Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(56)/2011
Жыццё Касцёла

Інтэрв’ю
ВЕРА & SOCIUM

Галерэя
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Мастацтва
На кніжнай паліцы

АХОЎНАЯ СЦЯНА БЕЛАРУСІ
З архіваў часу

«ЛЮСТЭРКА ЭПОХІ...»

ЛІСТАВАННЕ
Постаці
Кантрапункт
На кніжнай паліцы

УРОК СВЯТОГА ЯЗАФАТА
In memoriam


ЁН ШУКАЎ ІСЦІНУ...


ВЯЛІКІ КОНАН


АДМЕТНЫ ПОЧЫРК


ПАКЛІКАНАЯ


ВЕРШЫ


«СЛОЎ РАСПАГОДЖАНАЯ ДАЛЬ...»
Пераклады

ВЕРШЫ
Мастацтва

У ГЭТАЙ КРАІНЕ...
Вачыма візітатара

ORDO FRATRUM PRAEDICATORUM

Петэр ЗЭЕВАЛЬД

САПРАЎДНАЯ ТАЯМНІЦА
ГЭТАГА ЧАЛАВЕКА —
ЯГО НАДЗВЫЧАЙНАЯ БЛІЗКАСЦЬ ДА БОГА

У лістападзе 2010 г. выйшла ў свет новая кніга вядомага нямецкага журналіста Петэра Зэевальда, якая прыцягнула да сябе ўвагу мільёнаў чытачоў у розных краінах: «Бэнэдыкт XVI. Святло свету: Папа, Касцёл і знакі часу. Размова з Петэрам Зэевальдам». Прычына папулярнасці гэтай кнігі зразумелая ўжо з самой яе назвы — вялікую зацікаўленасць выклікаюць і асоба цяперашняга Пантыфіка, і праблемы, звязаныя з Каталіцкім Касцёлам, і спроба зразумець, куды рухаецца сучасны свет і што чалавецтва можа і павінна рабіць у гэтай сітуацыі.

Беларускія чытачы таксама маюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з гэтым сусветным бестселерам — рэдакцыя «Нашай веры» плануе друкаваць у некалькіх нумарах часопіса пераклад раздзелаў з першай часткі кнігі «Знакі часу». А ў якасці ўводзінаў прапануем інтэрвiю Петэра Зэевальда нямецкаму Каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву Kath.net.

 

Kath.net: Спадар Зэевальд, у гэтыя гадзіны выходзіць кніга, якая стане сусветным бестселерам, — у прадмове Вы гаворыце пра тое, што ў рэшце рэшт Папа скіроўвае драматычны заклік да Касцёла і свету, да кожнага чалавека. Ён нібы ўсклікае: «Мы не можам далей паступаць так, як да гэтага часу!». «Чалавецтва стаіць на раздарожжы», — пішаце Вы. Што для Вас стала гэтым драматычным заклікам Папы і пра што ў ім ідзе гаворка?

Петэр Зэевальд: На самай справе, у кожную эпоху ёсць імкненне аб’явіць Бога памерлым; імкненне звярнуцца да таго, што здаецца адчувальным; у кожную эпоху ёсць залатыя цяльцы. Сёння мы павінны запытаць сябе: «Што мы зрабілі з гэтага стварэння, з гэтай мары пра планету? І што — з саміх сябе?». Мы бачым, што грамадства, якое пазбаўляе сябе каранёў, ідзе на дно. Што яно, пры адсутнасці каштоўнасцяў і арыенціраў, не толькі губляе дасягнутае, але прыходзіць у самы сапраўдны заняпад. Гэта датычыць нашай экалагічнай, сацыяльна-эканамічнай, але асабліва нашай духоўнай і рэлігійнай сітуацыі. Усё больш яўнай становіцца таксама небяспека дыктатуры антыхрысціянскай грамадскай думкі, ад чаго Ёзаф Ратцынгер перасцерагаў яшчэ тады, калі быў кардыналам.

Пасланне Бэнэдыкта XVI — гэта на самай справе заклік да Касцёла і свету, да кожнага чалавека: «Настаў час для пераменаў, — усклікае ён, — час для навяртання». Пры гэтым Святы Айцец мае на ўвазе перамены не ў палітычным сэнсе, а выходзіць далёка за межы гэтага. «Існуе так шмат праблемаў, — кажа Папа, — якія павінны быць вырашаныя, але яны не могуць вырашыцца, калі ў цэнтры не будзе стаяць Бог, калі Ён зноў не стане відочным у свеце».

 

Kath.net: Кніга распачынаецца рэтраспектывай, зваротам да моманту выбараў Папы. І тут мы чуем словы Святога Айца: «Што Ты робіш са мною? Цяпер Ты нясеш адказнасць. Ты павінен мяне весці! Я не здольны да гэтага. Калі Ты пажадаў ад мяне гэтага, то павінен таксама дапамагаць мне!». Гэта былі вельмі шчырыя думкі, выказаныя папам Бэнэдыктам. Ці адчувалі Вы ў гэтыя хвіліны спачуванне да Святога Айца?

Петэр Зэевальд: Так, у пэўным сэнсе. Менавіта гэта адчуваеш, калі з’яўляешся сведкаю таго, што лягло на плечы гэтага чалавека. Але, з другога боку, як казала Эдыта Штайн, Бог нічога не патрабуе ад чалавека, не даўшы яму таксама сілы для гэтага. І мы бачылі на працягу мінулых пяці гадоў, наколькі вялікая сіла, што выяўляецца ў гэтым «будаўніку мастоў» падчас яго пантыфікату.

Папа — гэта чалавек, які цалкам вычарпаны, ён — вялікі дарыцель. Але таксама чалавек, які можа чэрпаць з вялікай, сапраўды бясконцай крыніцы. І ён ведае, што з тым гіганцкім заданнем, якое ляжыць на ягоных плячах, адзін ён увогуле не можа справіцца. Але таксама ведае, што і не павінен спраўляцца адзін, што тут ёсць не толькі супольнасць вернікаў, але таксама Той, які трымае гэты Касцёл, які трымае Папу і які большы, чым усе мы разам узятыя.

 

Kath.net: Святы Айцец кажа ў кнізе: «Сярод 1,2 мільярдаў ёсць шмат такіх, якія ўнутрана не маюць да Касцёла ніякіх адносінаў. Ужо св. Аўгустын сказаў у свой час: „Многія знаходзяцца звонку, хоць здаецца, што яны ўнутры; і многія знаходзяцца ўнутры, хоць здаецца, што яны звонку“. У такой справе, як вера, прыналежнасць да Каталіцкага Касцёла, унутранае і знешняе таямнічым чынам непарыўна звязаныя адно з адным». Што тут мае на ўвазе Папа? І ці не больш ён шчыры, чым многія нямецкамоўныя дыяцэзіі, дзе часта большасць утвараюць католікі, якія толькі ахрышчаныя?

Петэр Зэевальд: Гэта шырокая тэма. <...> Касцёл у секулярызаваным свеце <...> страціў не толькі вельмі каштоўныя структуры і шматлікіх вернікаў; тут, па сутнасці, можа рухнуць уся рэлігійная культура. Рэлігійныя веды знікаюць, і, перадусім, існуе гэтая страшлівая вычарпанасць веравызнання. Як магло стацца, што ў грамадскасці склалася ўражанне, нібыта хрысціянства адышло ў мінулае, стала гісторыяй меншасці?

Папа не заплюшчвае на гэта вочы. Ён вельмі наступальна падышоў да гэтага задання, а менавіта: праз толькі што створаную Раду па справах новай евангелізацыі. Усе мы занадта доўга толькі назіралі. Мы задавольваліся ўсяго толькі тым, што мы нібыта дзейнічаем па-хрысціянску. <...> Таму сённяшні Папа хоча ад свайго Касцёла, каб ён, пасля жахлівых выпадкаў злоўжыванняў і ненармальнасцяў, здзейсніў пэўнага роду ачышчэнне асноваў. Каб ён, пасля шматразовых і такіх бескарысных дыскусій і паралізуючага займання самім сабою, нарэшце зноў паставіў у цэнтр Езуса.

У той жа чаc Святы Айцец кажа, што эпоха рэлятывізму з уласцівым яму светапоглядам, калі ў якасці канчатковага крытэрыя прызнаецца толькі ўласнае «я» і ягоныя жаданні, заканчваецца. І цяпер мы бачым, што ўсе фальшывыя ідалы адзін за адным церпяць крах. Насамрэч, Касцёл знаходзіцца ў глыбокім крызісе. <...> Хоць у глабальным маштабе нельга сказаць, што Каталіцкі Касцёл, безумоўна, знаходзіцца на спадзе, наадварот, на самай справе ён яшчэ ніколі не быў такім вялікім і такім распаўсюджаным, як сёння.

 

Kath.net: У кнізе знаходзіцца таксама вельмі шмат прыватных выказванняў пра жыццё Бэнэдыкта XVI. Так, з яе можна даведацца, што Папа з задавальненнем глядзіць фільмы пра Дона Каміло і Пепонэ і пазбягае велатрэнажора. Ці можна сказаць, што Святы Айцец — гэта «звычайны чалавек»?

Петэр Зэевальд: Як мог бы ён не быць ім? З усім, што адносіцца да чалавечнасці. Але, несумненна, яму застаецца вельмі няшмат часу для нечага прыватнага. Бэнэдыкт XVI прытрымліваецца ўрэгуляванага, вельмі сістэматызованага рытму, які ўключае працу, малітву і аднаўленне арганізма. Гэта дапамагае яму спраўляцца з велізарнай нагрузкай і быць надзвычай эфектыўным працаўніком. Але яму вядома таксама, што да жыцця належыць і вольны час. Папа — вялікі аматар музыкі і натхнёны піяніст. Аднак многае застаецца на дыстанцыі, напрыклад, больш частыя сустрэчы з былымі сябрамі, якімі ён вельмі даражыць, бо з’яўляецца вельмі верным чалавекам.

 

Kath.net: «Што датычыць Папы, то ён таксама з’яўляецца сціплым жабраком перад Богам — яшчэ ў большай ступені, чым усе іншыя людзі», і яшчэ: «У мяне блізкія сяброўскія адносіны з Аўгустынам, Бонавентурам, Тамашам Аквінскім», — кажа Бэнэдыкт XVI у раздзеле пра малітву. На самай справе, маючы так шмат абавязкаў, ці звяртаецца Святы Айцец да малітвы? Як выглядае яго малітва?

Петэр Зэевальд: Як і кожны святар, біскуп або законнік, Папа мае ўстаноўлены час малітвы. Святы Айцец упэўнены, што без малітвы, без звяртання да Бога і без дапамогі, якую ён з гэтага чэрпае, ён увогуле не мог бы выконваць гэтую працу; без прыярытэту малітвы, якая на гэтай пасадзе, як кажа Бэнэдыкт XVI, так часта з’яўляецца сапраўдным выпрошваннем міласціны, ён мог бы зусім звар’яцець.

Папа Бэнэдыкт XVI самым найлепшым чынам інфармаваны і ідзе ўпоплеч з векам. Ён валодае неверагоднай памяццю, ні з чым не параўнальнай адукацыяй і эрудыцыяй, а таксама здольнасцю даваць фармулёўкі. Аднак я думаю, што сапраўднай таямніцай гэтага чалавека з’яўляецца яго надзвычайная блізкасць да Бога. Ён бачыў Святло свету і сам стаў такім святлом. Таму пры ўсёй сваёй інтэлектуальнасці ён застаўся простым і сапраўды пабожным чалавекам. Гэтая пабожнасць, глыбіня і прастата веры, прыклад чаго ён дае сваім жыццём, па сутнасці, сталі пячаткаю гэтага пантыфікату. <...>

 

Kath.net: Выклікае цікаўнасць таксама пытанне пра магчымую адстаўку Папы. Тут Бэнэдыкт XVI кажа: «Так. Калі Папа прыйдзе да яснага разумення, што ён фізічна, псіхічна і духоўна больш не можа спраўляцца з заданнямі, якія вынікаюць з ягонай пасады, то ён мае права, а пры пэўных абставінах нават абавязак, пайсці ў адстаўку». Наколькі, на Вашу думку, працаздольны папа Бэнэдыкт XVI, і ці доўга яшчэ мы зможам цешыцца «гадамі Бэнэдыкта»?

Петэр Зэевальд: Гэтая пасада нясе з сабой страшэнную нагрузку. Таму часам Папа можа дазволіць сабе быць крыху стомленым. Але ён валодае ўменнем аднаўляць сябе ў адзін момант, нібы акунаючыся ў крыніцу вечнай маладосці. Яшчэ будучы школьнікам, Ёзаф Ратцынгер адрозніваўся асаблівай цярплівасцю, дысцыплінаванасцю, руплівасцю і перадусім эфектыўнасцю ў працы. Ён не займаўся ніякім спортам, але прытрымліваўся пэўнага рытму ў працы, малітве і аднаўленні сілаў, кіруючыся парадай Езуса: «Хопіць кожнаму дню свайго клопату», — тое, што будзе на наступны дзень, убачым заўтра. Шчыра кажучы, я ведаю няшмат людзей, якія знаходзяцца ў такой добрай форме, такія працаздольныя і высокапрадукцыйныя, бадзёрыя і цікаўныя, а таксама, у пэўным сэнсе, такія маладыя і сучасныя, як гэты з выгляду стары ўжо мужчына на Пятровым пасадзе. Ягонае жыццё ў Божых руках, як і жыццё кожнага чалавека. Яле я магу добра ўявіць, што і ў наступныя пяць гадоў мы будзем сведкамі таго, як і надалей гэты вельмі энергічны Папа, які валодае незвычайным прароцкім дарам, будзе паказваць нам праўдзівы шлях.

 

Kath.net: Вялікі дзякуй за інтэрв’ю!

Пераклад з нямецкай мовы Ірыны Бурак.
Паводле http://www.kath.net/detail.php?id=29016


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY