Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(56)/2011
Жыццё Касцёла

Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM

Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

АХОЎНАЯ СЦЯНА БЕЛАРУСІ
З архіваў часу

«ЛЮСТЭРКА ЭПОХІ...»

ЛІСТАВАННЕ
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы

УРОК СВЯТОГА ЯЗАФАТА
In memoriam


ЁН ШУКАЎ ІСЦІНУ...


ВЯЛІКІ КОНАН


АДМЕТНЫ ПОЧЫРК


ПАКЛІКАНАЯ


ВЕРШЫ


«СЛОЎ РАСПАГОДЖАНАЯ ДАЛЬ...»
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГЭТАЙ КРАІНЕ...
Вачыма візітатара

ORDO FRATRUM PRAEDICATORUM

Валеры БУЙВАЛ

ІВАН КРАМСКОЙ.
ХРЫСТУС У ПУСТЫНІ

Іван Крамской. Хрыстус у пустыні.
1872 г. Палатно, алей. 180×210.
Масква, Траццякоўская галерэя.

Пецярбургскі мастацтвазнаўца Раіса Уласава пісала пра мастака: «Роля, якую адыграў у развіцці рускага рэалістычнага мастацтва Іван Мікалаевіч Крамской, сапраўды велізарная. Вялікі талент мастака спалучаўся ў яго з выдатным дарам тэарэтыка мастацтва. Ясны аналітычны розум, моцная любоў да мастацтва і айчыны, паслядоўны дэмакратызм поглядаў — выразныя рысы Крамскога»1.

Іван Мікалаевіч Крамской (1837—1887) нарадзіўся ў горадзе Астрагожску Варонежскай губерні, у сям’і пісара. Ён рана застаўся сіратой і цяжка працаваў з дзяцінства. Талент рысавальшчыка дазволіў яму ўладкавацца рэтушорам у фотамайстэрні ў Харкаве, а потым у Пецярбургу. У 1857 годзе юнак паступіў у Імператарскую Акадэмію мастацтваў вучнем прафесара Маркава. Ужо ў маладыя гады праявіліся лідарскія якасці І. Крамскога. Менавіта ён быў ініцыятарам знакамітага «бунтуа 14-ці»: чатырнаццаць лепшых выпускнікоў акадэміі адмовіліся ад выканання праграмы на вялікі медаль (сённяшняй мовай — дыпломнай работы) на зададзеную тэму з скандынаўскай міфалогіі і запатрабавалі свабоднага выбару тэмы. 9 лістапада 1863 года маладыя таленты на чале з Іванам Крамскім увайшлі ў залу паседжанняў акадэмічнай рады і сталі насупраць абвешаных ордэнамі фарысеяў ад мастацтва, якія давялі пецярбургскую акадэмію да стагнацыі. «Калі б такое здарылася раней, то вас бы ўсіх у салдаты!» — гукнуў акадэмік Тон. Атрымаўшы адмову, мастакі пакінулі акадэмію. Гэты эпізод не зашкодзіў, аднак, Івану Крамскому атрымаць званне акадэміка ў 1869 годзе. Дэмакратычныя памкненні мастака выявіліся таксама ў ягонай грамадскай дзейнасці. Менавіта І. Крамской быў ідэолагам і адным з галоўных арганізатараў у 1870 годзе Таварыства перасоўных мастацкіх выставак, першага ў сваім родзе прафесійнага аб’яднання мастакоў-аднадумцаў. Выстаўкі Таварыства пераязджалі з аднаго горада ў другі, далучаючы мноства людзей да мастацтва.

Найвышэйшыя дасягненні Івана Крамскога — гэта ягоныя партрэты. Самы лепшы з партрэтаў Льва Талстога, у якім перададзены характар генія літаратуры, быў намаляваны І. Крамскім у 1873 годзе. Партрэты мастакоў І. Шышкіна, Ф. Васільева, селяніна Міны Маісеева сведчаць аб майстэрстве мастака-псіхолага, выдатнага рысавальшчыка і кампазітара (майстра кампазіцыі). І памёр мастак з пэндзлем у руках, працуючы над чарговым партрэтам, у маладым творчым узросце, маючы ўсяго 50 гадоў, у росквіце таленту. Але ён паспеў выхаваць цэлую плеяду маладых творцаў. Дарэчы, ягоным вучнем быў Ілья Рэпін, вялікі мастак рэалізму.

Савецкае мастацтвазнаўства (прыслужніца пануючай ідэалогіі) увесь час не ведала, што рабіць з творамі І. Крамскога на хрысціянскую тэму. Аўтары (хутчэй за ўсё, пад уплывам цэнзуры і самацэнзуры) паведамлялі, што «Хрыстус тут ні пры чым, мастак апавядаў пра дэмакратаў, сваіх сучаснікаў». Антынавуковасць і неадэкватнасць гэтага хліпкага тэзісу не вытрымлівае ніякай крытыкі. Нічога дзіўнага, у тыя дзесяцігоддзі царква ў будынку Акадэміі мастацтваў у Ленінградзе была ператворана ў клуб для забаваў і афіцыйных сходаў. Толькі цяпер спадчына Івана Крамскога атрымала сапраўдную ацэнку і належнае месца ў скарбонцы гісторыі мастацтва.

Творчасць і асоба І. Крамскога не ўкладаюцца ў традыцыйную мадэль так званага крытычнага рэалізму і ў рамкі амплуа дэмакрата-разначынца. Паводле мадэлі і амплуа, гэтыя людзі, мякка кажучы, не былі вернікамі. І нават калі разглядаць кантэкст тагачаснага еўрапейскага мастацтва, то адбываўся паўсюдны адыход мастакоў ад хрысціянскай тэмы. Лібералізм і сацыялізм лічыліся перадавымі ідэямі, на іх будавалася міфічная вера «ў лепшую будучыню». А тут раптам не маргінальны акадэміст-святоша, а лідар дэмакратычнага руху ў расейскім мастацкім жыцці прысвячае свой твор Хрысту. Твор, які назаўжды застанецца яркім сведчаннем глыбокай і шчырай веры мастака. Зразумела, што ён быў задуманы і выкананы паводле правілаў станковага жывапісу і гарманічна ўключаецца ў музейную экспазіцыю. Але ўявіце сабе палатно І. Крамскога як алтарную карціну ў касцёле — якая гэта была б моц і хвала Пану Богу! Па-рознаму каментавалі карціну сучаснікі мастака. А Ілья Рэпін, напрыклад, падае супярэчлівыя звесткі пра адносіны Івана Крамскога да афіцыйнай царкоўнай дактрыны. Але толькі Божы дар, толькі натхненне маглі спарадзіць гэты твор.

Карціна «Хрыстус у пустыні» прысвечана пераломнаму моманту ў жыцці Збаўцы, калі Ён аддаляецца ад людзей і існуе ў пустыні, ва ўладзе малітвы і роздуму над сваім далейшым шляхам. Усе даследчыкі напісалі пра першы няўдалы вопыт мастака ў вырашэнні гэтай тэмы. І. Крамской паспрабаваў выкарыстаць вертыкальную кампазіцыю, але зразумеў, што карціна не атрымліваецца. Пасля замежнага творчага падарожжа, узбагачаны ўражаннямі ад шэдэўраў хрысціянскага жывапісу, мастак кардынальна мяняе кампазіцыю і абірае гарызантальны фармат. Па гарызанталі кампазіцыя палатна падзелена на дзве роўныя часткі: бясконцая прастора неба і бясконцая прастора суровай пустыні. Хрыстус належыць абедзвюм стыхіям, і сімволіка ніяк не супярэчыць рэалістычнай канцэпцыі жывапіснага выканання. Фігура Хрыста паказана не ў самым цэнтры кампазіцыі, яна ссунута крыху ўправа, што надае пэўны дынамізм гэтай строга статычнай кампазіцыйнай канструкцыі. Але цэнтр (перасячэнне дыяганаляў палатна) моцна замкнёны выявай сціснутых рук Хрыста — разам з Ягоным тварам гэта таксама адзін з цэнтраў вобразнага ладу карціны. Сапраўды, кампазіцыйнае вырашэнне і рысунак бяруць на сябе асноўны цяжар стварэння вобразу. Па каларыце карціна проста мінімалісцкая. Але як яшчэ распавесці пра аскезу, пра самаахвярны выбар Боскага шляху?

Хрыстус сядзіць на вялікім камяні. У прыгнечанай Яго фігуры, у схіленай галаве — ва ўсім сілуэце — чытаецца вострае перажыванне, адлюстроўваецца Яго спакутаваная душа. Развітальнае святло сонца, якое апускаецца за далягляд за вялікімі камлыгамі, асвятляе краявід за плячыма Хрыста. Аднак на фоне вечаровага неба ясна бачны не толькі сілуэт постаці, але і твар Сына Божага. У апушчаных долу вачах ёсць вялікі чалавечы боль ад драматычнага выбару зямнога шляху. Менавіта чалавечая сутнасць Хрыста, далучанасць Яго да людскога існавання найбольш выявіліся ў карціне рускага рэаліста. Не выпадкова сучаснікі мастака так востра ўспрынялі гэты ачалавечаны вобраз. Афіцыёз убачыў у карціне парушэнне кананічных правілаў і пагрозу для сябе, людзі дэмакратычных поглядаў, моладзь убачылі героя свайго часу, барацьбіта за народнае шчасце. Як заўсёды адбываецца з сапраўдным мастацтвам, сваё, новае прачытанне твора Івана Крамскога робіць кожнае пакаленне...

Падпарадкоўваючыся волі Айца, Хрыстус абірае шлях самаахвярнага выкуплення чалавецтва. Не адчай і не страх пануюць у Ягоным сэрцы. Ён ужо прыняў сваё рашэнне. Мы дазволім сабе выказаць менавіта такую трактоўку вобраза, хаця большасць каментатараў пісалі пра тое, што Хрыстус паказаны ў карціне на ростанях, апанаваны сумнівам. Хрыстус Крамскога пераадольвае сваю чалавечую слабасць і гатовы ісці па Via Crucis да свайго трыумфу. На наш погляд, пра гэта сведчыць і краявід, які з’яўляецца вельмі важнай часткай карціны. За плячыма Хрыста — ужо ў мінулым! — хаос разламанай каменнай пароды. А перад ім — у будучыні — няроўная, нягладкая, але адкрытая дарога, па якой Ён будзе крочыць. У пустынных далячынях гусцее чарната змроку. Але проста над роўняддзю цёмнай пустыні трапяткімі, такімі жывымі рысамі цягнуцца празрыстыя воблакі і кранае далягляд лёгкае ружовае святло, якое ёсць водгукам глыбокай чырвані шатаў Хрыста.

Рэалізм аказаўся не чужым хрысціянскаму ідэалу. Вера не пакінула мастака авангардных мастацкіх і грамадскіх поглядаў. Карціна Івана Крамскога стала яркай з’явай рускага мастацтва другой паловы ХІХ стагоддзя, адной з першых спробаў сучаснага асэнсавання несмяротнай тэмы.

Валеры Буйвал


  1. История русского искусства. Под ред. В.И. Плотникова. – Москва, 1980. – С. 123.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY