|
|
|
№
2(56)/2011
Жыццё Касцёла
Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM
Галерэя
Пераклады
Ad Fontes
Мастацтва
На кніжнай паліцы
З архіваў часу
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы
In memoriam
Пераклады
Мастацтва
Вачыма візітатара
|
Аднаўляйцеся ў мысленні вашым! — заклікае аўтар Паслання да Эфесцаў (пар. Эф 4, 23). Аднаўленне мыслення ў біблейным разуменні — гэта перадусім прачытванне знакаў, якія паходзяць ці то з вонкавага, ці ўнутранага свету, прачытванне ў святле Божай мудрасці. Месяц май бягучага года аказаўся асабліва «цяжарны» знакамі, якія падлягаюць духоўнаму прачытанню. Беатыфікацыя Яна Паўла ІІ (1 мая), 20-я гадавіна выдання энцыклікі Centesimus annus (таксама 1 мая), 50-я гадавіна энцыклікі Mater et Magistra (15 мая) і 120-я гадавіна фундатарскай для сацыяльнага навучання як асобнай дысцыпліны энцыклікі Rerum novarum (таксама 15 мая) — усё гэта ўтварыла ўзаемазвязаны «комплекс знакаў» з глыбокай семантыкай. Што яшчэ? А яшчэ 30-я гадавіна пакушэння на жыццё Яна Паўла ІІ (13 мая). Супадзенне дня беатыфікацыі Яна Паўла ІІ і круглай гадавіны выдання ягонай энцыклікі, прысвечанай грамадскай этыцы, як нішто лепей прадпісвае спосаб перажывання гэтай падзеі. Зварот да багаслоўскай і этыка-філасофскай спадчыны благаслаўлёнага пантыфіка можа стацца ці не найлепшым спосабам ушанавання яго як нябеснага заступніка. Што ж, паспрабуйма аднавіцца ў мысленні нашым.
* * *
Першы акт аднаўлення: У чэрвені 1979 года папа Ян Павел ІІ прыбыў у Польшчу, любую сваю Айчыну, якая ў той час была зняволеная камуністычным рэжымам. Савецкае кіраўніцтва на чале з Брэжневым было катэгарычна супраць. Тагачасныя польскія ўлады вырашылі ўсё ж дазволіць Папу наведаць Бацькаўшчыну, бо забарона азначала б для іх сур’ёзную кампраметацыю ў вачах насельніцтва і быццё пасмешышчам для міжнароднай супольнасці. Аднак, дазволіўшы, распачалі энергічную прапаганду, скіраваную на тое, каб стварыць чорны вобраз Яна Паўла ІІ. За тры месяцы да прыбыцця Пантыфіка ўлады разаслалі сярод настаўнікаў патаемную інструкцыю, дзе гаварылася адкрытым тэкстам: «Папа з’яўляецца нашым ворагам... Дзякуючы незвычайным здольнасцям і вялікаму пачуццю гумару ён небяспечны, бо здольны зачараваць кожнага, асабліва журналістаў. Апроч таго, у кантакце з натоўпам любіць выкарыстоўваць танныя прыёмы, напр., апранае гуральскі капялюш, падае ўсім руку, цалуе дзяцей і г.д. Капіруе стыль амерыканскіх прэзідэнцкіх кампаній»1 . Гэтай цытаты дастаткова, каб усвядоміць, што першая (гэтаксама як і наступныя тры) пілігрымка Яна Паўла ІІ у Айчыну была не столькі «трыумфальным вяртаннем», колькі самым што ні ёсць сапраўдным крыжовым шляхам. Трэба было прайсці праз калючы дрот прымітыўных інтрыгаў савецкага кіраўніцтва і панасіць на галаве цярновы вянок ядавітай прапаганды, які няспынна плялі як савецкія, так і «айчынныя» пээрэлеўскія ідэолагі. Што сказаў або зрабіў Ян Павел ІІ у адказ? Прыбыўшы на сваю Айчыну 2 чэрвеня 1979 г., падчас першай у рамках візіту Імшы на плошчы Перамогі ў Варшаве Папа прамовіў прарочыя словы: «Клічу з глыбіні гэтага тысячагоддзя; клічу напярэдадні свята Спаслання, клічу разам з вамі ўсімі: Хай сыдзе Дух Твой! Хай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі! Гэтай зямлі». Духа нянавісці, варажнечы, хлусні трэба перамагаць пры дапамозе Духа Святога, Духа любові, міру і праўды. Перад хлуснёй і нянавісцю, асабліва калі яны маюць «сістэмны» характар, нельга ні ў якім разе капітуляваць і замыкацца ў нары баязлівай абыякавасці і страху. Трэба ўзброіцца моцаю Духа Святога і адважна кідаць выклік злачынным сістэмам і паталагічным ідэалогіям. Іншага выйсця, дарэчы, няма: можна альбо служыць праўдзе і ўзрастаць у Духу Святым, альбо ўцякаць ад гэтага служэння і тым самым духоўна дэградаваць.
Другі акт аднаўлення: Ян Павел ІІ быў вялікім крытыкам «абстрактнага» служэння чалавеку, г.зн. ператварэння служэння ў прыгожую рытарычную фігуру, за якой амаль нічога не стаіць. Кажучы пра пакліканне Касцёла абараняць чалавечую годнасць, ён з націскам падкрэслівае, што «...гаворка йдзе не пра „абстрактнага” чалавека, а менавіта пра рэальнага, „канкрэтнага” і „гістарычнага”: гаворка йдзе пра кожнага чалавека, паколькі кожны ахоплены Таямніцай Адкуплення і з кожным Хрыстус злучыўся назаўсёды праз гэту таямніцу»2. Так, лёгка крытыкаваць або асуджаць злачынцаў з іншай эпохі або з іншага кутка свету, але няпроста бывае выступіць з крытыкай прыніжэння годнасці чалавека тут і цяпер. Пераход ад служэння «абстрактнаму» чалавеку да служэння «канкрэтнаму», «гістарычнаму» — гэта складаны, але неабходны этап духоўнага аднаўлення. Ад гэтага пераходу залежыць «быць або не быць» аднаўленню. Пабачыць і палюбіць канкрэтную, «гэтую» зямлю — асобны выпадак таго самага пастулату. Зямля спакон веку сімвалізавала еднасць чалавечага досведу ў прасцягу многіх стагоддзяў. Чалавек мае натуральную патрэбу пераступаць межы ўласнага веку і праз сімвалы, традыцыі, культурныя коды яднацца са шматвяковым досведам пэўнай супольнасці. І Касцёл абавязаны дапамагчы чалавеку ў гэтым яднанні.
Трэці акт аднаўлення: Адзін дамініканец, Мацей Земба, былы правінцыяльны прыёр Польскай правінцыі дамініканцаў, прыгадваючы першую пілігрымку Яна Паўла ІІ на Айчыну (Земба быў тады студэнтам фізічнага факультэта), вызнае наступнае: «Калі я пачуў тыя словы на плошчы Перамогі: Хай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча гэтай зямлі, то ўсвядоміў, што нешта павінна змяніцца. І што змена пачнецца з мяне самога: магчыма, нам давядзецца жыць і паміраць пад уладай камунізму. Але цяпер я хацеў жыць так, каб не быць хлусам»3. Ёсць два ключавыя моманты ў гэтым вызнанні: 1) змена пачнецца з мяне самога. Гэта сапраўды істотны момант. Да той пары, пакуль мы думаем, што нехта іншы або нешта іншае павінна змяніцца, каб адбыліся сістэмныя перамены, то мы — у пройгрышы. 2) «... Цяпер я хацеў жыць так, каб не быць хлусам». Першы крок ва ўнутраным перамяненні, навяртанні — гэта перастаць хлусіць і пагаджацца з хлуснёй. У энцыкліцы Centesimus annus Папа ў сваім маральным аналізе працэсаў, якія мелі месца напрыканцы 80-х пачатку 90-х у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, выяўляе вялікую моц паслядоўнага процістаяння хлусні: «Здавалася, што еўрапейскі парадак, які замацаваўся з часоў Другой сусветнай вайны і быў санкцыянаваны ялцінскімі пагадненнямі, можа пахіснуць толькі вайна. Тымчасам ён быў пераадолены намаганнямі людзей, якія не прыбягалі да насілля, але, не пагаджаючыся адступаць перад сілавымі аргументамі, заўжды ўмелі знайсці эфектыўныя спосабы сведчання праўды. Такая пазіцыя раззброіла праціўніка, бо насілле заўжды змушана апраўдвацца пры дапамозе хлусні, змушана прыкідвацца, што яно нібыта абараняе чыесьці правы альбо з’яўляецца ўсяго толькі рэакцыяй на нейкую пагрозу»4.
* * * «Дзе Дух — там свабода», — гаворыць св. Павел (пар. 2 Кар 3, 17). Сыход Духа Святога, узаемадзеянне з Духам у справе аднаўлення «аблічча зямлі» і ўнутранае перамяненне — вось евангельскі алгарытм вызвалення. Хрысціянскае сацыяльнае навучанне — гэта, можна сказаць, «метэаралагічная» дысцыпліна, якая вывучае «павевы Духа» і фармулюе пастулаты іх аптымальнага выкарыстання. Было б дрэнна, калі б мы занядбалі «павевы», якія адзін за адным з’явіліся ў гэты перыяд (беатыфікацыя, гадавіны сацыяльных энцыклік). У вэрхале рознага роду «крызісаў» і «абвалаў» гучыць нягромкі голас Святога Духа. Як паказвае жывы прыклад благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ, будучыня належыць тым, хто слухае гэты голас.
|
|
|
|