|
|
|
№
2(56)/2011
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Мастацтва
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы
In memoriam
Пераклады
Мастацтва
Вачыма візітатара
|
ІНФАЭТЫКА ДЗЕЛЯ МІРУ
|
|
|
Арцыбіскуп Клаўдыё Чэллі падчас сустрэчы з журналістамі ў Мінску. Фота М. Новікава. |
СМІ і справядлівасць. Глабальны абсяг СМІ у свеце, які пакутуе ад невыноснай няроўнасці, абавязвае да асаблівай адказнасці. СМІ могуць і павінны асвятляць стан забытых усімі групаў насельніцтва, прыгнечаных сацыяльных слаёў, сітуацыі несправядлівасці, каб адчыніць дзверы для лепшага размеркавання дабротаў. Нават калі СМІ часта належаць пэўным групам, якія маюць свае інтарэсы, прыватныя і грамадскія, сама па сабе сутнасць іх уздзеяння на жыццё патрабуе ад іх не ўносіць падзелу паміж рознымі групамі, напрыклад, у імя класавай барацьбы, ваяўнічага нацыяналізму, расавай вышэйшасці, этнічнай чысціні ці рэлігіі. СМІ аказваюць неацэнную паслугу справе справядлівасці і згоды, калі верна апісваюць падзеі, непрадузята прадстаўляючы розныя пункты гледжання, паказваючы кантэкст і даючы ключы для зразумення. Гэта не азначае, што СМІ не павінны цікавіцца несправядлівасцю і падзеламі, але яны павінны ўскрываць іх карані, каб іх можна было зразумець і выдаліць.
Няма міру без справядлівасці. Мы ўсе гэта цудоўна ведаем. Але не можа быць сапраўднай справядліваці без любові і прабачэння (пар. Ян Павел ІІ, Пасланне на Cусветны дзень міру, 2002 г.). Таму служэнне СМІ справе справядлівасці непасрэдна звязана з праўдай, але павінна ісці яшчэ далей. Як казаў папа Ян Павел ІІ, апорамі сапраўднага міру з’яўляюцца справядлівасць і гэтая своеасаблівая форма любові — прабачэнне. Безумоўна, роля СМІ не павінна дубляваць ролю выхаваўцаў і Касцёлаў у гэтай сферы. Але яны маюць важнае заданне — ды яшчэ якое! — абудзіць у грамадстве ўсведамленне таго, наколькі вялікае значэнне маюць сапраўдная роўнасць усіх людзей перад законам і роўны для ўсіх людзей і ўсіх сацыяльных слаёў доступ да дасягненняў прагрэсу.
Як вам добра вядома, асаблівым выклікам нашага часу з’яўляецца так званая «электронная няроўнасць», а дакладней, розніца, што падзяляе людзей на тых, хто мае доступ да кіберпрасторы з усімі яе сацыяльнымі і культурнымі перавагамі, і тых, хто нават ні разу ў жыцці не тэлефанаваў або не ведае, што такое камп’ютар. Гэты падзел існуе не толькі паміж індустрыяльнымі краінамі і краінамі на шляху развіцця, але і ўнутры саміх найбольш развітых краінаў. Геаграфічна далёкія тэрыторыі, маленькія або ізаляваныя, пажылыя і немаладыя людзі, этнічныя і моўныя меншасці, а таксама тыя, хто церпіць ад розных фізічных калецтваў, маюць цяжкасці з уваходам у гэтую электронную культуру, якая ўключае ў сябе ўдзел, інфармаванне і нават доступ да адміністрацыйных дзяржаўных службаў. Усё грамадства абавязана прыкласці намаганні для таго, каб гэтыя сацыяльныя пласты далучыліся да «піру» культуры, таксама і электроннай. СМІ могуць зрабіць надзвычай плённы ўнёсак у гэтую справядлівую справу, паказваючы становішча тых, хто выключаны з гэтага сацыяльнага дыялогу, і спрыяючы іх далучэнню.
СМІ і свабода. Свабода — гэта першая з умоваў сапраўднага міру, а таксама адзін з найкаштоўнейшых яго плёнаў. Касцёл абараняе свабоду слова і друку адзіна ў межах маральнага парадку і супольнага дабра як неадменную ўмову грамадскага міру. СМІ служаць свабодзе, служачы праўдзе, і яны ж знішчаюць свабоду, калі аддаляюцца ад праўды, распаўсюджваючы хлусню або ствараючы атмасферу нездаровай эмацыйнай рэакцыі на падзеі. Толькі калі людзі маюць доступ да праўдзівай і вычарпальнай інфармацыі, яны ў стане імкнуцца да супольнага дабра і бачаць у афіцыйных уладах адказных за гэтае дабро.
Калі СМІ знаходзяцца на служэнні свабодзе, яны самі павінны заставацца свабоднымі і правільна карыстацца сваёю свабодаю, гэта значыць дзейнічаць у духу адказнай свабоды. СМІ маюць прывілеяваны статус у грамадстве, таму яны ў найбольшай ступені абавязаны дзейнічаць вышэй за выключна эканамічныя інтарэсы, становячыся на служэнне сапраўдным патрэбам і сапраўднаму дабрабыту грамадства. Таму ў інтарэсах супольнага дабра неабходнае пэўнае рэгуляванне ў сферы СМІ і недапушчальныя медыя-манаполіі ні ў якім выглядзе. Мне здаецца, што выдаўцы, кіраўнікі рэдакцый, карэспандэнты і журналісты павінны моцна адчуваць маральны абавязак ісці за тым, што падказвае ім сумленне, і супрацьстаяць ціску, які на іх аказваецца з мэтаю «дастасаваць» праўду, каб задаволіць прэтэнзіі розных сацыяльных групаў.
Новыя тэхналогіі робяць інфармацыю больш даступнай для найслабейшых сектараў грамадства, а таксама дазваляюць усім у большай ступені ўдзельнічаць у СМІ. Перадусім моладзь бачыць у гэтых сродках актыўную прастору, якую часам не знаходзіць на месцах вучобы і працы. Гэта яшчэ адна нагода для таго, каб належным чынам падрыхтаваць гэтую новую форму сувязі і дыялогу, а таксама патрабаваць ад новых пастаўшчыкоў інфармацыі праўдзівых і адказных адносінаў.
Адзін з клопатаў, звязаных з такім адкрытым абшарам, як кіберпрастора, гэта, як мы ўсе ведаем, той факт, што акрамя рэчаў добрых і праўдзівых у ёй змяшчаюцца таксама амаральныя і гвалтоўныя рэчы. Сапраўды, неабходна мець крытэрыі выбору, іерархію каштоўнасцяў і гэтак далей. Таму не дастаткова толькі тэхнічнай інструкцыі па выкарыстанні, патрэбна перадусім этыка бачання, чытання, слухання. У гэтай сферы вельмі важна абараніць дзяцей і падлеткаў, якія так спрытна засвойваюць гэтыя тэхналогіі і якія часта не валодаюць крытэрыямі выбару, адпаведнымі іх асабістай годнасці. Такім чынам, трэба суправаджаць дзяцей у карыстанні новымі СМІ, а таксама забяспечыць сур’ёзнае выхаванне ў сферы каштоўнасцяў. У іншым выпадку яны сустрэнуцца з вялікай і непатрэбнай рызыкай.
СМІ і любоў. Калі халодная вайна дасягнула свайго піку, благаслаўлёны папа Ян ХХІІІ сказаў: «Абарона міру павінна будавацца паводле прынцыпу, цалкам адрознага ад таго, які існуе сёння. Сапраўдны мір паміж народамі не залежыць ад валодання аднолькавай колькасцю ўзбраенняў, але выключна ад узаемнага даверу» (Рacem in Terris, 113). Гэты давер павінен стаць першым крокам да прыязнасці, да сяброўства паміж паасобнымі людзьмі і народамі, што ў хрысціянскім слоўніку называецца словам «любоў» у самым узнёслым яго значэнні. Цяпер мы маем выдатную магчымасць для развіцця такога даверу!
Папа Бэнэдыкт XVI у 2009 годзе сказаў: «Жадаю заахвоціць усіх людзей добрай волі, якія дзейнічаюць у свеце электроннай камунікацыі, заняцца развіццём культуры ўзаемапавагі, дыялогу, сяброўства».
Для развіцця гэтай культуры было б пажадана пераадолець адно з уяўленняў, зазвычай прысутнае ў СМІ, а менавіта «ідэал наймацнейшага». Такое імкненне да перавагі, якое, зрэшты, толькі павялічвае ўзаемны страх, супярэчыць культуры сяброўства і цывілізацыі любові.
Сучасныя сродкі камунікацыі, як традыцыйныя (друк, радыё, тэлебачанне), так і найноўшыя (інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, мабільныя тэлефоны), займаюць ключавыя пазіцыі ў абмене думкамі, ініцыятывамі, культурнымі дасягненнямі. У сённяшнім свеце яны павінны адыграць вялізную ролю ў развіцці адносінаў, пабудаваных на ўзаемапазнанні і ўзаемным даверы. Яны маюць такую вялікую моц, што за кароткі час могуць выклікаць шырокую грамадскую рэакцыю на падзеі, пазітыўную або негатыўную, паводле ўласнага жадання. Тое, што цяпер адбываецца ў Сяродземнамор’і і на Блізкім Усходзе, таксама выклікана новымі СМІ, якія дазваляюць новым пакаленням звярнуцца да іншых мадэляў грамадства і ладу жыцця. Мы нават не можам цалкам усвядоміць магутнай сілы новых СМІ як у добрым, так і ў дрэнным.
Людзі, не абыякавыя да дабра чалавека і грамадства, разумеюць, што гэтая вялізная моц патрабуе намаганняў на карысць праўды і дабра на самым высокім узроўні. У сувязі з гэтым усе людзі, а не толькі прафесіяналы, якія працуюць у СМІ, нават кожны паасобны карыстальнік, абавязаны спрыяць справе міру ў кожным куточку свету, знішчаючы бар’еры недаверу, лічачыся з поглядамі іншых і імкнучыся заўсёды заахвочваць паасобных людзей і цэлыя народы да ўзаемаразумення і ўзаемапавагі. Нават ідучы далей, да прымірэння і міласэрнасці!.. «Там, дзе пануюць нянавісць і прага помсты, дзе войны нясуць пакуты і смерць нявінным, неабходная міласэрнасць, каб злагодзіць розумы і сэрцы людзей і пабудаваць мір» (Ян Павел ІІ, Гамілія ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках, 17 жніўня 2002 г.).
Усё гэта з’яўляецца вялізным выклікам, але не празмерным патрабаваннем для тых, хто працуе ў СМІ. З увагі на сваё пакліканне і прафесію яны абавязаны быць працаўнікамі праўды, справядлівасці, свабоды і любові, спрыяючы сваёю такою важнаю працаю ўсталяванню грамадскага парадку, «заснаванага на праўдзе, збудаванага дзякуючы справядлівасці, узгадаванага і ажыўленага любоўю і ўведзенага ў дзеянне пад штандарамі свабоды» (Pacem in Terris, 167).
Пераклад з італьянскай мовы
Міколы Гракава.
Гл. таксама:
ВАЖНЫ ВІЗІТ ::
Арцыбіскуп Клаўдыё Марыя ЧЭЛЛІ :: МУЗЫКА, ЯКАЯ ГУЧЫЦЬ У НАШЫХ СЭРЦАХ ::
|
|
|