|
|
|
№
2(56)/2011
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Мастацтва
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы
In memoriam
Пераклады
Мастацтва
Вачыма візітатара
|
Пачатак у №2(40)/2007
Разьдзел LVIII
Ня трэба дасьледаваць рэчаў, за наш розум вышэйшых, ды таёмных Божых прысудаў 1. Сыне, сьцеражыся распраўляць аб справах, вышэйшых ад розуму твайго: чаму адзін гэтак пакінуты, а іншы карыстаецца гэткаю ласкаю? Чаму адзін жыве сярод самых турботаў, а іншы гэтак вельмі цешыцца? Усё гэта немагчыма сьцяміць розумам чалавека: ды ніякія досьледы ці меркаваньні не адчыняць нам таёмных прысудаў Божых. І таму, калі вораг збаўленьня людзкога пабуджае цябе да такіх пытаньняў, або калі дапытваюцца цікаўныя людзі, адкажы ім словамі прарока: Справядлівы Ты, Пане, і праўдзівыя прысуды Твае (Пс 118, 137). Або гэткімі яшчэ: Справядлівыя прысуды Пана, апраўданыя самыя ў сабе (Пс 18, 10). Прысудаў Маіх баяцца трэба, а не дасьледжваць іх, бо не да ўцямку яны чалавецкаму розуму. 2. Не дапытвайся і не разглядай заслугаў сьвятых, які з іх сьвяцейшы за іншых або які з іх вялікшы ў Нябесным Валадарстве. Бо з гэтага пачынаюцца часта бескарысныя спрэчкі; павялічваюць яны пыху ды марную славу; згэтуль пачынаюцца зайздрасьці ды сваркі, калі адзін таго сьвятога, а другі іншага ў пысе сваёй імкнецца зрабіць вялікшым. Хаценьне гэта ведаць або дасьледзіць — не дае ніякага карыснага плоду людзям ды сьвятым зусім неўспадобу: Бо ж я ня Бог сваркі, а супакойнасьці, якая хутчэй знаходзіцца ў сапраўднай спакорнасьці, чымся ў тым, што нехта сябе зрабіў вялікшым. 3. Іншыя з вялікае пабожнасьці больш любяць адных, чымся другіх сьвятых, гэта, аднак, больш па-чалавецку, чымся па-Божаму. Гэта ж Я, які стварыў усіх сьвятых, Я надарыў іх ласкаю, Я даў ім славу. Я ведаю заслугі паасобных; Я паперадзіў кожнага з іх салодкасьцю благаславенства свайго (Пс 20, 4). Я знаў улюблёных сваіх перад вякамі, Я іх выбраў з цэлага сьвету, а не яны выбіралі Мяне. Я паклікаў іх ласкаю сваёю, Я іх прыцягнуў сваёю міласэрнасьцю, Я іх правёў цераз усенькія пакусы. Я даваў ім найвышэйшую пацеху, Я даў ім вытрываласьць, Я ўкаранаваў іхную цярплівасьць. 4. Я ведаю першага і самага апошняга з іх, Я ўсіх іх агортваю нявыказанаю любоўю сваёю. Мяне трэба хваліць ува ўсенькіх Маіх сьвятых: Мяне трэба бласлаўляць ды чэсьць даваць у кожным з іх асобна, бо ж бяз ніякіх іх папярэдніх заслугаў гэтак іх узьвялічыў сваёю Божаю прадбачнасьцю. Дык хто ганьбуе аднаго з найменшых Маіх, той ужо ня хваліць і найвялікшага, бо і малога і вялікага Я стварыў (Мудр 6, 8). І той, хто закідае нешта аднаму з сьвятых, закіды робіць Мне самому і ўсенькім у Валадарстве Нябесным. Усе адным з’яўляюцца ў лучнасьці любові, тое самае ім здаецца, таго самага хочуць, і ўсе любяць адзін другога ў вадным. 5. Апроч гэтага — што яшчэ ёсьць лепшым — яны больш Мяне, чымся сябе ды свае заслугі, любяць. Бо ў захопленьні вышэйшым за самых сябе і над любоўю ўласнаю ўзьнесены, цалкам у любові да Мяне затапляюцца, у якой узноў цешацца шчасьцем ды супакоем. Нічога няма, што здолела б адвярнуць іх ад Мяне або паменшыць любоў іх, бо яны, поўныя вечнае праўды, зіхацяць агнём бязмернае любові. Дык няхай змоўкнуць і ня сварацца аб стане сьвятых людзі цела ды пачуцьця, якія патрапяць любіць толькі ўласныя радасьці, яны адымаюць ці прыдаюць паводле свайго нахілу, а не паводле спадобы праўдзе спрадвечнай. 6. Шмат хто робіць гэтак з нясьведамасьці, а найбольш тыя, што мала асьвечаныя сьвятлом Божым, яны рэдка каго патрапяць любіць дасканальнаю, духоваю любоўю. Шмат каго прыродны нахіл ды прыязьнь чалавецкая да гэтых або да іншых схіляе, і яны паводле таго, як бачаць ды разумеюць на зямлі, бяруцца судзіць аб справах нябесных. Далячыня нязьмерная — паміж тым, што недасканальным людзям здаецца, і тым, што бачаць іншыя, асьвечаныя сьвятлом нябесным цераз Аб’яўленьне. 7. Сьцеражыся ж, сыне, лезьці з цікаўнасьцю ў гэткія справы, якія шмат вялікшыя за ўсенькую мудрасьць тваю: хутчэй імкніся ды мяркуй, каб дастаць сабе няхай і найменшае месца ў Валадарстве Божым. Бо калі б і мог ведаць хто, які з іх сьвяцейшы або вялікшы ў Валадарстве Нябесным, дык пашто яму гэта ведаць было б, якая карысьць, калі б дзеля гэтага ён не спакарыўся перада Мною ды больш яшчэ не хваліў бы імя Майго? Шмат мілей Богу, калі хто разважае велічыню грахоў сваіх і маленькасьць цнотаў, ды так далёка яшчэ яму да дасканальнасьці сьвятых, чымся той, хто калоціцца — які сьвяты вялікшы, а які меншы. Лепш зьвяртацца да сьвятых з пабожнымі малітвамі, сьлязьмі іх маліць ды з пакорлівым духам прасіць іхнае помачы, чымся дасьледжваць марна таёмнасьці іхнае хвалы. 8. Сьвятыя жывуць у заўсёдным захопленьні ды шчаслівасьці; няхай людзям гэтага хопіць і няхай пакінуць яны сваё пустаслоўе. Сьвятыя ня хваляцца сваімі заслугамі і нічога добрага ня кажуць аб сабе, а ўсё адносяць да Мяне, бо ж ім усё даў Я з бязьмежнае любові свае. Гэтулькі ў іх любові да Бога ды вясельля бязьмежнага, што ўсяго даволі ім для іхнае хвалы, усяго хапае дзеля іхнае шчасьлівасьці. Чым вялікшая слава сьвятога, тым больш спакораны ён у сабе самым, а дзякуючы гэтаму штораз стульней ён лучыцца са Мною і штораз мілейшы Мне. І дзеля гэтага было напісана, што кідалі кароны свае перад Богам і падалі на твар свой перад Баранкам ды кланяліся жывучаму на векі векаў (Ап 5, 14). 9. Шмат такіх, якія пытаюцца, хто вялікшы ў Валадарстве Божым, а ня ведаюць, ці здадуцца яны, каб папасьці ў лік яго на’т найменшых. Надта шмат быць ужо і найменшым у небе, бо ўсе там вялікія; бо ўсе яны там назавуцца сынамі Бога дый сапраўды гэткімі будуць. Найменшы будзе за тысячу (Іс 60, 22), а грэшнік, які сто гадоў мае, памрэ (Іс 65, 20). Таму, калі пыталіся вучні, хто вялікшым мае быць у Валадарстве Нябесным, такі пачулі адказ: Калі не навернецеся, ды ня будзеце быццам маленькія дзеткі, не трапіце ў Валадарства Нябеснае. Дык хто спакарыцца, як дзіця гэта, той вялікшы ў Валадарстве Нябесным (Мц 18, 3–4). 10. Блага тым, якія ня хочуць самахоць спакарыцца, якія ня хочуць быць дзіцяткам, бо нізкія вароты Валадарства Нябеснага ня пусьцяць іх туды ўвайсьці. Такжа блага багачом, якія тутака маюць пацехі свае (Лк 6, 24), бо калі бедныя будуць уваходзіць у Валадарства Нябеснае, яны астануцца з надворку, плачучы і ўздыхаючы. Дык весяліцеся, пакорныя і бедныя, бо ж вашае Валадарства Божае, калі толькі ідзіцё шляхам праўды. Разьдзел LIX
Усю надзею і веру толькі ў Богу мець трэба 1. Пане, на каго ж я маю спадзявацца ў гэтым жыцьці, або якая ж гэта найвялікшая пацеха з усяго, што толькі бачу пад небам? Ці ж ня Ты, Пане Божа мой, якога міласэрнасьць без меры? Дзе ж было мне добра без Цябе? Або калі блага мне будзе ў прысутнасьці Тваёй? Лепш буду бедным дзеля Цябе, чымся багатым без Цябе. Лепш буду з Табою вандроўнікам на зямлі, чымся без Цябе небам валадаці. Дзе Ты — там неба; а сьмерць і пекла там, дзе Цябе нямашака. Ты адзін — імкненьне маё, і дзеля таго неабходна мне клікаць Цябе, уздыхаць за Табою ды маліцца да Цябе. Нігдзе не змагу гэтак цалкам спадзявацца, хто лепш памог бы мне ў патрэбах маіх, чымся Ты адзін, о Божа мой. Ты надзея мая і вера мая; Ты пацяшаеш мяне заўсёды і Ты мне найвярнейшы. 2. Усе толькі сваёй карысьці глядзяць, а Ты хочаш толькі збаўленьня і поступу майго ды ўсё на дабро мне кіруеш. Калі на’т дапускаеш на мяне розныя пакусы і супраціўнасьці — усё гэта дзеля маёй карысьці Ты робіш, бо Ты часта на тысячы спосабаў робіш спробы з улюблёнымі сваімі. Аднак у гэтых спробах ня менш трэба любіць і хваліць Цябе, чымся тады, калі нябеснымі пацехамі мяне Ты абсыпаў бы. 3. На Цябе толькі і спадзяюся, Пане Божа, у Табе толькі ўся абарона мая; Табе даручаю ўсе турботы і труднасьці свае, бо ўсё нядужае і нятрывалкае, апроч Цябе. Нічога не патрапяць і шматлікія прыяцелі ды ня здолеюць памагчы і магутныя сьвету гэтага, ніхто з мудрых карыснае рады ня дасьць ды не пацешаць і кнігі мудрацоў, найвялікшыя скарбы ня выратуюць, ані месца ніякае патайное ды мілае не забясьпечыць — калі Ты сам ня будзеш прысутным, не дасі падмогі, не пацешыш, не навучыш ды ня будзеш сьцерагчы. 4. Усё, што здаецца карысным дзеля супакою і шчасьця — з Тваёю адсутнасьцю нічогасьць, і сапраўднага шчасьця няма там зусім. І дзеля гэтага Ты пачатак і канец усялякага дабра, Ты крыніца жыцьця і глыбіня ўсялякае мудрасьці, і на Цябе трэба заўсёды раней усяго спадзявацца; Ты наймагутнейшая пацеха слугаў Тваіх. На Цябе зьвяртаю я свае вочы, толькі на Цябе спадзяюся, Божа мой, Айцец міласэрнасьці. Благаславі і сьвяці душу маю бласлаўленьнем нябесным, няхай будзе яна сьвятым памяшканьнем дзеля Цябе і тронам вечнае славы Тваёй; няхай нічога ня будзе ў гэнай сьвятыні Тваёй велічы, што магло б з’яўляцца нягодным вачэй Тваёй Велічы. Паводле шматлікасьці дабраты Тваёй ды велічыні міласэрнасьці глянь Ты на мяне і паслухай малітвы беднага слугі Твайго, згнаньніка далёкага ў край сьмерці і цені. Барані і ня кінь Ты душы слугі свайго сярод гэтулькі небясьпек грэшнага жыцьця, а памагаючы ласкаю сваёю, вядзі шляхам супакою да бацькаўшчыны сьвятла вечнага. Амэн.
З лацінскай мовы пераклаў
д-р Ст. Грынкевіч
|
|
|
|