Ян прыйшоў у сябе пасля гэтага захаплення, а цялесны вобраз Хрыста знік, ён доўгі час быў настолькі прасветлены ў душы ад глыбіні Яго Боскасці, што, не зважаючы на тое, што не быў чалавекам адукаваным чалавечай навукай, тым не менш дзіўным чынам узнімаў і тлумачыў складаныя і высокія пытанні Боскай Тройцы і глыбокія цуды Святога Пісання. І шмат разоў пасля, гаворачы перад Папам і кардыналамі, і перад каралём з баронамі, і перад настаўнікамі і дактарамі, здзіўляў іх усіх сваімі высокімі словамі і глыбокімі заключэннямі, якія ён выказваў. Слава Хрысту. Амэн.
Частка L Аднойчы згаданы брат Ян з Верны цэлебраваў Імшу на наступны за днём Усіх Святых Дзень задушны, згодна з тым, што загадвае Касцёл, і выконваў гэты высокі сакрамэнт (які дзеля яго дапамогі душы памерлых чакаюць больш за любую добрую рэч, што могуць зрабіць для іх) з такім пачуццём замілавання і з такім шкадаваннем і спачуваннем, што здавалася, быццам ён плавіцца ад пяшчоты жалю і брацкай міласэрнасці. Таму на гэтай Імшы, падымаючы пабожна Цела Хрыста і ахвяруючы яго Богу Айцу і молячы Яго, каб дзеля любові Яго благаслаўлёнага Сына Езуса Хрыста, які дзеля выкуплення душаў быў распяты на крыжы, вызваліў ён ад пакутаў чыстца душы памерлых, створаныя і адкупленыя Ім; і адразу ён убачыў бясконцую колькасць душаў, што выходзілі з чыстца, убачыў, як бясконцая колькасць вогненных іскраў выходзіць з распаленай печы, і бачыў, як узыходзілі яны на неба дзякуючы цярпенням Хрыста, які кожны дзень ахвяруе сябе жывым і мёртвым у Найсвяцейшай Гостыі, якая вартая шанавання на векі вечныя. Амэн.
Частка LI Пра святога брата Якава з Фалеронэ і пра тое, як пасля смерці ён з’явіўся брату Яну з Верны У час, калі брат Якаў з Фалеронэ, чалавек вялікай святасці, ляжаў цяжка хворы ў кляштары Мальяна ў кустодыі Ферма, брат Ян з Верны, які тады жыў у кляштары Масы, пачуў пра яго хваробу і, паколькі любіў яго, як свайго дарагога айца, пачаў за яго маліцца, просячы пабожна Бога малітваю ў думках, каб вярнуў здароўе целу брата Якава, калі гэта будзе лепш для душы. І стоячы так у гэтай пабожнай малітве, быў ён захоплены Богам і ўбачыў у паветры вялікую армію шматлікіх анёлаў і святых над яго келляй, што знаходзілася ў лесе, у такім ззянні, што ўсё наваколле было імі асветлена. І пабачыў ён сярод гэтых анёлаў апранутага ў белую ззяючую вопратку хворага брата Якава, за якога ён маліўся. А яшчэ ўбачыў сярод іх благаслаўлёнага айца святога Францішка, упрыгожанага святымі Хрыстовымі стыгматамі і вялікай славай. Яшчэ ён убачыў і пазнаў святога брата Лючыда, і брата Масея з гары Руб’яна, і яшчэ іншых братоў, якіх ён ніколі не бачыў і не ведаў у гэтым жыцці. І пакуль глядзеў так брат Ян з вялікай радасцю на гэтае благаслаўлёнае войска святых, была яму адкрыта праўда аб уратаванні душы згаданага хворага брата, і што ад гэтай хваробы ён павінен быў памерці і пасля смерці трапіць у рай, але не адразу, бо яму трэба было крыху ачысціцца ў чыстцы. З-за гэтага адкрыцця брат Ян меў такую вялікую весялосць дзеля здароўя душы, што аб смерці яго цела зусім не хваляваўся, а з вялікай пяшчотай духу клікаў пра сябе, кажучы: «Брат Якаў, мой пяшчотны айцец; брат Якаў, пяшчотны брат; брат Якаў, верны служка і сябар Бога; брат Якаў, паплечнік анёлаў і сужэнец благаслаўлёных». І ў гэтай упэўненасці і радасці апрытомнеў і адразу ж пакінуў кляштар, і пайшоў праведаць брата Якава з Мальяна. І калі пабачыў, што таму стала настолькі горш, што ён ледзь мог гаварыць, то абвясціў яму пра смерць цела і пра здароўе і славу душы, згодна з той упэўненасцю, якую ён атрымаў праз Боскае адкрыццё; таму брат Якаў, увесь узрадаваны ў душы і з твару, прыняў гэтую навіну з вялікай радасцю і са шчаслівым тварам, дзякуючы за добрыя прынесеныя навіны, пабожна даручыўся яму. Тады брат Ян ласкава папрасіў вярнуцца пасля смерці да яго і расказаць яму аб сваім стане, і брат Якаў яму гэта паабяцаў, калі будзе на тое воля Божая. А паколькі набліжаўся час яго адыходу, то пасля гэтых словаў брат Якаў пачаў пабожна прамаўляць словы псальма: «У спакоі вечнага жыцця я засну і адпачну», і пасля гэтых словаў з радасным і шчаслівым тварам адыйшоў з жыцця зямнога. Пасля таго, як яго пахавалі, брат Ян вярнуўся ў кляштар Масы і чакаў, калі выканаецца абяцанне брата Якава, які павінен быў вярнуцца да яго ў абяцаны дзень. Але ў той дзень ён маліўся, і з’явіўся яму Хрыстус у суправаджэнні анёлаў і святых, сярод якіх не было брата Якава; тады брат Ян, вельмі здзівіўшыся, даручыў яго пабожна Хрысту. Потым, на наступны дзень, калі брат Ян маліўся ў лесе, з’явіўся яму брат Якаў у суправаджэнні анёлаў, увесь у славе і радасці, і сказаў яму брат Ян: «О айцец святы, чаму ты не прыйшоў да мяне ў той дзень, у які паабяцаў?». Адказаў яму брат Якаў: «Таму што я меў патрэбу ў адным ачышчэнні, але ў той самы момант, калі Хрыстус з’явіўся і ты мяне Яму даручыў, Хрыстус выканаў тваю волю і вызваліў мяне ад усіх пакутаў. І тады я з’явіўся брату Якаву з Масы, святому свецкаму, які служыў на Імшы і бачыў, як асвячоная Гостыя, узнятая святаром, перамянілася і ператварылася ў вобраз прыгожага жывога юнака, і я сказаў яму: «Сёння разам з гэтым юнаком я адпраўляюся ў царства вечнага жыцця, у якое ніхто не можа пайсці без Яго». І пасля гэтых словаў брат Якаў знік і пайшоў на неба з усім сваім благаслаўлёным суправаджэннем анёлаў; а брат Ян застаўся вельмі суцешаны. Памёр згаданы брат Якаў з Фалеронэ напярэдадні дня святога апостала Якава ў месяцы ліпені ў памянёным вышэй кляштары Мальяна, у якім, дзякуючы яго заслугам, Божая дабрыня здзейсніла пасля яго смерці мноства цудаў. Слава Хрысту. Амэн.
Частка LII Вышэйзгаданы брат Ян з Верны змог цалкам адмовіцца ад усіх радасцяў і суцяшэнняў часовых і свецкіх і ў Богу знайшоў усю сваю радасць і ўсю сваю надзею. Божая дабрыня дарыла яму цудоўныя суцяшэнні і адкрыцці, асабліва ў святы Хрыстовы. І вось, калі набліжалася аднойчы свята Хрыстовага Нараджэння, на якое ён, безумоўна, чакаў суцяшэння ад Бога пяшчотнай чалавечнасцю Хрыста, Святы Дух уклаў у яго душу такую вялікую і моцную любоў і імкненне да літасці Хрыстовай, дзеля якой ён прынізіўся да прымання нашай чалавечнасці, што сапраўды, здавалася, быццам душа яго была аддзелена ад цела і палае, быццам горан. Не вытрымліваючы гэтага агню, ён пачаў сумаваць і таяць, і крычаць моцным голасам, бо з-за парыванняў Духа Святога і з-за моцнай палымянасці любові не мог ён устрымацца ад крыку. І ў той самы момант, калі гэтая бязмежная палымянасць ахапіла яго, разам з ёй ахапіла яго такая моцная і трывалася надзея на збавенне, што ён не верыў у неабходнасць прайсці праз чысцец, калі б ён зараз памёр. І гэтая любоў доўжылася ў яго цэлых паўгода, хоць гэтую бязмежную палымянасць меў ён не бесперапынна, а ў пэўныя гадзіны дня. І ў гэты час і пасля ён атрымліваў цудоўныя шматлікія наведванні і суцяшэнні ад Бога; і шмат разоў быў захоплены Богам, як гэта бачыў той брат, што першы запісаў гэтыя рэчы, сярод якіх такая, што аднойчы ўночы ён быў узняты і захоплены Богам, бо пабачыў у ім Стварыцель усе створаныя ім нябесныя і зямныя рэчы, і ўсе іх розныя дасканаласці, ступені і парадкі. І тады ён ясна зведаў, што кожная рэч выяўляла свайго Стварыцеля, і што Бог і зверху, і ўсярэдзіне, і звонку, і з бакоў кожнай створанай рэчы. І ў хуткім часе зведаў ён аднаго Бога ў трох асобах і тры асобы ў адным Богу, і бясконцую міласць, якую зрабіў Сын Божы, калі стаў чалавекам з паслушэнства Айцу. І нарэшце зведаў у гэтай візіі, што няма ніякага іншага шляху, па якім душа магла б пайсці да Бога і мець вечнае жыццё, акрамя як праз Хрыста благаслаўлёнага, які ёсць і шлях, і праўда, і жыццё душы. Амэн.
Пераклад з італьянскай мовы
Аксаны Данільчык
|
|
|
|